Шанцы NAVIBAND на «Еўрабачанні-2017» у лічбах

02.05.2017 Музыка

«Еўрабачанне» існуе 60 гадоў, і за гэты час у чым толькі не абвінавачвалася (асабліва ў нас): і што гэта конкурс шоу, а не ўласна песні, і што перамагаюць хіба фрыкі, і, вядома, што ўсё палітызаванае ды купленае. Але штогод гледачы пільна сочаць за трансляцыяй, каб абмеркаваць вынікі.

За 13 гадоў удзелу беларусаў у конкурсе ў фінал выйшлі толькі чатыры выканаўцы: Дзмітрый Калдун — 6-е месца (на сёння гэта найлепшы вынік), гурт «3+2» разам з Робертам Уэлсам — 24-е месца, Алёна Ланская — 16-е месца, TEO — 16-е месца.

Сёлета галасаваннем гледачоў і прафесійным журы было вырашана, што Беларусь прадстаўляць будзе дуэт NAVI з песняй «Гісторыя майго жыцця». Упершыню за ўсю гісторыю нашага ўдзелу ў «Еўрабачанні», прагучыць песня па-беларуску. Перамога NAVI выклікала, як водзіцца, розную рэакцыю. Мы паспрабавалі прааналізаваць, якія шанцы мае дуэт з песняй не па-ангельску, сыходзячы з папярэдніх вынікаў конкурса.

 

СПЯВАЙ ПА-СВОЙМУ

З 2004 году (мы бярэм час, калі ўдзельнічае Беларусь) 35% (146 з 414) паўфіналістаў «Еўрабачання», прадстаўляючы сваю краіну, выкарысталі ў песнях не толькі ангельскую мову.

А колькі такіх песень прайшло ў фінал? Іх — 62, што складае каля 15% ад усіх паўфіналістаў і 42% ад усіх іншамоўных песень.

Музыкам з любой краіны важна не толькі прайсці ў фінал, але і трапіць хаця б у Топ10. Згодна з падлікамі, з 2004 па 2016 год 39 неангламоўных (і з частковым ужываннем іншай мовы) песень трапіла ў топ выніковай табліцы. Гэта блізу 12% ад колькасці ўсіх фіналістаў і 7,5% ад колькасці ўсіх удзельнікаў.

У 2012 годзе 6 песень з топ-10 былі неангламоўныя ці часткова не англамоўныя, а сярэдная колькасць такіх песень у топ-10 за 13 гадоў – 3.

Выконваць песню не па-англійску – складаная задача для выступоўцаў, таму што большасць гледачоў не зразумее словаў і зместу, і яго трэба даносіць праз эмоцыі і артыстызм. З іншага боку, ужыванне іншай мовы ў песні можа зрабіцца адметнасцю выступа і дапаможа запомніцца гледачам.

 

АДЗІН СПЯВАК – ДОБРА, ДВА – ЛЕПШ

Дуэты на конкурсе не самая частая з’ява. За 13 год толькі 11% удзельнікаў выступалі парамі.

Але больш за палову дуэтаў, якія ўдзельнічалі ў паўфінале, прайшло ў наступны этап конкурса.

Адсотак трапляння дуэтаў ў 10-ку ад агульнай колькасці фіналістаў і удзельнікаў не высокі (4% і 3%), але гэта праз тое, што адпачатку ў конкурсе бярэ ўдзел не так шмат дуэтаў.

Хаця дуэты не часта радуюць конкурс сваёй прысутнасцю, бываюць вельмі яркія і запамінальныя выступы, як, напрыклад, дуэт The Common Linnets з Нідэрландаў, што заняў другое месца ў 2014 годзе.

Дуэты раней прадстаўлялі і Беларусь — «Аляксандра і Канстанцін» ды Uzari і Maimuna — але яны былі досыць умоўныя: Канстанцін і Maimuna толькі акампанавалі на гітары ды скрыпцы. Да жалю, яны не здолелі трапіць у фінал.

 

 

КОМБА!

Дуэтаў з песняй не па-англійску (ці з частковым ужываннем іншай мовы) за 13 год было толькі 15, з іх 7 прайшлі ў фінал, і 3 занялі месца ў першай дзясятцы.

Гэтымі героямі былі:  Эліца Тодарава і Стаян Янкулаў (Балгарыя, 2007, 5 месца), якія ўразілі гледачоў незвычайным вакалам і шоу з барабанамі, Інга і Ануш Аршакян (Арменія, 2009, 10 месца), якія з нацыянальным каларытам спелі пра «мув ёр бадзі»,  і Лукас Йоркас і Stereo Mike (Грэцыя, 2011, 7 месца) – артысты здзівілі спалучэннем рэпа, брэйк-данса і акадэмічнага вакала.

 

12 POINTS GO TO…

Калі прааналізаваць пераможцаў конкурса з 2004 па 2016, атрымліваецца, што 2 песні-пераможцы былі двухмоўныя2004 годзе першае месца заняла ўкраінская спявачка Руслана з яе «Wild Dances», а ў 2016 годзе Джамала з песняй «1944» паўтарыла поспех сваёй зямлячкі).

Адна песня, якая перамагла ў конкурсе, была цалкам на іншай мове: у 2007 сербская ўдзельніца Марыя Шэрыфовіч выканала песню «Molitva» на роднай мове.

Калі праверыць пераможцаў на «дуэтнасць», то ў 2011 годзе лідарам конкурса стаў азербайджанскі дуэт Ell&Nikki, праўда, яны выконвалі кампазіцыю па-англійску.

Чатыры краіны на «Еўрабачанні-2017» прадставяць песні на сваіх нацыянальных мовах: Італія, Партугалія, Венгрыя (па-венгерску і па-цыганску) і Беларусь.

Таксама мы пачуем песні на дзвюх мовах: прадстаўнікі Іспаніі і Францыі будуць спяваць на сваіх мовах і часткова па-англійску, а Харватыя вырашыла адправіць у Кіеў песню з выкарыстаннем італьянскай і англійскай.

Што датычыцца дуэтаў на «Еўрабачанні-2017», то іх будзе ажно шэсць: ад Эстоніі, Фінлядыі, Нарвегіі, Сан-Марына, Румыніі і Беларусі.

 

 

ДЫК ШТО НАМ ГАВОРАЦЬ УСЕ ГЭТЫЯ ЛІЧБЫ?

Што някепскі шанец трапіць у фінал і нават перамагчы у дуэта з песняй не па-ангельску ёсць. Зрэшты, мы не ўлічвалі тут процьму іншых магчымых параметраў.

Важна памятаць, што гурт NAVI з песняй па-беларуску – гэта найперш штосьці новае і цікавае на знакамітым конкурсе ад Беларусі, гэта тое, што можа спадабацца еўрапескаму гледачу, а самае галоўнае – гэта адлюстраванне самабытнасці і прыгажосці беларускай музыкі. Таму напісаць замежным сябрам у сацыяльных сетках з просьбай прагаласаваць за NAVI не будзе лішнім.

 

 

Марыя Сучкова для budzma.org