Як саюзнікі агрэсара пазбягаюць адказнасці

25.05.2022 Гісторыя

Як толькі не называюць сённяшнюю вайну рознага кшталту эксперты і аналітыкі — і працягам халоднай, і канчатковым этапам развалу расійскай (савецкай) імперыі, і апошнім момантам расплаты за злачынную палітыку Старой Еўропы ў дачыненні да краінаў Усходняй Еўропы.


Нягледзячы на адрознасць падыходаў да ацэнак, меркаванняў, відавочна, што па выніках гэтых крывавых падзеяў наш рэгіён, а верагодна і ўвесь свет, чакае трансфармацыя сістэмы бяспекі. Магчыма, паўстанне новых стратэгічных саюзаў, якое, напэўна, абмяркоўваецца ўжо зараз.

Гісторыя даводзіць, што такія істотныя пасляваенныя змены ў міжнароднай палітыцы адбываюцца абавязкова пасля пакарання агрэсараў, суагрэсараў, саюзнікаў. Фарматы і канфігурацыі адказнасці яшчэ з часоў Напалеонаўскіх войнаў былі вельмі розныя. Нават пасля Другой сусветнай у краінаў, у тым ліку з ідэалогіямі кіруючых рэжымаў, падобнымі да нямецкай і італьянскай, лёсы склаліся па-рознаму.

Напрыклад, рэжымы ў Іспаніі і Партугаліі не толькі не былі засуджаныя, але пратрымаліся амаль да 1980-х. Так, ступень удзелу ў вайне гэтых краінаў была нязначная ў параўнанні з Фінляндыяй, Аўстрыяй, Венгрыяй альбо Румыніяй.

Гэтыя рэжымы захавалі дэ-юрэ нейтралітэт у 1939–1945 гг., але ў асноўным толькі з-за геаграфічнага становішча і знешнепалітычных абставінаў. Бо наўпростая падтрымка Гітлера магла прывесці да неабходнасці ваяваць з заходнімі саюзнікамі на Іберыйскай паўвыспе. Таму Мадрыд і Лісабон да апошняга адкідалі прапановы Германіі далучыцца нават фармальна да вайны.

Чытайце па тэме: Аб пасляванных лёсах Фінляндыі і Аўстрыі: Суагрэсія ў вайне гэта дэградацыя на дзесяцігоддзі

Каб разумець, у якім стане Партугалія і Іспанія падышлі да пасляваенных падзеяў, варта ўзгадаць аб паўстанні рэжымаў на Іберыйскай паўвыспе і іхніх дзеях падчас Другой сусветнай вайны.

Крывавы шлях да ўлады

У адрозненне ад Іспаніі, у Партугаліі вайсковы пераварот, у выніку якога да ўлады прыйшоў будучы дыктатар Салазар, не выклікаў паўнавартаснай грамадзянскай вайны. Хаця пераслед іншадумцаў у Партугаліі трываў ад прыходу да ўлады апошняй з шэрагу вайсковых хунтаў у 1927 годзе. Салазар не быў вайскоўцам, але атрымаў прапанову далучыцца да кабінета міністраў. І за некалькі год здолеў стаць прэм’ерам і вельмі папулярным палітыкам дзякуючы рыторыцы, вельмі падобнай да італьянскага фашызму — сацыяльны карпаратывізм, эканамічнае планаванне і антыкамунізм.

Усе палітычныя партыі, акрамя кіруючай, у Партугаліі былі забароненыя, а ў дачыненні да брытанскіх інвестараў Лісабон праводзіў палітыку паступовага выціскання з краіны. У эканамічнай сферы дыктатар, які быў прафесійным эканамістам, рабіў стаўку на далейшую эксплуатацыю калоній і планаванне ў прамысловасці і нават спажыванні.

000.jpg

У генерала Франка, які пасля вайсковага перавароту ў Іспаніі ў 1936 г. і крывавай трохгадовай грамадзянскай вайны атрымаў паўнавартасную ўладу, такога ідэалагічнага падмурку, як у Салазара, не было.

Франка заняў месца загінулага кіраўніка паўстання супраць атрымалых чарговы раз за 10 год уладу левых сілаў.

Можна сказаць, што агульным элементам палітычнай праграмы для путчыстаў і падтрымалых іх сілаў быў антыкамунізм. Цягам праўлення Франка эканамічная, палітычная і сацыяльная палітыка хісталіся ў розныя бакі палітычнага спектру. Адно заставалася нязменным — забарона любых апазіцыйных рухаў і незалежных прафсаюзаў.

Нягледзячы на падтрымку ў 1936 г. хунты 80% вайскоўцаў, каб перамагчы сілы левых рэспубліканцаў, захапіць уладу і ўсталяваць кантроль над краінай, Франка быў вымушаны звярнуцца па дапамогу да Германіі, Італіі і Партугаліі. Менавіта гэты чын і абумовіў далейшую траекторыю знешняй палітыкі Іспаніі на бліжэйшае дзесяцігоддзе.

Саюзнікі дапамагалі Франка зброяй, рэсурсамі; з усяго свету ў краіну ехалі добраахвотнікі змагацца з камуністычнай пагрозай у Еўропе.

Вядома, што гэта дапамога не была дабрачыннай.

Франка быў вымушаны разлічвацца з Гітлерам не толькі рэсурсамі, але і перадачай радовішчаў з карыснымі выкапнямі, якія былі так патрэбныя Берліну напярэдадні пачатку і падчас вайны.

Нейтральнасць на мяжы вайны

Разам з пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 г. Вялікабрытанія абвясціла аб абсалютным кантролі за транспарціроўкай рэсурсаў і тавараў для нейтральных дзяржаваў.

У той жа час Іспанія і Партугалія абвясцілі пра свой нейтралітэт.

Брытанцы намагаліся любымі спосабамі абмежаваць пастаўкі рэсурсаў для германскай вайсковай прамысловасці праз гэтыя краіны. Таму і абмяжоўвалі магчымасці бескантрольнага таваразвароту дзякуючы флоту і кантролю ў Гібралтары — браме з Атлантычнага акіяна ў Міжземнае мора.

Амаль адразу пасля акупацыі гітлераўцамі Францыі ўлетку 1940 г. Іспанія ўвяла войскі ў Танжэр — порт у Марока (афрыканскі адпаведнік Гібралтара). Вялікая частка арміі была размешчана на мяжы з Францыяй. Па афіцыйнай версіі, дзеля пазбягання правакацыяў і спробаў нямецкіх войскаў увайсці ў Іспанію.

001.jpg

Як адзначаюць даследчыкі з мадрыдскага ўніверсітэта і ўніверсітэта штата Нью-Джэрсі ў сумеснай публікацыі, палітыкі ў Мадрыдзе ў чэрвені 1940 г. рэальна разважалі над магчымасцю далучыць французскія часткі Каталоніі і Краіны Баскаў да Іспаніі, а таксама імкнуліся дамовіцца з Берлінам аб магчымасці атрымаць частку Марока ў абмен на афіцыйнае далучэнне да вайны.

Але Брытанія разам з ЗША, з мэтай пазбегнуць магчымай акупацыі Гібралтара немцамі з іспанскай тэрыторыі, вырашылі выканаць пагрозу і абвясцілі нафтавае эмбарга. У выніку: «Іспанія была вымушана пайсці на перамовы з брытанцамі, і пагадненне было дасягнута адносна хутка, 7 верасня 1940 года. Нафтавае эмбарга было скасаванае з умовай захавання Мадрыдам нейтралітэта».

Але цягам усёй вайны Франка ўвесь час схіляўся ўбок ад нейтралітэта, бо Гітлер меў права патрабаваць выплат за дапамогу падчас грамадзянскай вайны.

І калі пастаўкі рэсурсаў і кампанентаў для зброі ў Германію з Іспаніі былі вымушаныя, Партугалія за кошт вайны імкнулася зарабіць.

Крытычным матэрыялам для нямецкай прамысловасці быў вальфрам, які выкарыстоўваўся для вытворчасці сталі. Пастаўкі гэтага рэдказямельнага металу з Кітая альбо Паўднёвай Амерыкі ў Германію былі немагчымыя з-за брытанска-амерыканскай марской блакады. Таму адзінымі магчымымі пастаўшчыкамі былі Іспанія і Партугалія. Тым больш, што частка руднікоў у гэтых краінах альбо знаходзілася ў нямецкай уласнасці, альбо эксплуатавалася нямецкімі кампаніямі (у Іспаніі ў якасці сплаты запазычанасцей).

Брытанцы шукалі любыя магчымасці, каб скараціць патэнцыял абаронных нямецкіх прадпрыемстваў. Таму ўвесь час ціснулі на партугальцаў у пытаннях паставак вальфраму немцам. Лісабону пагражалі ў тым ліку эмбарга і марской блакадай, прыгадваючы ўдзел партугальскіх добраахвотнікаў на баку немцаў у баявых дзеях на ўсходнім фронце. Хаця іх колькасць і налічвала толькі 200 чалавек, якія ваявалі ў аддзелах іспанскай «блакітнай дывізіі» (больш за 40 000 цягам вайны).

Партугалія дэ-юрэ намагалася дэманстраваць нейтралітэт, нібыта экспартуючы вальфрам і ў Германію, і ў ЗША з Брытаніяй.

Але саюзнікі ведалі, што вялікая колькасць металу трапляе на чорны рынак кантрабандным шляхам праз іспанскую мяжу.

Цалкам магчыма, што ўжо ў 1942 г. заходнія саюзнікі пачалі пралічваць варыянты пасляваннай архітэктуры, супрацьстаяння будучым уплывам СССР у рэгіёне дзякуючы антыкамуністычным рэжымам Партугаліі і Іспаніі. Таму Брытанія і ЗША пазбягалі рэзкіх крокаў у сувязі з відавочнымі парушэннямі нейтралітэту Лісабонам і асабліва Мадрыдам у сувязі з пастаўкамі рэсурсаў Германіі.

Хаця ў дачыненні да Іспаніі два разы ўводзілася эмбарга на пастаўкі нафты, заходнія саюзнікі ўвесь час нібыта пакідалі прастору для магчымых перамоваў з Мадрыдам. У сваёй працы, прысвечанай узаемадачыненням Партугаліі і Іспаніі з Германіяй і заходнімі саюзнікамі, даследчыкі падкрэсліваюць (https://www.econstor.eu/bitstream/10419/94297/1/2000-08.pdf ): «Меры ўздзеяння (эмбарга, пагрозы і ў той жа час перамовы), якія выкарыстоўваліся Брытаніяй і ЗША, падштурхоўвалі рэжымы ў Мадрыдзе і Лісабоне ўсведамляць іх уласныя доўгатэрміновыя інтарэсы ва ўзаемаадносінах з Захадам».

Пазбеглі лёсу Фінляндыі

Нягледзячы на фактычную падтрымку Германіі падчас вайны з боку Партугаліі і Іспаніі, вядомыя выведкам заходніх краінаў выпадкі масавай кантрабанды, стаўленне да рэжымаў на Іберыйскай паўвыспе ў ЗША і Брытаніі моцна адрознівалася ад усходнееўрапейскіх рэжымаў.

Лёсы Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі і Фінляндыі былі вырашаныя яшчэ падчас вайны на некалькіх сустрэчах «чатырох» (СССР, ЗША, Брытаніі і Кітая).

Безумоўна, заходнія саюзнікі не адмовіліся б ад большага ўплыву на ўсходзе Еўропы. Але былі вымушаныя, як у выпадку з Фінляндыяй, пагадзіцца з усталяваннем фактычнага кантролю Масквы над гэтай краінай у якасці расплаты за ўдзел у вайне на баку Гітлера.

Вядома, што Сталін таксама імкнуўся дамагчыся прыцягнення да адказнасці Франка і Іспанію як фактычных памагатых Германіі. Але на гэта заходнія краіны пайсці не маглі.

Франка своечасова здолеў дамовіцца з брытанцамі і пазбегнуць акупацыі, як гэта адбылося з Італіяй. І таму меў пэўныя пазіцыі падчас пасляванных перамоваў з заходнімі краінамі.

У Партугаліі Салазар увогуле паспеў фактычна далучыцца да пераможцаў, падпісаўшы з брытанцамі пагадненне на арэнду базаў на Азорскіх выспах у Атлантычным акіяне. Што дазволіла заходняй кааліцыі дамагчыся істотнай перавагі ў бітве за Атлантыку.

Нягледзячы на пераслед апазіцыі і палітыку, якая відавочна супярэчыла дэмакратычным прынцыпам у іншых краінах-сябрах, Партугалія была адной з заснавальніц НАТО у 1949 годзе.

ЗША і Брытанія ў гэтым выпадку відавочна спакусіліся атрымаць базы на партугальскіх Азорах дзеля супрацьстаяння з СССР, заплюшчыўшы вочы на супрацоўніцтва Салазара з Германіяй і ідэалагічна блізкі да гітлераўскага палітычны лад.

Але абмежаванні ўсё ж існавалі. Напрыклад, Партугалія, як і Іспанія, былі пазбаўленыя магчымасці доступу да вольнага еўрапейскага рынка згодна з новымі пасляваеннымі пагадненням. Да 1955 года не былі ў складзе ААН.

Толькі пасля падпісання пагаднення з ЗША на размяшчэнне некалькіх авіяцыйных і марскіх вайсковых базаў Іспанія пачала інтэгравацца ў сусветныя арганізацыі. Акрамя гэтага, амерыканцы нават аказвалі Франка фінансавую дапамогу. Бо бачылі неабходнасць не дапусціць павелічэння ўплываў прасавецкіх сілаў, як гэта адбылося ў Грэцыі, што скончылася грамадзянскай вайной 1946–1949 гг.

Чытайце яшчэ: Пра падзеі ў Грэцыі пасля грамадзянскай вайны

Фактычным прызнаннем ЗША рэжыма Франка даследчыкі лічаць візіт прэзідэнта Эйзенхаўэра ў Мадрыд у 1959 г.

003.jpg

Прыгадваючы гэтую падзею, іспанскі гісторык Анхел Вінас у сваёй кнізе «У кіпцюрах арла» падкрэслівае ролю амерыканцаў у пасляваеннай гісторыі Іспаніі: «Хоць Гітлер і дапамог Франка ўзняцца, менавіта амерыканцы трымалі яго на п’едэстале».

Толькі праз 26 год, у 1975 г., пасля смерці Франка ў Іспаніі адбыліся першыя пасля 1936 г. вольныя выбары. У Партугаліі ў 1974 годзе. Але на той момант гэта ўжо будуць не магутныя каланіяльныя імперыі, а змучаныя эканамічнымі абмежаваннямі і войнамі ў калоніях краіны. У 1986 г. Мадрыд і Лісабон далучыліся да ЕС. Відавочна, што іх роля ў Еўрасаюзе на першым этапе была ў якасці донараў таннай працоўнай сілы і аб’ектаў для размяшчэння шкодных вытворчасцей, атрымання прыбыткаў ад экспарту тавараў і тэхналогіяў.

Менавіта такой выявілася расплата за фактычны саўдзел у агрэсіі ў Другой сусветнай вайне, расцягнутая на дзесяцігоддзі, калі не на стагоддзі. Рэжымы здолелі выстаяць дзякуючы здольнасцям да геапалітычнага балансу і геаграфічнаму становішчу, у адрозненне ад усходнееўрапейскіх саюзнікаў Германіі.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org