Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка першая

04.06.2021 Краіна

Пакуль межы закрытыя, працягваем спазнаваць свой край. Гэтым разам прапануем завітаць на Шчучыншчыну. Нездарма пра яе складаюць песні — тут і сёння ёсць што паглядзець: і лясы, і азёры, і паркі, і касцёлы, і цэрквы, і сядзібы. Ад Мінска да Шчучыншчыны каля 200 кіламетраў.


Прапануем праехаць па маршруце Мураванка — Вялікае Мажэйкава — Ішчална — Жалудок — Лапаты — Ражанка.

1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Мураванка

Гатычная абарончая царква Святой Багародзіцы ў Мураванцы — адзін з сімвалаў Шчучыншчыны. Гэта адна з дзвюх захаваных гатычных цэркваў абарончага тыпу ў Беларусі. Будынак мае ўсе рысы, характэрныя для абарончых пабудоваў, таму царкву ў вёсцы Мураванка нават можна назваць царквой-замкам. Яна адметная тым, што не мае размежавання сакральнай і абарончай прасторы, байніцы можна заўважыць нават у алтарнай частцы царквы.

ШЧУ-ЧЫН-ШЧЫ-НА: Вандроўка па знакамітым краі

2.jpg

Пра час пабудовы храма даследчыкі спрачаюцца да сёння, імаверна, ён быў узведзены ў перыяд з 1516 па 1542 год, калі трэба было бараніцца ад нападнікаў з суседняй Масковіі і яе хаўруснікаў.

3.jpg

Унутры варта звярнуць увагу на ўнікальныя «зоркавыя» і «сотавыя» скляпенні, якія захаваліся ў выдатным стане з ХVI стагоддзя. Царква неаднойчы перабудоўвалася, апошні раз — у 1871–1872 гг, калі былі надбудаваная дзве вежы са званіцай.

4.jpg
Фота: Алесь Мацеша

5.jpg
Фота: Алесь Мацеша

Царква за сваю гісторыю пабыла праваслаўнай, уніяцкай, каталіцкім касцёлам. За савецкім часам была закрытая і вернута вернікам толькі ў 1990 годзе.

6.jpg

Вялікае Мажэйкава

У Вялікім Мажэйкаве варта звярнуць увагу на рэшткі гаспадарчых пабудоваў, што засталіся ад колішняй сядзібы Хадкевічаў і часткова захаваны прысядзібны парк. (53.682937, 24.934074).

7.jpg

Сам палац, пабудаваны напрыканцы ХVIІІ стагоддзя, згарэў у 1915 годзе. Апошнім гаспадаром быў Міхал Верашчака. Сёння найбольшую цікавасць для наведнікаў уяўляюць дом для служак, бровар, свіран і лямус.

Вандруем па сталіцы заходняга Палесся — Пінску

8.jpg

9.jpg

Лямус выкананы ў традыцыях драўлянага дойлідства. Гэта двухпавярховы, квадратны ў плане будынак, першы паверх якога мураваны, другі — драўляны. Аздоблены вонкавай драўлянай галерэяй на ўзроўні другога паверха.

10.jpg

11.jpg

12.jpg

Прысядзібны парк, закладзены ў 1787 годзе, меў сіметрычную форму і быў абнесены мураванай агароджай. Сёння навокал парку можна пабачыць рэшткі агароджы з галоўнай брамай.

Мястэчка чатырох канфесій: вандруем у Іўе!

13.jpg

Ішчална

Далей рушым у колішняе мястэчка, сёння вёску Ішчална. Тут варта звярнуць увагу на барочны Траецкі касцёл і адзіны захаваны ў Беларусі сонечны гадзіннік.

14.jpg
Фота: planetabelarus.by

Цяперашні касцёл пабудаваны ў 1755–1758 гадах на сродкі гарадзенскага харунжага Язэпа Вала. Каменны храм узвялі на тым самым месцы, дзе стаяў драўляны 1515 года пабудовы. Больш з тое, новы касцёл мае прыкладна такія ж памеры і сістэму алтароў, як ранейшы.

На што паглядзець акрамя замчышча? Гайд па Наваградку ад «Будзьмы»

15.jpg
Фота: radzima.org

Будынак касцёла — прыклад позняга барока, звонку сціплы, а ўнутры буяе ракако. У інтэр’еры варта звярнуць увагу на тры алтары, драўляны амбон і неарэнесансны арган 1909 года працы Вацлава Бярнадскага. Унутранае аздабленне касцёла захавалася ў адносна добрым стане, бо ён быў дзейны нават за савецкім часам.

16.jpg
Фота: argany.by

Перад уваходам у касцёл пакладзеныя дзве надмагільныя пліты. Мясцовыя распавядаюць, што надта ганарлівы мясцовы шляхціц, пераасэнсаваўшы сваё жыццё, загадаў пасля смерці пахаваць яго перад уваходам, каб кожны, хто туды прыходзіў, таптаў ягоную прыжыццёвую ганарлівасць.

Найстаражытнейшы горад Панямоння. Вандруем у Слонім!

17.jpg
Фота: radzima.org

Яшчэ ў двары касцёла варта звярнуць увагу на адзіны ў Беларусі сонечны гадзіннік, зроблены майстрам Янам Малецкім у Вільні акурат пад адкрыццё храма ў ХVIIІ стагоддзі. Такі гадзіннік у Беларусі толькі адзін.

18.jpg
Фота: planetabelarus.by

Падчас паўстання 1863 года ў касцёле служыў вядомы ксёндз Адам Фалькоўскі. Тут ён агучыў вернікам паўстанцкі маніфест, пасля чаго быў арыштаваны расійскім урадам. Яго расстралялі ў Лідзе 25 чэрвеня 1863 года.

19.jpg
Фота: radzima.org

Жалудок 

Ад Ішчалны вернемся зноў да Вялікага Мажэйкава (4 км) і рушым да мястэчка Жалудок, сёння гарадскі пасёлак.

20.jpg
Фота: planetabelarus.by

Жалудок першапачаткова згадваецца ў пісьмовых крыніцах у XV стагоддзі як вялікакняскае ўладанне, быў надзелены прывілеямі мястэчка, пабываў павятовым цэнтрам Віленcкага ваяводства і раённым цэнтрам за савецкім часам. Доўгі час Жалудок належаў Тызенгаўзам. У крыпце мясцовага касцёла да перабудовы быў пахаваны самы знакаміты прадстаўнік роду Тызенгаўзаў Антоній — дзяржаўны дзеяч, падскарбій, гарадзенскі староста за Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Тут жа нарадзіўся ягоны стрыечны ўнук Канстанцін Тызенгаўз, выбітны навуковец, арнітолаг, мецэнат і калекцыянер твораў мастацтва, з якім звязаная цэлая эпоха яшчэ адной рэзідэнцыі Тызенгаўзаў — Паставаў.

Ашмяны: горад з пакручастай гісторыяй

21.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сучасны касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі ўзведзены ў 1854 годзе ў стылі позняга класіцызму. Пад алтаром знаходзіцца крыпта, дзе пахаваны Антоній Тызенгаўз.

22.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сапраўднай перлінай з’яўляецца палац апошніх гаспадароў Жалудка Святаполк-Чацвярцінскіх. Толькі ў лянівых фатографаў яшчэ няма серыі фотаздымкаў у інтэр’ерах гэтага будынка, якія захаваліся ў добрым стане. Невыпадкова тут здымаўся фільм «Масакра», але менавіта гэтыя здымкі кепска паўплывалі на захаванасць палаца. Першы паверх палаца адкрыты для наведнікаў, уваход каштуе 4 рублі. Каб дамовіцца пра экскурсію, варта патэлефанаваць па нумары +375447415342.

Вандруем разам з «Будзьма»! На што паглядзець у Паставах?

23.jpg
Фота: Алесь Мацеша

Палац спраектаваны архітэктарам Уладзіславам Марконі ў пачатку ХХ стагоддзя. Ён спалучыў у сабе рысы класіцызму і ўжо не надта моднага на той час барока. Навокал палаца быў закладзены рэгулярны парк. Лёс гаспадара Людовіка Святаполк-Чацвярцінскага склаўся трагічна, у 64 гады ён загінуў у Асвенціме.

Лапаты

З Жалудка рушым у напрамку вёскі Ражанка. Праваруч ля паселішча Лапаты варта звярнуць увагу на памятны знак, усталяваны з нагоды ўключэння геадэзічнага пункта Дугі Струвэ Лапаты ў спіс ЮНЕСКА.

24.jpg
 Фота: radzima.org

Тут жа побач знаходзіцца арыгінальны геадэзічны пункт Дугі Струвэ, умацаваны камянямі.

25.jpg
 Фота: radzima.org

Ражанка

Па дарозе да колішняга мястэчка Ражанка, за 4 км, варта звярнуць увагу на чыгуначную станцыю, пабудаваную ў першай палове ХХ стагоддзя. Аматары вандраваць чыгункай, пэўна, адсюль і пачнуць свой маршрут па Шчучыншчыне.

26.jpg
 Фота: fotobel.by

У сённяшняй вёсцы Ражанка немагчыма прамінуць касцёл Пятра і Паўла 1827 года. Фасад касцёла ўпрыгожвае герб колішніх уладальнікаў Ражанкі — роду Пацаў. Менавіта на замову Людвіка Паца паводле праекта Генрыха Марконі касцёл і быў збудаваны ў сучасным выглядзе ў неагатычным стылі

Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага

27.jpg
Фота: planetabelarus.by

Апроч касцёла ў Ражанцы ёсць унікальны будынак колішняй сінагогі, які сёння перароблены ў праваслаўную царкву.

28.jpg
Фота: racyja.com

За савецкім часам тут месціўся сельскі клуб. Пасля занядбаны будынак перадалі праваслаўным, паставілі званіцу. Новы храм быў асвечаны ў 2004 годзе ў гонар Нараджэння Хрыста.

29.jpg
Фота: racyja.com

У Ражанцы ёсць крама, але раім праехаць каля 7 кіламетраў да Шчучына і падсілкавацца там перад другой часткай маршрута.

Працяг будзе. Вандруйце разам з «Будзьма!».

ПЖ, Budzma.by