Аповесць «Рух» Алеся Пашкевіча, якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Кнігазбор», – працяг яго штудый у гістарычным кірунку.
Аўтар ад самага першага раману быў скіраваны на дакументальны пачатак, сплецены з вымыслам. Перад напісаннем “Пляцу волі”, гэта адчуваецца, быў прапрацаваны немалы масіў матэрыялаў па Слуцкім збройным чыне. Тое самае можна казаць пра кнігу “Круг”, якая і на сённяшні дзень з’яўляецца найлепшай біяграфіяй Уладзіміра Дубоўкі.
Вядома, адмыслоўцы могуць пазнаць сякія-такія ўрыўкі з лістоў, мемуараў, ненавязліва працытаваных у кнізе пра Дубоўку. Аднак бальшыня чытачоў доступу да спецыфічнай інфармацыі не мае, таму дакументальная аснова не супярэчыць прыдуманай. Немалую дасведчанасць у часах XV-XVI стст. Паказвае аўтар і ў рамане-прыпавесці “Сим победиши”, аднак гэты твор, з прычыны “паралельнасці” кампазіцыі, вылучаецца з астатніх празаічных кніг Пашкевіча і таму сярод белетрызаванай дакументалістыкі разглядацца не мае права.
У новай аповесці аўтар крыху адыходзіць ад традыцыі кніг выключна на беларускую тэматыку. Па сутнасці, “Рух” – добры прыклад жанравай літаратуры, якая ўлічвае сваю мэтавую аўдыторыю. Няспешнае разгортванне і закручванне сюжэту з розных бакоў, праз мала звязаныя між сабой лініі, нагадвае пры чытанні шпіёнскі раман. Асабліва цешыць згаданая вышэй разведзенасць частак: на жаль, у сучаснай прозе агульным месцам становіцца імкненне стрэліць з усіх стрэльбаў на сцяне, у выніку чаго ад шуму і пылу чытачу бывае няма куды схавацца.
Кажучы, што аўтар не канцэнтруецца на нацыянальнай гісторыі, як гэта было з раманам-дакументам “Пляц волі” і раманам-біяграфіяй “Круг”, нельга забываць: гісторыю з вынаходніцтвам рухавіка Рудольфа Дызеля, вакол якое ў кнізе ўсё і адбываецца, наагул цяжкавата абгарнуць у беларускія дэкарацыі без страты праўдападобнасці. Але персанаж-беларус у гісторыі “Руху” ёсць, і трэба сказаць, што для ягонай рэалістычнасці зроблена ўсё нееабходнае. Бо Дызель у Парыжы напрыканцы ХІХ стагоддзя сапраўды можа сутыкнуцца з нашчадкам паўстанцаў 1863 года. Паводле найноўшых даследаванняў Дзмітрыя Матвейчыка, нават і нашчадкаў паўстанцаў 1831 года ў той час у сталіцы Францыі было надзвычай шмат, мелася і адпаведная інфраструктура ў выглядзе выдавецтваў, газет і нацыянальных клубаў. “Туга па Радзіме” і класічная настальгія ва ўмовах эміграцыі цалкам верагодна, што можа перадавацца сынам і дочкам.
Вывучаючы хранатоп далей і пераходзячы з прасторавай верагоднасці ў часавую, таксама варта адзначыць удалую звязанасць задумы з пярэдаднем І Сусветнай вайны, стагоддзе з пачатку якой летась шырока прагучала і ў прэсе і ў кніжных выданнях, у тым ліку нон-фікшн. Шпіёнская канва, вайна ўзбраенняў паўстае цалкам прыстойнай версіяй загадкавага знікнення Рудольфа Дызеля, якое даўно абрасло легендамі і міфамі: магчыма, здзейсніў самагубства, ці быў забіты, і, калі забіты, то кім і з якімі матывамі? Алесь Пашкевіч прапаноўвае сваё вырашэнне гістарычнай загадкі, увёўшы ў тэкст і матыў кахання беларускага эмігранта да айзербаджанскай “нафтавай прынцэсы”, і парадкі ў вайсковых і марскіх ведамствах Расійскай імперыі.
Галоўным жа рухавіком “Руху” з’яўляецца сама гісторыя, якая сплятае ў адно ўсе лёсы і падзеі, усе сюжэтныя лініі: ніхто з герояў не ведае, што адбудзецца далей. Канцоўка адкрытая, і толькі чытач разумее працяг.
Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org
Як паведамляе выдавецтва «Кнігазбор», палова накладу кнігі Алеся Пашкевіча ўжо разышлася. Спяшайцеся набываць тое, што добра прадаецца!