Сёння вандруем з «Будзьма!» у Слонім — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Панямоння на рацэ Шчара, вядомы ажно з ХІІІ стагоддзя як сталіца Слонімскага княства, сёння адзін з раённых цэнтраў Беларусі.
Як дабрацца
З Мінска да Слоніма — каля 200 кіламетраў. Зручней за ўсё дабірацца па шашы М1 з паваротам на Р99 на ўласным аўто, маршруткай альбо цягніком. Камфортны варыянт цягніка для аднадзённага падарожжа адыходзіць а 6-й ранку і абяцае быць у Слоніме каля 9-й.
Што паглядзець
Агляд архітэктурных адметнасцяў Слоніма можна пачынаць ужо з чыгуначнага вакзала. Будынак вакзала — помнік архітэктуры неабарока, пабудаваны ў 1922 годзе. Тут жа варта звярнуць увагу на вадацяжную вежу ў стылі мадэрн.
Першая згадка пра Слонім у пісьмовых крыніцах адносіцца да 1252 года (на думку некаторых даследчыкаў — да зімы 1249–1250 гг.). Але паводле праведзеных у Слоніме археалагічных даследаванняў Георгія Пеха і Яраслава Звяругі, у раёне замчышча першае паселішча ўзнікла тут ужо ў Х—ХІ стагоддзі.
Сярод знойдзеных матэрыялаў былі пераважна гарадскія рэчы: рэшткі жылых дамоў з печамі, цыліндрычныя замкі, кераміка, бранзалеты. Але самая цікавая знаходка тут з калекцыі аднаго з першых даследчыкаў Слоніма — Іосіфа Стаброўскага: балцкі шлем ХІІІ стагоддзя, які, мяркуюць некаторыя гісторыкі, належаў вою з дружыны першага і апошняга караля Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга.
Слонім быў не самым буйным горадам, але значным цэнтрам у гісторыі станаўлення ВКЛ. Магдэбургскае права атрымаў у 1532 годзе.
Тут на цэнтральнай плошчы, трохі далей ад замчышча, была ўзведзеная ратуша, спачатку драўляная. Сённяшні будынак ратушы быў узведзены ў ХVІІІ стагоддзі. Будынак сціплы, барочны, двухпавярховы, адрозніваецца ад іншых ратуш Беларусі адсутнасцю вежы. Будынак выкарыстоўваўся па прызначэнні і за савецкім часам: тут размяшчаўся райвыканкам.
На планіроўку і абрысы горада, што можна заўважыць і сёння, моцна паўплывала Контррэфармацыя, калі каталіцтва стала самай уплывовай рэлігіяй у дзяржаве. У ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях у цэнтры Слоніма з’явіліся шматлікая барочныя культавыя будынкі, якія і сёння ажыўляюць цені далёкай мінуўшчыны.
Яскравы прыклад такой забудовы — размешчаны па левым беразе Шчары ў самым цэнтры Слоніма былы касцёл і кляштар бернардынцаў. Пасля паўстання 1863–1864 гг. ён быў ператвораны ў праваслаўны Свята-Траецкі сабор. Архітэктурны комплекс бернардынцаў складаецца з касцёла і будынка кляштара.
Сам будынак касцёла, сёння царквы, — раннебарочны, узведзены ў ХVІІ стагоддзі як апорны пункт сістэмы гарадскіх абарончых збудаванняў, адсюль яго знешняя масіўнасць, суворасць, сціпласць. Першапачаткова храм унутры быў аформлены ў стылі ракако. Пасля перадачы праваслаўным тут з’явіўся іканастас з цэнтральным абразам Святой Тройцы ХVІІІ стагоддзя. А ў 2015 годзе было прынятае рашэнне на галоўную вежу-званіцу ўсталяваць «цыбуліну», характэрную для расійскіх праваслаўных цэркваў, што моцна перайначыла выгляд храма і абрысы горада.
Кляштар бернардынцаў, пабудаваны ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя, захаваў сваю першапачатковую ўнутраную планіроўку з характэрнымі крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі. Цяпер тут знаходзіцца інтэрнат Слонімскага медкаледжа.
Важнай забудовай, што фарміруе аблічча Слоніма, з’яўляецца кляштар бернардынак і касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, закладзены напрыканцы ХVІІ стагоддзя. Касцёл размяшчаецца сярод шчыльнай забудовы цэнтра Слоніма, таму агледзець архітэктурны ансамбль цалкам трохі праблематычна.
Касцёл — помнік архітэктуры барока, ракако і класіцызму.
Унутры касцёла варта звярнуць увагу на інтэр’еры ў стылі ракако, спраектаваныя вядомым архітэктарам І. Глаўбіцам, а таксама на арган 1909 года. Арган не выкарыстоўваецца па прызначэнні з 1990-х гадоў, бо, кажуць, ягоныя драўляныя трубы моцна паеў шашаль.
Былі ў Слоніме прадстаўніцтвы і езуітаў, і дамініканцаў, нават канонікаў-латэран — каталіцкага ордэна, створанага ажно ў ХІ стагоддзі, які кіраваўся статутам Св. Аўгусціна. Першапачатковы барочны храм быў разбураны, а на яго месцы ўжо ў наш час пабудаваны тыповы для Расіі праваслаўны храм з характэрнымі «цыбулінамі» на вежах.
Стыль барока дамінаваў і сярод іншых канфесій, пра што сведчыць ацалелая слонімская сінагога. Гэта самы стары архітэктурны помнік Слоніма, пабудаваны ў 1642 годзе. Доўгі час сінагога была галоўным малітоўным домам слонімскіх габрэяў.
Але ў час Другой сусветнай вайны амаль уся слонімская габрэйская абшчына была знішчаная. Пасля вайны будынак выкарыстоўвалі пад розныя гаспадарчыя патрэбы. Але апошнія гады сінагога пустуе і паступова прыходзіць у заняпад. У мінулым годзе ў будынка з’явілася гаспадыня: застаецца спадзявацца, што архітэктурны помнік найбліжэйшым часам будзе адноўлены.
Напрыканцы ХVІІІ стагоддзя ў Замосці паўстаў касцёл Святога апостала Андрэя.
Будынак касцёла таксама барочны, але гэта ўжо больш вытанчанае позняе барока, калі параўноўваць з бернардынскім касцёлам, сёння праваслаўнай Траецкай царквой.
Унутры касцёла буяе ракако, што тыпова для беларускіх каталіцкіх храмаў гэтага перыяду пабудовы.
Арыгінальныя фрэскі касцёла моцна пацярпелі, бо тут было сховішча солі.
Ёсць у Слоніме і мячэць на вуліцы Агінскага. Сучасная мячэць месціцца ў гаспадарчай пабудове канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, была перанесеная туды пасля знішчэння старажытнай слонімскай мячэці ў 1944 годзе.
У 70-я гады ХVІІІ стагоддзя Слонім стаў вядомы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай праз дзейнасць вялікага гетмана Міхала Агінскага, дзядзькі знакамітага аўтара паланэза «Развітанне з радзімай». Ягоны высокапрафесійны тэатр, опера, аркестр гучалі па ўсёй Еўропе.
Палац Міхала Агінскага ў ХVIII стагоддзі размяшчаўся на замчышчы. Тут быў створаны комплекс найцікавейшых пабудоваў, з якіх сёння захавалася толькі аўстэрыя — заезны дом для гасцей, які размяшчаўся побач з палацам, накшталт сучаснага гатэля, дзе можна было пераначаваць і падсілкавацца. Будынак першапачаткова быў двухпавярховым, трэці паверх надбудавалі ў ХІХ стагоддзі.
Яшчэ пра гетмана Агінскага ў Слоніме нагадвае памятная шыльда на сучасным тэатры, які размяшчаецца ў моцна пераробленым будынку 1900 года пабудовы на месцы ранейшага опернага тэатра.
Гэтыя сцены памятаюць выступы артыстаў і вядомых асобаў ХХ стагоддзя: Міхася Забэйды-Суміцкага, Наталлі Арсенневай і іншых.
Сам стваральнік тэатра Міхал Агінскі, паводле каталіцкай традыцыі, загадаў, каб пасля смерці яго сэрца зберагалася ў Слоніме. Воля гетмана была выкананая. Срэбны куфэрак з надпісам «Сэрца Агінскага» прывезлі ў Слонім і размясцілі ў скляпеннях касцёла Святога Андрэя. Але паводле аповедаў месцічаў, той куфэрак скралі бальшавікі і вывезлі на ўсход.
Па ініцыятыве і на сродкі Міхала Агінскага быў збудаваны канал, які носіць ягонае імя. Канал злучыў Ясельду са Шчарай і, адпаведна, Чарнаморскі басейн з Балтыйскім.
Канал мае даўжыню 47 км, будаваўся ў 1767–1783 гг. і разам з возерам Выганашчанскім складае 54 км, падзяляецца на дзве часткі: вялікі канал, які злучае вышэй па плыні Шчару з Ясельдай, і малы канал, які можна пабачыць у межах Слоніма, што выпрастаў рэчышча Шчары.
На сучаснай плошчы Леніна сёння можна пабачыць некалькі будынкаў, узведзеных па загадзе Міхала Агінскага для рамеснікаў.
Слонім адышоў да Расіі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і ўсяго два гады прабыў цэнтрам губерні. Але канал Агінскага выкарыстоўваўся напоўніцу, што працягнула развіццё гаспадарчай дзейнасці на Слонімшчыне і, адпаведна, спрыяла развіццю горада. Да другой паловы ХІХ стагоддзя Слонім, не ў апошнюю чаргу дзякуючы дзейнасці мясцовага роду Пуслоўскіх, па колькасці прадпрыемстваў і працоўных абагнаў на той час губернскі цэнтр — Горадню.
Расійскае будаўніцтва канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя дагэтуль выразна заўважнае ў Слоніме. А ў міжваенны «польскі» час найбольш цікавыя будынкі былі ўзведзеныя ў стылі функцыяналізму. Варта звярнуць увагу на будынак банка 1905 года пабудовы, былую гарадскую сядзібу, дзе сёння размяшчаецца «Белпошта».
За камуністамі ў Слоніме, як і па ўсёй Беларусі, пачалося разбурэнне даўняй гарадской забудовы, у найлепшым выпадку — прыстасаванне яе пад іншыя функцыі.
Тым не менш горад здолеў захаваць асаблівую гістарычную атмасферу старасветчыны да сённяшняга дня, варта толькі прыгледзецца, прыслухацца, пашукаць на вузкіх вуліцах, падгледзець за дзвярыма старажытных касцёлаў. Невыпадкова штонядзелю а 12-й гадзіне з дынамікаў будынка ля касцёла бернардынак можна пачуць паланэз Агінскага.
Дзе паесці
У Слоніме не бракуе месцаў, дзе можна падсілкавацца на любы густ. Найбольш у цэнтры заўважана кропак фастфуду. Некаторыя праз час знікаюць, на іх месцы з’яўляюцца іншыя. Доўгія гады на сваім месцы на цэнтральнай плошчы знаходзіцца знакаміты «Пятачок».
Сетка сушы-бараў «Капібара», як і ў некаторых іншых раённых цэнтрах, працуе ў Слоніме.
Аматарам выпіць салодкай чорнай гарбаты з кантовай шклянкі пад бяляшык будзе пасаваць сталоўка на вуліцы Першамайскай.
Замовіць піцу можна ў кавярні «101 этаж», што месціцца ў будынку РДК. Увечары кавярня ператвараецца ў «М Бар», дзе паспелі ў розныя часы выступіць Volski, «Дай Дарогу» і іншыя выканаўцы.
Еўрапейскую і беларускую кухню можна пакаштаваць у бары OAZIS.
А па шаўрму можна зайсці з 9-й да 14-й на цэнтральны кірмаш, гандлёвае месца 430, і атрымаць зніжку, калі размаўляеш па-беларуску.
Дзе заначаваць
У Слоніме два гатэлі — «Шчара» і «Венецыя». «Шчара» знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Цэны ад 30 BYN за аднамесны нумар да 75 BYN — за двухмесны люкс.
Дзе не заначаваць
На тэрыторыі былой сядзібы Пуслоўскіх, сёння ў мікрараёне Слоніма Альбярцін у будынку былой стайні ХІХ стагоддзя, можна было спыніцца турыстам. Некалькі гадоў таму тагачасны арандатар будынка прыстасаваў памяшканне пад гатэль «Альбярцін». Вельмі прывабны быў аб’ект для турыстаў, бо размяшчаецца на тэрыторыі старасвецкага парку, за некалькі сотняў метраў да возера. Цяпер будынак ніяк не выкарыстоўваецца, што вельмі небяспечна для захавання гістарычнай забудовы.
Куды схадзіць
Альбярцін
Неўзабаве ў пошуку ценяў і атмасферы мінуўшчыны варта скіравацца да Альбярціна — былога маёнтка роду Пуслоўскіх, а сёння — мікрараёна Слоніма. Дабрацца туды можна, прагуляўшыся ад цэнтра каля 6 км, а таксма на аўтобусе, напрыклад, 10-м з цэнтральнай плошчы, ці на таксі (у Слоніме працуе «Яндэкс»).
Тут захаваўся палац Пуслоўскіх, які да сёння вартуюць каменныя львы. Альбярцін пабудаваны ў першай палове ХІХ стагоддзя.
Тут Войцех Пуслоўскі, якога можна лічыць адным з найлепшых прадпрымальнікаў свайго часу, заклаў палац, флігель, стайню, парк, запусціў некалькі прадпрыемстваў.
Першапачаткова сядзібны комплекс складаўся з трох палацаў: зімовага, урачыстага і летняга. Сёння ў будынку ацалелага зімовага палаца змяшчаецца спартовы клуб, у былым урачыстым палацы — Дом культуры, моладзевы цэнтр і бібліятэка.
Будынак стайні таксама захаваўся ў выдатным стане.
На парк, возера, браму таксама варта звярнуць увагу — яны засталіся на сваіх месцах з часоў Пуслоўскіх.
Пуслоўскія як старадаўні шляхецкі род разумелі сваю адказнасць за развіццё краю і актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх лёсавызначальных падзеях. Войцех і яго сям’я актыўна падтрымлівалі Напалеона Банапарта, які абяцаў аднавіць ВКЛ, праз 18 гадоў Войцех удзельнічае ў паўстанні 1830–1831 гг. А сын Войцеха Цітус Пуслоўскі стварыў паўстанцкі атрад, у якім было шмат працоўных з суконнай фабрыкі, што належала яго бацьку.
Войцех Пуслоўскі і Казімір Валовіч забяспечвалі паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам сваіх сыноў усім неабходным. Падчас паўстання 1863–1864 гг. Пуслоўскія таксама не засталіся ўбаку і дапамагалі інсургентам Слонімшчыны правіянтам, коньмі, зброяй.
Варта адзначыць, што Слонімшчына — адзін з самых актыўных цэнтраў паўстання 1863–1864 гг. 17 жніўня 1863 года за ўдзел у паўстанні ў Слоніме ля старога моста праз малы Агінскі канал быў расстраляны Карл Масальскі — сваяк заснавальніка краязнаўчага музея Іосіфа Старбоўскага.
Менавіта на Слонімшчыне (каля 50 км ад горада) пад Мілавідамі адбылася знакамітая пераможная бітва паўстанцаў з расійскім войскам. Цікава, што, нягледзячы на статус варожых бакоў, паўстанцы і расійцы перадалі адно аднаму сваіх забітых і дазволілі пахаваць іх па-людску.
На дарозе да Мілавідаў з абодвух бакоў можна пабачыць два помнікі: праваруч — паўстанцам, леваруч — забітым расійцам. Было разуменне сапраўднага вайсковага гонару ў тагачасных жаўнераў. Непараўнальна з сённяшнім, што дазваляе забіваць на тэрыторыі іншых дзяржаў без апазнавальных знакаў і быць пахаванымі ў безыменных магілах. А мінула ўсяго паўтара стагоддзя.
За помнікам царскім жаўнерам можна заўважыць зламаны колас. Ёсць меркаванне, што, пабачыўшы менавіта гэтую выяву, Уладзімір Караткевіч прыдумаў назву для аднаго з галоўных літаратурных твораў пра паўстанне 1863–1864 гг.
Раённы краязнаўчы музей імя Стаброўскага У самым цэнтры Слоніма ў будынку пачатку ХХ стагоддзя знаходзіцца раённы краязнаўчы музей.
Яго заснавальнік — народжаны на Слонімшчыне вядомы краязнаўца і збіральнік старажытнасцяў Іосіф Стаброўскі. Менавіта на аснове яго калекцыі археалогіі, нумізматыкі і іншых гістарычных каштоўнасцяў у 1929 годзе быў створаны Слонімскі краязнаўчы музей. У цяперашнім будынку музей знаходзіцца з 1957-га. Частку калекцыі Стаброўскага тут можна пабачыць і сёння.
Варты ўвагі арыгінальны экспанат — каменны паганскі ідал, знойдзены ў 1934 годзе на ўскрайку Слоніма.
Яшчэ ў музеі з асабліва рэдкіх і каштоўных прадметаў захоўваецца пераклад на польскую мову Статута ВКЛ ХVII стагоддзя — таксама з калекцыі Стаброўскага.
Варта звярнуць увагу на манетныя скарбы, адмысловы бюст Напалеона з бронзы рукі скульптара Р. Каломба 1885 года, на архівы дакументаў і разнастайных рукапісаў ХVI—ХІХ стагоддзя.
Жыровічы
Абавязкова, наведваючы Слонім, трэба завітаць у Жыровічы, дзе знаходзіцца ўнікальны архітэктурны комплекс, закладзены ажно ў 1470 годзе. Да Жыровічаў ад Слоніма — каля 12 кіламетраў. З прыпынку каля бернардынскага касцёла туды можна дабрацца на аўтобусе № 7.
Да нашага часу тут захаваўся комплекс колішняга базыльянскага манастыра з саборнай царквой Прачыстай Багародзіцы ў стылі барока і класіцызму, цэрквамі Узвіжання Святога Крыжа і Божага Аб’яўлення ў стылі віленскага барока, а таксама з драўлянай могілкавай капліцай Святога Юрыя.
Каб наведаць усе цэрквы, варта замовіць экскурсію (працягласць — каля гадзіны). Ва Успенскі сабор можна трапіць самастойна — там і захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай.
Цікава, што ажно да скасавання ўніяцтва Жыровічы былі цэнтрам уніяцкай веры на беларускіх землях. У 1810–1828 гг. тут знаходзілася рэзідэнцыя грэка-каталіцкага біскупа берасцейскага.
Галоднымі не толькі духоўна, але і фізічна вандроўнікі ў Жыровічах не застануцца. Падсілкавацца можна ў «трапезных», дзе прапануецца посная ежа ўласнай вытворчасці па вельмі бюджэтных цэнах.
Што прывезці
Раім прыхапіць з Жыровічаў самаробнага хлеба, які выпякаюць непасрэдна ў манастыры, зёлак і свянцонай вады, набранай з крынічак на тэрыторыі манастыра. У цёплы сезон у манастыры робяць смачны свежы квас. У яго якасці заўжды можна быць упэўненым, бо, натуральна, за манастырскімі сценамі вельмі пільна сочаць, каб ён не перабрадзіў.
ПЖ, Budzma.by