Шлях да мэты. Як з яго не збочыць?

Алесь Тодараў на budzma.org распавядае аб тым, як не збочыць з абранага шляху пры дасягненні сваіх мэтаў.


141.jpg

Частая праблема: вызначыліся з мэтамі, якіх трэба дасягнуць кроў з носу, намецілі шляхі, а што далей? Часцяком мы не дасягаем фінішнай лініі не таму, што задача апынулася непадсільнай, а таму, што на палове шляху спыніліся або збочылі некуды ў іншым напрамку. Простыя парады, як гэтага пазбегнуць. 

1. Засяродзьцеся на галоўным

Перш за ўсё вызначыце кропку, у якой вы знаходзіцеся зараз і куды хочаце патрапіць у выніку. Вы адчуваеце застой і адсутнасць перспектыў у вашай працы? У вас праблемы ў сацыяльным жыцці ці ў адносінах з калегамі? Можа быць вашыя сямейныя адносіны сябе вычарпалі і патрабуюць абнаўлення?

Вызначцеся, якая праблема выклікае ў вас негатыўныя пачуцці і падумайце, як вы яе можаце вырашыць. Не хапайцеся за змены адразу ва ўсіх сферах, засяродзьцеся на галоўным. Гэта дапаможа прынесці значна больш яснасці ў сітуацыю.

Час заўсёды можна знайсці, калі пазбавіцца ад таго, што не прыносіць ніякай карысці. Гэта можа быць як наведванне бескарысных сайтаў, так і неспакойныя думкі аб мінулым ці будучыні. Вызвалены час можна выкарыстоўваць больш прадуктыўна: чытаць кнігі, праглядаць навучальныя ролікі, шукаць нешта новае.

Знайдзіце час на важнае і прыбярыце ўсё няважнае.

2. «Жыццё вельмі кароткае»

142.jpg

Можна знайсці тысячу прычын сказаць «не» практычна ў любой сітуацыі. І здацца.

Добры гулец у покер карыстаецца тымі картамі, якія ў яго ёсць. Ён не скардзіцца на тое, што не атрымаў туза.

Як бы не хацелася, але не атрымаецца кантраляваць іншых людзей, надвор’е ці грамадскую думку, напрыклад. Але ў любой сітуацыі можна зрабіць тое, што залежыць канкрэтна ад вас, выкласціся на поўніцу, раскрыць уласны патэнцыял. І ўжо потым пераймацца, што нешта не атрымалася. 

3. Трымайце ідэі пры сабе

Вырашылі нарэшце прабегчы марафон? У захапленні ад новай ідэі? Распірае ад радасці праз новы праект? Добра. Пакіньце гэтыя эмоцыі сабе.

Расказваючы направа і налева аб сваіх намерах, вы робіце толькі горш. Пазітыўная рэакцыя прымушае ваш мозг лічыць, што справа ўжо зроблена, вы дасягнулі сваёй мэты, а значыць, няма чаго працягваць. Менавіта так часцяком і губляецца матывацыя.

Так што лепей за ўсё трымаць намеры пры сабе, а радасна дзяліцца імі ўжо, калі з’явяцца першыя вынікі. 

4. Штодзённая руціна — ключ да поспеху

143.jpg

Дзеянні, якія вы выконваеце рэгулярна, значаць нашмат больш, чым тое, што вы робіце час ад часу. Можна нават смела сказаць, што ў пэўных справах яны будуць мець рашаючае значэнне. Штодзённая руціна важная, паколькі яна прывучае да парадку і дысцыпліны.

Мы часта завышаем чаканні, сыходзячы з прынцыпу «ўсё або нічога». А калі яны не апраўдваюцца — кідаем справу і адмаўляемся ад іх. Каб гэтага не паўтаралася, нагадвайце сабе аб карысці паступовага прагрэсу.

Лепш увесь час рабіць нешта патроху і развівацца, чым не рабіць нічога з-за страху не дасягнуць ідэалу. Першы крок да гэтага — будаваць рэалістычныя планы, якія ўпісваюцца ў ваша жыццё.

Нерэалістычныя планы непазбежна прыводзяць да расчараванняў і сораму за тое, што нічога не атрымліваецца. Таму імкнецеся да паступовага прагрэсу і рэалістычных мэт, якія можна ўвасобіць.

5. Падумайце аб сваім асяроддзі

Вядомая прымаўка «Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты» ўсё яшчэ працуе. 

Калі вы маеце зносіны з людзьмі, якія бясконца тусуюцца, п’юць ды гуляюць, ядуць толькі фастфуд і не клапоцяцца аб заўтрашнім дні, вас чакае прыкладна такая самая доля. 

Рэч у тым, што асяроддзе — гэта вельмі важны фактар у жыцці любога чалавека, паколькі яно ўплывае на ўспрыманне свету і напрамую адказвае за ўзаемадзеянне з грамадствам.

Падумайце аб людзях, з якімі вы часцей за ўсё бавіце свой вольны час. Ці натхняюць яны вас на новыя подзвігі і звяршэнні або, наадварот, прымушаюць сумнявацца ў сваіх сілах?

6. Натхняйцеся ўласнымі поспехамі

Калі вы дамагліся поспеху ў нейкай справе, вам абавязкова захочацца паўтарыць гэты досвед яшчэ раз. Парадаксальна, але каб займець натхненне парою дастаткова нават маленькай перамогі.

Плануйце свой дзень такім чынам, каб цягам яго ў вас адбываліся такія невялічкія перамогі. Гэта дасць вам дадатковую матывацыю. На раніцу плануйце тыя справы, якія зможаце дакладна выканаць. Напрыклад, схадзіць у спартовую залю ці адказаць на важны ліст.

Лепшы спосаб матываваць сябе — арганізаваць жыццё такім чынам, каб матывацыя вам не патрабавалася. Калі праца для вас — бясконцая бітва з самім сабой, самы час падумаць пра карэнныя змены. 

7. Завядзіце дзённік поспеху

144.jpg

Дзённік поспеху — гэта магутная прылада ў вашых руках па дасягненні мэт і пераадоленню цяжкасцяў.

Фіксуючы свае дасягненні і падзеі, якія выклікаюць станоўчыя эмоцыі, вы зможаце паскорыць прасоўванне да пастаўленых мэт.

Да ўсяго наш розум — недастаткова надзейнае сховішча, і нават самыя крутыя задумы там доўга не затрымліваюцца. Таму запісвайце кожную сваю хоць бы трохі рэалістычную ідэю — хто ведае, а раптам яна вам калі-небудзь спатрэбіцца.

Акрамя таго, вядзенне запісаў дапамагае засяродзіцца, нагадваючы вам, над чым вы працуеце і да чаго імкнецеся. 

Памятайце, паспяховыя людзі імкнуцца запісваць усё!

Поспехаў!

 
Алесь Тодараў, budzma.org