Журналіст і літаратар Алесь Кіркевіч, які піша артыкулы ў тым ліку і для “Будзьмы”, напісаў кнігу прозы “Самурай”, якая зусім нядаўна пабачыла свет у выдавецтве “Кнігазбор”. Але дэбютная кніга Кіркевіча зусім не пра Японію, хоку ці самураяў. Дык пра што ж?
Ва ўсіх 13 апавяданнях, змешчаных у кнізе, мы бачым персанажаў, нехарактэрных для беларускай літаратуры. У тым сэнсе, што нават у прынцыпе станоўчы герой можа мець адмоўныя рысы. Напрыклад, спаць з жонкай свайго сябра, як у першым апавяданні “Імёны для Вікі”.
Давайце будзем шчырымі: мы прывыклі, што нам часцяком прапануюць добра знаёмы, але разам з тым не самы смачны вінігрэт: харошыя “мы” і дрэнныя “яны”. У нас, ясная рэч, усе героі самыя добрыя, самыя разумныя, самыя моцныя, самыя здаровыя і, безумоўна, ідэйныя. У іх, ворагаў, поўны набор усіх заганаў чалавецтва. Наш – гэта такі сабе Пакацігарошак з бел-чырвона-белай стужкай на галаве, які бярэ меч, сядае на каня і нясецца на бітву. А калі гэта ўсё прыправіць енкамі ды стогнамі пра мову, дадаць некалькі разоў слова “Пясняр” і “Апостал”, то атрымаецца наогул класічны шэдэўр пра беларускае шаноўнае змагарства.
Алесь Кіркевіч у сваіх апавяданнях адыходзіць ад звыклых схемаў, апісаных вышэй. Найперш тым, што апісвае рэчаіснасць як ёсць. І людзі ў тэкстах – як ёсць, са сваімі плюсамі і мінусамі, не святыя, не пакутнікі – жывыя. Ужо з першага апавядання аўтар дае ўстаноўку на здаровы нігілізм: ягоныя героі сумняюцца, памыляюцца, але не спыняюцца. Не стамляюцца жыць. Шукаюць. Аўтар, як і ягоныя героі, імкнецца рабіць гісторыю тут і цяпер, а не корпацца ў даўнейшых справах, высвятляючы, хто быў круцейшы: вялікія літвіны або маскавіты. У апавяданні “Застацца” аўтар не без іроніі разважае, чаму так сталася, што наша нацыя – гэта крыніца для іншых:
“Беларусы ўсё ж такі кніжная нацыя. Чарговыя мемуары… Нарадзіліся, вучыліся, пісалі, сядзелі, працавалі школьнымі інспектарамі, а калі прыйшлі саветы – з’ехалі за мяжу. Схема-клішэ, якая з’явілася якіх 70 гадоў таму. Кніжная нацыя паэтаў і пісьменнікаў узбагачае суседнія народы. Узбагачае вуглякопамі, будаўнікамі, працоўнымі рыбзаводаў… Пасля фізічнай працы, вядома, і вершы лепш пішуцца”.
Змагары ў апавяданнях Алеся – не кардонныя пустабрэхі, а хмурыя людзі, што моўчкі робяць справу, якую лічаць вартай. Без енкаў, без пафасу, без самалюбавання. Яны не бранзавеюць, не займаюцца самапіярам або самападманам. Здаецца, што героі Кіркевіча ведаюць сваё места ў свеце. Яны разумеюць, што іх справа нічога, акрамя праблемаў не прынясе. Але працягваюць яе рабіць. Не збочваюць з аднойчы абранай дарогі. За гэта іх сапраўды можна назваць змагарамі без усялякай (як цяпер прынята) іроніі.
Прыемна ўражвае правільнае разуменне (як на мяне) нацыянальнай ідэі. У адрозненне ад многіх нашых аўтараў, якія мрояць застацца сам-насам у сваім местачковым гародчыку, каб спакойна песціць там дарагую беларушчыну, Алесь не хоча закрывацца ад свету, хутчэй наадварот. У апавядані “Жнівень дагарае” можна прачытаць неблагія развагі на тэму: “Кажуць, што нацыя стае нацыяй, калі пераадольвае эгацэнтрызм і вырываецца вонкі. Еўропа стала Еўропай, калі вырвалася за межы Міжземнамор’я і Балтыкі. Польшча стала Польшчай, калі польскія археолагі пачалі капаць у Егіпце, а Бжазінскі намаляваў для сусвету “вялікую шахматную дошку”. Каб адбыцца, нацыя мае асэнсаваць сваю місію, паглядзець на сябе і ўвесь свет збоку”.
Гістарычных апавяданняў у зборніку толькі два – гэта “Марта” і “Зацкаваны воўк”, прысвечаныя Міхаілу Гурыну, вядомаму беларускаму рэвалюцыянеру міжваеннага часу. Гурын – асоба, безумоўна, цікавая. Па ягонай біяграфіі можна смела здымаць фільмы. Настаўнік паводле адукацыі, прапаршчык кавалерыі ў царскім войску, блізкі да эсэраў падчас рэвалюцыі. Служыў у Чырвонай арміі, вучыўся ў Акадэміі Генштаба. У савецкім Мінску ён мог бы зрабіць неблагую кар’еру, калі б быў канфармістам: у пачатку 1920-х ён рэдагаваў газету “Савецкая Беларусь”. Але неўтаймаваны характар, відаць, не даваў сядзець на месцы. У 1924 годзе ён быў закінуты на тэрыторыю Заходняй Беларусі з мэтай арганізацыі ўзброенага паўстання і далучэння яе да БССР. Чым гэта скончылася – можна прачытаць у згаданых тэкстах.
Апавяданне, якое дало назву кнізе, “Самурай”, распавядае нам пра ветэрана Майдана і АТА з аднайменным пазыўным. “Не кажыце АТА ў яго прысутнасці – гэта зняважліва”, – засцерагае нас аўтар, якому, па ўсім відаць, даводзілася камунікаваць з рэальнымі ўдзельнікамі згаданых падзей. Што ж да апавядання, то мы, здаецца, забываемся, што па факце ўжо некалькі гадоў жывём фактычна ў прыфрантавой дзяржаве. У суседняй краіне ідзе вайна, там страляюць, гінуць людзі, але жыццё працягваецца. Што адбываецца з тымі, хто вярнуўся з фронту? Як ім жыць з усім убачаным? Як мірыцца (або не) з рэчаіснасцю? Здаецца, менавіта пра гэта хацеў пагаварыць Алесь у сваім тэксце. Бо адправіцца на рэальную вайну, а потым вярнуцца – гэта ніразу не ўвязацца ў чарговы срач ва ўтульным фэйсбучку ці твітары.
Празаічная частка кнігі заканчваецца апавяданнем “Агонь нас любіць”, пра абарону Курапатаў, якая адбывалася акурат год таму. Першапачаткова ў “Нашай Ніве” гэты тэкст быў пазначаны як “пачатак рамана”, а аўтара Андрэй Дынько паставіў “па сіле, па перапляценні пачуццёвага і палітычнага, нацыянальнага і філасофскага” на адзін узровень з Максімам Гарэцкім. Андрэй Васільевіч добра разбіраецца ў літаратуры, таму, думаю, з ім варта пагадзіцца.
Як на мяне, адзіны мінус гэтай кнігі – адсутнасць апавядання “Лабірынт”, якое з’яўляецца працягам “Агню” і добра, а галоўнае, лагічна заканчвала б гэты зборнік. Ды і агулам хацелася б пабачыць урэшце цэльны твор, бо як ні круці, але Несцяровіч, галоўны герой гэтых тэкстаў, можа смела прэтэндаваць на званне героя нашага часу. Ён мае для гэтага ўсе якасці: моцны характар, неўтаймаванасць, крытычнае мысленне і здаровы нігілізм.
Канстанцін Касяк, budzma.org
Прэзентацыя кнігі ў Мінску адбудзецца 27 лютага ў бары “Beer&Wine” (вул. Кульман, 9). Пачатак а 19-й. Уваход вольны!