Сцэны сэксу ў творах беларускіх пісьменнікаў

Fпошнім часам стала модна гаварыць, што беларуская літаратура не зводзіцца толькі да тэмы вёскі і сялянства. Kyky вырашыў даказаць гэта, кінуўся з крайнасці ў крайнасць і знайшоў у знаёмых пісьменнікаў нечаканачкі ў выглядзе сэксуальных сцэн. У гэтым нам дапамагла Аксана Бязлепкіна.

Аксана – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, пісьменніца і аўтар-складальнік літаратуразнаўчага даведніка «100 слоў пра сучасную беларускую літаратуру», дзе ёсць артыкул «Эратычная літаратура». Таму мы паспадзяваліся, што яна пэўна падкажа самыя гарачыя моманты, апісаныя беларускімі пісьменнікамі. Літаратуразнаўца з ахвотай згадзілася дапамагчы, але адразу заўважыла: «Апісанне звычайнага сэксу ў якаснай літаратуры з большага бессэнсоўнае: калі працэс добра пачаўся, добра працягнуўся і добра скончыўся, то да разумення характару герояў ён нічога не дадае. Зрэшты, якасную літаратуру норма наогул мала цікавіць. Гадоў 15 таму, калі я пісала кнігу прозы «Ляўша на тэнісным корце», мне здавалася роўна наадварот».

Караткевіч – пра тое, як спакусіць разумную жанчыну

«Васілю Быкаву было дастаткова згадкі пра «яны задышліва кахаліся» (вайна ўсё-ткі) ці Івану Шамякіну – пра «Адась, канечне, быў мацнейшы» (маецца на ўвазе, мацнейшы па сэксуальнай канстытуцыі за іншага каханка гераіні). Калі шчыра, дакладнасць гэтых цытат не гарантую, але тое, што яны зафіксаваліся недзе ў глыбінях памяці, сведчыць, што ў падлеткавым узросце нават такія дробязі звярталі на сябе ўвагу ў спісе літаратуры, – успамінае Аксана. – Але наогул школьная праграма была вышэй за Гэта». У прынцыпе і не дзіўна: ад складальнікаў школьнай праграмы не варта чакаць дэмакратычнага падыхода да таго, што можна паказваць падлеткам.
Аксана працягвае і становіцца зразумела, што, нягледзячы на стэрыльнасць праграмы, тэмы ў беларускай літаратуры паднімаліся разнастайныя і даволі адкрытыя: «Між тым, пісьменнікі пачатку ХХ стагоддзя тэму не абміналі: гераіні гінулі ад класавага ворага, ахвяруючы не толькі жыццё, але і дзявочы гонар; у творах адбываўся гвалт, у тым ліку з боку святароў; камсамольцы з пераменным поспехам спрабавалі ратаваць прастытутак ад выбранага жыццёвага шляху». Пра гэта сказана ў артыкулах Віктара Жыбуля «Сексуальны гвалт у беларускай савецкай літаратуры» і «Адлюстраванне праблемы абортаў і прастытуцыі ў беларускай савецкай літаратуры 1920-30-х гг». Яны змешчаны ў зборніку «Terra alba II. Homo venerius: сексуальная прастора беларускай культуры».

«У класікаў пазнейшых часоў усё было больш лагодна. Зрэшты, класік і школьная праграма – рэчы ўзаемазвязаныя, а сэксуальныя сцэны тут «трэці лішні», – робіць акцэнт Аксана. – Звычайна я кажу студэнтам, што аповесць Уладзіміра Караткевіча «Чазенія» пра тое, як спакусіць жанчыну, а раман «Нельга забыць» – пра тое, як спакусіць разумную жанчыну. Намёкі на сэксуальныя дачыненні героя з каралевай ёсць у аповесці «Ладдзя роспачы».

"Ладдзя роспачы" у Тэатры лялек. Фота: Аляксандр Ждановіч, budzma.org“Ладдзя роспачы” у Тэатры лялек. Фота: Аляксандр Ждановіч, budzma.org

Увогуле Аксана раіць не ацэньваць смеласць беларускіх пісьменнікаў па школьных ці ўніверсітэцкіх спісах літаратуры: «Зрэшты, часам класікі жартуюць і на школьную праграму не спадзяюцца, тады атрымліваецца эсэ Рыгора Барадуліна «Як беларусы сэксам займаюцца». Гэта не какетаванне: змест назве адпавядае».

Топ-5 «сэксуальных» пісьменнікаў

Аксана склала свой спіс пісьменнікаў з іх творамі, а таксама дала свае каментары да тэмы інтыму ў разуменні кожнага з літаратараў.

1. Максім Багдановіч. «Вянок»

«Пачуцьцю цёмнаму падлеглая
Ты ўжо рассталася з уборам
I ў ложка шлюбнае лягла,
Свой сорам, свой жаноцкі сорам,
Дрыжачая, перамагла.

I ведаеш, табе мучэньні
I нават мо канец жыцьця
Сабой накліча пры раджэньні,
Ірвучыся на сьвет, дзіця.

Ды абясьсіленай душою
Ты можаш аднаго жадаць, —
Каб семя бурнае муское
У нетрах цела пахаваць.
Таксама без надзей да спыну
У пропасьць чалавек ляціць
I сквапна ўніз, на дно страмніны,
З салодкай жудасьцю глядзіць».

Аксана Бязлепкіна: «Калі крыху спрашчаць, то для Багдановіча сэкс у жыцці жанчыны быў крокам да смерці. Многія жанчыны ў тыя часы паміралі ад родаў (у сям’і Багдановіча ў тым ліку), таму логіка ў такім разуменні была».

2. Міхась Зарэцкі. Аповесць «Голы звер»

«Па Лідачцы плакаць трэба. Так, трэба плакаць…
А Яроцкі рагоча. Яроцкі загадаў, каб Лідачка з ім, з Шчупаком, цалавалася.
Як гэта так? Ён з Лідачкай?.. Ён і дакрануцца да яе не важыцца. Яна ж такая прыгожая…
Лідачка сама цалуе яго. Яна села к яму на калені, цягае за бараду, смяецца.
Рукі міжвольна цягнуцца, мацаюць. Горача як!
Лідачка б’е яго па шчацэ і, смеючыся, перасядае к Яроцкаму.
Яроцкі ўстаў. Да яе, як да служанкі:
— Ну, хадзем!
Выйшлі. Дарогай Яроцкі шапнуў Шчупаку:
— Цяпер к чортавай мацеры.
Селі на вазок. Адляцеў злосна-вісклівы званочак.
Шчупак астаўся адзін. Пастаяў хвілінку на месцы і пайшоў, хістаючыся, па вуліцы. Пайшоў шукаць сваю шурпатую прастытутку».

Аксана Бязлепкіна: «Часы НЭПу, героям кружаць галаву грошы і распуста. Сцэна ў бардэлі апісана такім чынам, што кожны чытач усё зразумее ў адпаведнасці з узростам і дасведчанасцю».

3. Іван Мележ. Раман «Людзі на балоце»

«Яўхім абняў Хадоську, адчуў, як яна радасна, аддана прытулілася, аж затрапятала ад шчасця.
— Канапляначка…
Ён пацалаваў, і яна не адвярнулася, адказала доўгім-доўгім пацалункам, такім, што ён ледзь не задыхнуўся.
— Утаміўся я… — сказаў ён, нібы адкрыўся другу ў бядзе. — Пасядзім давай.
Пяшчотна трымаючы яе за стан, Яўхім павёў Хадоську к стогу. Яна ішла спачатку лёгка, з той жа добрай пакорлівасцю, але раптам заўпарцілася.
— Не трэба!.. Я не хочу!..
— Ну, пасядзім трохі! Ногі баляць… Пасядзім, і толькі!..
Ён гаварыў ціха, ласкава, нібы прасіў пашкадаваць. Голас яго пераконваў: нічога баяцца не трэба, нічога кепскага не будзе.
— Глядзі ж, кеб… без глупства!..
Хадоська паслухалася, села каля яго. Ён абняў яе, прыцягнуў, стаў, задыхаючыся, цалаваць, шаптаць штосьці гарачае, бязладнае, разарванае. Яна спачатку, хоць і стрымана, адказвала на яго пацалункі, потым стала трывожна кідацца, стараючыся вырвацца з яго абдымкаў.
— Ой, не трэба! Не хочу!..
— Дурная!.. Ну, чаго ты? Ну, чаго?.. Няўжэ я так не падабаюся табе?.. Такі паганы?
— Не…
— Ну, дак чаго ж ты?
— Баюся я! Устанем лепей!..
— Не любіш, значыцца?
— Устанем давай!..
— Не любіш?
— Люблю…
— А калі любіш… Дурная!.. Канапляначка!.. Канапляначка мая!..
Ён не чуў сваіх слоў, ён адчуваў толькі яе, маладую, жаданую, непадатную. Хто б мог падумаць, што і яна, такая добрая, мяккая, здаецца, закаханая без памяці, будзе так працівіцца! Ён злаваў ад гэтага непаслушэнства, ад упартасці яе, нецярпліва гарэў.
— Яўхімко, мілы!.. Не трэба!..
— Чаму? От выдумала! Баязліўка ты!
— Яўхімко! Не жаніўшыся!.. Грэх!..
— Граху цяпер няма! Грэх выдумалі… Усе грашаць…
— Пабойся Бога, Яўхімко!
— Бог не асудзіць!
— Татачко!.. Як дазнаюцца ўсе!..
— Ніхто не дазнаецца! — Яму нясцерпна надакучылі яе трывогі, надакучыла ўгаворваць, і, каб скончыць гэта, ён сказаў: — Жанюся ж з табою…
— Жэнішся?
— Жанюся, сказаў!..
— Дак — пачакай!.. Пасля вяселля!..
Яўхім ашалеў. Яна гэта адчула і прысмірнела. Яна яшчэ з адчаем змагалася і з Яўхімам, і з сабою, са сваім каханнем, змагалася, чуючы пад сабой страшную бездань, але змагацца станавілася ўсё цяжэй. Яна ўсё слабела, яна адчувала, што не ўтрымаецца…
— Яўхімко… мілы!.. Пасля… Адразу…
— Ну, заныла! Калі ты зараз!..
— Божачко ж!..
Гэта быў апошні вокліч, апошняя надзея, мальба аб літасці…
Калі Яўхім праводзіў яе па загуменні, спадылба, зладзейкавата сочачы, ці не падглядвае хто-небудзь за імі, Хадоська была ўжо ціхая, ласкавая, пакорлівая.
Развіталіся каля яе гумна. Яўхім, шкадуючы, вінавата абняў яе за плечы, Хадоська сама паднялася на пальчыках, дацягнулася да яго губ, пацалавала.
— Яўхімко! Што ж… — голас яе, кволы, пакутлівы, задрыжаў. — Што ж мы… нарабілі!
— От, дурная, нібы што такое!
— Грэх які!»

Аксана Бязлепкіна: «Сэкс паміж Яўхімам і Хадоськай, напэўна, вылучаецца найбольш. Памятаю, як мяне калісьці папракнулі тым, што ў адным з маіх твораў на 60 старонак 15 інтымных сцэн. Дык вось у гэтым творы Мележа я ўжо выкладчыцай прыклейвала сцікеры на старонкі з какетаваннямі-заляцаннямі, інтымнымі сцэнамі і г.д., а потым закрыла кнігу – яна была спрэс заклеена сцікерамі. Так што пытанне не ў колькасці, а ў якасці».

4. Вячаслаў Адамчык і Адам Глобус. Бацька і сын

Аксана Бязлепкіна: «Усё рознае ў іх творах: тэмы (вёска і вайна ў бацькі, сучасны горад у сына), стыль, нават жанры (ад раманаў да апавяданняў у бацькі і ад аповесцяў да мініяцюр у сына), аднолькавае толькі бачанне жанчыны і стаўленне да фізіялогіі. Праўда, Глобус у пачатку 1990-х гг. цалкам сфакусаваўся на эратычнай літаратуры (кнігі «Дамавікамерон» і «Толькі не гавары маёй маме»). Ён жа распрацаваў пласт беларускамоўнай лексікі для называння адпаведных частак цела і працэсаў.

Расказваюць філалагічную показку пра бойку тэрмінаў: маўляў, перакладаючы Біблію на беларускую мову, геніяльны Васіль Сёмуха скарыстаўся словам «чэлес» для пазначэння «члена» ў значэнні канечнасці, а Адам Глобус звёў значэнне слова «чэлес» да мужчынскага палавога органа і перамог.

Дарэчы, такая ж грубая сэксуальнасць пануе ў некаторых тэкстах У. Арлова («Сібірская аповесць»), У. Някляева (кн. «Лабух» і зб. «Цэнтр Еўропы»), Ю. Станкевіча (у творах «Любіць ноч – права пацукоў», «Эрыніі», «Партрэт выпускніка на фоне адлігі» сэкс амаль заўжды сведчыць пра маральную дэградацыю і выраджэнне людзей) і А. Казлова (аповесць «Юргон» пра міфалагізацыю імпатэнцыі). Асобна варта адзначыць творы Алены Брава: ад апісання першага аргазму ў аповесці «Каменданцкі час для ластавак» да грубай знішчальнай фізіялогіі ў аповесці «Менада і яе сатыры» (у часопіса, які надрукаваў аповесць, потым былі праблемы)».

Адам Глобус "Ната на канапе. Разняволеная" 2016 годАдам Глобус “Ната на канапе. Разняволеная” 2016 год

5. Андрэй Федарэнка. Аповесці «Гісторыя хваробы», «Рэвізія»

«Упершыню за паўгода нашага знаёмства захацеў астацца ў яе начаваць, і не на вольным ложку, а з ёю. Яе гэта здзівіла і спалохала. Я сказаў (навошта!): ведаю, што ты спала з Сяргеем — ён сам на другі ж дзень расказаў мне. Тады яна раптам заплакала — горка-горка, і плакала доўга, а я ўсё чакаў. “Дык што, вам хочацца спаць, а на мне свет клінам сышоўся?” — спытала яна праз слёзы.

А я таксама быў страшна здзіўлены, бо, па логіцы, са мною, якога яна паважала больш, як Сяргея, яна павінна была легчы ў ложак з яшчэ большаю ахвотаю. Але ж не скажаш гэтага ўслых! Я пакрыўдзіўся і пайшоў, а пасля шкадаваў і сябе, і яе. Ды што пасля — ніколі не забуду, як горка яна плакала».

Аксана Бязлепкіна: «Сэкс у творах Федарэнкі — гэта сэкс вачыма слабога хлопца: іншым даюць, а яму — не. І ў героя фарміруецца жыццёвая “філасофія” ў гендарнай сферы: жанчына мусіць быць альбо ні з кім, альбо з кожным, хто яе захоча. Так бы мовіць, свабода, роўнасць і братэрства ў сэксе, бо адмова ці ігнараванне балюча раняць героя».

Дзе яшчэ шукаць праяўленні кахання

Аксана Бязлепкіна: «Сваю слабасць прызнаюць і героі Альгерда Бахарэвіча. Напрыклад, у аповесці “Прыватны пляж на ўзбярэжжы Леты”, але ў прынцыпе можна браць амаль любую мастацкую кнігу гэтага пісьменніка: рабіць інтымныя сцэны ён умее. Памятаю, як знаёмы хлопец абураўся таму, што герой развітваецца з гераіняй і сыходзіць з яе водарам на пальцах, маўляў, чаму рукі не памыў? А таму што ў гэтай сцэне паказваецца не проста закаханасць, а закаханасць, якая мяжуе з залежнасцю».

Не забываемся і на паэзію. У Аксаны і на гэты конт знайшліся парады: «Ёсць сэкс і ў сучаснай паэзіі, падрабязней пра беларускую інтымную лірыку можна прачытаць у кнізе літаратуразнаўцы Алы Брадзіхінай “90 – 60 – 90: Сучасны літаратурны працэс: на шляху да ідэалу” (2014). Прынамсі, кажуць, адзін паэт, прачытаўшы артыкул гэтай даследчыцы пра сябе і зразумеўшы, наколькі ён “распранаецца” ў вершах і наколькі гэта заўважна, вырашыў пісаць прозу не пра каханне».

У выніку Аксана ўсё ж такі папярэджвае: «Баюся, каб чытачы не звялі творы ўсіх пералічаных пісьменнікаў да вузкай тэмы сэксу. Насамрэч іх творы зусім не пра Гэта».

Ганна Пярова, KYKY.org