Пра жыццё, творчасць, навуковую і грамадскую дзейнасць распавядае Дварчаніна тэлеграм-канал «Супер Мова».
Яго звалі Ігнат, прозьвішча — Дварчанін, як яго спрадвеку вымаўлялі на роднай Гарадзеншчыне. Адваяваўшы ў Першую сусьветную, ён апынуўся ў Менску й назаўсёды зьвязаў жыцьцё зь беларускім нацыянальным рухам.
Ігнат Дварчанін нарадзіўся 8 чэрвеня 1895 году ў вёсцы Погіры Слонімскага павету. Як быў дваццацігадовым юнаком, ён актыўна ўдзельнічаў у нарадзе настаўнікаў беларускіх школ. Менавіта ён ператварыў пачатковую школу ў вёсцы Пецюкі ў беларускую. І гэта быў толькі пачатак.
Праз год, у 1919, ім зацікавіліся — гэтым разам польскія ўлады. Што за эсэраўскі актывіст? Арыштаваць, выслаць у лягер для інтарнаваных у Беласток — такім быў першы прысуд. Але Ігнат не здаўся — гарачая кроў падштурхнула да ўцёкаў: ён здолеў перабрацца ў Менск і нават стаць студэнтам беларускага пэдінстытута.
Наступныя два гады Дварчанін працуе ў Вільні настаўнікам — вучні захапляюцца ягонымі ўрокамі роднай мовы. Крыху пазьней ён становіцца адным з заснавальнікаў і адначасова кіраўніком культурна-асьветніцкага таварыства «Бацькаўшчына».
У 1921 годзе Ігнат удзельнічае ў беларускай канфэрэнцыі ў Празе — там ён застаецца ў якасьці студэнта прэстыжнага гісторыка-філялягічнага факультэта Карлава унівэрсытэта. У 1926 годзе ён абараняе дысэртацыю на тэму «Францішак Скарына як культурны дзяяч і гуманіст на беларускай ніве». Ігнат Дварчанін на гэтым не спыняецца: становіцца старшынёй Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацый.
Актывіста цягне на радзіму. Цягне туды, дзе яму застанецца жыць усяго некалькі гадоў. Там ён далучаецца да беларускага нацыянальнага руху, становіцца сакратаром выдавецкага таварыства, настаўнікам літаратуры Віленскай беларускай гімназыі. У 1927 годзе ён стварае і выдае «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры».
Улада ў Беларусі ў той час мянялася, як узоры ў дзіцячым калейдаскопе. Але градус трывожнасьці патрыётаў не паніжаўся — ня важна, чые партрэты вывешвалі на вуліцах. Было небясьпечна. Дварчанін адкрыў на радзіме прыватную беларускую школку, стварыў тэатральны гурток, хор. Дастаткова, каб трапіць у польскі канцлягер. Так і адбылося ў 1930 годзе — Ігнат трапіў у турму на 8 гадоў.
У выніку абмену палітвязьнямі паміж СССР і Польшчай Дварчанін выйшаў на волю праз два гады. Ён пачаў працаваць у АН БССР, у камісіі па вывучэньню Заходняй Беларусі, адначасова выконваючы абавязкі дырэктара Інстытуту мовазнаўства.
Хтосьці наверсе вырашае, што дзейнасьць знакамітага вучонага занадта антысавецкая. Дварчаніна асуджаюць на 10 гадоў зьняволеньня за актыўнасьць у «Беларускім нацыянальным цэнтры», якога насамрэч не існавала. На Салаўках Ігнат Дварчанін лічыць бясконца доўгія дні да заканчэньня турэмнага тэрміну. Адначасова ў кабінэтах НКВД вядуць свой падлік.
25 лістапада 1937 году Ігнат Дварчанін атрымлівае вырак да вышэйшай меры пакараньня. Менш чым праз месяц яго ня стала.
Праз 20 год вучонага цалкам рэабілітуюць. Але сваякі не знойдуць нават казённых словаў спачуваньня.
Беларусь наша сьвятая
Чагось думая, маўчыць,
Нібы сьніць сабе, ня дбае,
І ня просіць, не крычыць.
Загукай усім ты моцна,
Што жывеш на сьвеце ты,
Што й табе прыйшла свабода,
Што ня хочаш крыўды ты.
Пад свой сьцяг бел-чырвон-белы
Пасклікай усіх сыноў,
Параскіданых па сьвеце,
Каб зьбіраліся дамоў!
Ігнат Дварчанін.