Тэрмін «дысцыплінарнае грамадства» быў выкарыстаны першы раз французскім філосафам Мішэлем Фуко толькі ў 70-я гады ХХ стагоддзя, але канцэпцыі ўціску з боку дзяржаваў на чалавечыя масы з мэтай «дрэсіроўкі патрэбных элітам паводзінаў» разглядалася навукоўцамі ўжо даўно.
У выніку даследаванняў у ХХ стагоддзі на мяжы літаратуры, псіхааналізу, сацыялогіі і філасофіі паўсталі некалькі кірункаў разумення і ацэнкі метадаў дысцыплінавання грамадства як з’явы.
Не заўжды стаўленне да інструментаў кантролю над грамадствамі маюць нейкія пэўныя ідэалагічна-палітычныя рамкі. Наадварот, існуе пазітыўнае і негатыўнае стаўленне да элементаў рэалізацыі фарміравання дысцыплінарных грамадстваў, наступстваў для будучыні цывілізацый і чалавецтва. Аляксей Гайдукевіч разглядае розныя падыходы да фарміравання і дзейнасці сучасных дысцыплінарных грамадстваў у заходнім, постсавецкім, кітайскім разуменнях.
Тым больш, што менавіта вайна, стан, у якім сёння знаходзіцца ў тым ліку і Беларусь, заўжды дазваляе ўбачыць самыя пачварныя бакі так званай «дысцыпліны». Ацаніць ступень бесчалавечнасці асобаў, супольнасцей. Ці наадварот, салідарнасць і імкненне да справядлівасці.
Варта паспрабаваць разабрацца, чаму ў адных краінах войны выклікаюць грамадскі ўздым і добраахвотніцкія рухі, а ў іншых супольную апатыю і атамізацыю. Калі большасць індывідаў імкнецца да адасаблення ад навакольнай рэчаіснасці, пабудовы свядомасных формаў альтэрнатыўнай рэальнасці.
Ад пратэстанцкай этыкі да Левіяфана
Калі гаворка вядзецца пра дысцыплінарныя грамадствы, у першую чаргу прыгадваецца не ўніфікаваная сфера адукацыі ці сістэма аплаты падаткаў, аховы здароўя, якія не адно пакаленне чалавецтва лічыць нечым відавочным, бясспрэчным і абавязкова стуноўчым. Перадусім свядомасць малюе карціны войнаў, мабілізацыі, добраахвотніцкіх рухаў, працоўных подзвігаў і г. д.
Адным з самых знакамітых мысляроў, які на пачатку XX стагоддзя разглядаў тэму дамінавання заходніх супольнасцей у свеце, быў немец Макс Вебер. У ягонай працы «Пратэстанцкая этыка і дух капіталізму» закранаюцца тэмы дысцыплінаванасці заходніх еўрапейцаў, дзякуючы якой пратэстанцкі рацыяналізм здолеў накінуць усяму свету існуючую да сённяшніх дзён парадыгму існавання.
Вэбер і іншыя філосафы і гісторыкі разглядалі капіталістычную рэвалюцыю ў Нідэрландах (XVI–XVII стст.) як паваротны пункт у гісторыі свету.
Гэта былі амаль 80 год супрацьстаянняў на рэлігійнай глебе, змаганне за незалежнасць ад іспанскай манархіі, за дамінаванне ў акіянах і на іншых кантынентах. Апошняя фаза барацьбы з Іспаніяй была часткай 30-цігадовай вайны, якая ахапіла амаль увесь еўрапейскі кантынент. І мела не толькі тэрытарыяльна-дынастычны характар, але і рэлігійна-каштоўнасны.
Часы эпідэмій і чакання апакаліпсісу
Каб супрацьстаяць магутнай Іспанскай імперыі, галандцам былі патрэбныя не толькі рэсурсы, але і ідэалагічны падмурак. Які і быў сфарміраваны з сімбіёзу хрысціянства і рымскага стаіцызму.
Адразу некалькі філосафаў з Нідэрландаў і Францыі, абапіраючыся на новае стаўленне да прыроды чалавека, якое апісалі пратэстанцкія мысляры Кальвін і Лютэр, спрычыніліся да стварэння новай плыні ў мысленні — неастаіцызму.
Адзін з даследчыкаў працаў Вебера ў сваёй публікацыі падкрэсліваў:
«Пад пратэстанцкай этыкай, пра якую пісаў Вебер, трэба разумець аскетычны неастаіцызм, які развіваўся у Нідэрландах дзякуючы працам Юста Ліпсія і іншых гуманістаў.
Трактат Ліпсія аб вайсковай этыцы вывучалі ў першую чаргу ў Нідэрландах і Брытаніі, каб падаўляючы эмацыйнасць, ставіць рацыянальныя мэты, матываваць насельніцтва да войнаў і іншых выпрабаванняў».
Прыхільнікі дысцыплінарных грамадстваў падкрэслівалі, што прымус, які спадарожнічаў увасабленню ідэяў неастоікаў, быў адзіным магчымым спосабам стымулявання самаразвіцця вялікіх сацыяльных групаў. Яны ў выніку здзейснілі капіталістычныя рэвалюцыі ў Нідэрландах і Брытаніі — запачаткавалі «Новыя часы» ва ўсіх галінах заходняга жыцця.
Ідэалы старагрэцкай і рымскай дзяржаваў
Крытыкі дысцыплінарных грамадстваў апелююць у першую чаргу да небяспечнасці самой ідэі дысцыплінавання людзей. Няхай і з добрымі намерамі.
Твор «Левіяфан» ангельца Томаса Гобса, выдадзены ў 1651 годзе, які моцна паўплываў на станаўленне дысцыплінарнага грамадства, з’явіўся дзякуючы інтэрпрэтацыям аўтара ідэяў неастоікаў, у прыватнасці француза Рэнэ Дэкарта. У трактаце Гобс фактычна апісвае грамадства, якое было пабудаванае ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы толькі праз 150 год, а асобныя элементы сістэмы ўпраўлення былі распаўсюджаныя потым і на ўвесь свет.
Ён апелюе да тэалагічнай дактрыны поўнай чалавечай распусты, выводзіць натуральную няздатнасць людзей мірна суіснаваць у соцыуме. Адзіным выхадам для сацыялізацыі вялікіх чалавечых масаў ён такім чынам бачыць у фізічным прымусе з паступовай трансфармацыяй да абавязковай адукацыі і апрацоўцы прапагандай. «Левіяфан» Гобса — гэта ўсюдыісная ўлада, якая ўвасабляе божую волю, карае і ўзнагароджвае, катуе і даруе грамадзянам.
Як адзначае даследчык працаў навукоўца Герхарда Острайха, чыі ідэі былі блізкія да думак Макса Вебера:
«Острайх згодны з выказваннем Гобса, што людзі не прыстасаваныя да пабудовы грамадства.
Острайх лічыць, што мілітарная філасофія XVI ст. трансфармавала праз адукацыю і прымус індывідуальную псіхалогію людзей да прыняцця цэнтралізаванай улады з усімі станоўчымі і адмоўнымі яе элементамі».
Мішэль Фуко і Жыль Дэлёз, французскія філосафы XX ст., бачылі непасрэдную сувязь ідэяў неастоікаў і Гобса з наступнымі працэсамі ў Заходняй Еўропе, якія прывялі да фарміравання дысцыплінарных грамадстваў. Фуко шмат даследаваў працы псіхааналітыка Лакана, які заўважыў, як прымус і сістэма дысцыплінавання грамадства за некалькі пакаленняў змянілі паводзіны чалавечых супольнасцей і ўплывае на жыццё індывідаў.
Крыніца: i.guim.co.uk
Філосафы разглядалі інстытут сям’і, адукацыйную, вайсковую, турэмную, падатковую сістэмы — як структуры муштры, прымусу. Якія працуюць на выхаванне дысцыплінаванага падаткаплацельшчыка і патэнцыйнага салдата.
Крытыкі мадэрнай дзяржаўнай сістэмы, пабудаванай на прынцыпах дысцыплінарных грамадстваў, не адкідалі дасягненняў мадэлі — архітэктуру, навуковыя, геаграфічныя адкрыцці, захаванне і развіццё некаторых элементаў самакіравання (якое адпавядае ўяўленням крытыкаў аб ідэале грэцка-рымскіх ладаў), дабрабыт і інш. Але вельмі адмоўна ставіліся да ідэі накідання мадэляў маніпуляцыі масамі, мадэлявання новых формаў і распаўсюду. Бачылі ў гэтым пярэчанне самой прыродзе чалавечай волі.
Вялікую ролю ў дысцыплінаванні грамадстваў Фуко надаваў сімвалічнай сферы, а не толькі выключна прымусовай. Праз уніфікацыю моваў, моўную адукацыю па неабходных элітам шаблонах, стварэнне новых сімвалічных падсвядомых вобразаў на сканструяваных мовах цэлыя народы пазбаўляліся частак ідэнтычнасці, падаўляліся традыцыйныя памкненні, уласцівыя людзям з воляй. Такім чынам знікла альбо дэградавала да фальклёрных цікавостак шмат моваў у Еўропе — безліч моваў сучаснай Францыі, Іспаніі, Італіі, Брытаніі.
Гэты канцэпт прымусовага моўнага дысцыплінавання дазваляе ўбачыць больш глыбокі сэнс у выслоўі, якое вядомае большасці свядомых беларусаў: «Што не зрабіў рускі штык — зробяць расійскі чыноўнік, настаўнік і поп».
Чытайце яшчэ: Баскі. Да волі праз адраджэнне мовы
Турэмны прынцып дысцыпліны і таталітарызм
Цікава, што тэорыю Фуко і Дэлёза ў першую чаргу крытыкавалі іхнія, здавалася б, саюзнікі — неамарксісты. І самі філосафы, нягледзячы на элементы «крытычнай тэорыі» ў іхніх працах, уласцівыя выключна левым аўтарам тых часоў, у сваіх творах ставілі пад сумнеў ідэі паслядоўнікаў Маркса.
Як постмадэрністы Фуко і Дэлёз неаднаразова адзначалі аднолькавы характар большасці палітычных сістэмаў на зямлі. Якія не толькі падаўляюць волю чалавечых масаў, ператварыўшы людзей у лічбы ў шматлікіх табліцах уліку падаткаплацельшчыкаў і прызыўнікоў, але і ўвесь час удасканальваюць і мадэрнізуюць сістэму муштры.
Фуко шмат даследаваў працу пенітэнцыярнай сістэмы ў Францыі і ў кнізе «Наглядаць і караць. Нараджэнне вязніцы» фактычна намаляваў перспектыву для ўсяго заходняга грамадства, існаванне якога, на ягоную думку, пабудаванае на турэмных прынцыпах, таму вельмі падобнае да рэалізаваных у таталітарных грамадствах.
У гэтым сэнсе ідэі французскіх філосафаў шмат у чым перагукаюцца з літаратурай Оруэла, Хакслі і Бероўза. Толькі мысляры здолелі менш па-мастацку, але больш навукова апісаць сістэму ціску на асобаў і супольнасці, наступствы, пераход ад дысцыплінарнага грамадства да грамадства татальнага кантролю.
Вобраз грамадства ў выглядзе вязніцы з назіральнай вежай у працах Фуко. Крыніца: www.ft.com
Некаторыя крытыкі існуючай мадэлі кіравання ў свеце адзначаюць, што адной з апошніх дзяржаваў у Еўропе з формай, падобнай на старажытнагрэцкую, хаця і з элементамі новага ладу, была Рэч Паспалітая. Таму яна і саступіла больш рацыянальным і эфектыўным носьбітам новай мадэлі функцыянавання дзяржаўнай машыны.
У той жа час, лічаць прыхільнікі старажытных формаў, у першых перасяленцаў з пратэстанцкіх краінаў у Паўночную Амерыку быў шанц пабудаваць дзяржавы з ладам, адрозным ад дысцыплінарнага. Але, як выявілася, перасяліўшыся за акіян, пратэстанты перанеслі завучаныя схемы кіравання на новы кантынент. І пасля атрымання незалежнасці перамаглі ў грамадзянскай вайне не згодных з дысцыплінарным грамадствам, усталявалі лад не толькі па еўрапейскіх шаблонах, але такі, які нават пераўзыходзіў кантынентальную школу.
Гуманістычнае падаўленне альбо рэпрэсіі
Аўтар даследавання працы Фуко такім чынам інтэрпрэтуе ягоны погляд на дысцыплінаванне грамадства:
«Фізічныя пакаранні з сярэднявечча дысцыплінарнымі ўладамі цягам стагоддзя былі замененыя на выхаваўчыя. З мэтай больш эфектыўнага ўздзеяння на індывідаў і трансфармацыю масавай свядомасці ў бок разумення непазбежнасці пакарання. Дзеля дасягнення як мага шырокага ўплыву на падсвядомасныя страхі».
Відавочна, што такое разуменне Фуко працы сістэмы — праз службы пакарання, адукацыю, войска, не адмаўляе цалкам рэпрэсіўныя метады пры выбудове дысцыплінарных грамадстваў. Тым больш, цяжка паверыць, што існуюць сістэмы без уплываў з мінуўшчыны, альбо без элементаў яшчэ больш вусцішнай будучыні.
Напрыклад, некаторыя грамадзяне Кітая ўжо сутыкнуліся з новымі тэхналогіямі дысцыплінавання і стварэння грамадства кантролю. Адразу шэраг сістэмаў збора і апрацоўкі вялікіх аб’ёмаў інфармацыі запушчаныя ў некалькіх кітайскіх правінцыях.
Далучыўшыся добраахвотна да сістэмы «сацыяльнага крэдыту», кітайскі грамадзянін можа адразу разлічваць на некаторыя зніжкі на дзяржпаслугі, іпатэку, таму колькасць жадаючых з кожным днём павялічваецца. За дробныя правапарушэнні, ці напрыклад несвоечасовую аплату за камунальныя паслугі, «сацыяльны рэйтынг» удзельніка ў сістэме зніжаецца. Прадугледжана, што грамадзяне з нізкім рэйтынгам будуць паступова пазбаўляцца, напрыклад, правоў на пакупку квіткоў на чыгуначны транспарт, карыстанне інтэрнэтам, іншыя больш істотныя пакаранні.
Але рэклама пра гэта не кажа і заахвочвае кітайцаў далучацца да кантролю за «сумленнем» за бясплатныя наведванні музеяў і купоны ў супермаркет.
Крыніца: www.ft.com
Чытайце яшчэ: Экспансія кітайскай лічбавай дыктатуры
Супрацьлеглым прыкладам можа быць сённяшняя Украіна, якая дэманструе не толькі адрознасць ад сістэмы працы з грамадствам у суседніх краінах.
Украінская ўнікальнасць выявілася ў тым, што ў дэцэнтралізаванай, поўнай супярэчнасцей, з вялікай колькасцю адмоўных рысаў краіне сфарміравалася грамадства, здатнае нават да збройнай самаарганізацыі. Падавалася, недастаткова дысцыплінаваныя масы, можна сказаць з элементамі той старой сістэмы «рэспубліканскага хаосу» кшталту Рэчы Паспалітай, мусілі не вытрымаць арганізаванай навалы з боку войскаў РФ.
Але ў выніку, тое, што задавалася адмоўным, стала вырашальным элементам не проста супраціву, але фарміраваня самадастатковай сістэмы, здатнай да самааднаўлення і патрэбных трансфармацый.
На фоне Украіны абсалютна зарэгламентаваныя, што крамлёўская, што еўрапейскія ўладныя структуры і грамадствы прадэманстравалі няздатнасць быць гнуткімі, своечасова рэагаваць на імклівыя непрадугледжаныя выклікі. Хаця сістэма ўлады, як і апісваў Фуко, здолела размеркавацца на ўсе сферы жыцця па целе грамадства, яна не стала матывуючым да дзеяння элементам. Без фрагментаў заахвочвання да супрацы, адміністратыўны апарат цалкам ператварыўся толькі ў вечнага прыгнятальніка волі.
Асабліва ў таталітарных грамадствах індывіды гэта лепш разумеюць, хай у большасці толькі падсвядома, чым ва ўмоўных дэмакратыях заходняга кшталту. І такім чынам любое памкненне выйсці на межы разумення ролі асобы ў грамадстве і грамадства ў краіне, а таксама ўявіць істотнасць уплываць на працэсы, у свядомасці сутыкаецца з неабходнасцю адрынуць атаесамленне народа, краіны з каманднымі органамі. Адасобленасць ад уладаў. Але гэта не адпавядае дысцыплінарнаму шаблону.
У такіх сітуацыях індывіды і супольнасці здатныя толькі на працяглае знаходжанне ў прастрацыі з невялікай верагоднасцю пераасэнсавання праз рэфлексіі.
Крыніца: 4.bp.blogspot.com
Чытайце яшчэ: Рабіся інакшым — альбо загінеш
Таму грамадствы ў РФ і Беларусі апынуліся ў становішчы аморфных назіральнікаў, без магчымасцей самаарганізацыі для хаця б якога ўплыву на сітуацыю абсалютна ва ўсіх сферах жыцця — ад адміністравання дзіцячых садкоў бацькамі да выказвання нязгоды з ваеннымі дзеяннямі больш масавымі групамі.
Магчыма, мы цяпер ёсць відавочцамі таго працэсу, які Фуко называў трансфармацыяй ад дысцыплінарнасці да кантролю.
Калі ад самавыхавання індывіды і грамадства пераходзяць да самакантролю. Калі муштра ў школах, клініках, войску і турмах уладам больш не патрэбная. Нават не трэба кантраляваць індывідаў, воля якіх настолькі прыгнечаная, што яны кантралююць сябе і нават свае думкі, перакананыя, што заўжды знаходзяцца пад каўпаком.
Апісаная вышэй аморфнасць грамадства і ёсць элементам самакантролю. Калі падсвядома любое дзеянне па-за межамі шаблонаў і нават думкі аб ім на падсвядомасным узроўні блакуюцца.
З аднаго боку, для таталітарнага каманднага апарата такая сітуацыя можа падацца ідэальнай. Але з іншага — калі індывід і супольнасці падсвядома блакуюць любыя дзеянні па-за рамкамі, напрыклад салідарызацыю на добраахвотных асновах, ці здатнае такое грамадства аб’яднацца дзеля абароны краіны, горада, дома?
Ці не абярэ такі атамізаваны грамадзянін варыянт застацца ўбаку, не ўмешвацца, нават памерці — абы не пакінуць межы дазволенага і выдрэсіраванага з маленства шаблона?..
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org