22 снежня пачаўся пераслед Прэс-клуба — кіраўніцтва, а таксама шараговыя супрацоўнікі былі затрыманыя. Цяпер арганізацыя выступіла з адкрытым зваротам:
«У нашай працы мы заўсёды кіраваліся прынцыпамі: празрыстасць і законнасць, салідарнасць і адкрыты дыялог. Кожны дзень мы працавалі над тым, каб умацоўваць медыйную супольнасць, выбудоўваць эфектыўную камунікацыю паміж рознымі актарамі — бізнесам, чыноўнікамі, грамадзянскай супольнасцю, прадстаўнікамі медыя. Прэс-клуб заўсёды быў салідарны з журналістамі і медыя, якія аказваліся пад ціскам за сваю прафесійную дзейнасць.
Пяць гадоў мы адкрыта працавалі, не хаваючы шкілеты ў шафе. Нашы партнёры, калегі, сябры давяраюць нам — і гэта неацэнна.
Юлія Слуцкая, Сяргей Альшэўскі, Ала Шарко, Сяргей Якупаў, Пётр Слуцкі — прафесіяналы з вялікай літары. Стваральнікі, а не разбуральнікі, прынцыповыя, творчыя, адкрытыя, закаханыя ў сваю працу, у Беларусь, у стандарты журналістыкі, у медыя
Сёння нашы калегі затрыманыя, для іх абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Адвакаты робяць усё магчымае ў межах закона, каб вызваліць сваіх падабаронных.
Мы ўпэўненыя: арышт прадстаўнікоў Прэс-клуба - памылка, і разлічваем, што пасля сумленнай, адкрытай праверкі ўсіх фактаў, нашы калегі будуць на волі, а крымінальная справа будзе спынена».
Таксама прадстаўнікі Прэс-клуба заклікаюць пісаць лісты зняволеным сябрам арганізацыі па адрасе: СІЗА-1, вуліца Валадарскага, 2, Мінск, 220030. Не забудзьцеся ўкласці зваротны канверт з маркай.
Каму:
Юлія Вітальеўна Слуцкая
Сяргей Сяргеевіч Альшэўскі
Ала Вячаславаўна Шарко
Сяргей Сяргеевіч Якупаў
Пётр Аляксандравіч Слуцкі