Гісторыя з’яўлення шахматаў на нашай зямлі — бадай што неблагі гістарычны дэтэктыў, у якім шмат пытанняў і яшчэ болей — неадназначных адказаў на іх.
Большасць даследчыкаў мяркуюць, што гэтая гульня ўзнікла ў Індыі дзесьці ў V–VI стст. н. э. Старажытнаіндыйскія шахматы адрозніваліся ад сённяшніх: там адначасова на шахматнай дошцы гулялі чатыры чалавекі й было чатыры шахматныя войскі. Гуманістычныя (буддыйскія і іншыя рэлігійныя) погляды ўсходняй цывілізацыі выліліся ў сімвалізм шахматаў, якія спачатку атаясамліваліся з адвечнай вайной Свету і Цемры, добрых і злых багоў. Пазней гэтае ўяўленне сышло да ўзроўню свецкага — шахматы ўспрымаліся як адлюстраванне альтэрнатыўнага — мірнага, інтэлектуальнага вырашэння вайсковых канфліктаў і процістаянняў.
Такога погляду на шахматы трымаліся не толькі далёкія азіяцкія рэгіёны. Так, у зборніку «Мабіногіён», складзеным кельтамі Брытаніі, распавядаецца, як два каралі гулялі ў шахматы на вяршыні ўзгорка, а ўнізе іх войскі змагаліся адно з адным. Адзін з каралёў выйграў, і адразу з даліны прыскакаў ганец з паведамленнем, што войска другога караля разбіта.
Не ўсё на свеце вырашаецца вайной. Злева — бой гішпанскага крыжака з мурынам (паміж 1200 і 1300 гг., Барселона, рукапіс з Бібліятэкі Сан-Ларэнца дэ Эскоры). Справа — хрысціянін гуляе ў шахматы з мурынам, мініяцюра «шахматнага» рукапісу кастыльскага караля Альфонса (Libro de los Juegos / Libros del Axedrez, Dados et Tablas, паміж 1252 і 1282 гг.). Крыніца — Wikipedia
Але ж вернемся да храналогіі і ўмоў пашырэння шахматнай гульні. У выніку прасоўвання войскаў халіфату на ўсход арабы таксама пазнаёміліся з інтэлектуальнай гульнёй. Адпаведна з нормамі Карана, які забараняў рабіць выявы жывёлаў і людзей, шахматы набылі першапачатковую абстрактную форму. Пазней, рознымі шляхамі, праз халіфат Амейядаў на Іберыйскім паўвостраве (Гішпанія) або праз Рамейскую (Візантыйскую) імперыю, шахматы трапілі і ў Еўропу. Аднак і па сёння няма адназначнага адказу, якім чынам шахматы трапілі далей, ва ўсходнюю яе частку, і да нас.
Мапа гіпатэтычных шляхоў распасюду шахматаў у Еўропе. Крыніца: history.chess.free.fr
За савецкім часам гісторыі шахмат, іх з’яўленню на землях «Кіеўскай Русі» не надавалася належнай даследчыцкай увагі — магчыма, праз ідэалагічны погляд на шахматы як на «панскую гульню», а не гульню працоўнага класа, а яшчэ больш імаверна, — праз геаграфічную спецыфіку знаходак: больш за 2/3 лакацыяў артэфактаў прыходзіцца на сучасную Беларусь!
У сённяшнім матэрыяле мы паспрабуем крыху адгарнуць заслону таямніцы і згуляць у складаную партыю гісторыі шахмат нашых продкаў...
Загадка першая. Геаграфія шахматных знаходак
Даследчыкі зрабілі выснову, што ва Усходнюю Еўропу шахматы маглі трапіць праз знакаміты шлях з «варагаў у грэкі» — з Рамейскай (Візантыйскай) імперыі, таксама праз пасярэдніцтва Хазарскага каганата, а ў больш познія часы — з волжскіх гандлёвых шляхоў і са Скандынавіі, праз пасярэдніцтва не толькі «нарманаў», але і ганзейскіх купцоў.
У 2018 г. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне дзве паштовыя маркі з серыі «Археалогія», прысвечаныя старажытнай шахматнай традыцыі нашых продкаў. «Шахматныя фігуры XI–XIV стст. — унікальныя знаходкі, якія паказваюць не толькі тое, што нашы продкі гулялі ў інтэлектуальныя гульні, але і тое, што яны на высокім узроўні валодалі кастарэзным майстэрствам», — адзначана было ў анонсе. Крыніца: mpt.gov.by
Лічбы кажуць самі за сябе: з двух дзясяткаў усходнеславянскіх гарадоў (і некалькіх паселішчаў) часоў Полацкага і Тураўскага княстваў, у якіх знойдзена хаця б адна шахматная фігурка, не менш за 15 (Бярэсце, Ваўкавыск, Віцебск, Гародня, Друцк, Копысь, Лукомль, Мінск, Мсціслаў, Наваградак, Полацк, Рагачоў, Слонім, Тураў і горад на рацэ Менка) знаходзяцца ў межах сучаснай Беларусі і датуюцца шырокім перыядам — ад ХІ да XIV стст.
Акром таго, знаходкі вядомыя і са Смаленска, буйнога горада ўсходніх крывічоў. Дзіўна тое, што з тэрыторыі Кіеўскага княства на сёння вядома толькі некалькі лакацый археалагічных знаходак: Кіеў, Вышгарад і (верагодна) Чорная магіла ля Чарнігава.
(а) Касцяны слон з Кіева, ХІ—ХІІ стст.; (б) Ладдзя ’рух’ з Кіева, ХІІ ст.; (в) Ладдзя ’рух’ з Вышгарада, ХІ ст.; (г) Ферзь з Кіева, пачатак ХІІІ ст.
Няшмат знаходак і на ўсход і поўнач ад Смаленска: самая вялікая калекцыя, больш за сотню фігурак, сабраная на тэрыторыі Ноўгарада, тым не менш датуецца не раней за ХІІІ ст.; паадзінкавыя знаходкі вядомы з Суздаля і Старой Разані, а таксама з раскопаў у мястэчках Нікола-Лянівец і Арэшак, але ў асноўным яны з’явіліся ў параўнальна пазнейшы перыяд — ужо ў часы нашых Гедзімінавічаў, якія, гледзячы па знаходках з Троцкага і Гарадзенскага замкаў, ужо ўвялі інтэлектуальную гульню ў прыдворнае кола. Стан некаторых знаходак са згаданых вышэй мясцовасцей не дазваляе адназначна адказаць, што гэта былі менавіта шахматныя фігуркі.
(а) Шахматныя фігуркі з Ноўгарада, ХІІІ—ХІV стст.; (б) Касцяны кароль с Суздаля, ХІІ ст.; (в) Меркаваная шахматная фігурка са Старой Разані, ХІІІ—ХІV стст.
Яшчэ больш цікавымі з’яўляюцца лічбы знаходак з тэрыторыі нашай суседкі Польшчы: раннія паадзінкавыя знаходкі пашкоджаных фігурак, падобных на шахматныя, вядомыя з тэрыторыі Памор’я-Памераніі, але ў тыя часы, якімі іх датуюць — ад Х да ХІІ стст., — прыморская тэрыторыя не з’яўлялася стабільнай часткай дзяржавы Пястаў, затое мела трывалыя сувязі з Паўночнай Германіяй і са Скандынавіяй. На жаль, стан матэрыялу, з якога выраблены фігуркі, і іх выгляд не дазваляюць адназначна лічыць іх шахматнымі: магчыма, гэта фігуркі ад скандынаўскай гульні «хнефатафл», вядомай у час Полацкага княства як «тавлеи» — яны нагадваюць і нарды, і шахматы адначасова (да гэтай гульні мы яшчэ звернемся крыху ніжэй).
Амаль поўны камплект малых (г. зв. «падарожных») касцяных шахмат з Сандаміра «арабскага» тыпу, канец ХІІ — др. палова ХІІ стст. Крыніца: zamek-sandomierz.pl
Па ўскосных пісьмовых даных лічыцца, што шахматы з’явіліся пры манаршым двары Пястаў у ХІІ ст., у часы Баляслава Крывавуснага. Самая ранняя (і самая найпаўнейшая) археалагічная знаходка была зроблена з паўстагоддзя таму ў Сандаміры (Sandomierz): 29 знойдзеных фігурак у «арабскім» абстрактным стылі датуюцца ХІІ ст. Але, як вядома, д’ябал хаваецца ў дробязях: хаця польскія даследчыкі выбудоўваюць розныя тэорыі паходжання гэтага каштоўнага артэфакта, дакладна толькі вядома, што падобныя тыпы фігурак досыць блізкія знаходкам з нашай тэрыторыі, а вось матэрыял (костка кагосьці з млекакормячых) паходзіць з нейкай паўднёвай (магчыма, нават міжземнаморскай) краіны...
Загадка другая. Чаму знойдзеныя фігуркі выкананыя ў рознай стылістыцы?
На першы погляд, для гэтай загадкі ёсць шмат адгадак, каб атрымаць правільны адказ. Але гэта толькі падаецца.
У Старажытнай Індыі кожная фігура мела сваю канкрэтную скульптурную выяву і была шэдэўрам пластыкі. Калі гэта быў шахматны слон, то гэта быў баявы слон, калі гэта быў шахматны шах — гэта быў «раджа» ці «візір» (царскі дарадца); пешка, адпаведна, была са зброяй. Каран забараняў мусульманам рабіць выявы жывых істотаў, і арабы стылізавалі шахматы, зрабіўшы іх абстрактнымі, а недзе — і ледзь пазнавальнымі. Менавіта «арабскі» тып шахматаў першым трапіў у Еўропу.
Некалькі прыкладаў шахматных фігурак у тыповым «арабскім» стылі: (а) Слон з Друцка, XII–XIII стст.; (б) Ладдзя ’рух’ з Копыся, XII ст.; (в) Конь з гарадзішча на р. Менцы, пач. ХІ ст.; (г) Пешка з Друцку, XII–XIII стст.
Паколькі шахматныя фігуркі вырабляліся ў асноўным з дрэва ці косткі, несумненным плюсам было выкарыстанне спрошчаных выяў: не толькі прыдворны майстра, але і рамеснік з кірмашу мог у даволі кароткі час нарэзаць камплект такіх фігурак.
У той жа час шахматы былі гульнёй эліты, таму мастацкая якасць іх выканання, безумоўна, падкрэслівала сацыяльны (а часам — і палітычны) статус іх уладальніка. Да таго ж хрысціянства не накладала абмежаванняў на стварэнне выяваў людзей ці жывёл. Таму паралельна з «арабскім» стылем шахмат па Еўропе пачаў распаўсюджвацца і «выяўленчы» тып шахматных фігурак — як сёння б сказалі, — сувенірны ці калекцыённы тып.
На тэрыторыі Беларусі зафіксаваны прыклады абедзвюх традыцый — і стылізаваныя шахматы, і шахматы-выявы, сапраўдныя творы мастацтва.
Шахматныя фігуркі, выкананыя пад уздзеяннем заходнееўрапейскіх традыцый: (а) Фігурка караля са Слуцка, ХІІ ст.; (б) Ладдзя з Ваўкавыска, XIII ст.; (в) Ладдзя з Гародні, XII ст.
З гэтага месца, здаецца, нашая загадка б і скончылася, калі б не разнастайнасць тыпаў фігурак, знойдзеных у розных гарадах. Напрыклад, частка фігурак-выяваў, якія знойдзеныя ў Ваўкавыску (ладдзя), Гародні (ладдзя), Слуцку (кароль), паказваюць несумненны ўплыў заходнееўрапейскага, дакладней — паўночнаеўрапейскага мастацтва.
(а) Фігурка караля з Паўночнай Германіі, каля 1200–1250 гг.; (б) Набор шахматных фігурак з выспы Льюіс (Шатландыя), выкананых нарвежскім майстрам, каля 1150–1200 гг.
У той жа час антрапаморфныя фігуркі з Бярэсця (кароль), Лукомля (ферзь) і Ваўкавыска (пешка-бубнач) паказваюць некаторыя ўсходнія рысы, паходжанне якіх не зразумела: падобнымі па стылістыцы з’яўляюцца фігуркі-выявы з хазарскага Саркела (Белая Вежа) і далёкага сярэднеазіяцкага Афрасіяба (Старажытны Самарканд), але датаванне такіх артэфактаў (ад VII да XI стст.) не стасуецца са знаходкамі на нашых землях.
Шахматныя фігуркі з элементамі ўсходніх матываў: (а) Фігурка караля з Берасця, ХІІ—ХІІІ стст.; (б) Фігурка ферзя з Лукомля, ХІІ ст.; (в) Фігурка пешкі-бубнача з Ваўкавыска XII ст.
Прыклады ўсходніх фігурак-выяваў, выкананых у рэалістычнай манеры: (а) набор фігурак з Афрасіябу (Старажытны Самарканд), каля VII–VIII стст.; (б) фігурка слана з раскопаў хазарскай сталіцы Саркел (Белая Вежа), паміж ІХ і ХІ стст.
Пры гэтым абедзве падгрупы часткова перакрыжоўваюцца тэхнікай выканання фігурак, а таксама — падабенствам з мясцовымі дробнымі знаходкамі пабытовага прызначэння.
Можна меркаваць пра існаванне ў Панямонні мясцовай школы майстроў-рэзчыкаў, вырабы якіх і традыцыі мелі папулярнасць і ў суседніх рэгіёнах.
Прыклады дробнай пластыкі Панямоння са скандынаўскімі матывамі: злева — капавушка ў выглядзе лірніка з Навагрудка, ХІІІ ст. Справа зверху — плітка з выявай фантастычнага «лютага звера» з Ваўкавыска, канец ХІІ—ХІІІ стст. Справа знізу — наверша з Ваўкавыска ў выглядзе фантастычнай галавы пачвары, якая праглынае чалавека, др. палова XII–XIII стст. Нацыянальны мастацкі музей
Трэцім падвідам шахматных фігурак, якім карысталіся нашыя продкі, была «еўрапейская версія» «арабскіх» шахмат — фігуркі мелі яшчэ больш схематычны, геаметрычны від, месцамі цалкам непадобны на свае прататыпы; з іх толькі абрыс ладдзі ўсё яшчэ нагадваў арабскую выяву, а вось конь займеў больш выразную форму. Простасць выяваў і хуткасць вырабу падобных фігурак пры дапамозе такарных прыладаў да XV ст. цалкам выпхнула іншыя тыпы з выкарыстання, а самі шахматы зрабіла гульнёй не толькі прыўладнай вярхушкі, але і іншых, менш заможных саслоўяў.
Некалькі прыкладаў еўрапейскіх абстрактных фігурак: (а) Набор касцяных фігурак з Віцебска, XIII–XIV стст.; (б) Фігурка з гарадзішча былога замка на воз. Дрысвяты, ХІІІ ст.; (в) Ладдзя з раскопаў Старога замка ў Гародні, XIV ст.
Еўрапейскі тып арабскіх фігурак і стаў выяўленчай асновай сучасных шахматных фігур. Менавіта фігуркі такога тыпу, а таксама фрагмент шахматнай дошкі былі знойдзены падчас рэстаўрацыі Гарадзенскага замка. Магчыма, вялікі князь Вітаўт, або хтосьці з прыдворнай магнатэрыі бавіў час за шахматнай партыяй.
Загадка трэцяя. Як нашыя продкі называлі шахматныя фігуры?
Гэта сапраўды загадка: насамрэч мы не ведаем дакладна, як называліся шахматныя фігуры не толькі ў часы існавання гарадзішча на Менцы, але і за часам Гедзімінавічаў. Ва ўсходнеславянскай пісьмовай традыцыі ўпершыню пра гульню ў шахматы згадваецца ў Наўгародскай Сінадальнай Корчмай (1260-я гг.) — зводзе правілаў для святароў, які акурат і забараняў гэтую інтэлектуальную гульню.
Тыя тэрміны, якія мы ведаем сёння, прыйшлі ў Рэч Паспалітую ў XVI–XVII стст. — у асноўным з перакладных твораў, прычым тагачасная тэрміналогія была набліжана да нямецкай. У Маскоўскую дзяржаву шахматы трапілі хутчэй за ўсё праз Наўгародскую зямлю, у якую, імаверна, прыйшлі праз гандаль са скандынаўскімі хаўруснікамі (Готланд) і нямецкай Ганзай. Назвы фігураў з гэтых тэрыторый, хаця і маюць славянскія карані, узыходзяць да іранскіх тэрмінаў, адзін з якіх застаўся амаль нязменным — «ферзь».
Паколькі шахматы стагоддзямі заставаліся арыстакратычнай гульнёй, то ў нашых краях у іх гулялі і Радзівілы, і Сапегі, і Хадкевічы, і Агінскія. У часы культурнага росквіту ВКЛ і Рэчы Паспалітай шахматныя фігуры былі распаўсюджаны пад наступнымі назвамі:
КАРОЛЬ (польск. król) меў той жа сэнс амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Цікава, што ён цалкам выцесніў такую славянскую тэрміналогію, як «цар» і «князь».
(а) Драўляны кароль з Мінска, ХІІ—ХІІІ стст.; (б) Кароль з Берасця, ХІІІ в.; (в) Кароль з Друцка, ХІІІ—ХІV стст.; (г) Кароль са Смаленска, ХІІІ—ХІV стст.
ДАМА, або ГЕТМАН — так называлі фігуру фярзя, але ў хуткім часе, імаверна, праз цікаўнасць манархічных асобаў жаночага полу як да гульні, так і да палітычных спраў, пашырылася назва «ШАЛЁНАЯ КАРАЛЕВА», скараціўшыся ўрэшце да назвы КАРАЛЕВА.
Злева — ферзь з Лукомля, ХІІ ст.; справа — кароль або ферзь з Берасця, ХІІ—ХІІІ стст.
ВЕЖА (польск. wieża) захавала свой агульнаславянскі сэнс; імаверна, пад уплывам усходнеславянскай традыцыі сустракаецца інкалі і «тура». Цікава, што першапачатковая назва, «рук», у іранскай мове мела значэнне «баявой калясніцы». Калі ж арабы пазнаёміліся з гульнёй і яе фігурамі, выява гэтай фігуры падалася ім больш падобнай на вялікую птушку, што раскінула крылы — таго самага Руха з казак пра Сіндбада-марахода. Наданне фігуры формы ладдзі, як і саму назву «ладдзя», пакуль адназначна патлумачыць не атрымоўваецца.
(а) Ладдзя з Верхняга замка ў Слуцку, ХІІ ст.; (б) Ладдзя ’рух’ з Копыся, XII ст.; (в) Касцяная ладдзя з Мсціслаўя, ХІІІ ст.; (г) Ладдзя з Ваўкавыска, ХІІІ ст.; (д) Ладдзя са Старога замка ў Гародні, ХІV ст.
СЛОН — у польскамоўнай традыцыі меў назву ГАНЕЦ (goniec), якая, у сваю чаргу, узыходзіць да нямецкай назвы фігуры. Цікава адзначыць, што ў заходнееўрапейскай традыцыі (і ў скандынаўскай у тым ліку) гэтая фігура мела назву «біскуп». Усходнеславянскі адпаведнік невядомы: падобна, што назва была ўзята прамым шляхам, праз перакладу.
Злева — касцяны слон з Друцка, ХІІ—ХІІІ стст.; справа — слон са Слуцка, ХІІІ ст.
КОНЬ — у заходнееўрапейскай традыцыі гэта фігура мела назвы, зведзеныя да паняццяў «рыцар», «коннік». Той факт, што і ва ўсходнеславянскіх, і ў заходнеславянскіх мовах засталася больш старажытная форма «конь», можа ўскосна паказваць, што шахматы атрымалі папулярнасць нашмат раней, чым склалася шляхетная сістэма рыцарства. У польскамоўнай традыцыі таксама вядомая назва «skoczek» — літаральна «скакун», то-бок «вершнік».
(а) Конь з гарадзішча на Менцы, ХІ ст.; (б) Конь з Навагрудка, ХІІ ст.; (в) Конь з Турава, ХІІІ ст.
ПЕШКА — назва ўзыходзіць да агульнаеўрапейскага тэрміну (на лаціне), які пазначаў «пяхотніка, пешага ваяра»; у некаторых краінах і на некаторых этапах гэтая фігура таксама мела значэнне «селянін, хлоп». Польскі варыянт, pion/pionek, узыходзіць да заходнееўрапейскай назвы пяхотніка. Выяўленчыя фігуркі паказваюць, што ўжо на раннім этапе назва адпавядала сваёй выяве.
(а) Пешка з Менска, ХІІІ ст.; пешка з Друцка, ХІІ ст.; пешка з Гародні, ХІІ—ХІІ ст.; пешка або тура са Слуцка, ХІІ ст.; пешка-бубнач з Ваўкавыска, ХІІ ст.
Наколькі моцна шахматы ўвайшлі ў жыццё нашых продкаў, добра ілюструе знакамітае выданне нашага суайчынніка Саламона Рысінскага з Любчы — «Польскія прыказкі» (Proverbiorum Polonicorum a Solomone Rysinio Collectorum Centuriae Decem et Octo. — Lubecz ad Chronum, 1618), дзе, сярод іншага, можна сустрэць і выслоўі, звязаныя з шахматнай гульнёй: «Szachem padać» (у сэнсе нечаканага падзення, правалу), ці «Albo szach, albo mat» (у сэнсе «або прыбытак, або страта»), або «I w szachach przyjaciela poznać» («І ў шахматах спазнаць сябра»). Шахматныя элементы зрабіліся таксама неад’емнай часткай рыцарскай культуры, займаючы пачэснае месца спачатку на гербах польскай, а потым — і літвінскай шляхты.
Злева — тытульны аркуш з кнігі Саламона Рысінскага «Польскія прыказкі» (Любча, 1618). Справа — літвінская версія герба «Карэнга» з элементам шахматнай дошкі
Загадка чацвёртая. Якой была старажытная шахматная дошка?
Здаецца, на сёння загадка цалкам адгаданая: багата ілюстраваны першы еўрапейскі кодэкс-«мануал» па гульні ў шахматы — «Libro de los Juegos», або «Libro de axedrez, dados e tablas», — быў створаны пры двары караля Кастыліі, Галісіі і Леона Альфонса X Мудрага яшчэ ў 1283 г. На мініяцюрах можна пабачыць выявы класічнай 64-клеткавай двухколернай дошкі і ўзоры шахматных фігурак на ёй. Кароль паклапаціўся нават пакінуць апісанне, як павінны выглядаць самі фігуркі — ён прапаноўваў менавіта еўрапейскі тып, фігуркі-выявы.
«Дамы, якія гуляюць у шахматы». Мініяцюра з кастыльскага кодэкса караля Альфонса Х
Відавочна, што гэты каштоўны трактат так і не дабраўся да нашых шыротаў, і правілы класічнай гульні ў «шахі», як называлі іх нашыя продкі, на нашых землях з’явіліся пазней — дзесьці напрыканцы XV ст. — пачатку XVІ ст., і праз пасярэдніцтва італьянскіх выдаўцоў. Ускосна пра гэты факт сведчыць выданне ў 1566 г. польскім паэтам Янам Каханоўскім паэмы «Шахматы» («Szachy»), натхнёнай італьянскай паэмай «Scacchia ludus» (1527) аўтарства Марка Гераніма Віды, біскупа Альбы. Некаторыя ў паэме пабачылі закадаваную палітычную сітуацыю: у постаці дацкага караля Тарсэса паэт адлюстраваў караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста; княжна Ганна — гэта сястра караля Ганна Ягелонка; Фёдар — дацкі кароль Магнус, а Борзуем — маскоўскі цар Іван Жахлівы.
Адно з выданняў паэмы Яна Каханоўскага «Шахматы»
У 2018 г. па беларускіх СМІ прабегла навіна пра знаходку на Старым замку ў Гродне адломка ад нібыта шахматнай дошкі. Знаходку паспяшаліся датаваць часам Вітаўта, а па колькасці ацалелых прастакутнікаў фрагмент і напраўду выглядаў як частка класічнай шахматнай дошкі — 8×8 клетак. Аднак, відавочна, што знаходка патрабуе далейшага аналізу і, галоўнае, больш дакладнага датавання.
Фрагмент меркавана шахматнай дошкі з раскопаў у Старым замку Гародні. Крыніца: grodno-museum.by
У Рэчы Паспалітай першай працай па шахматах быў трактат Яна Астрарога пад назвай: «Навука шахмат, шырока перакладзеная на польскую мову з кніг Даміяна Партугальца з каментарыямі іспанца Руі Лопеса...», напісаны ў 1602–1610 гг. На жаль, да нашых дзён не захавалася нават поўная копія гэтага твора — арыгінал згарэў у 1944 г.
Такім чынам, не адказаўшы адназначна на адно пытанне, мы падыйшлі да новай загадкі.
Загадка пятая. Па якіх правілах гулялі ў старажытныя шахматы?
Арабскія «інструкцыі» па гульні ў шахматы вядомы ўжо з ІХ—Х стст., аднак ацалелыя рукапісы і копіі адносяцца да ХІ—ХІІ стст. Таксама вядома пра першы еўрапейскі шахматны кодэкс, які быў складзены ажно ў канцы ХІІІ ст. Знаходкі паказваюць, што нашыя продкі гулялі ў шахматы і ў ХІ ст., і ў ХІІ ст., і ў ХІІІ ст., але вельмі сумніўна, каб яны карысталіся арабскім ці гішпанскім досведам гульні.
Сучасная спроба рэканструкцыі наўгародскіх «шахаў»
Тым больш пытанне робіцца цікавым, што з усіх «старажытнарускіх» лакацый шахмат толькі ў Ноўгарадзе знойдзены дзве расчэрчаныя на два гульнявыя палі драўляныя дошкі. Адно поле цэлае і ўяўляе сабой прамавугольнік, падзелены ўздоўж на дзве часткі, кожная з якіх у сваю чаргу падзелена на 16 невялікіх прамавугольнікаў. Ад іншай дошкі захаваліся толькі фрагменты, якія змяшчаюць таксама 16 невялікіх прастакутнікаў. Даследчыкі адзначаюць, што дошкі прызначаліся для гульні ў шахматы па правілах, якія не дайшлі да нас. У гэтых знаходках крыецца невялікая зачэпка, якая насамрэч вядзе ўтроп заходнееўрапейскіх стасункаў.
Сучасная спроба рэканструкцыі «вікінгскіх шахмат»
Наступную падказку падае перакладзены на тэрыторыі Русі не раней за ХІІ ст. візантыйскі зборнік грэчаскіх выслоўяў IX ст. «Пчала», у якім згадваецца пра распаўсюд гульні «тавлеи и шахы», прычым у першапачатковым тэксце стаіць «петтэя і косці» (петтэя — гульня, падобная на шашкі). Перакладчыку былі невядомыя грэчаскія гульні, і ён наўпрост выкарыстаў назвы з рэалій свайго побыту. «Шахы» ў тыя часы маглі азначаць і шахматы, і шашкі — і тое, і другое было вядома праз стасункі з візантыйскім дваром у Канстанцінопалі. «Тавлеи» ж доўгі час заставаліся незразумелай і таямнічай гульнёй — з нешматлікіх апісанняў вядома, што яна была падобна і на нарды, і на шахматы (і на шашкі) адначасова. Тэрмін «тавлеи», праз грэчаскае прамаўленне, безумоўна, паходзіць ад лацінскага слова tabula — «дошка», а гэтае назіранне дае нам яшчэ адну падказку, скіраваўшы ў бок Скандынавіі і Брытанскіх выспаў, дзе ў розных краях існавалі варыянты гульні на «каралеўскай дошцы», hnefatafl (у папулярнай літаратуры інкалі называецца «вікінгскія шахматы»).
Асноўныя фігуры шахматаў з выспы Льюіс. Сучасная рэпліка. Постаць караля, з мячом у ножнах, які ён трымае на каленях, магчыма, на думку некаторых брытанскіх даследчыкаў рытуалаў Сярэднявечча, паказвае гатоўнасць да пасвяшчэння ў целаахоўнікі
Англасаксонская Alea evangelii, ірландскі Brandubh, валійскі Tawlbwrdd і нават саамскі Tablut у рознай ступені — сваякі скандынаўскай гульні. Асноўны сэнс гульні ва ўсіх варыянтах — абарона белага караля ў цэнтры дошкі і бяспечны вывад яго ў адну з чвэрцей дошкі, у той час як супраціўнік (чорныя фігуры) павінен яго абкружыць. Само поле магло быць як буйных памераў (да 19×19 прастакутнікаў), так і малых памераў (7×7). Падабенства з нардамі і шашкамі дадае выкарыстанне кубіка для рэгулявання хадоў. Існуе меркаванне, што 82 знакамітыя вобразныя фігуркі з шатландскай выспы Льюіс маглі выкарыстоўвацца не толькі для гульні ў шахматы, але і ў «хнефатафл».
З нашай тэрыторыі таксама паходзяць фігуркі-выявы, падобныя да скандынаўскіх. Колькасць тыпаў гэтых выяваў абмежаваная або змененая (напрыклад, у наборах з Льюіса ладдзя заменена «каралеўскім ахоўнікам», а пешкі маюць абстрактны выгляд) — гэта наводзіць на думку, а ці не існаваў у Сярэднявеччы, хаця б і непрацяглы час, і наш, «беларускі хнефатафл»? Пакуль, на жаль, абгрунтаванага адказу ў нас няма...
Замест эпілогу
У шахматнай гісторыі нашай краіны можна вылучыць два важныя этапы. Першы — гэта ХІ—ХІІІ стст., калі шахматныя фігуркі знаходзяць амаль у кожным старажытным горадзе, са сваімі стылістычнымі адметнасцямі. Па колькасці лакацый знаходак Беларусь ідзе на ўзроўні такіх рэгіёнаў, як Скандынавія ці Брытанскія астравы. Другі этап не так яскрава вызначаецца, але можна казаць пра канец XIII–XV стст., калі пры двары вялікалітоўскіх князёў і ў валоданнях літвінскіх магнатаў шахматы пачынаюць ператварацца з экзотыкі ў сталую прыкмету арыстакратычнага ладу жыцця і высокага культурнага ўзроўню.
Разны шахматны набор, прысвечаны бітве пад Венай. Праца нашай суайчынніцы з Палесся, Гелены Скірмунт, прадстаўленая ў 1874 г. на мастацкай выставе ў Варшаве. Адзін шахматны бок прадстаўляла Рэч Паспалітая, а супраціўны — асманскае войска. У польскіх выданнях «Tygodnik Illustrawany» (1875, № 366) і «Kłosy» (1876, № 587) змешчаны малюнкі шахматных фігурак, але ў абодвух выпадках паблытана нумарацыя і тлумачальныя подпісы да іх. Мы зрабілі спробу аднавіць парадак і назвы фігурак: верхні радок — Кароль Ян Сабескі і Гетман Станіслаў Ябланоўскі; цэнтральны радок, злева направа — «Гусар панцырны крылаты», giermek (Збраяноша), Харунжы і літвінскі Рыцар («Пагоня герб Літвы»); ніжні радок, злева направа — непазначаная фігура, Пахолак (паж), «Хлопек» (селянін у народным кракаўскім строі), Абозны (ciura), Паляшук, Леў (замест вежы, сімвал Львоўскай зямлі) і Мядзведзь (замест вежы, сімвал Жмудскай зямлі)
Вось яшчэ пра што падумалася, стоячы перад сувенірнай вітрынай Нацыянальнага гістарычнага музея. Сапраўдным шыкоўным і запамінальным сувенірам у памяць аб нашай краіне для турыста маглі б стаць наборы (рэплікі, рэканструкцыі) нашых непаўторных шахмат, — магчыма, нават з уласнымі правіламі гульні (як прапаноўваюць некаторыя аматары) — як прыкмета і вобраз неагрэсіўнай і ўдумлівай, прагрэсіўнай і інтэлектуальнай нацыі.
Змітро Пілецкі, budzma.org
Асноўныя крыніцы ілюстратыўнага матэрыялу і тэксту:
Wikipedia
Wikiźródła, wolna biblioteka
Museum-grodno.by
Археалогія Беларусі (у 2-х тт., 2011)
Археологическое наследие Беларуси (2012)
Zamek-sandomierz.pl
Pańczyk Krzysztof. Wielojęzykowa terminologia szachowa — analiza diachroniczna i synchroniczna (docplayer.pl/18985799-Wielojezykowa-terminologia-szachowa-analiza-diachroniczna-i-synchroniczna.html)
Natalia Khamaiko. Gaming pieces from recent excavations of the Kyiv Podil (www.researchgate.net/publication/330169416_Gaming_pieces_from_Recent_Excavations_of_the_Kyiv_Podil)
aldanov.livejournal.com
Линдер И. М. Шахматы на Руси (1975)