Падчас кожнай чарговай гадавіны падпісання гітлераўскай Германіяй капітуляцыі шматлікія журналісты і эксперты зноў і зноў намагаюцца прааналізаваць і ў некаторай ступені пераасэнсаваць падзеі і наступствы траўня 1945-га. Сёлета развагі з гэтай нагоды як ніколі дагэтуль прыбліжаныя да рэчаіснасці. Аналогіі прымушаюць задумацца — а ці сапраўды еўрапейская цывілізацыя дакладна засвоіла ўрокі той вайны, ці зрабіла ўсё, каб пазбегнуць сённяшніх крывавых падзеяў?
Акт аб капітуляцыі Нямеччыны, Рэймс, Францыя, 7.5.1945 г., noo-journal.ru
Беларусы ў сваю чаргу не маглі ўявіць сабе, наколькі блізкім ёсць пераход ад мірнага жыцця да вайны яшчэ ў 2014-м, калі бомбы і снарады разрываліся ў 700 км ад межаў нашай краіны. Не да канца асэнсавалі перадваенныя падзеі 2020-га ва ўласнай краіне.
А сёння з тэрыторыі Беларусі ў бок поўдня ляцяць ракеты і самалёты, якія нясуць тысячы ахвяраў і разбурэнні. Але ёсць вялікая колькасць тых, хто, напэўна, да гэтага часу не вельмі ўсведамляе, што вайна прыйшла і да нас. І час назад ужо не павярнуць. А да моманту, калі і на беларускай зямлі, магчыма, пачне ліцца кроў, бадай застаецца ўсё менш часу.
Для асэнсавання наступстваў, якія напаткалі народы ў пасляваеннай Еўропе, праводзячы пэўныя паралелі з сённяшняй сітуацыяй у Беларусі, неабходна прыгадаць, якое пакаранне панеслі суагрэсары. Тыя краіны, якія дапамагалі гітлераўцам у вайне — войскамі, узбраеннем, надавалі тэрыторыі.
Асабліва хацелася б прыгадаць менавіта краіны, якія пасля вайны не трапілі пад абсалютны ўплыў СССР — гэта Аўстрыя і Фінляндыя.
Бо Венгрыя, Балгарыя і Румынія, якія таксама ўдзельнічалі ў Другой сусветнай на баку Гітлера, апынуліся пасля 1945 г. у камуністычным лагеры, і наступствы для іх былі несувымерна цяжэйшымі. Хаця фармальна, у эканамічным плане, зыходзячы з сумаў рэпарацыяў, здаваліся менш жорсткімі.
Ахвяры агрэсіі, але з розных бакоў
Можна сказаць, што Аўстрыя трапіла ў лік саюзнікаў Гітлера не па сваёй волі. Хаця падчас аншлюсу — незаконнага далучэння незалежнай Аўстрыі да Германіі ў 1938 г., вялікая частка аўстрыйцаў падтрымлівала «ўз’яднанне» з трэцім рэйхам.
Уступленне нямецкіх войск у Аўстрыю, 11-12 сакавіка 1938 года, noo-journal.ru
Прыхільнікам незалежнасці было цяжка супрацьстаяць немцам. Пасля ўвядзення 200-тысячнага войска на тэрыторыю краіны, прымусу адмовіцца ад сваіх пасадаў кіраўніцтва Аўстрыі, Гітлер правёў рэферэндумы ў абедзвюх краінах. І хаця па выніках плебісцыту па афіцыйных даных амаль 100% аўстрыйцаў выказалася за далучэнне, відавочна, што гэтая лічба не адпавядала рэчаіснасці. А вялікая колькасць палітыкаў і праціўнікаў гітлераўскай ідэалогіі трапілі ў вязніцы.
Тым не менш Вялікабрытанія і Францыя прызналі Германію ў новых межах, чым, па меркаванні большасці гісторыкаў, далі «зялёнае святло» на працяг агрэсіі Гітлера.
У далейшых ваенных падзеях аўстрыйцы ўдзельнічалі як паўнавартасная частка Германіі.
Але нягледзячы на цалкам адназначную сітуацыю, і ў будучым, прадугледжваючы адпаведную адказнасць, яшчэ ў 1943 г. заходнія саюзнікі, СССР і Кітай узгаднілі рашэнне аб непрызнанні законным далучэння Аўстрыі да Германіі. Што падчас наступных падзеяў мела вялікі ўплыў на лёс краіны.
Зусім іншая гісторыя была ў Фінляндыі, якая таксама зведала агрэсію напрыканцы 1930-х. Так званая Зімовая вайна (1939–1940) была распачатая СССР. Амаль праз тры месяцы пасля пачатку Другой сусветнай.
Са снежня па сакавік савецкія войскі не здолелі дасягнуць істотных поспехаў. І ў выніку заключанай дамовы Фінляндыя страціла невялікую частку тэрыторыяў, але здолела захаваць незалежнасць.
На баку агрэсара
У аўстрыйцаў пасля аншлюсу не было асаблівага поля для манёўру. Вайсковыя часткі перайшлі пад камандаванне кіраўніцтва гітлераўскай арміі. І такім чынам узялі ўдзел у Другой сусветнай на баку Германіі.
Фіны мелі больш прасторы для незалежнай палітыкі ва ўмовах вайны, што імкліва набірала абароты.
Нават пайшоўшы на змову з Гітлерам, надаўшы сваю тэрыторыю і вайсковую інфраструктуру для вермахта, акупаваўшы ў 1941 г. часткі тэрыторый, далучаных да СССР па выніках супрацьстаяння ўзімку 1940 г., Фінляндыя захоўвала варыянты па выхадзе з вайны.
Калі лёс гітлераўскай Германіі ўжо быў амаль вырашаны, пад ціскам савецкіх войскаў у верасні 1944-га фіны здолелі дамовіцца з заходнімі саюзнікамі і СССР аб «пераходзе» да антыгітлераўскай кааліцыі. І нават паспелі паваяваць супраць нямецкага войска на поўначы краіны да красавіка 1945-га.
У выніку такога геапалітычнага кроку Фінляндыя здолела не дапусціць акупацыі вялікай тэрыторыі краіны савецкімі войскамі. Чаго не пазбегла Аўстрыя.
Рэпарацыі і абмежаваны суверэнітэт
У 1945 г. тэрыторыя Аўстрыі была акупаваная войскамі СССР і заходніх саюзнікаў, што істотна паўплывала на далейшыя падзеі вакол краіны. Яшчэ ў красавіку былы канцлер краіны Рэнер здолеў стварыць часовы ўрад, які заявіў аб незаконнасці аншлюсу, і абвясціў аб стварэнні Другой Аўстрыйскай рэспублікі. Рэнер як сацыял-дэмакрат карыстаўся даверам з боку савецкіх правадыроў, тым больш, што ён дазволіў некалькім аўстрыйскім камуністам удзельнічаць у фарміраванні ўрада. Чым, верагодна, здолеў даць
надзею СССР на «левую будучыню».
У лістападзе ў Аўстрыі адбыліся выбары ў парламент, але на іх камуністы пацярпелі паразу.
На думку спецыялістаў, менавіта дзякуючы здатнасці Рэнера лавіраваць паміж рознымі сіламі ўплываў Аўстрыя пазбегла лёсу пасляваенных усходнееўрапейскіх краінаў, якія трапілі пад татальны кантроль СССР.
Але манеўраваць у сітуацыі акупацыі было вельмі цяжка, тым больш, што СССР з 1945 г. кантраляваў вялікую частку эканомікі краіны. Пад савецкім кіраваннем знаходзілася нафтаперапрацоўчая прамысловасць, буйныя прадпрыемствы, якія раней належалі нямецкаму капіталу. СССР нават арганізаваў раздробную гандлёвую сетку. Вядома, што прадукцыя, рэсурсы, грошы вывозіліся на ўсход.
Дзякуючы таму, што змаганне за перадзел мапы Еўропы паміж пераможцамі ў вайне не сціхала, аўстрыйцы мелі магчымасць атрымліваць заходнія грошы па «плане Маршала» на пасляваенную адбудову. Аўстрыя была адзінай краінай, якая, знаходзячыся пад частковай савецкай акупацыяй, мела такую магчымасць. Бо Захад быў зацікаўлены не аддаць аўстрыйцаў пад Саветы.
У выніку дзесяцігадовых перамоваў, намаганнняў дамагчыся кампрамісаў, аўстрыйцы былі вымушаныя будаваць нейтральную дзяржаву. Што, з аднаго боку, не задаволіла Захад, які нават быў згодны на падзел Аўстрыі на дзве краіны (па прыкладзе Германіі), з далучэннем заходняй часткі да НАТО. З іншага боку — незадаволеным быў і СССР, які імкнуўся да ўсталявання камуністычнага ладу ў краіне.
У 1955 г. акупацыйныя войскі пакінулі тэрыторыю Аўстрыі. Па дамове з СССР перайшлі пад кантроль аўстрыйцаў прадпрыемствы, якія 10 год эксплуатавалі Саветы. Коштам былі пастаўкі ў СССР сырой нафты і іншай прадукцыі цягам 10 год, а таксама грашовыя выплаты.
Такім чынам, Аўстрыя апынулася адной з самых уразлівых тэрыторый у Еўропе падчас халоднай вайны. У выпадку буйнога ўзброенага канфлікта аўстрыйцы маглі першымі прыняць удар вайны. За такое становішча Вена таксама была вымушана яшчэ і выплачваць буйныя рэпарацыі.
Таму некаторыя даследчыкі схільныя лічыць, што большы ўплыў на аўстрыйскіх палітыкаў мела савецкая выведка, чым Захад. Бо аўстрыйцы, верагодна, маглі б весці больш незалежную ад СССР палітыку, але не рабілі гэтага. Хаця пасля вайны аўстрыйскі ўрад і амніставаў большасць сябраў нацысцкай партыі, пры ўладзе знаходзіліся палітычныя сілы, якія якраз пацярпелі ў выніку аншлюсу, і да ваенных злачынстваў не мелі дачынення. Але дзейнічалі так, нібыта ў КДБ на большасць з іх меўся кампрамат.
Яшчэ большы ўплыў на знешнюю і ўнутраную палітыку мелі савецкія спецслужбы ў Фінляндыі. Па дамове, дасягнутай у 1944 г. у Маскве, фіны былі вымушаныя таксама змяніць геапалітычны вектар краіны на нейтральны. У Саветаў на момант перамоваў былі настолькі моцныя аргументы, што Фінляндыя пагадзілася на тэрытарыяльныя саступкі на поўначы краіны, а таксама на арэнду часткі самай паўднёвай паўвыспы пад размяшчэнне савецкай вайсковай базы.
Яшчэ больш жорсткай была бяспекавая ўмова на пасляваенны перыяд — увядзенне савецкіх войскаў на тэрыторыю краіны ў выпадку нападзення трэціх сілаў.
Можна сцвярджаць, што геастратэгічныя страты па значнасці былі нашмат больш істотнымі, чым эканамічныя — абавязак выплаты рэпарацый у памеры 300 млн даляраў, прызначаны па выніках Парыжскай мірнай канферэнцыі ў 1947 годзе.
Акрамя абмежавання знешнепалітычнай самастойнасці Фінляндыі, Саветы выставілі жорсткія рамкі для фінскіх урадоўцаў для ўнутранай палітыкі. У пасляваенныя часы і зараз прэзідэнта краіны, які быў пры ўладзе 26 год, неаднаразова абвінавачвалі ў супрацы з КДБ і ўвядзенні цэнзуры ў краіне ў дачыненні да антысавецкіх публікацый і фільмаў. Некаторыя гісторыкі таксама сцвярджаюць, что да канца 1970-х Фінляндыя фактычна знаходзілася ў большай палітычнай залежнасці ад СССР, чым Югаславія.
Удар па патэнцыяле і амбіцыях
У аўстрыйцаў і фінаў была розная матывацыя падтрымкі Гітлера. Большасць палітыкаў Аўстрыі не бачылі іншага выйсця і падпарадкаваліся магутнаму, блізкаму моўна і культурна суседу. Фіны атрымалі запэўніванні ў аднаўленні справядлівасці і магчымасці вярнуць страчаныя тэрыторыі.
Ёсць упэўненасць, што на момант пачатку чарговай фазы Другой сусветнай, улетку 1941 г., і ў Вене, і ў Хельсінкі не ставілі пад сумнеў далейшы лёс Еўропы, дзе слабыя Захад і Усход, на думку хаўруснікаў Гітлера, не змаглі б даць рады войскам магутнай Германіі.
Аўстрыйская экс-міністр танчыць на вяселлі, i.guim.co.uk
Але выявілася, што ўжо праз некалькі год факт саўдзелу ў агрэсіі на баку немцаў прымусіў гэтыя краіны не толькі шукаць выйсця з вайны, але і змяняць бяспекавую стратэгію, пагаджаючыся хаця б на эфемернае захаванне незалежнасці. Да ваенных разбурэнняў, чалавечых стратаў цяжкім грузам для эканомікі дадаліся рэпарацыі.
А вымушаная страта суверэнітэту ў знешняй і ўнутранай палітыцы балюча адбіліся на патэнцыяле народаў да развіцця і стратэгічных амбіцыях на фоне былой велічнай гісторыі. Гэта добра дэманструе ў сённяшніх абставінах аўстрыйскае кіраўніцтва, якое разам з нямецкім неаднаразова абвінавачвалі ў спрыянні агрэсіўнай палітыцы Крамля.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org