У Беларускім Моладзевым Хабе ў Варшаве адкрылася выстава «Водар волі». Экспануюцца творы мастакоў, вымушаных з’ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед: жывапіс, графіка і рукадзелле.
Аўтар праекта выставы Сяргей Стэльмакоў распавёў пра яе назву: «У мяне ўнутры водар волі ўзнікае, калі трэба нешта пераадольваць. Калі я расслаблены, атрымоўваю асалоду ад жыцця, — яго няма. Я, як большасць людзей, напэўна, не трываю ніякіх рамак, ніякага гвалту. Таму ў жніўні 2020-га я на ўласныя вочы пабачыў, як мільёны беларусаў адчулі ўнутры гэты самы водар волі. Ён быў настолькі моцны, калі пяцьсот тысяч чалавек выходзіць, узнікае энергія і гэты водар пачынае літаральна разлівацца ў паветры. Гэта, напэўна, былі найбольш шчаслівыя дні майго жыцця, найбольш напоўненыя сэнсам. Я не вельмі люблю размаўляць, мне лягчэй выказаць свае пачуцці ў графіцы. Практычна кожны з гэтых маіх плакатаў прайшоў „баявое хрышчэнне“ на маршах. Канечне, не гэтыя адбіткі, я кожны раз раздрукоўваў плакаты наноў.
Плакаты Сяргея Стэльмакова
Збіраючы творцаў на гэту выставу, я ставіў умову: толькі працы, зробленыя пасля жніўня 2020-га. Работы не абавязкова мусяць быць пратэснымі.
Людзі паказалі праз сваё мастацтва, як яны пражылі гэтыя два гады, што яны адчувалі. Хтосьці адчуваў боль, дэпрэсію, хтосьці наадварот у нейкіх момантах спрабаваў знаходзіць прыгажосць у звычайных рэчах... Кожны з нас робіць, што можа».
Падобная думка прагучала ад музыкі і журналіста Ігара Палынскага, які выступіў на адкрыцці выставы: «Мяне часам пытаюць, ці варта рабіць за мяжой падобныя імпрэзы. Я лічу, варта, мы мусім быць разам настолькі, наколькі гэта магчыма».
Адна з песень, якую выканаў Ігар, завецца «2020». Музыка падкрэсліў, што яны з маладзечанскім гуртом «Партызаны» выпусцілі гэтую кампазіцыю за два дні да аднайменнага твора DDT.
Карціны Міхаіла Пракапені (творчы псеўданім Mikael Czibowski). На заднім плане — творы арт-групы Rekta Ago
На адкрыцці выставы гралі таксама яе ўдзельнікі, музыкі Юры Стыльскі і Mikael Czibowski.
Адна з карцін Юрыя Стыльскага называецца «Памідоры са смятанай». Яна нагадвае пра «пакаяльнае відэа» электрыка Анатоля Шалковіча, у якім той задэклараваў любоў да адпаведнага гатунку салаты.
Кацярына Ваданосава з народнымі строямі, якія яна пашыла і вышыла
Музыка і журналістка Кацярына Ваданосава паказала на выставе ўласнаруч зробленыя строі, у якія апранула ўсю сваю сям’ю.
«Гэта строі, якія я рабіла, шыла і вышывала цягам апошніх двух гадоў, — патлумачыла Кацярына. — На пачатку, калі мяне запрасілі ўдзельнічаць у гэтай выстаўцы, я падумала: „А якое маё мастацтва пратэсту?“. А потым падумала, што ў адным строі я хадзіла на ўсе маршы, жнівеньскія і вераснёўскія. Другі строй я дашывала ўжо ў эміграцыі, ва Украіне. Намітку я давышывала тады, калі была ў Літве. Потым, калі ўжо пачалася вайна, мы пешшу з дзецьмі пераходзілі мяжу, і я мела ў заплечніку фартушок і кашулю, самыя-самыя тонкія... А потым, калі я ўжо была ў Польшчы, мне бракавала спадніцы, андарака. І я мела толькі манікюрныя нажніцы, адну іголку і дзве катушкі нітак, белую і чорную. А так карцела проста мець спадніцу і поўны строй, што вось адна са спадніц, якую вы бачыце на выставе, манікюрнымі нажнічкамі пашытая».
Кацярына выканала некалькі песень разам з дачкой Стэфаніяй, якая спявае і грае на скрыпцы
Творы Алены Бярэзіны
Алена Бярэзіна ў сваёй творчасці таксама выкарыстоўвае народнае мастацтва. Яна пазіцыянуе сябе як postfolkartist. Інфармацыя на выставе паведамляе, што на фоне арыгінальных маляваных дываноў экспануюцца раздрукаваныя плакаты, з якімі Алена выходзіла на пратэсты. Для стварэння плакатаў выкарыстаны матывы традыцыйных маляваных дываноў і тканых посцілак, у якія ўпісаныя лозунгі пратэсных маршаў.
Праект «Вязьмо» Кацярыны Пікірэні
Матывы народнага мастацтва прысутнічаюць таксама ва ўжо вядомым варшаўскай публіцы праекце «Вязьмо» Кацярыны Пікірэні: гэта эксперыментальны шрыфт, алфавіт з 33 літар, «вырваных з віру бабуліных сурвэтак». Вязанне шыдэлкам, пляценне карункаў — віды беларускіх традыцыйных рамёстваў.
Працы Таісіі Чарнуха
Бадай, найбольш вядомая праца Таісіі Чарнуха, «Свінні», упрыгожвае вокладку аднайменнага рамана яе мужа Аляксандра. На выставе «Водар волі» можна пабачыць таксама іншыя работы мастачкі.
Твор «Чаканне непазбежных гасцей» арт-групы Rekta Ago
Экспануюцца таксама творы арт-групы Rekta Ago.
Асабіста мяне як этнографа парадавала, што ў сучасным беларускім мастацтве застаюцца актуальнымі фальклорныя матывы: яны прысутнічалі ў трох удзельніц выставы. Невыпадкова, мабыць, усе тры — кабеты. Не хочацца пладзіць гендарныя стэрэатыпы, але падобна, што жанчына нават у цяперашнім зменлівым свеце больш за мужчыну трымаецца традыцый, у той жа час ствараючы на іх аснове нешта новае.
Выступае Юры Стыльскі
Парадавала таксама, што ў Варшаве адбываецца так шмат беларускіх імпрэз. Толь за дзень да выставы «Водар волі» пачаў працаваць Музей Вольнай Беларусі. Паралельна з адкрыццём экспазіцыі ў моладзевым хабе праходзілі заняткі «Мова нанова дзеткам», рэпетыцыя спеўнага гурта, магчыма, яшчэ нейкія падзеі.
А яшчэ парадавала, калі Кацярыне Ваданосавай падаравалі кветкі. Раптам усвядоміла, што мы ўжо рэдка ходзім з кветкамі на канцэрты, гэта ўспрымаецца як нешта зусім неабавязковае і нават старамоднае. А артыстам усё ж прыемна.
Выстава «Водар волі» працуе ў Беларускім Моладзевым Хабе (Варшава, плошча Канстытуцыі, 6) да 23 ліпеня.
Плакат Сяргея Стэльмакова
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Фота аўтаркі