Вандруем разам з «Будзьма!»: Што паглядзець у Шаркаўшчынскім раёне. Частка другая

Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па Беларусі. Сёння прапануем другую частку маршрута па Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці. Тут нас чакаюць старасвецкія палацы, велічныя касцёлы, цэрквы, помнікі прамысловай архітэктуры, сцежкі нязломных патрыётаў СБП, выбітнага мастака Язэпа Драздовіча ды шмат іншых цікавостак. Такім чынам, прапануем рушыць наступным шляхам: Гарадзец — Лужкі — Германавічы — Шкунцікі — Радзюкі — Шаркаўшчына.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Шкунцікі

Наступным прыпынкам прапануем зрабіць вёску Шкунцікі. Тут на паўднёвай ускраіне вёскі захавалася вартая ўвагі Свята-Ільінская царква, унесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

2.jpg
Фота: fotobel.by 

3.jpg
Фота: fotobel.by 

3-1.jpg
Касцёл, Шкунцікі, 1900 г.

Будынак быў узведзены ў 1825 годзе з цэглы ў стылі класіцызм як касцёл. Пераасвечаны ў праваслаўную царкву пасля паўстання 1863 года. З гэтага часу храм быў моцна перабудаваны і набыў рысы рэтраспектыўна-рускага стылю. Унутры царквы варта звярнуць увагу на іканастас, там захоўваюцца абразы ХІХ стагоддзя: «Зняцце з крыжа», «Уваскрасенне», «Святы Мікола», «Трынаццаць святаў» і іншыя.

4.jpg
Фота: fotobel.by 

5.jpg
Фота: fotobel.by

На вуліцах Шкунцікаў часткова захавалася жылая забудова амаль стогадовай даўніны ў выглядзе двух драўляных дамкоў, меркавана 1930-х гадоў пабудовы.

6.jpg
Фота: fotobel.by 

7.jpg
Фота: fotobel.by

Вядома, што ў вёсцы Шкунцікі ў 1928 годзе нарадзіўся Янка Рымдзёнак — сябра Саюза беларускіх патрыётаў — асветніцкай арганізацыі, створанай навучэнцамі Глыбоцкай педагагічнай гімназіі ды Пастаўскай педагагічнай вучэльні як адказ на татальную русіфікацыю ў адукацыйным працэсе пасля Другой сусветнай вайны. Свабода і незалежнасць Беларусі былі асноўнай мэтай СБП, ягоныя сябры займаліся самаадукацыяй і прапагандай сваіх поглядаў, пашыралі шэрагі аднадумцаў у мясцінах, куды патраплялі на працу. Пасля заканчэння Пастаўскай педвучэльні Янка Рымдзёнак вярнуўся ў Шкунцікі і працаваў у мясцовай сямігодцы.

8.jpg
 Фота: imenamag.by

Прысяга СБП: Я, беларус (імя і прозвішча), уступаючы ў Саюз Беларускіх Патрыётаў, прысягаю перад Бацькаўшчынай і Беларускім Народам, што заўсёды буду верны ідэалам Свабоды і Незалежнасці Беларусі. Калі ж па слабасці сваёй або ліхім намеры я парушу гэтую прысягу і выдам тайну сяброў, няхай пакарае мяне Бог ганебнай смерцю здрадніка Радзімы.

У лютым 1947 года ўлада пачала арышты сяброў СБП, Янку Рымдзёнка асудзілі на 10 год пазбаўлення волі ў савецкіх лагерох, мяркуецца, што ён тэрмін адбываў на Калыме. Далейшы лёс Янкі Рымдзёнка невядомы.

9.jpg
Антон і Алеся Фурсы

Адзін з апошніх сведкаў тых падзеяў Антон Фурс сёлета адыйшоў у іншы свет, пахаваны на пастаўскіх могілках. Пра сваё патрыятычнае мінулае пасля рэабілітацыі ў 1992 годзе Антон Фурс узгадваў так: «Мы былі халоднымі і галоднымі, мы не мелі маладосці — яна была бессаромна распятая на калючым дроце. Але ж мы не шкадуем ні аб чым, бо засталіся людзьмі — і тады, калі большасць спявала хвалу тырану, і тады, калі былі ў няволі, і калі вярнуліся з лагеру. Дзе б мы ні знаходзіліся, думалі пра свой народ і сваю Бацькаўшчыну». Варта, будучы ў Шкунціках, абавязкова ўзгадаць пра прадстаўнікоў гэтага высакароднага і нязломнага пакалення.

10.jpg
Антон Фурс, 2020 г. Фота: imenamag.by

Радзюкі

Далей рушым у вёску Радзюкі, якая ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у XVІІ стагоддзі як уласнасць Бжастоўскіх. У 1825 годзе Антон Бароўскі выкупіў маёнтак Радзюкі ды ўдыхнуў у яго новае жыццё. З тых часоў і да савецкай акупацыі ў 1939 годзе Радзюкі належалі Бароўскім.

11.jpg
Былая сядзіба Бароўскіх у Радзюках да 1939 г. 

12.jpg
Сям’я Бароўскіх, 1893 г.

Кожнае пакаленне роду Бароўскіх мела выбітных прадстаўнікоў, таленавітых у разнастайных сферах: сярод слынных ураджэнцаў Радзюкоў і вайскоўцы вышэйшага чыну, і флоцкія інжынеры-вынаходнікі, і знакамітыя навукоўцы. Лёсы гэтых людзей моцна залежалі ад таго, якой уладзе і ў які перыяд даводзілася служыць: Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі ці Польшчы. Эдвард Бароўскі быў палкоўнікам расійскай арміі, атрымаў узнагароду за абарону Севастопаля падчас Крымскай вайны.

13.jpg
 Эдвард Бароўскі 

14.jpg
Гжэгаж Бароўскі

Гжэгаж Бароўскі, сын Эдварда, быў таксама палкоўнікам у войску, але яшчэ і выдатным інжынерам-механікам, распрацоўваў паравыя катлы, будаваў караблі, працаваў на верфях Севастопаля і Мікалаева, што на тэрыторыі сучаснай Украіны, здзейсніў падарожжа вакол свету, нават прыклаў руку да закладання першай драўлянай маставой да Вастрабрамскай капліцы ў Вільні. Гжэгаж не забываўся і пра свой маёнтак Радзюкі, паляпшаў тут сельскую гаспадарку, пабудаваў вадзяны млын, які захаваўся да нашых дзён. Варта затрымацца ў Радзюках ды абавязкова пабачыць гэты помнік прамысловай архітэктуры канца ХІХ стагоддзя.

15.jpg
Фота: fotobel.by 

16.jpg
Фота: fotobel.by 

17.jpg
Фота: fotobel.by

Апошнім уладальнікам Радзюкоў быў сын Гжэгаша Бароўскага Вацлаў Бароўскі — прафесар Віленскага ўніверсітэта. У дзень нараджэння Вацлава ў 1888 годзе ягоным бацькам на тэрыторыі маёнтка быў пасаджаны дуб, які можна пабачыць і сёння, але ўжо на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства імя Ф. Г. Макарава, бо пасля 1939 года маёнтак забрала савецкая ўлада. Пасля Другой сусветнай вайны будынак сядзібы Бароўскіх быў разабраны, гаспадарчыя пабудовы выкарыстоўваліся пад розныя патрэбы створаным на месцы маёнтка калгасам. Апроч дуба з тых часоў захавалася яшчэ ліпавая прысада, якая была высаджаная паабапал дарогі ад уезнай брамы да сядзібы.

19.jpg
Дуб у гонар Вацлава Бароўскага. Фoта: radzima.org

Не так даўно ў вёсцы Радзюкі з’явіўся помнік некалькім дзясяткам яўрэяў, расстраляным па Другой сусветнай вайне за ўцёкі з Шаркаўшчынскага гета. Раней месца расстрэлу было запаханае, але ж месцічы дамагліся, каб памяць загінулых была ўшанавана. Намаганнямі мясцовых неабыякавых грамадзянаў, журналістаў, якія асвятлялі гэтую гісторыю, помнік усё ж быў усталяваны.

20.jpg
Фота: wikimedia.org

Шаркаўшчына

Далей прапануем рушыць да самога раённага цэнтра, колішняга мястэчка на беразе Дзісны, сёння гарадскога пасёлка — у Шаркаўшчыну.

Шаркаўшчына вядомая ў пісьмовых крыніцах з 1503 года як маёнтак роду Зяновічаў, які пазней пераходзіў да Сапегаў, Дамброўскіх, Лапацінскіх. У 1767 годзе побач на правым беразе ракі Дзісна ўзнікла мястэчка Новая Шаркаўшчына, якое ў пачатку ХХ стагоддзя злілося са старой Шаркаўшчынай.

21.jpg
Фота: planetabelarus.by

22.jpg

У Шаркаўшчыне захавалася некалькі вартых увагі помнікаў. Адзін з іх царква іконы Маці Божай Усіх Смуткуючых Радасць, пабудаваная напрыканцы ХІХ стагоддзя, як і большасць цэркваў гэтага перыяду, у рэтраспектыўна-рускім стылі, каб наблізіць беларускую праваслаўную традыцыю да расійскай.

23.jpg
Фота: planetabelarus.by

23-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сёння царкву вылучае і не зусім тыповая для храмаў расфарбоўка: кантраснае спалучэнне белага і чырвонага колераў. За савецкім часам з 1948 года тут месціўся клуб, пасля крама. Толькі ў 1990 годзе царква вярнулася да вернікаў. Пасля аднаўленчых працаў і паўторнага асвячэння ў храме аднавіліся службы.

24.jpg
Фота: planetabelarus.by

Яшчэ адным вартым увагі помнікам з’яўляецца Свята-Успенская драўляная царква, пабудаваная ў 1912 годзе ў стылі мадэрн па праекце тагачаснага губернскага епархіальнага архітэктара Аляксандра Шпакоўскага. Вядома, што царква была пабудавана на месцы першай праваслаўнай царквы ў Шаркаўшчыне 1639 года, фундаванай яшчэ Сапегамі. Унутры царквы захоўваюцца абразы XVIII—ХІХ стагоддзяў.

25.jpg
Фота: planetabelarus.by

26.jpg
Фота: planetabelarus.by

27.jpg
Фота: planetabelarus.by

Ёсць дзе памаліцца ў Шаркаўшчыне і каталікам. Сучасны касцёл Узвіжання Святога Крыжа быў узведзены тут у 1999 годзе замест разабранага ў 1960-я гады на будаўнічыя матэрыялы для інтэрната больш старажытнага неагатычнага касцёла 1907 года пабудовы. Сучасны касцёл складзены з чырвонай цэглы, знешне вельмі сціплы, пазбаўлены асаблівых дэкаратыўных элементаў.

28.jpg
Фота: fotobel.by

29.jpg
Фота: fotobel.by

30.jpg
Фота: fotobel.by

Яшчэ варта ў Шаркаўшчыне наведаць сядзібу Яна-Нікадзіма Лапацінскага — дзяржаўнага дзеяча канца XVIII стагоддзя, мастацкага калекцыянера, які да таго ж займаўся стварэннем гравюраў ды скульптураў.

31.jpg

31-1.jpg

Сёння ад маёнтка Лапацінскіх, якім да 1939 года валодаў род Багуцкіх, можна пабачыць сам будынак сядзібы, ад якога аўтэнтычнай захавалася толькі трэцяя частка, флігель, капліцу, рэшткі парку ды сажалкі. Усё знаходзіцца ў вельмі занядбаным стане. Маёнтак раней меў назву Чырвоны Двор, а зараз размяшчаецца ў Шаркаўшчыне ў раёне гарадскога парку ды вуліцы Чырванадворскай.

32.jpg
Фота: fotobel.by

33.jpg
Фота: fotobel.by

34.jpg
Фота: fotobel.by

Нельга будучы ў Шаркаўшчыне абысці ўвагай і сядзібу Федаровічаў, пабудаваную на беразе Дзісны ў стылі неакласіцызм напачатку ХХ стагоддзя. Побач з ёй быў разбіты парк, які таксама часткова захаваўся да нашых дзён.

35.jpg
 Фота: fotobel.by

36.jpg
 Фота: fotobel.by

37.jpg
Фота: fotobel.by

Калі вырашыце спыніцца на ноч, то ў Шаркаўшчыне працуе дзяржаўная гасцініца «Шаркаўшчына» ў самым цэнтры на вуліцы Камсамольскай. Аднапакаёвы нумар будзе каштаваць каля 35 BYN з чалавека. Варта папярэдзіць, што будынак эксплуатуецца з 1973 года, і нягледзячы на сучасны рамонт, дух савецкага часу там паўсюдны. Таму неаматарам панастальгаваць раім пашукаць больш зручны варыянт аграсядзібаў у ваколіцах. Дзе паесці ў Шаркаўшчыне? Ёсць кругласуткавае кафэ «Алекс» па адрасе Камуністычная, 33, кафэ-піцэрыя на вуліцы Чырванадворскай, а сёлета на Плошчы 1 траўня адчынілася месца, дзе можна пакаштаваць мясцовыя сушы.

38.jpg
 Фота: planetabelarus.by

Вандруйце разам з «Будзьма!».

ПЖ, budzma.org