Прэзентацыя ваеннага рамана Артура Клінава “Шалом” і адкрыццё фотавыставы “Горад Сонца” адбылася 24 лютага ў гарадзенскай галерэі “Крыга”. Гэта была першая афіцыйная прэзентацыя рамана ў Беларусі. 28 студзеня ў дзень выхаду ў Мінску адбыўся толькі эксклюзіўны продаж самой кнігі.
Па словах Артура, “у гэтай кнізе шмат аўтабіяграфічнага. Усе падзеі ўзятыя з жыцця. Да
Прыкладу, мастак, што малюе мандавошак, — гэта Зміцер Вішнёў”.
“Гэтай прэзентацыяй, — кажа Артур Клінаў, — я хачу адкрыць шлях драйву новай беларускай літаратуры. З яе трэба зрабіць модны брэнд, таму мы распачалі агрэсіўны маркетынг гэтай кнігі.
Тур прэзентацый па краіне пройдзе пры ўдзеле кампаніі “Будзьма беларусамі”.
“У гэтым туры мы плануем праехаць вялікія гарады — Віцебск, Мінск, Берасце і, канечне ж, Магілёў, адкуль паходзіць галоўны герой кніжкі.
Апроч самой прэзентацыі мы павінныя прынесці “Шалом” у кожны дом — гэта значыць,
беларуская літаратура мусіць пашыраць сваю аўдыторыю. Цікавасць да літаратуры расце, і нам трэба толькі прыспешваць гэтую цікавасць. Беларуская літаратура мусіць стаць літаратурай буры і эмоцый”.
“Цяпер асноўны акцэнт кампаніі — інтэрнэт, кажа Артур Клінаў. — Па першых выніках ужо бачна, што патэнцыял будзе расці . Аднак ужо ёсць першыя пакрыўджаныя”.
Аўтар кажа, што апошнім часам натхняўся творчасцю Яна Баршчэўскага, таму што ў мінулым годзе пачаў працу над сцэнаром да экранізацыі кнігі “Шляхціц Завальня”.
Сам Баршчэўскі, па словах Клінава, “вельмі цікавы, але надта змрочны. А музыку слухаю для натхнення розную пазітыўную. Цяпер слухаю “Тату”, раней улюбёным гуртом быў “Ленінград”.
На выставе была гарадзенская моладзь, вядомыя ў горадзе мастакі і архітэктары.
Апроч “Шалома” Артур паказаў гарадзенцам і іншыя свае выданні.
Увечары 24-га Клінаў з’ехаў у Мінск. Яго фотавыстава “Горад Сонца” будзе адкрытая для наведнікаў “Крыгі” да 2 сакавіка.
Тэгі: Горадня