Пытаннем, вынесеным у загаловак, задаюцца цяпер многія. Тыя, хто раптам запрацаваў «на аддалёнцы», каго адправілі ў вымушаныя адпачынак і шмат хто яшчэ. Для большасці сядзець штодня ў сваіх чатырох сценах аказалася сур’ёзным выпрабаваннем. І толькі некаторыя, гледзячы на сённяшнюю «самаізаляцыю», усміхаюцца.
Ім не дазвалялася карыстацца інтэрнэтам, тэлефонам і іншымі сродкамі сувязі. Ім не дазвалялася выходзіць з дому нават па тэрміновых патрэбах — у краму ці аптэку. Яны не маглі выйсці на гаўбец уласнай кватэры, ім забаранялася нават падыходзіць блізка да вокнаў. І за выкананнем гэтага строгага рэжыму ізаляцыі назіралі два чалавекі з пісталетамі, якія стала «прапісаліся» ў іх кватэрах.
У такіх умовах пісьменнік Уладізмір Някляеў і журналістка Ірына Халіп правялі тры з паловай месяцы хатняга арышту. І зараз яны падкажуць, як не з’ехаць з глузду ў часе ізаляцыі.
Ірына Халіп і Уладізмір Някляеў
– Чым хатні арышт адрозніваўся ад сённяшняй самаізаляцыі і што вас тады ратавала? Як вы тады спраўляліся з рэжымам вымушанай ізаляцыі і як спраўляецеся цяпер?
Уладзімір Някляеў:
— Насамрэч гэта розныя штуковіны. Самаізаляцыя — гэта калі ты здольны прыняць рашэнне. Сказаць, напрыклад: «Па калена мне гэты каранавірус!» — і пайсці гуляць. Зусім іншая рэч, калі ў цябе ў хаце два чалавекі з пісталетамі, і ты можаш ім толькі што-небудзь сказаць, але гэта нічога не мяняе. Яшчэ істотная розніца паміж самаізаляцыяй і хатай — гэта турма. Для турмы ты ў натуральных умовах знаходзішся. Зноў жа, там ты змушаны прымаць умовы і адпаведна да іх ставіцца.
Самаізаляцыя — зусім іншы стан. З аднаго боку, яна лягчэйшая, але і складанейшая. Таму што табе трэба адольваць спакусы, адольваць інфармацыйныя ўкіды, калі адзін крычыць, што вірус — гэта смерць, а іншы як кіраўнік краіны крычыць: ніякай смерці, хай дзеці ідуць у школу. Як на фронце, калі немцы гралі на гармоніку і крычалі: «Хадзіце да нас, у нас усё добра, будзе шнапс, музыка і жанчыны». А з гэтага боку крычалі: «Ідзіце да нас, у нас балалайка, гарэлка і жанчыны». А большасць людзей у нашым грамадстве не прывыкла прымаць самастойныя рашэнні. Яны тузаюцца паміж тым, што чуюць з розных бакоў, і гэта стварае дадатковую псіхалагічную нагрузку.
Таму трэба перш за ўсё самому ўсё гэта неяк ў сабе пераварыць і зрабіць высновы з таго, што адбываецца.
Уладзімір Някляеў
Я гэтыя высновы для сябе зрабіў. Я не магу сказаць, наколькі яны дакладныя, але нешта ўстойлівае для сябе я паспрабаваў зрабіць. Я прыйшоў да высновы, што гэтае насланнё — яно ёсць, і з ім на сёння ніхто нічога не можа зрабіць. Яно пашыраецца па сваіх законах. Як мы жывём на зямлі з грыпам — ён мадыфікуецца, супраць яго прыдумваюць вакцыны, але ён нікуды не знікае, — тое самае будзе і з гэтай хваробай. А значыць, трэба гэта прымаць, як усё іншае дадзенае. Гэта — адна з рызык нашага жыцця, такая ж, як трапіць пад машыну ці ў пажар.
Прымаючы рызыку, трэба адпаведна дзейнічаць, каб пазбегнуць гэтай рызыкі. Калі ты не будзеш выбягаць на сярэдзіну дарогі, па якой ідзе няспынны рух, у цябе меншая імавернасць трапіць пад машыну. Калі ты будзеш засцерагацца ад інфекцыі, значыць, зноў жа, менш рызыкі захварэць і не дачакацца таго шчаслівага моманту, калі будзе вынайдзеная вакцына. А ўсе сур’ёзныя людзі кажуць, што гэта будзе не заўтра. Менш чым за паўтара года гэта зрабіць нельга, трэба ж правесці выпрабаванні, не будзеш жа ўсляпую тыкаць людзям што папала і глядзець, што з імі будзе.
Узважыўшы ўсе гэтыя абставіны, я прыйшоў да высновы, што, па-першае, мне трэба займацца тым, чым я займаўся. І, па-другое, зрабіць для сябе законам тыя дзеянні, якія я лічу мэтазгоднымі ў гэтай сітуацыі.
Вядома, мне трохі лягчэй, чым іншым. Мой занятак і мае на ўвазе самаізаляцыю — немагчыма пісаць у тлуме. У мяне ёсць да гэтага звычка, і гэта, безумоўна, мне псіхалагічна дапамагае. Я не здзіўляюся, што я столькі часу адзін. Але ж не ўсім быць пісьменнікамі, мастакамі, музыкамі. Значыць, трэба знайсці іншы занятак. Ён можа быць розны для розных людзей, але калі яго пашукаць, можна знайсці. Хоць бы больш задавацца сур’ёзнымі пытаннямі быцця, да якіх падштурхоўвае сітуацыя. Як мы дажыліся да сур’ёзнай вельмі сітуацыі, ці чаму мы жывём як у нейкім дурдоме? Чаму ўсе рашэнні — фантасмагарычныя? Чаму у нас адмыслоўцы — дактары і вірусолагі — не маюць у гэтай сітуацыі першаснага голасу, а прымаюцца рашэнні, не звязаныя з аховай здароўя, а звязаныя наўпрост з палітыкай? І гэтак далей.
Ірына Халіп:
— Прымусовая ізаляцыя — гэта крыху іншае, чым самаізаляцыя. За маёй тагачаснай ізаляцыяй назіралі два маёры КДБ, якія знаходзіліся проста ў кватэры, а мне было забаронена падыходзіць нават да вокнаў. Так што сітуацыя сённяшняя — гэта, выбачайце, проста шчасце нейкае, калі чалавек сам абірае, ці ізалявацца яму і як ізалявацца.
Што тычыцца таго, як не з’ехаць з глузду, то ў тыя часы мяне вельмі ратавалі кнігі. Мая бібліятэка, да якой часцяком не даходзілі рукі праз рэгулярныя бягучыя справы, надзённыя задачы, абавязанні. Да прыкладу, перачытаць Ібсэна — я б наўрад ці знайшла на гэта час, калі б не аказалася закрытая дома на тры з паловай месяцы. Я перачытала кіпу кніг, я прачытала кіпу кніг — ізноў жа, тых, да якіх не даходзілі рукі. Я, паколькі мне было забаронена карыстацца камп’ютарам, пачала запісваць у вялікі агульны сшытак тое, што адбываецца. У выніку гэта вылілася ў кнігу, якая выйшла ў 2013 годзе.
Ірына Халіп
Апроч усяго, я была закрытая разам са сваім дзіцем, і пасля я ўцяміла: не трэба чакаць такіх абставінаў — незалежных ад нас, складаных і цяжкіх, — каб больш увагі надаваць уласным дзецям.
Цяпер сітуацыя не тое каб паўтараецца: цяпер самаізаляцыя добраахвотная, але я выкарыстоўваю кожную хвіліну, каб больш стасавацца са сваім сынам.
Калі раней я сазвоньвалася з маці два разы на дзень, то цяпер мы сазвоньваемся па чатыры-пяць разоў. Гэта таксама добра: з’яўляецца час размаўляць з бацькамі, сталымі родзічамі, якія вельмі чакаюць нашых тэлефанаванняў, а нам увесь час няма калі. Цяпер ужо няма куды адкладваць, няма на што ссылацца, цяпер мы ім можам хаця б на адлегласці, але даць тое, на што ў нас не хапае часу ў звычайным жыцці.
Я гэтую ізаляцыю разглядаю як выпрабаванне, але не самае складанае. Таму што яно адкрывае нам іншыя магчымасці, новыя магчымасці, прымушае нас па-іншаму жыць і больш звяртаць увагі на тых, хто побач з намі.
– Кажуць, што ва ўмовах ізаляцыі руйнуюцца сем’і, людзі не вытрымліваюць пастаяннага знаходжання ў адным памяшканні з аднымі й тымі ж людзьмі. Ці была гэтая праблема пад хатнім арыштам?
Уладзімір Някляеў:
— У мяне тут няма ніякай праблемы. Яе не існуе. Проста трэба кахаць, трэба любіць чалавека, з якім ты пражываеш жыццё.
Вядома, калі параўнаць з часамі СССР і позняга СССР, калі людзям літаральна было няма на што жыць і няма чаго есці, у нас шмат што змянілася да лепшага, але не настолькі, каб соцыум даваў людзям магчымасць жыць так, як яны хацелі б жыць. Няма магчымасці жыць асобна. У тых жа Швецыі ці Фінляндыі, дзе я пражыў амаль чатыры гады, людзі не жывуць разам, калі паміж імі нічога няма. Там дастаткова заявіць, што яны ўжо не сям’я, і не праблема, калі ў цябе няма грошай набыць сваё жытло, атрымаць сацыяльную кватэру і нейкі час перабіцца. А тут большасць людзей, у тых хрушчоўках і новых «мурашніках», жывуць толькі таму, што ім больш няма дзе жыць. І некаторыя проста бягуць на працу, каб адно аднаго не бачыць. А ў самаізаляцыі гэтага не зробіш, яны пачынаюць псіхаваць, і даходзіць да таго, да чаго даходзіць.
Уладзімір Някляеў з жонкай Вольгай
Ірына Халіп:
Тады я была разлучаная са сваім мужам, які знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Цяпер я таксама разлучаная з ім, бо ён у Варшаве, а я ў Мінску. Але мы хаця б можам стасавацца па скайпе, па розных мэсэнджарах. Мы з ім нават у інтэлектуальныя гульні гуляем па інтэрнэце.
Ірына Халіп і мужам Андрэем Саннікавым
– Што б вы са свайго досведу параілі людзям, каб яны маглі псіхалагічна лягчэй перажываць самаізаляцыю?
Уладзімір Някляеў:
— Універсальных прыёмаў няма, для гэтага трэба звяртацца да псіхатэрапеўта. Але ў нас, у адрозненне ад Захаду, псіхатэрапеўт успрымаецца як шарлатан, які нешта балбоча і толькі грошы цыганіць. Але гэта сапраўды прафесія, і прафесія вельмі тонкая.
Увогуле, я ведаю багата выпадкаў, пра якія ніхто не кажа, нават на самым версе. Напрыклад, ёсць жа ў нас хворыя, якія ляжаць, іх тысячы — з хваробамі, якія не дазваляюць хадзіць і выходзіць на двор. І раптам забіраюць у іх людзей, якія пра іх клапоцяцца. Што тады з чалавекам рабіць? Ніхто яго нікуды не бярэ, ніхто за яго не адказвае і не жадае адказваць... І гэта тысячы людзей, якія аказаліся ў сітуацыі значна цяжэйшай, чым здаровыя, якія ходзяць і псіхуюць у самаізаляцыі. Дык вось падумайце пра іх, уявіце сябе на месцы тых людзей, у іх стане. І тады, можа быць, вы яшчэ падумаеце, што вы не такія ўжо няшчасныя, каб так перажываць і не ведаць, што вам, бедным, у гэтай самаізаляцыі рабіць.
Ірына Халіп:
— Для мяне самым псіхалагічна складаным у час хатняга арышту было ўсведамленне, што я ў сваім доме больш не гаспадыня. Ключы ад майго дома знаходзяцца ў руках акупантаў, ворагаў. Тады я ўсвядоміла, што сімвал дому — гэта не ачаг, не круглы стол пад абажурам, за якім збіраецца сям’я. Сімвал дому — гэта ключы. Пакуль яны ў цябе, ты гаспадар, а калі яны аказваюцца ў іншых людзей, ты больш не гаспадар.
Дзякуй Богу, нашыя суайчыннікі цяпер не ў такой сітуацыі. Чалавек усё ж сам сабе гаспадар. Паколькі сёння людзі — самі гаспадары сваіх дамоў, яны пазбаўленыя тых маральных пакутаў. Таму трэба шукаць ў тым, што адбываецца, станоўчыя моманты.
Тое, што было недаступнае пад хатнім арыштам і даступнае цяпер — агромністая колькасць трэніровак анлайн, запісаў на ютубе… Я засвойваю зумбу — мне раней не хапала часу дайсці да нейкай залы, дзе ёй вучаць. А цяпер я выдатна на анлайн-зумбе два-тры разы на тыдзень. Ва ўсялякім разе ў мяне за месяц мінус два з паловай кілаграмы.
З’яўляецца час не закідвацца бутэрбродамі, як мы гэта робім зазвычай, а варыць дыетычныя супчыкі з гародніны, займацца тым, што называецца слоў-кукінгам. Ёсць час патрымаць курыцу ў марынадзе і паставіць яе ў духоўку на тры гадзіны — мы нікуды не спяшаемся. І на выхадзе мы атрымліваем чысцюткі бялок без усялякіх вугляводных дадаткаў.
Трэба шукаць у тым, што адбываецца цяпер, станоўчыя моманты.
Аліна Бялова, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!