18 лютага 1537 года ў Маскве было падпісанае пяцігадовае перамір’е паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскiм княствам. Дамова скончыла вайну, якая доўжылася без малога пяць гадоў і ўмоўна называлася Старадубскай. Давайце разбірацца, што гэта было і навошта.
Аблога Старадуба 1535 г. Гравюра М. Бельскага. Ілюстрацыя з Вікіпедыі
У канцы першай траціны XVI стагоддзя Вялікае Княства Літоўскае было ўжо не “на піку формы”, але працягвала заставацца значнай сілай ва Усходняй Еўропе. Масква, наадварот, перажывала сумныя часы. У снежні 1533 года памёр вялікі князь Маскоўскі Васіль III, а дарослых спадчыннікаў ён не пакінуў. Адзінаму сыну Івану было ўсяго тры гады, Грозным ён стаць яшчэ не паспеў, і кіраваць пачала яго маці Алена Глінская. Зразумела, гэты раскошны шанец не маглі не скарыстаць баярскія групоўкі: пры двары пачалася бойка за ўладу, якая ўсё больш і больш аслабляла краіну. У 1534 годзе ў турме загінуў бацька рэгенткі Міхаіл Глінскі (які да свайго пераезду ў ВКМ адзначыўся маштабным бунтам у Вялікім Княстве Літоўскім). Карацей, Масква слабела і слабела. Жыгімонт Стары, які тады кіраваў ВКЛ, вырашыў гэты момант не прапускаць: слабы сусед – добры сусед. Княства пачало паволі рыхтавацца да вайны, якая мусіла паслужыць помстай за канфлікт 1512–1522 года, калі быў страчаны Смаленск.
Войска ВКЛ на той момант тэарэтычна складала 20-30 тысяч конных воінаў (хоць, напрыклад, нямецкі амбасадар Жыгімонт Герберштэйн адзначаў, што ў шматлікіх байцоў няма ні шлемаў, ні даспехаў). Агульны мабілізацыйны патэнцыял, імаверна, дасягаў і 40 тысяч, але мінулая вайна паказала, што сабраць усіх нерэальна. Варта было ўлічваць і той факт, што маскоўскія войскі збіраліся хутчэй за кошт большай цэнтралізацыі ўлады ў дзяржаве. Гіпатэтычная дапамога Польшчы ў будучай вайне была малаімаверная.
Пэўныя надзеі давалі і адносіны з Крымам. Міжусобіца, якая ўспыхнула ў Крымскім ханстве ў пачатку трыццатых гадоў, скончылася ўзыходжаннем Сахіб-Гірэя, які прапанаваў сяброўства Вільні (Маскве, праўда, таксама прапанаваў, але пасябраваць не атрымалася), заключыў з ВКЛ саюз і адправіў на маскоўскія землі, на Разань і Пронск, набег ў траўні 1534 года. Напад быў адбіты, але Маскве давялося ўзмацніць войскі на паўднёвых межах – адпаведна, аслабіўшы іх на іншых участках. Зрэшты, ВКЛ хутка знайшло сіметрычны адказ, узброіўшы супраць Сахіб-Гірэя яго сваяка Іслам-Гірэя. У Крыме зноў пачалася міжусобіца, і стварыць больш-менш пастаянны фронт супраць Маскоўскага княства ў Жыгімонта ў выніку не атрымалася. Не выйшла ўцягнуць у вайну і Лівонію, якая аддала перавагу таму, каб выконваць заключаны з Масквой у 1531 годзе мірны дагавор на 20 гадоў.
Разбіраючыся з замежнай палітыкай, паны-рада ВКЛ паралельна пачалі думаць, дзе дастаць грошай на будучую вайну. 15 лютага 1534 года ў Вільні адбыўся сейм, які ў выніку даў на сярэбшчыну (падатак з вёсак і гарадоў), што прынесла болей за 26 тысячаў коп грошаў. Плацяжы дазволілі наймаць пэўную колькасць вопытных наймітаў у дадатак да паспалітага рушання. У пачатку лета вырашылі прыступіць і да самой вайны.
Першы бой атрада мсціслаўскага дзяржаўца Юрыя Зеновіевіча з тысячным атрадам ВКМ быў удалым, у непасрэдным баі ваяры ВКЛ пераўзыходзілі суседзяў. Тым часам у Мінску збіраліся асноўныя сілы Княства. Вырашылі рухацца на паўднёвы ўсход, на Чарнігаў і Старадуб, туды і адправіўся авангард польнага гетмана Андрэя Неміровіча і канюшага Васіля Чыжа. Галоўнакамандуючы, гетман Георгій Радзівіл, павольна ішоў за перадавымі атрадамі. Зрэшты, далёка сысці не атрымалася: даведаўшыся ад разведчыкаў, што маскоўскія сілы збіраюцца пад Смаленск і плануюць ударыць з гэтага напрамку, Радзівіл загадаў авангарду ісці ў кірунку Магілёва і сам адправіўся туды.
У Магілёве палявыя літоўскія войскі падзяліліся на тры часткі. Звесткі пра хуткі ўдар вялікага войска ворагаў не пацвердзіліся, і ў выніку Неміровіч і Чыж, як і планавалі, выправіліся на Старадуб, другое войска рушыла на Смаленск, а сам Радзівіл з буйным рэзервам застаўся ў Магілёве.
Такі падзел прывёў да таго, што на першапачаткова выбраную плынь, на Старадуб, адправіліся не вельмі значныя сілы. А задачы, якія стаялі перад імі, былі непамерна вялікія: даводзілася браць некалькі магутных крэпасцяў, Чарнігаў, Гомель, Радагошч і асабліва сам Старадуб пад камандай Фёдара Абаленскага. Выдатна разумеючы, што яго сілы недастатковыя, Андрэй Неміровіч усё ж не заплакаў над сваім горкім лёсам і пачаў дзейнічаць з тым, што было. Абсадзіўшы Старадуб, ён спаліў горад вакол умацаванняў і, разумеючы, што замка не ўзяць, рэзка рушыў на Радагошч, які ўзяў паспяхова – і горад, і замак. Пацярпеўшы пасля гэтага няўдачу ў атацы на Чарнігаў, ён вярнуўся ў Магілёў – пачыналася зіма.
Другое войска пад камандай Кашэрскага і Вішнявецкага падышло да Смаленска 13 верасня. Маскоўскі военачальнік Мікіта Абаленскі выбудаваў абарону настолькі добра, што цяжка было ўзяць не толькі замак, але і горад. Армія, не дабіўшыся поспехаў, сышла на Магілёў, пасля чаго была распушчаная – доўга трымаць апалчэнне “пад ружжом” было немагчыма.
Зразумеўшы, што справіцца сваімі сіламі будзе цяжка, паны-рада нарэшце паспрабавалі атрымаць дапамогу ў Польшчы. У лістападзе 1534 года яны звярнуліся да Петракоўскага сойма і польскага сената. У той час вайна крыху згуртавала раз’яднаныя баярская эліты Маскоўскага княства, і яны забыліся на варожасць. Хутка сабраўшы войскі, ВКМ пачало актыўныя баявыя дзеянні супраць ВКЛ тады ж, у лістападзе. Галоўныя сілы перайшлі мяжу і рушылі на Менск праз Оршу і Дуброўна. З боку Ноўгарада ішлі паўночныя кантынгенты праз віцебскія і полацкія землі. У студзені 1535 года групоўкі злучыліся і падышлі ўжо да Вільні, але атакоўваць яе не сталі. Тады ж, на поўдні, межы перайшла паўднёвая армія Масквы. Ударыўшы з боку Старадуба, яна разбурыла наваколлі Рагачова, Бабруйска, Слуцка і дайшла да Наваградка, пасля чаго вярнулася ў Чарнігаў.
Такім чынам, наступ ВКЛ перайшоў праз паўгода пасля пачатку вайны ў абарону, ды яшчэ і не надта ўдалую. Рыцарскае войска Княства лепш змагалася летам, чым узімку, чым на ўсю моц карысталіся маскоўскія ваяводы: іх арганізаваная на ўсходні манер армія перасоўвалася і змагалася ў халодную пару года больш паспяхова.
У радзе паноў пачуліся галасы, што, раз ужо з пачаткам не задалося, то ці не час прасіць міру. Зразумела, што мір у гэтых умовах атрымаўся б даволі ганебным. Таму перамагло меркаванне, што дрэнны пачатак не азначае дрэннага канца і мажліва працягнуць.
Тым больш што ўражаная поспехам Масквы Польшча гэтым разам вырашыла дапамагчы, не адкладаючы справы на доўгі час. Былі нанятыя 1500 вершнікаў і пяхотнікаў, якіх адправілі ў ВКЛ пад камандай гетмана Анджэя Гуркі. Падскарбій Княства Іван Солтан наняў на польскіх землях яшчэ людзей, і агульная сіла войскаў дасягнула 5000 чалавек. Праўда, ротмістры Кароны спрабавалі на гэтым зарабіць, гуляючы на розніцы курсаў польскага і літоўскага гроша – але Жыгімонт Стары хутка спыніў “гульню на біржы”, набраўшы іншых наймальнікаў. У канцы красавіка 1535 года найміты адправіліся ў Княства.
Літоўскія дыпламаты працягвалі паказваць высокі клас: амбасадар у Крыме Анікей Гарнастай умудрыўся змяніць вектар з Сахіб-Гірэя на яго ворага Іслам-Гірэя, і ўвесну 1535 года яго войскі (пры тым, што раней ён схіляўся хутчэй да сяброўства з Масквой) уварваліся на разанскую зямлю, усе планы кіраўніцтва ВКМ на будучую кампанію былі сарваныя. Паўднёвая армія, сканцэнтраваная вакол Чарнігава, была хутка перакінутая на паўднёвы ўсход, і сілы Маскоўскай дзяржавы, сабраныя супраць ВКЛ, зменшыліся на траціну.
Засталіся дзве арміі – “смаленская” і “пскоўская”. У залежнасці ад сітуацыі на фронце яны планавалі альбо, як год таму, прабівацца ўглыб Княства, ісці на Полацк, Віцебск і Мсціслаў, альбо прыкрываць Смаленск.
Камандаванне ВКЛ разгадала планы суперніка і таксама падзяліла сілы – на тры часткі. Галоўная армія пад кіраўніцтвам Георгія Радзівіла, разам з наймітамі, якіх набралі ў Польшчы, адпраўлялася на поўдзень, зноў на Гомель і Старадуб. Другая армія Іаана Радзівіла, слуцкага князя Георгія і полацкага ваяводы Івана Глебавіча прыкрывала Полацк, трэцяя стаяла у Менску ў рэзерве.
Георгій Радзівіл, ведаючы, што паўднёвая армія ВКМ ужо перакінутая супраць татараў, ударыў у ліпені 1535 года. Наступленне было выдатна падрыхтаванае, з войскам ішла артылерыя і горныя інжынеры. Гомель трапіў у аблогу 14 ліпеня і паў праз дзень, 16 ліпеня. У канцы ліпеня падышлі і да Старадуба, на які год таму і замахнуцца не смелі. Быў падведзены падкоп пад сцены, закладзены і ўзарваны парахавы зарад, і 29 жніўня крэпасць пала, было захоплена больш за тысячу палонных. Упалі Почап і Радагошч. З усімі ўмацаваннямі, якія так і не змаглі адолець год таму, разабраліся за адно лета – армія заняла землі да Бранска.
У паўночнай арміі было нашмат больш сумна. Частка маскоўскіх атрадаў скавала асноўныя сілы, якая прыкрывалі Полацк – другая аператыўна пачала будаваць крэпасць ля Себежскага возера на тэрыторыі ВКЛ. Да 20 ліпеня ўмацаванне было скончанае, асвечанае і названае Івангорадам. Адначасова ўдар цэнтральнай арміі ВКМ на Мсціслаў стварыў пагрозу і паўночным, і паўднёвым арміям Княства.
Выпраўляючы становішча, Жыгімонт Стары загадаў узмацніць рэзервовы кантынгент, які стаяў у Менску, з дапамогай усеагульнага склікання апалчэння. На словах рада паноў не пярэчыла, тэрмін прызыву быў абвешчаны на 25 жніўня. Але ў адсутнасць цэнтральнага кіраўніцтва на месцах збор рушання зацягнуўся: то не хапала грошай, то адказнасць перакладалася з аднаго ведамства на іншае. У выніку дзеянні цэнтральнай арміі ўскладнілі толькі гарнізоны пагранічных замкаў – Радамлі і Мсціслава. Дайшоўшы да Крычава, Оршы і Дуброўна, войскі ВКМ павярнулі назад.
У цэлым, дзякуючы заняццю ўсіх асноўных паўднёвых умацаванняў Масквы, баявыя дзеянні складаліся на карысць ВКЛ. Але… зноў бракавала грошай. Польскія найміты, якім не было заплачана, папрасіліся дадому яшчэ ў канцы жніўня, а праз паўтара месяца пакінулі войска. Давялося адступаць і астатнім – войска пакінула велізарную тэрыторыю і было распушчанае, увесь плён кампаніі быў страчаны. Увага Польшчы пераключылася на поўдзень, дзе рубяжы разбураў малдаўскі гаспадар Пётр, якога ўдалося ўгаварыць дыпламатам Масквы.
У 1536 годзе ўсё давялося пачынаць спачатку: крэпасць Старадуб была адбудаваная ўжо ў красавіку, а на поўначы рускія актыўна ціснулі, абапіраючыся на зноў створаную азярышчанскую крэпасць. ВКЛ страціла там цэлы шэраг валасцей.
З іншага боку, набегі татараў, якія яшчэ доўжыліся, моцна спусташалі рэсурсы Масквы, якая, як і ВКЛ, пачынала стамляцца ад вайны – наспявалі мірныя перамовы. Адначасова ў 1536 годзе сойм у Вільні абмеркаваў прапанову Жыгімонта Старога перадаць польнаму гетману хаця б палову прызыўнікоў, каб мець армію на ўсялякі выпадак. Заклік прызначылі на 29 чэрвеня, і Андрэй Неміровіч атрымаў каля 3000 воінаў, з якімі разбілі некалькі рускіх атрадаў.
Пачаліся мірныя перамовы, якія тармазіла тое, што бакі не маглі дамовіцца, дзе іх праводзіць: ВКЛ настойвала на Вільні ці мяжы паміж дзяржавамі, ВКМ патрабавала Маскву. Сам кароль і вялікі князь Жыгімонт быў, у прынцыпе, не супраць Масквы, і ў выніку ў студзені 1537 гаду туды і паехала дэлегацыя – полацкі ваявода Іван Глебавіч, віцебскі ваявода Мацей Яновіч і сакратар вялікага князя Вацлаў Майшагальскі. Абодвум бакам было чым крыць: у руках ВКЛ быў узяты Гомель, у руках ВКМ – пабудаваныя на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага крэпасці. Што характэрна, абмен так і не адбыўся: Гомельская воласць “ад’ехала” ў ВКЛ, крэпасці Себеж і Завалочча засталіся за Масквой.
Старадубская вайна стала апошняй вайной, якую Вялікае Княства Літоўскае вяло з Масквой як самастойная дзяржава. Наступную, Лівонскую вайну, скончыла ўжо адзіная Рэч Паспалітая.Дзяніс Буркоўскі, budzma.org
Архіўны артыкул. Упершыню апублікаваны 19.02.2018 г.