Пра Шчучыншчыну напрыканцы 2020 года не пісаў толькі лянотны. Для тых, хто не паспеў наведаць трэндавую мясцовасць ды з прычыны зачыненых межаў так і не вызначыўся, дзе правесці вялікія выходныя, прапануем павандраваць у заходнім кірунку.
З Менску да Шчучына прасцей за ўсё дабірацца на ўласным аўто па шашы М6, каб па дарозе зачапіць паболей цікавых месцаў. Бюджэтным вандроўнікам раім дабрацца цягніком да станцыі Ражанка, адтуль да Шчучына ўсяго 6 км.
Што паглядзець?
Шчучын першы раз узгадваецца ў пісьмовых крыніцах з ХV стагоддзя. Права на самакіраванне атрымаў у 1761 годзе. Меў сваю ратушу, якая да нашага часу не захавалася.
На Шчучыншчыне, у Старым Двары ў фальварку Пешын нарадзілася беларуская паэтка, грамадзкая дзяячка, публіцыстка Алаіза Пашкевіч (Цётка).
У 1991 годзе ў Шчучыне быў пастаўлены помнік Цётцы аўтарства Алеся Ліпеня. Пабачыць яго можна побач з раённым Домам культуры, які цяжка не заўважыць сярод цэнтральнай забудовы Шчучына.
Архітэктурнай адметнасцю Шчучына з’яўляецца касцёл Св. Тэрэзы, пабудаваны ў стылі класіцызму, і кляштар піяраў пры ім.
Каталіцкі ордэн піяраў — аматараў асветы — размясціўся тут напрыканцы ХVІІІ — пачатку ХIХ стагоддзя. Піярскі калегіум у Шчучыне падараваў Беларусі і свету такіх навукоўцаў, як Казімір Нарбут — стваральнік курса па эклектычнай філасофіі, Станаслаў Юндзіл — батанік, парафесар Віленскай акадэміі, Анёл Доўгірт — філосаф, выкладчык Віленскага ўніверсітэта. Тут жа пачынаў свой шлях у навуку Ігнат Дамэйка — філамат, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху, нацыянальны герой Чылі, мінеролаг і проста харошы чалавек.
Шчучын — тыповае беларускае мястэчка, таму праз дарогу ад касцёла можна пабачыць праваслаўную царкву Св. Міхаіла Арханёла. Пабудаваная яна ў 1863 ў рэтраспектыўна-рускім стылі, у народзе — «мураўёўка».
У даваенны час 70% насельніцтва Шчучына складалі габрэі. На сёння захавалася толькі невялікая частка будынкаў, звязаных з побытам і традыцыямі мясцовых юдэяў. Адзін з іх — былая сінагога, дзе сёння размяшчаецца шэраг крамаў.
Цэнтральная забудова Шчучына складаецца з тыповых адна-двухпавярховых будынкаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
На цэнтральнай плошчы Шчучына — плошчы Свабоды — пабачыце сімвал горада — вежу з гадзіннікам. Яна пабудаваная ў 2017 годзе на месцы былой цаглянай вежы-капліцы, узведзенай на пачатку ХХ стагоддзя для абароны пераважна драўлянай забудовы Шчучына ад пажараў. Тут жа размяшчана і цэнтральная ялінка з невялічкім калядным кірмашом з традыцыйным глінтвейнам, фаст-фудам і сувенірамі.
Дзе паесці?
Каб падсілкавацца, у Шчучыне ёсць некалькі прыстойных месцаў. Збольшага ўсе знаходзяцца ў цэнтры. Комплексны абед абыдзецца каля 6 BYN, звычайнае меню — да 10-15 BYN.
З антыкавіднымі мерамі, як і паўсюль, столікі размешчаны на адлегласці, уваход абавязкова ў масках.
Калі вы не аматар сталоўскай ежы, можна замовіць піцу ці сушы з 12 па 22-ую. Шчучын вядомы сваім малаказаводам. Гастранамічны турыст можа прыхапіць з сабой які малочны выраб, кшталту традыцыйнага клінковага сыру, каторы масава не даязджае да абласных цэнтраў ці сталіцы.
Дзе не паесці?
У Шчучыне, як і ў вялікай колькасці іншых раённых цэнтраў, ёсць цэнтральная рэстарацыя з аднайменнай назвай, у якую звычайна не патрапіць турысту, бо па раскладзе яна не працуе, мабыць, функцыянуе па прызначэнні толькі падчас спец. абслугоўвання.
Дзе заночыць?
Каб пераночыць, існуюць 2 вырыянты: у самім Шчучыне ці на нейкай з аграсядзібаў у ваколіцах. У межах Шчучына 2 чалавекі могуць заночыць ад 50-60 BYN. Можна размясціцца ў самым цэнтры ў будынку 1895 года пабудовы. Сервіс прыемна ўразіць.
Аграсядзібаў у ваколіцах дастаткова шмат, тут — букінг у дапамогу.
Дзе бавіць час?
Адной з архітэктурных перлінаў Шчучына з’яўляецца палац Друцкіх-Любецкіх, у якім зараз размяшчаецца Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі, супрацоўнікі якога могуць правесці цікавую экскурсію па выставе, прысвечанай гісторыі Шчучыншчыны.
Палац з’яўляецца помнікам неакласіцызму, спраектаваны ў 1892-1895 гг. па замове Уладзіслава Друцкага-Любецкага (на здымку — справа).
Адрэстаўраваны ў 2015 годзе. Унутры можна пабачыць захаваныя ў добрым стане драўляныя элементы інтэр’еру, кафляныя печы.
Шчучынскім палацам творчасці дзяцей і моладзі распрацавана 106 адукацыйных праграмаў, па іх навучаюцца 2500 дзяцей у 200 секцыях ды гуртках. На рахунку навучэнцаў каля 200 перамогаў у разнастайных міжнародных спаборніцтвах. У палацы творчасці вучаць спевам, танцам, фотаздымцы, працуе тэатральны гурток, функцыянуе байдарачны клуб, клуб спартовых адзінаборстваў і іншыя.
Шчучын можна лічыць сталіцай тайскага бокса: маладыя выхаванцы мясцовага таленавітага трэнера Уладзіміра Шурупава Ілля Сырыцкі і Андрэй Варонік ужо чэмпіён і прызёр Чэмпіяната свету адпаведна. На жаль, у лістападзе ад каронавірусу ў 35 год Уладзімір Шурупаў памёр. Шчучынскі клуб спартовых адзінаборстваў у хуткім часе будзе пераіменаваны ў ягоны гонар.
Тут жа месціцца майстэрня шчучынскага мастака і ілюстратара Міхаіла Чарнадзедава.
У Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі можна замовіць чайную цырымонію, ва ўтульна абсталяванай залі былых сутарэнняў палацу, стаць гледачамі тэатральнай імпрэзы, прысвечанай былым гаспадарам Друцкім-Любецкім, пастаўленай выкладчыкамі і навучэнцамі тэатральнага гуртка. Але пра тое варта дамаўляцца папярэдне.
Вандруйце разам з Будзьмай!
фота Planeta Belarus, ПЖ
ПЖ, Budzma.by