Сёння вандруем з «Будзьма!» у даўняе магдэбургскае мястэчка на рацэ Ашмянцы, на колішнюю Віленшчыну, у горад Ашмяны.
Як дабрацца
Даехаць з Мінска да Ашмянаў можна за пару гадзінаў, пераадолеўшы адлегласць у 133 кіламетры на аўтобусе ці маршрутцы, якія адыходзяць амаль штогадзінна. Што тычыцца чыгункі, то аднайменная станцыя Ашмяны знаходзіцца за 15 км ад горада, адтуль трэба будзе дабірацца прыгарадным аўтобусам.
Што паглядзець
У Ашмянаў даўняя пакручастая гісторыя з процьмай слаўных момантаў і трагедыяў, маўклівых сведак якіх засталося няшмат, але на дзённую вандровачку гістарычных месцаў цалкам хопіць.
Першая згадка пра Ашмяны (ці, раней, Ашмяну) датуецца 1341 годам як пра уладанні князя Гедыміна. Але існуе меркаванне, што Ашмяны ўжо існавалі ў 1040 годзе — падчас паходу Яраслава Мудрага на Літву. Гісторыя горадабудаўнічага развіцця Ашмянаў пачынаецца з сярэдзіны ХІV стагоддзя, калі існавалі дзве часткі сучаснага горада, Старая і Новая Ашмяна. Старая Ашмяна — невялікае паселішча, якое размяшчалася ў раёне самага высокага пункта горада: сёння некаторыя месцічы завуць яго «кальварыяй» ці «Ашмянскай Галгофай».
Назвалі так, бо ўжо больш за 20 гадоў ашмянцы сустракаюць Вербную нядзелю паломніцтвам праз увесь горад для ўсталявання тут вялікіх драўляных крыжоў. Месцічы робяць 14 прыпынкаў, роўных колькасці прыпынкаў, якія рабіў Хрыстос на шляху да Галгофы. У ХІХ стагоддзі на «гары» былі гарадскія могілкі пры францішканскім касцёле, руіны якога можна пабачыць і сёння.
Францішканскі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі — бадай, самы стары будынак у сённяшніх Ашмянах. Ягоны драўляны папярэднік, на думку некаторых даследчыкаў, мог з’явіцца тут напрыканцы ХІV стагоддзя як адзін з першых хрысціянскіх храмаў на тэрыторыі старадаўняй Літвы.
Францішкане былі адным з першых каталіцкіх ордэнаў, запрошаных на тэрыторыю ВКЛ для распаўсюду хрысціянства. Ёсць звесткі, што ў 1505 годзе пры касцёле ўжо існаваў кляштар, імаврны падмурак якога, быў знойдзены падчас раскопак 1980-х гадоў побач з храмам. Калі левабярэжжа ракі Ашмянка пачало актыўна разбудоўвацца, усе Старыя Ашмяны перайшлі ва ўласнасць манахаў-францішканаў. Да сёння сярод месцічаў часам можна пачуць «Францішкане» як назву раёна.
Храм неаднаразова перабудоўваўся і пашыраўся. Першапачаткова драўляныя касцёл і кляштарныя пабудовы былі спаленыя падчас Крывавага патопу ў 1659 годзе. Адноўлены касцёл зноў зруйнавалі падчас Паўночнай вайны.
У 1805 годзе новы касцёл быў адбудаваны манахамі-францішканамі ў каменна-драўляным выглядзе. Пасля пашкоджання падчас расійска-французскай вайны ў 1822 годзе перабудаваны ў стылі класіцызму. Па задушэнні паўстання 1831 года кляштар быў ліквідаваны, і будынак перарабілі пад сховішча. У міжваенны час сюды вярнуліся вернікі, але паля Другой сусветнай вайны ў савецкі час касцёл быў канчаткова занядбаны.
У 1413 годзе Ашмяна ўвайшла ў склад Віленскага ваяводства і да сярэдзіны ХV стагоддзя была рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх. У Новых Ашмянах размяшчаўся вялікакняжацкі драўляны палац, абнесены землянымі валамі. Магчыма, сучасная вуліца Першамайская (раней Замкавая) вяла акурат да гэтага імавернага замчышча.
Горад пераважна развіваўся на левым беразе Ашмянкі. На перасячэнні вуліцаў Барунскай і сённяшняй Савецкай была пабудаваная драўляная ратуша, сфармавалася рынкавая плошча. У 1683 годзе Ашмяны атрымліваюць Магдэбургскае права, пры пацверджанні якога 22 траўня 1792 года апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надзяляе Ашмяны першым гербам.
У другой палове ХVІ стагоддзя ў Ашмянах Мікалай Радзівіл Руды арганізаваў кальвінскі збор. Дзе размяшчаўся будынак збору, невядома. Ёсць меркаванне, што ён быў перабудаваны ў галоўны парафіяльны касцёл св. Міхала Арханёла (вул. Першамайская, 2).
Сапраўды, да перабудовы 1906 года касцёл меў некаторыя рысы аскетычных пратэстанцкіх збораў.
Так яно ці не, даследчыкі да канца яшчэ не вызначыліся. Але напрыканцы ХІХ ст. невялікі касцёл не адпавядаў патрэбам буйной парафіі, і было прынятае рашэнне аб ягонай перабудове. Так у 1906 годзе па праекце Вацлава Міхневіча паўстаў неабарочны касцёл Міхаіла Арханёла.
За савецкім часам яго перарабілі пад філіял Віленскага завода радыётэхнікі. Касцёл нанова адчыніў свае дзверы для вернікаў у 1989 годзе.
Паводле веравызнання Ашмяншчына пераважна каталіцкі рэгіён, з 16 000 месцічаў Ашмянаў больш за 14 000 — каталікі. Але і праваслаўным ёсць дзе маліцца. Царкву Уваскрасення Хрыстовага (вул. Савецкая, 125) збудавалі на месцы зруйнаванага касцёла і кляштара дамініканцаў у 1883 годзе ў псеўдарускім стылі. Царква дзейнічала і ў міжваенны час. У 1934 годзе святаром тут служыў Мікалай Лапіцкі — рэлігійна-грамадскі дзеяч, праваслаўны святар, педагог. Лапіцкі скончыў тэалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, абараніў магістарскую «Праваслаўе ў ВКЛ у часы князя Ягайлы». Апроч Ашмянаў да вайны працаваў у Стэфананпалі Дзісненскага павета. Падчас нямецкай акупацыі жыў у Мінску. У 1944 годзе эміграваў у Рэгенсбург і стаў настаяцелем першай беларускай праваслаўнай царквы на Захадзе. У 1950 выехаў у ЗША, арганізаваў у Саўт-Рыверы парафію св. Ефрасінні Полацкай і быў яе настаяцелем у 1950–1976 гг. Мікалай Лапіцкі — значная постаць для Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
У Ашмянах два архітэктурныя аб’екты знаходзяцца ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі: Касцёл Арханёла Міхаіла і будынак былой сінагогі (вул. Савецкая, 122 Б).
Ашмянская сінагога ўнікальная, бо спалучае ў сабе элементы мясцовай архітэктуры ў стылі класіцызму і традыцыйнай юдэйскай. Пабудаваная напрыканцы ХІХ стагоддзя, перабудаваная ў 1912 годзе. Варта звярнуць увагу на арыгінальныя драўляныя аздабленні і высокі трохузроўневы дах. На месцы пліткі некалі была лесвіца на пляцоўку, дзе маліліся жанчыны.
Яўрэйская супольнасць у Ашмянах была ўпершыню зафіксаваная ў 2-й палове ХVIII стагоддзя. Тут складаліся прывабныя ўмовы для развіцця рамёстваў і гандлю дзякуючы гарадскому статусу і блізкасці Вільні, гэта спрыяла эканамічнаму развіццю рэгіёна. Ужо ў 1880 годзе юдэі складалі 50% насельніцтва Ашмянаў.
Варта наведаць старыя каталіцкія могілкі, дзе месціцца цікавая капліца ў стылі класіцызму. Першапачаткова намаганнямі ашмянскага бурмістра Эльяша Высоцкага і ксяндза Казіміра Сайкоўскага (пахаваных на гэтых жа могілках) у 1872 годзе яна была пабудаваная з матэрыялаў, што засталіся пасля таго як дамініканскі касцёл і кляштар былі ліквідаваныя для пабудовы на іх месцы ўжо вядомай нам праваслаўнай царквы.
Але тая капліца згарэла, і ў 2004 годзе на яе падмурках была складзеная новая — з дрэва, ахвяраванага месцічамі з уласнай хаты. У аўтэнтычным выглядзе з ХІХ стагоддзя тут захаваліся брама і брукаванка.
На саміх могілках можна сустрэць надмагіллі канца ХVIIІ — ХІХ стагоддзя.
Ля капліцы пахаваныя многія значныя для гісторыі Ашмянаў і Ашмяншчыны асобаў. Палітыкі, настаўнікі, дзеячы культуры знайшлі тут свой спачын. Варта звярнуць увагу на надмагіллі з сучаснымі шыльдамі заснавальніка (1918) і дырэктара гімназіі імя Яна Снядэцкага Антонія Лакуцеўскага і выкладчыка малявання той жа гімназіі і мастака Вінцэнта Мешкуця. Першы быў закатаваны ў засценках НКУС, другі загінуў ад рук нацыянал-сацыялістаў праз год.
Будынак 1896 года, у якім месцілася колішняя гімназія імя Яна Снядэцкага, можна пабачыць сёння па адрасе Савецкая, 5. Цяпер гэта адзін з будынкаў, які належыць гімназіі № 1 горада Ашмяны. У гімназіі ў мінулым годзе адкрыўся невялікі музей, прысвечаны ўсім навучальным установам, якія функцыянавалі ў гістарычным будынку з 1918 года.
Гімназія Яна Снядэцкага была асяродкам мясцовай культуры. З яе сценаў выходзіла тагачасная эліта. Выкладчыкі гімназіі былі паважанымі і ўплывовымі людзьмі ў горадзе. Адным з такіх людзей быў і Вінцэнт Мешкуць. Захавалася каля 120 ягоных карцін, дзякуючы якім можна пабачыць, як Ашмяншчына выглядала 80-90 гадоў таму.
Фота: Ашмянскі веснік
Аматарам «заброшак» і міжваеннай архітэктуры варта звярнуць увагу на будынак былой польскай школы па вуліцы Міцкевіча, самы маштабны ў Ашмянах на той перыяд.
У Ашмянскім павеце жыло больш за сто тысяч чалавек, у саміх Ашмянах да 1939 года — больш за дзевяць тысяч. Будынак старой школы не змяшчаў 800 вучняў, і па рашэнні магістрата ў 1931 годзе была пабудаваная новая мураваная школа (Міцкевіча, 148). Цяпер будынак не выкарыстоўваецца.
У цэнтры Ашмянаў можна пабачыць шмат жылых будынкаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Месцічы трымалі крамы, аптэкі, майстэрні, у тых жа будынках, як правіла, і жылі. Варта звярнуць увагу на будынак былой аптэкі 1850 года пабудовы. Сёння тут месціцца Ашмянскі краязнаўчы музей (вул. Савецкая, 108).
Будынак пошты, 1912.
Ля моста праз Ашмянку (Барунскага, як яго называюць месцічы) можна пабачыць будынак электрастанцыі, узведзены ў 1926–1931 на месцы старога драўлянага млына. Сёння тут месціцца крама электратавараў і зачынены «Тракціръ Стары Млын». Вось такая пераемнасць.
На што паглядзець акрамя замчышча? Гайд па Наваградку ад «Будзьмы»
Адметна выглядае сумяшчэнне ў адной шыльдзе абедзвюх дзяржаўных моваў, яшчэ і з ъ у канцы. Цікавы варыянт «тутэйшасці».
Дзе паесці
З месцамі, дзе падсілкавацца, у Ашмянах не будзе праблемаў. Аматарам піцы падыдзе кафэ «Ланч» (Чырвонаармейская, 81). Разнастайнае меню, караоке і часам жывую музыку прапануе рэстарацыя «Вішнёвы сакрэт» (Савецкая, 63). Аматарам хатняй ежы варта наведаць рэстарацыю «Стары горад» (Савецкая, 92).
Тут абедзеннае меню дзейнічае і ўвечары, порцыі вялікія, цэны дэмакратычныя — усё ў найлепшых традыцыях беларускага мястэчка.
Дзе заначаваць
Аматарам савецкага сэрвісу варта заначаваць у гасцініцы ашмянскага РУП ЖКГ (вул. Савецкая, 66). Цэны тут ад 40 BYN за аднамесны нумар.
Самы бюджэтны варыянт начлегу ў Ашмянах — хостэл (вул. Савецкая, 58-18) — звычайная кватэра на 8 ложкаў. За месца — каля 15 BYN.
Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага
Есць варыянт заначаваць у сучасным Grand Hotel (вул. Савецкая, 82). Тут нумары ад 65 BYN за чалавека.
Вядома, здаюцца ў Ашмянах і кватэры на суткі, і аграсядзібаў у ваколіцах шмат на любы густ.
Куды схадзіць
Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча (Савецкая, 108).
Музей адкрыты ў 1955 годзе ў будынку былой аптэкі і дома сям’і Хімчэўскіх 1850 года пабудовы.
Сёння экспазіцыя складаецца з чатырох залаў. Першая прысвечаная асаблівасцям прыроды Ашмяншчыны. Другая — гісторыі Ашмяншчыны ад старажытнасці да ХХІ стагоддзя. Тут можна пабачыць макет Ашмянаў, зроблены краязнаўцам, мастаком-рэстаўратарам Сяргеем Верамейчыкам на грунце захаваных планаў і інвентароў розных перыядаў.
Макеты адлюстроўваюць розныя гістарычныя адрэзкі. Ніжэйшы, «плоскі», макет — канца ХIV стагоддзя, калі пачаў закладацца замак і навакольныя пабудовы. Два панарамныя макеты ахопліваюць ХVІІІ і ХІХ стагоддзі. Вітражы тэматычна звязаныя з вітрынамі і пейзажамі за вокнамі. Такім чынам можна параўнаць сучасны выгляд пэўнага архітэктурнага аб’екта з ягонымі першымі фотаздымкамі.
Шпалеры ў зале — стылізацыя мапаў ВКЛ. У вітрынах можна пабачыць музейныя прадметы — сведкі жыцця Ашмяншчыны ў перыяды Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, міжваеннай Польшчы і сучаснай Беларусі.
Тут сярод арыгінальных прадметаў ёсць шлем, які датуецца ХVІ стагоддзем, манеты са скарбу часоў Рэчы Паспалітай, культавыя і побытавыя прадметы габрэйскага насельніцтва Ашмянаў.
Трэцяя экспазіцыйная зала прысвечаная знакамітым месцам Ашмяншчыны. Тут можна пабачыць макеты славутасцяў Мураванай Ашмянкі, Барунаў, Гальшанаў.
Кожнаму макету адпавядае вітрына з прадметамі ці працамі выбітных асобаў, звязаных з азначанымі мясцінамі.
На планшэтах, прымацаваных да вітрынаў, можна пабачыць прадметы і дакументы з фондаў, якія не змясціліся ў прадстаўлены прадметны шэраг экспазіцыі.
Чацвёртая зала прысвечаная старонкам гісторыі краю ў ХХ стагоддзі, гадам сусветных войнаў, міжваеннаму перыяду, тагачаснаму побыту месцічаў і выбітным асобам Ашмяншчыны.
Завяршае экспазіцыю куток памяці Францішка Багушэвіча. Ці належалі прадметы мэблі, перададзеныя мясцовымі жыхарамі ў музей нібыта з сядзібы ў Кушлянах, сям’і Багушэвічаў, застаецца спрэчным пытаннем. Але партрэт Францішка Багушэвіча 1901 года рукі майстра Яроцкага — дакладна арыгінальны.
Музей вельмі інфарматыўны і цікавы. Тут сабе ў дапамогу варта замовіць экскурсію ці скарыстацца паслугай аўдыёгіда. Музейныя супрацоўнікі амаль штомесяц арганізуюць разнастайныя тэматычныя выставы з прадметаў уласна музейных фондаў, мастацкія ці фотавыставы мясцовых майстроў. Музей актыўна вядзе свой акаўнт у інсце, адкуль можна даведацца ўсе навіны: @oszmiana_museum.
Сінагога
У краязнаўчым музеі варта папрасіць супрацоўнікаў, каб правялі ў сінагогу. Калі вы ў Ашмяне, трапіць туды трэба абавязкова. Там захаваліся ўнікальныя ўнутраныя аздабленні.
Знутры драўляная столь распісаная ў выглядзе зорнага неба, сцены пад пілястрамі ўпрыгожаныя фрэскамі, якія сімвалізуюць 12 знакаў задыяка.
Фота: «Куда полез?»
Фота: «Куда полез?»
Пад сонцам, дзе сёння ўваход, знаходзілася шафа, у якой захоўвалася Тора — самае каштоўнае ў сінагозе.
Фота: «Куда полез?»
У гады Другой сусветнай вайны сінагога стала цэнтрам гета. На некаторых сценах можна пабачыць сляды куляў. За савецкім часам будынак выкарыстоўвалі як сховішча. Сёння будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Найбольш пацярпеў купал пашкоджанага даху, дрэва хутка гніе.
Фота: «Куда полез?»
У 2018 годзе ICОMOS падрыхтавала праект аднаўлення сінагогі і прадставіла Міністэрству культуры. Але да сёння ніякіх рэстаўрацыйных працаў тут, на жаль, не праводзіцца.
Сядзіба Лейбы Стругача
Заехаўшы ў Ашмяны, нельга не прагуляцца ўверх па плыні ўздоўж Ашмянкі, сярод яе ўзгорыстых берагоў у напрамку Будзёнаўкі (калісьці Святы Дух), былой вёскі, якая сёння ўвайшла ў склад Ашмянаў, да ўнікальнага помніка жылой архітэктуры, сядзібы Лейбы Стругача.
Лейба Стругач — уладальнік дрожджа-віннага завода, адзін з самых заможных габрэяў Ашмяншчыны канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
Сядзібны ансамбль складаўся з парку, саджалак, аранжарэі, лямуса, стайні, гаспадарчых пабудоваў. Сам будынак сядзібы — драўляны, пабудаваны ў стылі мадэрн — першапачаткова быў атынкаваны.
Лёс гаспадароў сядзібы склаўся трагічна. Пасля 1939 года саветы нацыяналізавалі прадпрыемствы нашчадка Лейбы Стругача Абрама, а сам ён з сям’ёй быў расстраляны праз тры гады ў Ашмянскім гета.
Але будынак сядзібы да 2012 года ўвесь час быў жылым. У апошнія гады там жылі настаўнікі мясцовай школы. Потым выканкам знайшоў інвестара, які зняў з будынка тынкоўку і вырашыў, што аднаўленне сядзібы не пацягне.
З таго часу сядзіба гніе і паступова разбураецца.
Чарговы знойдзены інвестар думае зрабіць тут базу адпачынку. Застаецца спадзявацца, што ў яго ў хуткім часе атрымаецца выратаваць будынак.
Цікавыя спасылкі:
Калі цікавіцеся навінамі Ашмянаў і Ашмяншчыны, варта падпісацца ў сацыяльных сетках на раённую газету «Ашмянскі веснік». Няма падзеяў у Ашмянах, якія б не асвятляліся на www.osh.by.
Што прывезці
Ашмянская кава
У Ашмянах ужо з 50-х гадоў мінулага стагоддзя працуе прадпрыемства «БелКофе», якое вырабляе як натуральную каву з замежнай сыравіны, так і кававыя нераспушчальныя напоі, якія зрэдку магчыма сустрэць на паліцах сталічных крамаў. Напоі з разнастайнага падсмажанага збожжа: ячменю, жыта, аўса — не змяшчаюць кафеіну і карысныя для здароўя. Варта прыхапіць некалькі пакункаў дадому. А брэндынг які ўнікальны!
Гальшанскі пернік.
У 2018 годзе аддзел культуры Ашмяншчыны вырашыў стварыць турыстычны брэнд рэгіёна — гальшанскі пернік. На фестывалі ў Гальшанскім замку ён карыстаўся каласальным попытам, таму вырашылі працягваць. Легенда такая, што пернік быў выключна шляхецкім ласункам, і ў кожным рэгіёне яго выраблялі па асаблівай рэцэптуры. А на Ашмяншчыне шляхты ніколі не бракавала. Для гальшанскага перніка таксама абралі сваю камбінацыю спецыяў. І форму. Сцвярджаецца, што ён мусіць быць круглым, як сонейка. Але брэнд новы, канон яшчэ не сфармаваны, таму ў форме існуюць варыяцыі. Вырабляюць гальшанскі пернік выключна ў Ашмянах, таму, даехаўшы сюды, яго варта пакаштаваць.
Ашмяны — унікальнае месца. Адсюль бліжэй да Вільні, чым з любога раённага цэнтра Беларусі. Стагоддзямі гэтая зямля аказвалася ў эпіцэнтры ўсіх лёсавызначальных падзеяў для краю. Усё гэта моцна паўплывала на фармаванне Ашмяншчыны, пэўных мадэляў паводзінаў і светаўспрыняцця месцічаў. Як і паўсталая ў апошнія дзесяцігоддзі мяжа, якая падзяліла гістарычны рэгіён паміж рознымі краінамі. Але пра гэта варта распавесці асобна.
Вандруйце, гэта натхняе нават у самы змрочны час.
ПЖ, Budzma.by