Мінула толькі некалькі дзён ад моманту, калі шмат людзей анлайн сачылі за падарожжам дэлегацыі МАГАТЭ на Запарожскую АЭС. Многія жыхары нашага рэгіёна Еўропы спадзяваліся, што чарговая дэкларацыя гэтай арганізацыі можа спыніць узброеную эскалацыю на тэрыторыі і каля станцыі. Абараніць Еўропу ад цалкам верагоднай катастрофы, яшчэ больш маштабнай за Чарнобыльскую.
Крыніца: www.sentinelassam.com
Некалькі месяцаў запар у СМІ і ад экспертаў неаднаразова гучалі словы аб спадзевах на ААН, Раду Бяспекі гэтай арганізацыі. Маўляў, рашэнні большасці сябраў міжнародных структураў і жорсткая пазіцыя сусветных дзяржаваў-лідараў здольныя спыніць нечалавечую агрэсію супраць Украіны.
Усе 8 год вайны час ад часу можна пачуць узгадкі пра гарантыі Будапешцкага мемарандуму, які ў 1990-х гадах падпісалі найбуйнейшыя краіны свету ў якасці абяцання забяспечыць тэрытарыяльную недатыкальнасць Украіны і Беларусі ў абмен на вывад атамнай зброі з тэрыторыі гэтых былых савецкіх рэспублік.
Розныя рэальнасці і новы складаны свет
На жаль, чалавечы розум і масавая свядомасць заўжды да апошняга чапляюцца за элементы мінулага ладу і ўмоўную стабільнасць альбо парытэт. І адмаўляюцца прызнаць відавочнае.
Такім чынам у грамадствах працяглы час можа захоўвацца небяспечная ілюзія. У нашай сённяшняй сітуацыі — гарантыяў бяспекі.
Такая фальшывая рэальнасць для масавай свядомасці падаецца больш зручнай і камфортнай у параўнанні з няпэўнай будучыняй, нявызначанасцю за межамі разумення. Аб якіх не распавядалі настаўнікі ў школе, універсітэце, прапагандысты на тэлеканалах.
Варта ўсведамляць, што большасць людзей робяць высновы аб падзеях і дзейнічаюць выключна зыходзячы з гістарычнага досведу, абапіраючыся на ўласныя веды альбо распаўсюджаныя канцэпты. Таму не трэба здзіўляцца, што і зараз, у сённяшняй абстаноўцы, шмат людзей працягваюць давяраць органам камандна-адміністратыўнага апарата, верыць у магутнасць ААН ці МАГАТЭ. Нават не спрабуючы задумацца над тым, што свет навокал становіцца больш складаным, і былыя законы суіснавання супольнасцей, грамадстваў, краінаў перастаюць ці ўжо перасталі дзейнічаць.
Падобны падыход да аналізу падзеяў, іх ацэнкі і выбудовы стратэгіі дзеяння называюць рэкурсіяй свядомасці. Наступствы такой своеасаблівай пасткі мыслення даследаваў у 1930-я гады польскі інжынер і філосаф Кажыбскі. Спасылкі на матэматычныя мадэлі папярэднікаў і даследаванні мысляроў дазволілі яму распрацаваць тэорыю агульнай семантыкі. Адзін са шматлікіх падставовых пастулатаў добра адлюстроўвае фраза Эйнштэйна, які таксама прапрацоўваў гэтую тэму:
«...немагчыма вырашыць праблему на тым жа ўзроўні, на якім яна ўзнікла. Трэба стаць вышэй гэтай праблемы, падняўшыся на наступны ўзровень».
Няздольнасць зірнуць на сітуацыю зверху (з перспектывы будучыні, інакшасці) не толькі прыводзіць да памылковых высноваў, але і нараджае страх, які складана заўважыць у паўсядзённым жыцці.
Але ягоныя сляды добра заўважныя ў даволі практычнай сферы — фразах са стужкі навінаў. Напрыклад, цікава назіраць, як некаторыя лідары думак любяць паўтараць аб неабходнасці «вяртання Беларусі да нармальнасці», немінучым надыходзе «лепшых часоў у будучыні».
Менавіта страхі і негатоўнасць да выхаду ў складанасць і невызначанасць вымушаюць людзей чапляцца за «мінулую нармальнасць».
Але ў гэтай сувязі паўстаюць пытанні (на жаль, без адказаў): «ці была нармальнасць увогуле» і «чаму часы будуць абавязкова лепшымі»?
Крыніца: modelthinkers.com
Трэба адзначыць, што напрацоўкі Кажыбскага ў кнізе «Навука і здаровы сэнс» і далейшая праца ягонага інстытута тычыліся не толькі рэкурсіўнай пасткі пры ўспрыманні рэчаіснасці, спробаў вынаходніцтва тэхнік абстрагавання дзеля прыняцця ўзважаных рашэнняў, але і праблематыкі асэнсавання будучыні:
«Эканамічныя, палітычная і сацыялагічныя тэорыі могуць вельмі абмежавана бачыць змены свету. Таксама яны рэдка спрабуюць апісваць новы свет, які паўстае. І ўжо нікчэмна мала гэтыя тэорыі штосьці могуць сказаць пра будучыню».
Тэхналагічная сінгулярнасць цісне на свядомасць
Даследаванні 1930-х і пераасэнсаванне працаў філосафаў Новага часу далі штуршок развіццю некалькіх напрамкаў канструктывісцкай філасофіі, якія ў тым ліку даследуюць выхад масавай свядомасці на межы зменаў (трансгрэсіі) ва ўмовах недастаткова яснага разумення рэальнасці і перспектывы будучыні.
Чытайце яшчэ: Рабіся інакшым альбо загінеш
Заснавальнікі сучаснай хвалі гэтай плыні філасофіі (Хэйнц фон Фэрстэр, Грэгары Бэйтсан), як і іхнія сённяшнія наступнікі, даследавалі спазнанне рэчаіснасці з дапамогай кібернетыкі і матэматычных мадэляў. Таму вывучэнне гэтых працаў вымагае даволі сур’ёзных ведаў і падрыхтоўкі.
На шчасце, сярод футуролагаў знайшліся папулярызатары ідэяў канструктывістаў, якія ў літаратурнай форме ў сваіх творах ставілі пытанні, падобныя да зместу даследаванняў філосафаў.
Амерыканец Элвін Тоффлер у 1970-х гадах у кнізе «Шок будучыні» засяродзіў увагу на шокавай рэакцыі індывідаў, грамадстваў і краінаў на тэхналагічныя, інфармацыйныя і свядомасныя змены, якія імкліва адбываюцца не цягам стагоддзя, а па некалькі разоў за адно пакаленне.
Да эры развітага інтэрнэту, які яшчэ больш паскорыў гэтыя працэсы, Тоффлер пісаў:
«Перад грамадствам і чалавекам паўстала задача прыстасавацца не толькі да зменаў, якія ўжо адбываюцца, але і да чаканых.
Хуткае змяненне часу падштурхоўвае наша ўяўленне да прынцыповых зменаў у жыцці. Яно цісне на нас, выклікае стрэс».
Крыніца: miro.medium.com
На думку футуролагаў, па меры набліжэння да нявызначанасці, тэхналагічнай сінгулярнасці (па тэрміналогіі Вернара Вінджа) — пункта ў гісторыі, за якім нельга прадказаць зразумелую, выкарыстоўваючы вядомыя нам веды, будучыню, хуткасць зменаў настолькі паскараецца, што можа выклікаць масавы страх і агрэсію, а таксама архаізацыю.
Войны, канфлікты, спробы замарозіць існы палітычны лад любымі, самымі крывавымі спосабамі і ёсць рэакцыяй на немагчымасць прыстасавацца да немінучага пераходу да іншага і невядомага.
Менавіта таму ў СМІ ўсё яшчэ можна пачуць спадзевы на міжнародныя інстытуты ці то ў справе ІДІЛ, ці вайны ва Украіне. Бо большасць людзей у свеце не вітае складанасць, якая ўзнікае, не намагаецца ўсвядоміць і рэфлексіўна прыстасавацца да яе. Наадварот шукае спосаб, як аддаліць наступленне сінгулярнасці, запаволіць рух да яе.
Сеткавае грамадства супраць ААН
Нягледзячы на крытыку, нават мэйнстрымавыя медыя часам прызнаюць, што Тоффлер быў не толькі добрым літаратарам, але і шмат у чым меў рацыю.
Безумоўна, эталонным футуролагам яго назваць цяжка, бо ён не мог прадбачыць, што час можа паскорыцца настолькі імкліва, напрыклад, як за два апошнія гады. Яны канчаткова паставілі крыж на бяспецы ў Еўропе, вярнулі пагрозу атамнай катастрофы, дэвальвавалі раз і назаўжды не проста міжнародныя дамовы і арганізацыі, але і прымусілі задумацца аб мэтазгоднасці такога фармату ўзаемадзеяння на планеце.
Тоффлер таксама пісаў пра гэта, адзначаючы неабходнасць ускладнення сістэмы суіснавання краінаў і супольнасцей. На ягоную думку, напярэдадні фінальнага штуршка ад «шоку будучыні» і выхаду ў шэрую зону нявызначанасці актуальнымі будуць фарматы дамоваў паміж лакальнымі супольнасцямі, пабудова сеткавага грамадства, што забяспечыць больш эфектыўнае і бяспечнае ўзаемадзеянне.
На фоне татальнага банкруцтва актуальнай міжнароднай сістэмы, а таксама няздатнасці Еўразвяза (калі казаць пра наш рэгіён) забяспечваць стабільнасць у супрацьвагу іншым геапалітычным гульцам, такія думкі выглядаюць вельмі слушнымі.
Складана зараз зазірнуць за далягляд, але дэцэнтралізацыя і ўскладненне, якія, на першы погляд, падаюцца дэградацыяй і хаосам, могуць стаць новым імпульсам развіцця для чалавецтва. У супрацьвагу нялюдскім дэспатыям усходняга тыпу альбо новым формам дысцыплінарнага кантролю ў заходніх грамадствах.
Чытайце яшчэ: Дысцыплінарнае грамадства супраць Рэспублікі
Тым больш, што колькасць выклікаў для чалавецтва павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі. Гэта і перспектывы фармалізацыі падыходаў у карыстанні віртуальнай рэальнасцю, узаемадзеянні са штучным інтэлектам, і ўдзел прыватных карпарацый у касмічных місіях. Магчыма, ужо ў бліжэйшыя часы супраца з будучымі калоніямі зямлянаў на Месяцы ці нават Марсе.
ААН і МАГАТЭ ў гэтым новым складаным свеце месца наўрад ці знойдзецца, як і старым наратывам у палітыцы з XIX стагоддзя.