Тое, што вы маглі прапусціць на нашым сайце ў чэрвені.
Распрацаваны Міхалам Баярынам шрыфт “Берагіня”, стылізаваны пад узоры беларускага арнаменту, што быў выкладзены ў Сеціва для свабоднага спампоўвання, стаўся сапраўдным хітом па наведвальнасці і перапостах у сацыяльных сетках, а таму заслугоўвае не толькі дадатковай згадкі, але і словаў шчырай удзячнасці стваральніку.
Наш сталы аўтар Віктар Марціновіч уздымае дыскусію паводле старой праблемы: слабой інфраструктуры горада, у прыватнасці – адсутнасці як задавальняючай колькасці грамадскіх прыбіральняў, так і пэўнай культуры паводзінаў гараджан.
Беларускамоўны сегмент байнэту абураны цынічным учынкам вандалаў, што раскрышылі надпіс на помніку літары “Ў” у Полацку.
Свой першы юбілей – пяцігоддзе – адзначыў Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!, асноўнай тэндэнцыяй якога сёлтеа сталася скіраванасць на папулярызацыю і пашырэнне беларускай мовы.
Напачатку чэрвеня ў Мінску адкрылі новую станцыю метро – “Малінаўка”. Мы пагутарылі пра яе аздабленне з архітэктарам Аляксандрай Баярынай.
Сайт patriotgym.by байцоўскага клуба “Патрыёт”, створаны ў партнёрстве з грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, распачаў сваю працу. У клубе разлічваюць на тое, што прыклад беларускамоўнага сайта натхніць іншыя спартовыя арганізацыі актыўна карыстацца роднай мовай.
Алесь Лапо нагадвае аматарам вандровак пра беларускія сувязі з горадам на Вісле і складае своеасаблівы гайд па прыгожым польскім горадзе.