У Віцебску ўжо чацвёрты дзень ідзе праца над самым вялікім творам стрыт-арту ад маладога мастака Максіма Самасевіча. Яго малюнкі ўжо з’яўляліся на сценах Магілёва ў рамках рэалізацыі прапановы Ігара Нікіціна падчас “Кірмашу праектаў” кампаніі “Будзьма беларусамі”. Цяпер малады мастак, атрымаўшы дазвол мясцовых уладаў і гарадскога архітэктара, пераносіць касмічныя краявіды на сцяну 3-павярховага дома на рагу вуліц Савецкая і Камуністычная.
У сваім малюнку Максім адлюструе вандроўку праз касмічныя прасторы народнага мудраца, які пераносіць за сабой найлепшае ў наваколлі.
“Працэс стварэння такой вялікай работы вельмі цікавы, але і цяжкі, – прызнаецца мастак. – Вось калі б быў гідрапад’ёмнік, закончыў бы за 3 дні”. Але і гэтая праблема паступова вырашаецца, проста дагэтуль не могуць знайсці аператара для пад’ёмніка. Пры гэтым мастак адзначае, што ён адзін наўрад ці здолеў бы рэалізаваць такі праект, і дзякуе ўсім, хто дапамагаў у гэтым: грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», камандзе часопіса Signal, рэкламнаму агенцтву «Эдхаўз», супольнасці Vitebsk4Me і «многім іншым добрым людзям».
Гараджане да стварэння малюнка паставіліся вельмі прыхільна: некалькі чалавек, што праходзілі побач, выказвалі сваё захапленне і актыўна фатаграфавалі і мастака, і яго работу. Некаторыя мінакі, што працуюць побач, казалі, што нецярпліва чакаюць заканчэння праекта, каб поўнасцю ацаніць прыгажосць малюнка.
Уладзімір Булаўскі