Беларуска Ася адкрыла ў Варшаве дзіцячы садок і школу. Тут з дзецьмі працуюць па методыцы Мантэсоры па-беларуску. Такі ж праект у Асі быў і на радзіме. Але ў эміграцыі жанчына знайшла ў ім новы сэнс — захаваць нацыянальную ідэнтычнасць і спрасціць адаптацыю дзяцей у новай краіне. Ці складана працаваць па-беларуску ў Польшчы і ці патрэбныя такія паслугі бацькам, Ася расказала MOST.
Заняткі ў школе. Фота з архіва Асі
Ідэя адкрыць беларускамоўны садок з’явілася ў Асі яшчэ ў 2013 годзе, калі яны з мужам жылі ў Мінску. Пазней у іх нарадзілася першая дачка. У той час Ася цікавілася педагогікай і асабліва сістэмай італьянскага педагога і ўрача Марыі Мантэсоры.
Методыка Мантэсоры надае ўвагу сэнсарнаму выхаванню і накіравана на «навучанне праз адкрыцці», калі навучэнцы ўспрымаюць паняцці шляхам працы з матэрыяламі, а не праз тлумачэнні настаўніка. Яна грунтуецца на прынцыпе «Дапамажы мне гэта зрабіць самому», па якім трэба дапамагчы дзіцяці задзейнічаць свой патэнцыял.
Хутка Ася стала задумвацца пра садок для дачкі.
— Нам хацелася, каб наша дачка расла ў спакойных і не зусім фармальных умовах, што вельмі рэдка можна сустрэць у звычайных садках. Хацелася, каб яна вырасла крэатыўным, свабодным і ўпэўненым у сабе чалавекам, — успамінае жанчына.
Тады ў Мінску ўжо было некалькі Мантэсоры-груп у прыватных садках, але ўсе яны былі выключна рускамоўнымі. Ася прапанавала адкрыць хоць адну такую ж групу, толькі беларускамоўную, але, па яе словах, кіраўніцтва ўсіх устаноў баялася, што яна не будзе карыстацца попытам.
— Хто ж захоча плаціць за беларускамоўныя заняткі? Такое пытанне яны мне задавалі, — расказвае Ася. — Вельмі дзіўная сітуацыя, калі ў разуменні беларусаў заплаціць за рускамоўную адукацыю — гэта норма, але ніхто не гатовы плаціць за такую ж, толькі беларускамоўную.
Тады муж Асі сказаў, што яны самі адкрыюць садок. Ён з’явіўся ў 2017 годзе ў катэджы ў Ратамцы.
Заняткі ў школе. Фота з архіва Асі
«Трэба быць супраць афіцыйнай сістэмы»
Ролю настаўніцы ўзяла на сябе Ася. На той момант у яе ўжо была адпаведная педагагічная база: яна скончыла Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, прайшла вучобу ў Кіеве, а потым у Латвіі. Але паколькі планавалася адкрыць некалькі груп, адразу патрэбна было стварыць каманду.
— Знайсці настаўнікаў, якія могуць працаваць па метадзе Мантэсоры — вельмі складаная справа. Не кожны педагог з дзяржаўных устаноў можа скончыць нават уводныя тэарэтычныя курсы па гэтым метадзе, — сцвярджае Ася. — Каб вывучаць гэтую методыку, трэба быць супраць афіцыйнай сістэмы, трэба таксама пераадолець бар’ер. Напрыклад, не баяцца правесці занятак з дзецьмі на падлозе, разглядаць дзіця як асобу, як сябра. На жаль, некаторыя настаўнікі з дзяржаўных устаноў лепей умеюць запужваць ды шантажыраваць дзяцей — сістэма робіць іх такімі. Але Мантэсоры-настаўнік павінен быць цудоўным чалавекам, як брыльянт, бо дзеці ўсё ўбіраюць.
Нарэшце Асе ўдалося знайсці выхавацеляў. А ў пачатку 2020 года ўжо ў іншым будынку яны з мужам адкрылі пачатковую школу. Але працавала яна нядоўга.
«Калі беларускамоўныя школы закрываюцца ў Беларусі, мы будзем іх адкрываць за мяжой»
Пазней сям’я пераехала ў Польшчу. І ў новай краіне вырашыла працягнуць гэтую справу.
— Нам вельмі хацелася, каб у нашай школе былі не проста заняткі па выхадных. Мы паставілі мэту адкрыць паўнавартнасны садок і школу для беларусаў. Вядома, што ў Польшчы з’явілася вялікая беларуская дыяспара, бо людзі з’ехалі з Беларусі, многія з іх у стрэсе, адразу не ведаюць, у якія садкі-школы аддаваць сваіх дзяцей. А некаторыя дзеці, пахадзіўшы ў польскія навучальныя ўстановы, не змаглі адразу адаптавацца, таму бацькі шукаюць для іх альтэрнатыву.
У эміграцыі ў Асі з’явілася яшчэ адна матывацыя адкрыць беларускамоўную ўстанову — так можна дапамагчы захаваць нацыянальную ідэнтычнасць.
— На жаль, мы бачым, як адбываецца русіфікацыя ў Беларусі, з кожным годам там беларускамоўных школ усё менш ды менш. Таму калі яны закрываюцца ў самой Беларусі, то мы будзем іх адкрываць за мяжой, — кажа Ася.
Заняткі ў школе. Фота з архіва Асі
Не хацелі здаваць памяшканні малому бізнесу
Адкрыць садок і школу аказалася справай значна больш складанай, чым у Беларусі.
Па-першае, сям’я доўга шукала будынак. Мясцовыя жыхары не хацелі здаваць памяшканні малому бізнесу. Таму спачатку беларусы бралі некалькі класаў у субарэнду ў адной украінскай школы, і толькі праз год ім удалося знайсці катэдж для свайго праекта.
Па-другое, цяжка было знайсці кваліфікаваных настаўнікаў, якія разумеюць не толькі метад Мантэсоры, але і як працаваць з дзецьмі ў эміграцыі.
— У ідэале мы шукаем настаўнікаў, якія выкладаюць на польскай і беларускай мовах і пры гэтым маюць польскую адукацыю, якая насамрэч больш якасная за беларускую, — кажа Ася. — Гэта для нас вельмі важна, бо беларускі настаўнік, які атрымаў дадатковую польскую адукацыю, ужо другі раз асэнсавана выбірае гэтую прафесію. То-бок ён сапраўды ў рэсурсе і хоча працаваць з дзецьмі.
Ася тлумачыць, што дзеці ў школе і садку вельмі розныя, і да кожнага трэба падабраць індывідуальны падыход. Гэта дзеці розных узростаў, у іх розны ўзровень валодання польскай мовай, розная матывацыя, у кагосьці стрэс пасля пераезду.
Ася гатова сама праводзіць заняткі для педагогаў па метадзе Мантэсоры. Кажа, галоўнае, каб яе калегі былі гнуткімі і адкрытымі да новага вопыту і ведаў. Да таго ж у Варшаве сям’я знайшла некалькі прыватных школ, якія працуюць па розных нестандартных сістэмах.
— У нас з’явілася магчымасць наладзіць з імі кантакт. Зараз мы з імі абменьваемся вопытам і афіцыйна супрацоўнічаем, — падкрэслівае Ася.
Заняткі ў школе. Фота з архіва Асі
Вучацца на трох мовах
Садок арыентаваны на дзяцей ад трох да шасці гадоў. У групе максімум 17 чалавек, на пяцярых дзетак — адзін настаўнік. На працягу дня праводзяцца заняткі падрыхтоўкі да школы, а таксама выкладаюцца англійская і польская мовы.
Таксама працуе і школа, але афіцыйна дзеці знаходзяцца на хатняй адукацыі, таму ў канцы кожнага года яны павінны здаваць іспыты ў партнёрскіх школах, каб быў кантроль, як дзеці засвойваюць праграму. У канцы кожнага года вучні атрымліваюць дакумент аб сканчэнні пэўнага класа і пераходзяць у наступны.
Па словах Асі, вучні беларускай школы здаюць іспыты нават лепш за польскіх школьнікаў. Так, самы нізкі вынік быў на ўзроўні 60%, большасць здае на 70-90%, а трое вучняў у гэтым годзе нават атрымалі 100 балаў.
— У гэтым годзе ў нас была пачатковая школа — першы, другі і трэці класы (але па сістэме Мантэсоры яны вучацца разам), сярэдняя школа — з чацвёртага па восьмы класы — і анлайн-ліцэй. А ў наступным годзе мы плануем адкрыць яшчэ адзін Мантэсоры-клас у сярэдняй школе — чацвёрты, пяты і шосты класы будуць вучыцца разам.
У кожным класе не больш за 12 чалавек. Дзеці вучацца па польскай праграме, выкладанне агульных прадметаў вядзецца на трох мовах: польскай, беларускай і англійскай.
— Стараемся ўсе мовы балансаваць. Звычайна па раскладзе да поўдня ў нас праходзяць заняткі па польскай і англійскай мовах ды матэматыцы, а пазней вывучаюць іншыя прадметы: геаграфію, батаніку, заалогію, гісторыю, мастацтва, музыку, фізкультуру.
У школе ёсць прадлёнка, якая працуе да 18:00. Там прадугледжаны дадатковыя заняткі, напрыклад па шахматах, кераміцы альбо музыцы. Школа прапануе таксама мерапрыемствы на выхадныя: кожныя два тыдні можна пайсці ў музей, тэатр ці ў парк.