Бераг Чырвонага возера — у этнаграфічным сэнсе адметны рэгіён. Гэта самая поўнач Усходняга Палесся, мяжа з Цэнтральнай Беларуссю, дзе на Каляды ў абрадзе шчадравання захаваліся берасцяныя маскі. У вёсцы Дзякавічы Жыткавіцкага раёна — плоская маска Казы, вырабленая белым бокам бяросты, а ў вёсках Рог і Восава, што на супрацьлеглым беразе, у Салігорскім раёне, — карычневая маска Дзеда, вырабленая па тыпу туяска, толькі без дна, замест яго зверху прымацаваныя дзве палоскі ў выглядзе крыжа. Шчадравальнічкаў, якія здзяйсняюць абрад у ноч з 13 на 14 студзеня, на Шчадрэц, усе чакаюць. Асноўны персанаж у абрадзе — гэта Каза, сімвал плоднасці нівы. Абрад “Шчадрэц” у вёсках Рог і Восава з 2009 года мае статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці, узяты пад ахову дзяржавы.
З 1940-х гадоў захавальнікамі абраду ў вёсцы Рог былі Таццяна Навумаўна і Васіль Гаўрылавіч Хаміцэвічы, якія змоладу далучыліся да старэйшых аднавяскоўцаў і ад іх навучыліся песням і звычаям, танцам і гульням. Першы дзень Новага года — Васілле, дзень нараджэння дзеда Васіля, таму ён да канца жыцця трымаў у вёсцы гэты абрад, а яго прасторная хата заўсёды была адкрытая аднавяскоўцам для танцаў і гульняў. У маладосці ад старэйшага вяскоўца навучыўся, як “козачку ўбіці, шкурку злупіці” і, набіўшы саломаю, паставіць на драўляныя ножкі. Падчас абраду стукаюць ножкамі Казы па падлозе — каб у гаспадароў у новым годзе быў багаты ўраджай. Казу і ўвесь гурт вядуць Дзед і Баба, якія сімвалізуюць продкаў. За імі — шчадрухі-спявачкі, двое гульцоў, што імітуюць Каня, Зорканоша, музыканты. А яшчэ ЖУРАВЕЛЬ — гэта кій з крывым канцом замест дзюбы. Яго нясе высокі мужчына або жанчына, пакрыўшыся белай прасціной зверху. Першым крочыць да акна хаты з таго боку, дзе вісяць абразы, Дзед — у берасцянай масцы, доўгім вывернутым кажуху, з бярозавым кіем, на якім павязаны чырвоны бант і прымацаваны звончык. Пачынаюць шчадраваць, спытаўшыся дазволу, а Дзед звончыкам стукае па шыбе, шчадрухі спяваюць: “Ці дома, дома сам пан-гаспадар? Святы вечор, святы Васілёк!”. Калі гаспадарам песня спадабалася, клічуць у хату.
Першым у хату заўсёды ўваходзіць Дзед і стукае кіем у столь — жэст, звернуты да продкаў. За ім ідзе Баба-засявальніца. У яе ў торбе — зерне жыта, якое яна “засявае” па хаце са словамі: “Сею, сею, падсяваю, з Калядою паздраўляю! З Новым годам і з добрым здароўечкам!” Пасля гэтага з песняй “Ой, устань, устань сам пан-гаспадар” уваходзяць у хату ўсе астатнія ўдзельнікі абраду. Яны размяркоўваюцца па ўсёй хаце паўкругам вакол гаспадароў. На шыі Каня і Казы званок, які раскачваецца ў такт песні і ўвесь час звініць, бо ўсе шчадравальнікі прытупваюць, спяваючы. Цікава, што ўсе маскі зробленыя ў выглядзе цацак, іх нясуць у руках. Калі ў гаспадароў ёсць незамужняя дачка або ўнучка — ёй спяваюць песню ”Ой, рана-рана куры паселі”, а калі нежанаты хлопец — “Ой, над рэчкаю над глыбокаю”. Нарэшце гучыць песня для казы “Ой, ну-ну, каза”, а жанчына, якая трымае ляльку Казы, ставіць яе на падлогу і пачынае ў такт стукаць драўлянымі ножкамі.
У тэкст песні ўваходзіць просьба вынесці пачастунак — каляду. Конь просіць аўса — яго кормяць аўсом, Журавель просіць піць, выносяць і яму бутэлечку якога-небудзь напою. Але асноўная просьба — вынесці каўбасу і сала, каб каза скакала. Усё, што просяць, гаспадары па чарзе выносяць. Скачуць “Лявоніху”. Затым пачынаецца дыялог-гульня: дзед поіць Жураўліка з талеркі, а гурт сарамаціць яго, просіць папаіць Жорава з гладыша, даць коніку аўса. Конік і ўсе з ім скачуць “Барыню” з гаспадарамі. Дзед стукае ў столь і кажа, што шукаў у хаце скарб, ды не знайшоў. Тады гаспадар уручае Дзеду грошы — каб ён садзейнічаў таму, каб у сям”і ўвесь год былі грошы. Гурт выказвае традыцыйныя зычэнні гаспадарам. Урэшце стомленыя шчадроўнікі ўсклікаюць: “Скарэй дарыце, нас не марыце, кароткі світкі, памерзлі лыткі!”, даючы знак, што хочуць ісці ў другую хату. Гаспадары даюць яшчэ хлеба, пірага і дзякуюць. Ізноў традыцыйныя ўзаемныя зычэнні: “Каб на той год даждалі і нас сустракалі!”. Са словамі “Дзякуй гэтаму дому, пойдам к другому!” выходзяць з хаты з музыкай, прыпеўкамі, скачучы.
Абрад у вёсках Рог і Восава сёння захоўвае гурт “Палескія крыніцы”, створаны ў 1973 годзе. З 1999 года абрад падтрымлівала ў жывой традыцыі дырэктар клуба ў Восаве Валянціна Саротнік, яна ж стала далучаць да ўдзелу ў абрадзе дзяцей. У 2004 годзе ён атрымаў найменне “народны”. На змену старэйшым захавальнікам абраду з вёскі Рог прыйшлі маладзейшыя з вёскі Восава. Гэта цяперашні дырэктар сельскага дома культуры Валянціна Яфімаўна Цяляк, за Дзеда ходзіць Аляксандр Леанідавіч Дубіцкі — настаўнік, кіраўнік гурткоў народных рамёстваў у клубе, падрастаюць малыя гадаванцы гурта, якія прыйдуць ім на змену і, спадзяёмся, прадоўжаць традыцыю.
Рэгіна Гамзовіч
Фота: Аляксей Сталяроў