Шалкевіч атрымаў на радзіме Быкава прэмію

24.06.2014 У краіне

Прэмію “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава гарадзенскі бард і актор Віктар Шалкевіч атрымаў ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне 21 чэрвеня. У імпрэзе ўзяло ўдзел некалькі соцень чалавек.

Пра прэмію і свае адчуванні Віктар Шалкевіч расказаў “Будзьма беларусамі!”:

— Я пакуль не ведаю, што для мяне гэтая прэмія. Павінна мінуць некалькі месяцаў, каб прайшло адчуванне эйфарыі, якое ў мяне цяпер. Для мяне было нечаканасцю дзясятае атрыманне прэміі на дзевяностагоддзе Быкава.

Што, на вашую думку, трэба рабіць беларусу, каб атрымаць гэтую пачэсную прэмію?

— Трэба рабіць сваю справу і не звяртаць увагі на тое, што пішуць ў інтэрнэтах.

Прэмія была заснаваная кіраўніком Руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе. Уручаецца яна за «выключны ўклад ва ўмацаванне духу беларусаў». Ідэя заснаваць такую ​​ўзнагароду паўстала пасля таго, як Мілінкевіч атрымаў прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава ад Еўрапарламента.

За 10 гадоў лаўрэатамі прэміі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін і Уладзімір Арлоў, палітыкі Павал Севярынец і Уладзімір Някляеў, краязнаўцы Ада Райчонак і Алесь Белакоз, мастакі Алесь Марачкін і Алесь Пушкін, музыканты Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч.

Гарадзенскі актор і  бард Віктар Шалкевіч нарадзіўся 9 лютага 1959 года ў гарадскім пасёлку Поразава (Свіслацкі раён Гарадзенскай вобласці). Вучыўся ў мясцовай школе, пасля з’ехаў у Мінск, дзе ў 1980-м годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). У 1980—1987 гадах працаваў у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры, наступныя тры гады — выкладчыкам у Гарадзенскім культасветвучылішчы. З пачатку 1990-х і да цяперашняга часу працуе ў Гарадзенскім абласным тэатры лялек. Апроч гэтага Віктар вядзе аўкцыёны па нерухомасці. Некалькі папярэдніх разоў уручэнне прэміі адбывалася ў маленькім музеі Быкава ў Гародні, створаным дэмакратычнымі ветэранамі горада.

Андрэй Мялешка
Фота: Аляксандр Ждановіч

Тэгі: