Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
Рэкрутчына, цялесныя пакаранні, гвалт, Сібір і бяспраўе… Ці палепшылася становішча сялян пасля далучэння да Расіі? Альбо наадварот – пагоршылася?.. Ці былі сярод памешчыкаў маньякі ды вычварэнцы? Чым адказвалі сяляне? Як увесь гэты змрок адбіўся на нашай ментальнасці?
Праўда і міфы пра прыгон – у нашым відэа.
Пачатак – у папярэднім відэа.
«Смутная навіна [пра набор рэкрутаў] маланкава аблятала вёскі, паўсюдна запаноўваў страх. Маладыя дрыжалі над сваім лёсам, старыя — над маладымі. Кожны маладзён рыхтаваў нож ці сякеру як ратунак ад войска», — піша Адам Буцькевіч.
Навіна змяшчалася вось у такую капэрту, як гэтая.
А навошта нож і сякера? Каб скалечыцца і хоць так не пайсці ў рэкруты. 25 гадкоў — гэта ж лічы катарга да канца жыцця: калі раней не заб’юць.
У папярэднім выпуску мы размаўлялі пра тое, адкуль узяліся прыгон і паншчына, пра сялян і шляхту ў часы Рэчы Паспалітай. А сёння пагаворым про змрочнае ХІХ ст., час Расійскай імперыі, калі селянін стаў рэччу — рухомай маёмасцю, якую можна прадаць, падарыць ці прайграць у карты.
Пераломны момант у Еўропе
Мяжа XVIII і XIX стст. у Еўропе для сялянаў — пераломны момант. Там прыгон або абмяжоўваюць, або зусім касуюць, як у Францыі. У кожным разе сяляне атрымліваюць палёгку, права (а часам і абавязак) вучыцца, могуць пераязджаць у гарады, асвойваць прафесіі. Што казаць — перасяляцца ў Новы Свет!
Паўсюдна, куды прыходзіць армія Напалеона, прыгон адмяняюць.
У нас, праўда, імператарская армія прабыла зусім нядоўга…
Сітуацыя ў Расійскай імперыі
А што Расія?.. Вось, Кацярына ІІ — прыхільніца прагрэсу, перапісвалася з Вальтэрам, але акурат пры ёй — росквіт прыгонніцтва.
Ці вось, гучыць як насмешка: Мікаля І забараніў падданым імперыі набываць чарнаскурых рабоў, як на праклятым Захадзе. І гэта ў той час, калі расійскія памешчыкі мянялі сялянаў — у тым ліку нашых — на паляўнічых сабак!
Менавіта пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, за расійскім панаваннем, ужо не толькі зямля, але сам чалавек — прыгонны — стаў аб’ектам права ўласнасці. І гэта, канешне, быў змрок…
«Кожнае спатканне з панам вымагала паклону, схіляючы галаву амаль да зямлі. Нельга было вясковаму падданаму ані перасяліцца ў іншае месца, ані ажаніцца без дазволу памешчыка. Пан быў суддзёй усіх справаў на вёсцы. Цялесныя пакаранні вызначаў пан або яго ўраднік, або аканом, бо мелі гэткае права. Вясковец-падданы быў рэччу — уласнасцю да ўжытку пана», — узгадвае Адам Буцькевіч.
Як адбывалася дача сялянаў у рэкруты
Калі памешчык лічыў селяніна шкоднікам ці лайдаком, то мог выслаць яго ў Сібір. Самога ці разам з сям’ёй перадаваў паліцэйскім уладам ды — у Сібір. Адно, што сам аплочваў ім дарогу.
Але найбольш распаўсюджанай была здача ў рэкруты. Дзяржава патрабавала рэкрутаў рэгулярна, але хто паедзе — вырашаў памешчык. Мог і наперад паболей здаць, у лік будучых набораў.
Адслужыўшы 25 гадоў у салдатах, селянін ставаў вольным. Але ты ж паспрабуй адслужы, выжыві.
Дадому вяртаўся прыкладна кожны 10-ты… І тое, старым і хворым чалавекам.
Было такое: дужага селяніна круцілі ўночы, закоўвалі ў калодкі ды везлі ў рэкруты.
Сцераглі самі сяляне — аднавяскоўцы. Бо калі ўцячэ, а часта ўцякалі, сыны гэтых сялянаў самі пойдуць у салдаты… Самае прыкрае, што мясцовыя землеўласнікі, нашчадкі старой шляхты, прынялі гэтыя расійскія правілы гульні. Ставалі вінцікамі імперскай машыны на месцах.
Канешне, былі тыя, хто хаваў сялянаў ці прымаў беглых з земляў суседа, але агулам — выконвалі. Бо інакш ужо ты сам трапіш пад удар.
Гвалт і прыгон як ідэалогія Расійскай імперыі
«Право наказывать крепостных людей палками неразрывно сопряжено с политическим и частным домостроительством Русского государства, это право передано нам от предков наших», — гэтак пісаў расійскі граф Матвей Мамонаў.
Гвалт і прыгон былі на Расіі нават не сродкам атрымання грошай, але — ідэалогіяй… А што, зараз не так?
Паводле расійскага Зводу законаў 1832 года, была норма — уласнік сялянаў мог для парадку «употреблять домашние средства исправления и наказания — по его усмотрению».
Усё, апроч смяротнага пакарання. Бізуны, палкі, дубцы, калоды — звыклая рэч. З часам забаранілі «ашыйнікі» — О-о-о, лібералізацыя!
За што білі? Спазніўся на паншчыну, дрэнна пахаў, не так баранаваў, малыя снапы дзеўка вязала…
Войт казаў дазорцу: «Дай гэтаму лайдаку дваццатку!» — дваццаць прутоў. Даходзіла часам і да 200 лозаў — «до потери дыхания».
Было і такое: прыязджаюць да памешчыка госці. Таго няма. Пытаюць упраўляючага:
— Дзе твой барын?
— Сячэ мужыка перад абедам. Няма апетыту. А так, глядзіш, з’явіцца…
Часам пабоі сканчаліся смерцю. Так, у 1849 годзе ў маёнтку Падол прыказчык прывязаў селяніна за рукі да конскага хваста, прымушаў бегчы ды біў плеццю. Калі экзекуцыя скончылася, селянін вярнуўся дадому, у яго распухла нага і пачаўся «антонаў агонь» — гангрэна. Цягам тыдня той памёр.
«Открытых насилий, гаремов в панских палатах […] в Беларуси не встречалось»
Што ў ХІХ ст., што зараз, уседазволенасць развязвае рукі ды — фантазію.
Чалавек такая істота…
Этнограф Адам Кіркор пісаў, што былі вычварэнцы, якія секлі дзяўчат і так — узбуджаліся. Спадабалася дзеўка, але адмовіла — будуць секчы. Спачатку не балюча, але штораз больш жорстка — пакуль не паддасца…
Сустракаліся і маньякі. Так, да суда дайшла справа Івана Ваўкавыцкага з Кобрынскага павета: у ягоным манётку жылі чатыры дзеўкі, якіх той метадычна збіваў ды прымушаў да сэксу: Аксіння, Марыя, Хвілона ды яшчэ адна Марыя…
Тыя наважыліся перадаць скаргу, і ў маёнтак прыехалі следчыя.
Ваўкавыцкім заняўся суд: аказалася, што ў іншым сваім маёнтку ён таксама праславіўся. Калі тамтэйшыя дзеўкі цяжарылі, то сілай выдаваў іх замуж. Памешчыка асудзілі і па выніку той памёр у турме, меў 60 гадоў.
Але, што цікава — этнограф Багдановіч піша:
«Открытых насилий, гаремов в панских палатах, как об этом повествуется в беллетристике, и в великорусских воспоминаниях, в Беларуси не встречалось. Хоть в моих исследованиях я интересовался этим вопросом в разных местах. Водили девиц «у наночкі» к паничам, соблазняли паничи «покоевок», бывали постоянные «аманткі» у холостых или вдовых панов, но этот сорт выбирался из шляхтянок: крепостные для этой роли не годились».
Сведчанняў пра «права першай ночы» ў Беларусі, дарэчы, таксама не зафіксавана: ані ў Сярэднявеччы, ані ў пазнейшыя часы.
А вось вам і хорар
2 жніўня 1851 года кобрынскі гараднічы з урачом ды павятовым страпчым пайшлі ў гарадскі дом памешчыцы Кобрынскага павета Магдалены Імянінскай.
Што ж яны там знайшлі?
15-гадовую дзеўку Мар’яну Курцэвіч, закаваную ў кандалы са слядамі пабояў. Закоўваць у кандалы тады ўжо было нельга, таму — следства. І гэта быў толькі пачатак.
Аказалася, што пані Магдалена рэгулярна катавала сваіх прыгонных. Сялянцы Парасцы Паўлючук загадала замазаць смалою палавыя органы. Дворнай дзяўчыне Кацярыне Волах — выбіла вока. Сялянка Масейчукова збегла невядома куды пад страхам пакарання за «блуднае жыццё». Сялянку Мар’яну Курцэвіч, з якой гісторыя пачалася, білі пугай і трымалі ў кандалах — больш за год!
Памешчыца відавочна мела псіхічныя праблемы на пару з садысцкімі схільнасцямі, бо матывацыяй было — правучыць дзевак за блуд.
Яе па выніку пазбавілі права мець прыгонных ды адправілі ў турму. Праўда — усяго на 3 гады.
Звярніце ўвагу на тэрмін. За палітыку і паўстанцкія справы давалі куды болей: смерць, Сібір, канфіскацыя маёнтка… А тут — дробязь!
Чым адказвалі сяляне
Сяляне адказвалі падпаламі, адмовай ісці на паншчыну, уцёкамі ці скаргамі. Калі веры мясцоваму чыноўніку не было (бо з панам яны разам граюць у прэферанс), то адпраўлялі, напрыклад, у Вільню хадакоў — такіх хобітаў — якія неслі скаргу ўжо губернcкаму начальству.
Часам распавядалі свае крыўды ксяндзу або папу, каб тыя як пасярэднікі з панам дапамаглі. Але была рызыка: святар мог з дакладнасцю паказаць памешчыку дамы і назваць прозвішчы усіх незадаволеных. Тады — чакай набору ў рэкруты…
Ці варта ідэалізаваць сялянаў? Напэўна, не. Але ўсё мае свае прычыны. Брытанскі падарожнік Фортэск’ю Андэрсан, які пабываў на Гарадзеншчыне ў 1863 годзе, пісаў: «Цемрашальства сялян вынікае з іх неадукаванасці ды ўзмацняецца лёгкай даступнасцю спіртных напояў».
Адукацыя, у адрозненне ад Прусіі, тут не была абавязковай, а ў рускія школы сяляне аддаваць дзетак чамусці не хацелі. Цвярозых вяскоўцаў Андэрсан наогул бачыў не так часта…
А вось вам іншы бок медаля. У часы Паўстання 1863 года расійскія ўлады найперш выкарыстоўвалі сялянаў, каб тыя здавалі паўстанцаў за грошы. Быў цэннік. Адна сума за ўзброенага паўстанца, іншая за таго, хто ціха вярнуўся з лесу, яшчэ адна — за інфармацыю пра лясны лагер… А калі не ведаеш — прыдумай!
«Ілжывыя сведчанні [сялянаў] множыліся як тая халера на гэтай няшчаснай зямлі, асуджаючы на беднасць, высылку ці смерць гаспадароў, большасць якіх, я цвёрда ўпэўнены, шчыра жадала памагчы гэтым людзям», — піша Андэрсан.
Выпадкі добрага стаўлення шляхцічаў да сялянаў
Вядома, бывала па-рознаму, і нельга маляваць землеўласніка толькі чорнай фарбай, як гэта рабілі савецкія гісторыкі. Часта было, калі мясцовы шляхціч ведаў сваіх прыгонных па імёнах. Калі быў хросным бацькам для сялянскіх дзяцей, прысутнічаў на сялянскіх шлюбах, нягледзячы на розніцу ў канфесіі: ён каталік, яны — праваслаўныя.
Норма, калі сяляне-калядоўшчыкі завітвалі на шляхецкі двор з калядкамі. А сялянскіх дзетак запрашалі на ёлку ў палац, як тое было прынята ў Нясвіжы. Памешчык са Слонімшчыны, Франц Фольбэк, падчас эпідэміі халеры — сам наведваў хворых ды купляў за свае грошы лекі. Неўраджайны год? Купляў у сялян збожжа па завышаных коштах. Пазычаў грошы, валоў.
Сяляне ж таксама былі розныя — былі крадуны, забойцы, прапойцы, якія пускалі дымам і сваю гаспадарку, і давераную ім панскую жывёлу… Усе — людзі.
Чорныя старонкі нашай гісторыі
Лішне казаць, што прыгон быў чорнай старонкай нашай гісторыі — як і паўсюдна без выключэння ў Еўропе.
Бяда ў тым, што ў нас гэта ўсё зацягнулася да другой паловы ХІХ ст.
А далей Саветы — калгасы — і вяртанне той самай паншчыны: ужо з «чырвоным» барынам. Калі селянін не мае зямлі, працуе за «палачкі», не можа пераехаць нават у горад, а старшыня калгасу можа грамату даць — а можа артыкул «здрадніка народа» ў плечы — ды зноў Сібір…
Усё гэта страшэнным чынам адбілася на ментальнасці нашага народа.
Гэта ключык да шматлікіх праблемаў, якія мы маем па сённяшні дзень.
Уявіце, што 200 год таму прыгон быў бы скасаваны і ўжо не вяртаўся б — ці жылі б мы зараз у такой краіне, у такім грамадстве?..
Папярэднія выпускі гістрачынага серыяла «Сармат» глядзіце па спасылцы