Беларускі пісьменнік — пра тое, як сумуе па хаце і чаму беларусаў нельга папракаць у тым, што яны не выходзяць на пратэсты.
Саша Філіпенка. Фота Яўгена Ерчака
— Ёсць людзі, якія зусім не жадаюць чуць і бачыць ніякай праўды. Але значна складаней з тымі, хто прымае тое, што былі рэпрэсіі, расстрэлы, і лічыць гэта нормай, — разважае Саша Філіпенка на Radio NVC. Тэкст паводле відэа запісала «Салідарнасць».
— Людзі лічаць, калі б 20 мільёнаў чалавек не прайшлі праз ГУЛАГ, то быццам бы не здарылася электрыфікацыі, адукацыі, чагосьці яшчэ, неабходнага для таго, каб павярнуць рэкі.
З такімі ўмоўнымі падонкамі, якія гатовы апраўдаць любую смерць дзеля нейкай нікому не патрэбнай ідэі, якая потым выдыхаецца, вельмі складана размаўляць.
Савецкая ўлада акумулявала вакол сябе садыстаў. Як зараз мы бачым, у Беларусі ўлада таксама акумулюе вакол сябе садыстаў, і яны наўпрост адчуваюць, што гэта іх момант, калі яны могуць сябе праявіць.
Яны разумеюць, што ні ў якой нармальнай краіне не змаглі б сябе праяўляць. А тут ты можаш прыйсці ў органы, і табе дазволяць катаваць людзей, здзекавацца з людзей. У Беларусі ўжо дазваляюць расстрэльваць людзей.
У Расіі гэта пытанне часу. Можна цалкам сабе ўявіць, што там будзе зняты мараторый на смяротны прысуд і ён будзе прымяняцца.
Праз сутнасць розных людзей пісьменнік спрабуе растлумачыць працэсы, якія адбываюцца ў сучасным грамадстве.
— У Беларусі жывуць вельмі розныя людзі. Ёсць вялікая колькасць тых, хто, калі выкарыстоўваць метафару «людзі на балоце», хочуць у гэтым балоце заставацца і не выходзіць з яго.
Гэта і вялізная сетка сілавікоў. Там вялікая колькасць тых, хто працуе ў сілавых структурах ці неяк з імі звязаны. Яны таксама хочуць быць у гэтым «балоце».
Але, зусім дакладна, усіх нельга абагульняць. Грамадства мяняецца, і мы бачым на прыкладзе беларусаў, што грамадства можа змяніцца ў даволі кароткі тэрмін.
Яшчэ ў 2010 годзе я выходзіў на вуліцы ў Мінску са сваімі сябрамі, і нас тады было 50 тысяч. Астатнія беларусы жылі сваім жыццём, іх галоўнай марай было ўставіць шклопакеты, абшыць сайдынгам балкон і купіць амерыканскую патрыманую тачку.
Але мы ўбачылі, што за 10 год грамадства прынцыпова змянілася. І ў 2020 годзе ўся Беларусь маналітна была на вуліцы, уся выйшла на пратэсты.
Таму я супраць абагульненняў. Вось з’явілася акно магчымасцяў — беларусы выйшлі.
Але гэта не адмяняе таго, што ў нас застаецца вялізная колькасць людзей, якія па-ранейшаму хочуць быць садыстамі, сілавікамі і ўтрымліваць гэтую ўладу.
Маёй бабулі зараз 86 гадоў. Яна ўсё жыццё пражыла ў Беларусі. Вельмі шмат зрабіла для краіны, працавала перакладчыцай у Акадэміі навук. Была, напрыклад, перакладчыцай Армстранга, калі ён прылятаў у Савецкі саюз.
Калі я выходзіў на маршы пратэсту, яна вельмі прасіла мяне не рабіць гэтага. Гэта чалавек, які ўсё жыццё пражыў у гэтай краіне і зрабіў для яе ўсё, што мог. Бо гэта нейкі сапраўды жывёльны страх, які перадаецца з пакалення ў пакаленне. І, мне здаецца, наша задача — разарваць гэты страх.
Магу меркаваць пра сябе і параўноўваць пратэсты. Я зусім не разумею, чаму не выходзілі ў Расіі, бо, умоўна, расейскія мянты былі значна больш вегетарыянскія ў параўнанні з беларускімі.
Былі моманты, калі я быў на адзіночных пікетах і ў Беларусі, і ў Расіі, і не разумеў, чаму ў Расіі не выходзяць, калі там можна было ўвогуле выходзіць усім. Але яны проста жылі нейкім сваім цудоўным жыццём.
Калі людзі баяцца выходзіць у Беларусі, я разумею чаму. І я сам адчуваў там страх, напрыклад, ведаў, што з 2012 па 2016 год выходзіць было небяспечна.
Мне падаецца, нельга так ставіць пытанне: чаму ва Украіне ўсё выйшлі, у Грузіі ўсё выйшлі, а ў Беларусі і Расіі — не. Гэта як сказаць чалавеку, чаму ты не перамог рак, калі вунь бачыш, іншы чалавек перамог.
Вельмі розныя уступныя заўсёды ў таго, што адбываецца. Я цвёрда перакананы, што расейцы ўпусцілі момант, калі трэба і можна было выходзіць, што яны спалохаліся на апярэджанне. І за гэта зараз трэба адказваць.
І я вельмі добра разумею зараз страх людзей, якія не выходзяць. Я разумею, што трэба рыхтаваць усё пасьлядоўна. Тая ж рэвалюцыя 1917 года ў Расіі, якая прывяла да Савецкага саюза, рыхтавалася з 1860 года.
Таму чакаць, што людзі раптам адразу выйдуць на вуліцу, даволі наіўна, — лічыць пісьменнік.
Ён прызнаецца, што вельмі хоча вярнуцца ў Беларусь, якую лічыць сваим домам.
— Я ўвесь час вяртаюся да пытання вяртання. Напярэдадні ляцеў выступаць у Ісландыю, сядзеў у самалёце і думаў, як было б крута, калі б гэты самалёт зараз прызямліўся ў Мінску.
Не ў сэнсе, як апынуцца ў ролі Пратасевіча, крый божа. Але калі ўявіць сабе нейкую свабодную Беларусь, гэта ж усё роўна дом.
Я не быў дома 4 гады. І ты ўсё роўна думаеш, сумуеш, разумееш, што не па ўласнай волі з’ехаў, хоць і спрабуеш знайсці сабе тлумачэнне.
Канешне, хочаш вярнуцца. Таму што ў якіх бы цудоўных умовах ты не жыў, гэта не твая вада. Напэўна, калі ты ўжо больш за паўжыцця жывеш на новым месцы, гэтае месца становіцца тваім другім домам.
Але пытанне вяртання ў Беларусь зараз — гэта ацэнка страхаў і рызык. Мы бачым, як людзі вяртаюцца, і іх арыштоўваюць у Беларусі. Людзей затрымліваюць проста падчас пахавання, таму яны не могуць прыехаць развітацца з блізкімі.
Мы назіралі тое ж самае, калі развітваліся з Навальным, калі яго сям’я не змагла прыехаць развітацца з ім. У гэтым сэнсе гэта памылка, думаць, што ты вернешся і ўсё будзе інакш.
Тут трэба рацыянальна прымаць рашэнні, хоць гэта і складана, — дзеліцца Філіпенка.