У пачатку снежня Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы на пасаду міністра культуры актора і спевака Руслана Чарнецкага, нечакана рэзка раскрытыкаваў стан айчыннага дзяржкіно.
«Тое, што сёння адбываецца ў беларускім кінематографе, гэта проста ганьба і недапушчальна <...> Мы скаціліся, мы сталі горш выглядаць да таго савецкага перыяду, калі надавалі сур’ёзную ўвагу кінематографу».
Як на дзіва, гэтым разам можна пагадзіцца з аўтакратам — сапраўды, кантэнт, які ствараецца апошнім часам на «Беларусьфільме», не цікавы ні гледачам, ні, як бачна, самому рэжыму, па замове якога ён ствараецца. Але дзяржстудыя працягвае ўпарта робіць тое, што ўмела яшчэ ў савецкія часы, — шматлікія фільмы, серыялы і анімацыю пра Другую сусветную вайну. Вось толькі час і пакаленні гледачоў цалкам змяніліся.
Якія ж падыходы да стварэння ваенных фільмаў існавалі на «Беларусьфільме» ў савецкія часы, а якія дзейнічаюць цяпер? Чаму сучаснае ваеннае кіно не дацягвае да ваенных драмаў савецкага перыяду? На гэтыя пытанні «Будзьме» адказала культуралагіня і даследчыца кіно з Беларусі, якая ў мэтах бяспекі засталася ананімнай, і кінакрытык Ірэна Кацяловіч.
Кадр з фільма «Знак бяды»
Можна ўмоўна вылучыць дзве тэндэнцыі ў савецкім беларускім кіно пра вайну. Праўда, вельмі ўмоўна, бо адзін і той жа фільм можа ўтрымліваць стылістычныя адсылкі да абедзвюх, асабліва ў пераходныя перыяды ад адной савецкай эпохі да іншай.
Першая з іх — гераічная, эпічная і парадная, міфалогія якой сыходзіць каранямі ў сталінскую канцэпцыю вайны. Яна ўзмацняецца пры Брэжневе, калі з’яўляецца дзяржаўнае свята Дзень Перамогі з серыяй рытуальных мерапрыемстваў і пачынаецца «мяккая дэсталінізацыя». Многія сучасныя ваенныя фільмы «Беларусьфільма» з’яўляюцца спадчыннікамі менавіта гэтай лініі.
Іншая тэндэнцыя — гэта спробы прарвацца да рэальнасці вайны, паказаць яе штодзённасць або экзістэнцыйнае вымярэнне, прыватныя лёсы, ломку псіхікі герояў. Пасля перыяду «Адлігі» рэжысёры зноў да яе вяртаюцца ў кароткі перыяд перабудовы, калі выходзяць самыя рэфлексіўныя ваенныя фільмы, такія, як «Знак бяды» (рэж. Міхаіл Пташук) або «Круглянскі мост» (рэж. Аляксандр Мароз) па аповесцях Васіля Быкава.
Цікавы, на мой погляд, факт: калі ў 1941-1945 гадах выйшла некалькі поўнаметражных фільмаў аб бягучай вайне (напрыклад, вельмі жорсткі фільм Марка Данскога «Вясёлка» 1944 года), то пасля перамогі на пару гадоў наступіла зацішша — кінастудыі быццам не хацелі рызыкаваць у выбары герояў і сюжэтаў, паколькі сталінскія рэпрэсіі аднавіліся з падвоенай сілай, і ў адносінах да жыхароў акупаваных немцамі тэрыторый, і да ваеннапалонных.
Але кінастудыя «Савецкая Беларусь» якраз пераехала нарэшце ў Мінск і павінна была плённа працаваць. Там былі створаны два першыя пасляваенныя фільмы — гэта лірычная камедыя «Новы дом» (1947) і фільм-канцэрт «Родныя напевы» (1948). Першы зняты Уладзімірам Корш-Сабліным па сцэнары Яўгена Памешчыкава, які мала адрозніваўся ад фільмаў 1930-х, аб канфлікце і наступнай любові кіраўніка і кіраўнічкі двух суседніх калгасаў.
Толькі дзеянне перанесена ў пасляваенную БССР. Але калгаснікі тут маладыя, сытыя, шчаслівыя і дружна будуюць узорна-паказальную вёску з дамамі з цэглы.
«Родныя напевы» — гэта беларуская сталініяна, мантаж пастановачных нумароў у выкананні розных беларускіх творчых калектываў, у фінале якога беларусы ў нацыянальных строях праслаўляюць у вершах і песнях Сталіна.
Нарэшце, у другой палове 1940-х Сталін выклікае да сябе міністра кінематаграфіі СССР Бальшакова і дыктуе яму план выпуску цэлага цыклу ваенных фільмаў — фактычны дзяржзаказ на ўмацаванне міфа пра самога сябе. Ён атрымаў назву «дзесяць сталінскіх удараў» — усяго паспела выйсці 3 «удары», самы з іх шматбюджэтны і вядомы — «Падзенне Берліна» 1949 года Міхаіла Чыаўрэлі.
Першы беларускі фільм пра вайну — «Канстанцін Заслонаў» Корш-Сабліна 1949 года — адпавядаў гэтай канцэпцыі. Ён жа заклаў асновы міфа пра Беларусь як партызанскую рэспубліку і вобраз ідэальнага героя-падпольшчыка/партызана. У ім Заслонаў — удзельнік масавага супраціву беларусаў акупацыі, палымяны савецкі патрыёт, і менавіта таму нацыянальны герой, які дзейнічае па паспяхова распрацаваным плане камуністычнай партыі, які курыруецца з Масквы. Гэты ж міф умацоўвае таксама драма «Гадзіннік спыніўся апоўначы» 1959 года аб ліквідацыі мінскага гаўляйтара Кубэ.
Аднак затым надыходзіць хрушчоўскі перыяд з крытыкай культу асобы Сталіна. У дакладзе да ХХ з’езду Хрушчоў таксама высмейвае «Падзенне Берліна». Героі, сюжэты, стылістыка фільмаў пра вайну радыкальна змяняюцца.
Беларускія адлігавыя фільмы выходзяць ужо напрыканцы гэтага перыяду. Гэта «Праз могілкі» і «Я родам з дзяцінства» Віктара Турава (1964 і 1966 гады), «Усходні калідор» і «Чакай мяне, Ганна!» Валянціна Вінаградава (1966 і 1969 гады). Драма Вінаградава аб падполлі і жыцці пад акупацыяй была абвешчаная антымастацкай з’явай і не дапушчана да пракату, наступную карціну даздымаў іншы рэжысёр.
Кадр з фільма «Я родам з дзяцінства»
Стылістыка ваенных фільмаў зноў змянілася — за кадрам наступаў кансерватыўны брэжнеўскі застой.
Тое, як «Беларусьфільм» на дзяржаўныя грошы паказвае Другую сусветную вайну, прама вынікае з таго, чым вайна з’яўляецца для беларускай дзяржавы. Для рэжыму гэта стратэгічна важная ідэалагічная рамка, праз якую можна штурхаць наратывы пра народ-пераможцу і мірнае неба над галавой, а ніяк не рэальная народная траўма, над якой трэба працаваць.
Адпаведна для кінастудыі тэма пераўтвараецца ў дзяржзамову, якую яна абавязана ажыццявіць, прычым не адыходзячы ад афіцыйнага бачання. У выніку ў фон для прыгодаў, гісторыяў кахання і экшна з выбухамі і стральбой, пажадана не больш за гэта.
Пра ўласна вайну з такіх фільмаў часта можна даведацца толькі, як выглядала ваенная форма і на якіх матацыклах ездзілі ў 1940-я, то-бок вонкавыя, антуражныя рэчы, дзякуй Богу, у «Беларусьфільма» захавалася троху належнага рэквізіту.
Самой жа вайны за ўсімі шпіёнскімі і любоўнымі перыпетыямі часта і не бачна: яна толькі дэкарацыя і добрае асяроддзе для танных забаўляльных сцэнароў пра здраднікаў, двайных агентаў, дыверсантаў і іншых персанажаў. Вы не пабачыце і не зразумееце з гэтых стужак чалавека на вайне, бо не стаіць такой задачы — даследаваць Другую сусветную як трагедыю.
Вайна тут — толькі шэраг сюжэтных паваротаў і перыпетый, набор штампаў і, бывае, пафасныя спічы. Збольшага тут усё раздзелена на белае і чорнае — на прыгожых, статных, сумленных і высакародных савецкіх герояў, і камічных немцаў з гнілымі зубамі, якія карцінна закатваюць вочы, калі іх забіваюць. На патрыётаў і здраднікаў, якія ў канцы будуць пакараныя і скажуць: «Так мне и нужно». На сумленных беларусаў і нізкіх прадстаўнікоў іншых народаў, то-бок станоўчасць альбо адмоўнасць абсалютна сур’ёзна вызначаецца нацыянальнасцю.
У большасці выпадкаў мы кажам — хаця з вайны прайшло амаль 80 гадоў — пра плакатныя, павярхоўныя, з пункту гледжання апрацоўкі тэмы нікчэмныя рэчы, якія не пайшлі далей за вось гэтае чорнае — белае, лозунгі і пафасныя «Мы там не в игрушки играем, а Родину защищаем».
Мне згадваецца кароткаметражка «Франка» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, якая засяродзілася на сваёй гераіні і яе страхах на вайне, і яна ёсць выключэннем з правіла. Але побач у альманаху была навела з баязлівым немцам, злосным палякам і ва ўсіх сэнсах станоўчым беларусам — ужо лепш трапляе ў дзяржаўную рыторыку. Альбо нядаўні пафасны «Падрыў» Івана Паўлава, дзе адмоўны герой, без «але» і паўтаноў, — той, каго пад дулам аўтамата прымусілі расстраляць сваіх аднавяскоўцаў.
Кадр з фільма «Франка»
У кантэксце міжнароднага кіно гэта сама па сабе важная для разбора псіхалагічная трагедыя, але ў беларускім кіно ніякіх разбораў не будзе — толькі прысуд. Такога чалавека, канешне, забіваюць у канцы, ён быццам атрымлівае належнае, і ніхто нават не задаецца пытаннем, што б зрабіў тады на яго месцы.
То-бок развіцця ваеннай тэмы на сучасным «Беларусьфільме» не адбылося, хаця ў савецкія часы рабіліся значна глыбейшыя рэчы, магчыма, праз блізкасць у часе, але ўсё ж яно было, і гэтае яно скацілася ў спрошчаныя плакатныя забавы ды вайны як антуражу. Адзіны козыр сучасных аўтараў, і яны хіба гэта разумеюць, — ваенная хроніка, але яна не моцна выратоўвае слабое кіно.
Я не разглядаю ў кантэксце беларускага кіно «У тумане» Лазніцы ці «Урокі фарсі» Перэльмана, бо ўдзел «Беларусьфільма» тут хутчэй сімвалічны і на кінастудыі б самі так не змаглі.
Яшчэ адзін «сімптом», які праяўляюць сучасныя ваенныя фільмы ў сваёй большасці — ганебная практыка капрадукцыі з Расіяй, калі кіно ствараецца часткова на беларускія грошы, але перадусім на расійскую аўдыторыю.
Каб на кіно зарабіць, стужкі і серыялы яшчэ на этапе здымак намагаліся прадаць спачатку ў Расію, а ўжо потым у Казахстан, Украіну і Беларусь.
Хтосьці скажа, такія ўмовы рынку, але атрымліваецца, беларускія дзяржаўныя грошы транжырыліся на кіно, дзе галоўныя ролі выконваюць расійскія акторы, а беларускім даюць другарадныя, а на подпісах можна ўбачыць «Белоруссия». Часта гэта і расійскія рэжысёры, так што складана ацаніць і раздзяліць, як бачаць вайну менавіта сучасныя беларускія аўтары. А калі нават за фільмам стаіць беларускі рэжысёр, скажам, Аляксандр Яфрэмаў (і расійскі таксама, бо нарадзіўся ў Расіі) з яго «Пакушэннем», сапраўднай свабоды выказвання з улікам ужо сказанага ён не мае.
Такім чынам, з усёй сваёй рэпутацыяй «Партызанфільма», сапраўднай апрацоўкі тэмы Другой сусветнай на нацыянальнай кінастудыі так і не адбылося, і ў сучасных умовах адбыцца не можа.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org