Калі які-небудзь мір, заключаны паміж дзвюма краінамі, называюць вечным, перш за ўсё хочацца спытаць: “Ну і колькі гадоў доўжылася вечнасць гэтым разам?” І звычайна гадоў аказваецца да крыўднага няшмат. Так, знакаміты “Вечны мір” Яна Сабескага з Расіяй ледзь дажыў да “паўналецця”: рускія войскі апынуліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай ужо праз 18 гадоў пасля ратыфікацыі дагавора. На гэтым фоне “вечны мір” Вітаўта з Маскоўскім княствам выглядае натуральным доўгажыхаром: падпісаны ў верасні 1408 года, ён дазволіў дзвюм дзяржавам пражыць без вайны амаль усё XV стагоддзе. І нават заключыць у сярэдзіне стагоддзя яшчэ адзін вечны мір, але гэта ўжо іншая гісторыя. Пагаворым пра вечнасць.
Пачатак XV стагоддзя Вялікае Княства Літоўскае сустракала ў сумным становішчы. Страшны разгром на Ворскле ўзмацніў становішча ўсіх суседзяў ВКЛ і паставіў крыж на глабальных планах Вітаўта. Цяпер яго (часова) не баялася нават Наўгародская рэспубліка, адна з найслабейшых ў ваенным дачыненні суседак. Нягледзячы на тое, што ў 1400 годзе атрымалася памірыцца адразу з Ноўгарадам, Псковам, Масквой і Цверру, сітуацыю моцна сапсаваў Смаленск, які адкалоўся ад Княства ў тым жа годзе. Вітаўт паспрабаваў хуценька выправіць сітуацыю, але аблога Смаленска (хоць там яшчэ не было той крутой крэпасці, што стаіць да гэтага часу) правалілася. Пра якую-небудзь прэтэнзію на гегемонію ў княствах — аскепках Кіеўскай Русі даводзілася забыцца.
Мсціслаўская бітва: заходні выбар Ягайлы
Адначасова даводзілася весці і заходнюю палітыку. За Жамойць ішло супрацьстаянне з Тэўтонскім ордэнам, які быў на вяршыні магутнасці. Здавалася, да Грунвальда ўсяго 10 гадоў, але мы гэта ведаем, а Вітаўт не, і факт, што неўзабаве моц Ордэна будзе раздушаная, напэўна б здаўся князю вельмі няўдалым жартам. А пакуль ён аказваў падтрымку жамойтам, а ў Еўропу пасылаў лісты з тлумачэннем, чаму ён гэта робіць і інакш не можа. Тэўтонцы аргументаў не прынялі, і ў 1401 годзе пачалася вайна — жамойты выгналі нямецкія гарнізоны і аддалі сябе пад уладу ВКЛ. Вітаўт разлічваў на дапамогу Ягайлы, Ягайла разлічваў любой цаной не ўлезці ў гэтую бойку — на дапамогу кузэну ён адправіў усяго адзін невялікі атрад. Актыўна каламуціў ваду яшчэ адзін Альгердавіч — Свідрыгайла, які ў 1402 годзе ўцёк да крыжакоў, што прызналі яго прэтэндэнтам на трон Княства. Словамі рыцары не абмежаваліся і тут жа пачалі сваю “разбойніцкую вайну”, спаліўшы наваколлі Гародні, а пазней вырашылі заняць нават Вільню.
Але браты-рыцары нешта пераблыталі, Вітаўт, вядома, прайграў пад Ворсклай, але моцныя дзяржавы ад аднаго паражэння ў нішто звычайна не ператвараюцца (што сам Ордэн пацвердзіць пасля Грунвальда). Карацей, давялося абмежавацца стандартнымі мерамі — спалілі Ашмяны, вярнуліся дадому. Свідрыгайла, якога тэўтонцы прывезлі з сабой у надзеі тут жа зрабіць вялікім князем, насельніцтву Вільні неяк не спадабаўся і падтрымкі не займеў. Паход наступнага года быў такі ж няўдалы, за гэты час жамойты паспелі спаліць Клайпеду, а воіны Вітаўта — Дзюнабург і Георгенбург. Апошняй кропляй стала тое, што Папа Рымскі Баніфацый IX зацікавіўся, чаму гэта добрыя хрысціяне-немцы ходзяць вайной на добрае хрысціянскае Вялікае Княства Літоўскае, калі яно ўжо 15 гадоў як хрысцілася. І, каб было больш зразумела, выдаў асобную булу, у якой выразна сказаў: на ВКЛ крыжовымі паходамі не хадзіць.
Старадубская вайна: на ўсходнім фронце без зменаў
Доўгая вайна ўперамешку з перамовамі прывяла да кампрамісу: Вітаўт зноў аддаў немцам Жамойцію, немцы аддалі Вітаўту Свідрыгайлу, паабяцаўшы больш яго на трон не саджаць. Паралельна ў канфлікт ВКЛ і Ордэна з кожным годам усё больш уцягвалася Польшча, чые інтарэсы Вітаўт па-майстэрску пераплятаў са сваімі. Гэта яшчэ не быў саюз, калі дзве краіны разам прымуць бой пад Грунвальдам, але і адседжвацца ўбаку, калі таварыш па уніі ваюе, у Кракаве ўжо не маглі.
Разабраўшыся на Захадзе, Вітаўт зноў павярнуўся тварам да Смаленска. Тое, што страта важнага горада вельмі-вельмі засмуціла вялікіх князёў, на ўсходзе разумелі і таму адразу ж пасля выхаду з-пад улады Вільні пачалі наступ на ВКЛ (мабыць, каб максімальна аслабіць грознага, але ўзрушанага шэрагам няўдач суседа). Быў адбіты наступ на Бранск. Але кааліцыя, створаная Юрыем Смаленскім, хоць збоку магла здацца грознай (князі пронскі, казельскі, мурамскі, пры падтрымцы разанскага і нават маскоўскага!), актыўных баявых дзеянняў весці не стала. Грэх было гэтым не скарыстацца, і, ледзь заключыўшы перамір’е з крыжакамі, Вітаўт ужо ў 1404 годзе зноў аблажыў Смаленск і 26 чэрвеня заняў яго.
Вяртанне Полацка: трыумф Стэфана Баторыя
Юрый Смаленскі служыць уладару ВКЛ не пажадаў і ўцёк у Ноўгарад. Вітаўт з наўгародцамі ваяваць не стаў, проста — “nothing personal, only business” — заключыў з Рыгай гандлёвае пагадненне, па якім Полацк атрымаў прывілей на супрацоўніцтва з гарадамі рускіх княстваў, паток тавараў лінуў да палачан, а Ноўгарад пацярпеў велізарныя страты. Усе дзеянні Вітаўта моцна не падабаліся прамаскоўскай партыі, а паколькі праваслаўнае духавенства ўжо тады было цесна пераплеценае з палітычнай элітай, у 1405 годзе мы маглі б назіраць цудоўную карціну: праваслаўны біскуп Антоні Тураўскі заклікаў мусульманіна, хана Залатой Арды Шадзібека, атакаваць хрысціянскае ВКЛ, амаль усё насельніцтва паўднёвых абласцей якога (куды і прыйшлі б татары) было праваслаўным. Зноў нічога асабістага, толькі бізнес.
У 1406 годзе Вітаўт пачаў ваенныя дзеянні супраць Пскова. Апошні заўсёды быў патэнцыйным саюзнікам або Масквы, або Вільні і ў дадзены перыяд вельмі схіляўся да маскоўскага кірунку. Зрэшты, князь ВКМ Васіль I сваім пскоўскім дорбазычліўцам нічым дапамагчы не змог ці не захацеў. Праўда, у 1406 годзе нарэшце пачалася вайна паміж Маскоўскім і Літоўскім вялікімі княствамі, але яна была вельмі дзіўнай. У тым жа годзе войскі дзвюх дзяржаваў сышліся пад Крапіўнам, але біцца не сталі і тут жа заключылі перамір’е.
Праз год баявыя дзеянні злёгку актывізаваліся: абедзве арміі ўзялі ў праціўніка некалькі невялікіх гарадоў, але вырашальнай бітвы пад Вязьмай (дзе зноў сышліся войскі ВКЛ і ВКМ) зноў не здарылася, і зноў было перамір’е.
Смаленская вайна: «сляпая пляма» нашай гісторыі
Сур’ёзныя перамены наступілі толькі ў 1408 годзе. Няўрымслівы Свідрыгайла, якому адзін раз ужо не дапамаглі крыжакі, вырашыў паспрабаваць шчасця ў Маскве і збег туды. Васіль I даў яму на кармленне столькі зямель, што нам бы з вамі столькі. Для Вітаўта ўцёкі малодшага Альгердавіча былі даволі сур’ёзным ударам. Дастатковым, каб арганізаваць маштабны паход на Маскву. Оазам з ваярамі ВКЛ ішлі і палякі, і крыжакі — Ордэн вылучыў 1800 коннікаў. На рацэ Угры, якая служыла мяжой дзвюх дзяржаў, перад імі ўстала маскоўскае войска…
…І што б вы думалі? Два ўладары зноў вырашылі, што бітва была б дрэннай ідэяй. Вітаўт, трэба думаць, пасля Ворсклы стаў у разы больш асцярожны, а для маскоўскага князя пасіўная абарончая тактыка наогул была ў парадку рэчаў. Войскі стаялі адно насупраць аднаго даволі доўга — гэта было першае “стаянне на Угры”, другое будзе праз 70 гадоў і без удзелу ВКЛ. У выніку маскоўскі князь вырашыў, што рызыка паражэння настолькі вялікая, што лепш змірыцца, што Смаленск цяпер належыць ВКЛ. І два бакі зноў без бітвы заключылі мір. Не перамір’е, а мір. Вечны. Той самы, які пратрымаўся да 1492-га, без малога 80 гадоў…
Дзяніс Буркоўскі