Новы поўнафарматны альбом гурта Sex з Рагачову завецца B.D.S.M., што прапаноўваецца расшыфроўваць як “Bielaruskaja Dziaržaŭnaja Seks Mašyna”. Праўда, назва дыску абсалютна не адпавядае яго зьместу.
Гурт Sex — з тых, хто раскруціўся дзякуючы сеціву. Іхная суполка налічвае больш за 9000 чалавек. У першы ж год існаваньня рагачоўцы выправіліся ў тур па Расіі ды Ўкраіне, які потым паўтарылі на біс. Музыкі гуляюцца з публікаю ў “сэкс-дактароў”, побач з сваімі прозвішчамі ставяць пазнакі “20,5 см”, здымаюць прома-ролікі на мяжы фолу ды абяцаюць “устроить секс в этой дыре”. Іх нават вінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі, выклікалі ў суд, але так нічога і не даказалі. Скандалы яўна толькі на карысьць гурту, які заснаваў капітан каманды “Трезвые кони” Клюба вясёлых і знаходлівых Валер Клымчук.
Новы, другі па ліку, поўнафарматны альбом гурта Sex завецца B.D.S.M., што прапаноўваецца расшыфроўваць як «Bielaruskaja Dziaržaŭnaja Seks Mašyna». Насуперак назьве, пяюць рагачоўцы збольшага па-расейску — каб быць бліжэйшымі да публікі. Хоць павагу да Беларусі падкрэсьліваюць, пакуль што на ўзроўні “Ты не спі, мая Беларусь, я да цябе зноуку вярнусь” (беларускай раскладкі ў тэкставіка няма, таму “зноуку” пішацца бяз “ў”). На гэтым альбоме ёсьць хуліганскае пераасэнсаваньне “Купалінкі” з проста пякельным і дзіка непісьменным тэкстам. У астатнім Sex карціць параўнаць з “Дай Дарогу!” і “Нэйра дзюбелем” лепшых часоў, але рагачоўцам якраз не стае тонкай іроніі Стыльскага і кулінковічаўскай вастрыні ды зьедлівасьці.
Папракаць гурт з такою назваю ў зацыкленасьці не выпадае. Але справа не ў тэматыцы, а ў яе падачы. Надта надуманыя і прымітыўныя тэксты атрымліваюцца ў Валеры. Рыфмуе ён бязьлітасна, мысьліць частушкава, таму атрымліваецца альбо патасны смур кшталту “Мы ни о чем не сожалеем, рубим свой рок, живем как умеем…”, альбо пахабнаватыя папеўкі. У музычным пляне “B.D.S.M.” цяжка назваць цікавым і вартасным альбомам . Часам падаецца, што гурт “Земляне” часова злучыўся з гуртом “Сектор газа”, каб запісаць такое. Ратуе сытуацыю лірычная “Будь со мной” і, можа, яшчэ драйвовы нумар “Мы устроим Sex”.
Вобраз, выпрацаваны гуртом у сеціве з дапамогай карцінак, кліпаў ды відэазамалёвак, на альбоме не працуе як сьлед, таму Sex у запісе ўспрымаецца як ня больш чым пасрэдны панк-рок гурт. Ужывую яны выглядаюць нашмат лепей, а ў сваіх роліках — наогул выдатна.
Ідэя: 4
Выкананьне: 6
Тэксты: 2
Запіс: 7
Аздабленьне: 5
Сяргей Будкін