Што можа расказаць беларусам Фрыда Кало

Дзесьці ў адной з паралельных рэальнасцяў. Фрыда сядзіць за столікам і глядзіць у акно. Заходзіць Янка і моўчкі прысаджваецца насупраць.

Яна доўга чакала, каб каму-небудзь расказаць пра ўсё. Гэта мог бы быць адзін з многіх мастакоў, пісьменнікаў, музыкаў – няважна, з любой краіны і эпохі. Але менавіта ў тым сусвеце, пра які мы даведаемся, так супала. Яна хапае яго за руку:

– Хочаш, я адвяду цябе? Ты можаш стаць сімвалам усёй сваёй культуры, і нават больш – сімвалам часткі свету, стылю, эпохі! Гэта здарылася са мной, і цяпер я ведаю, чаго вартая папулярнасць. Я раскажу табе…

Купала энергічна ківае.

– Разумееш, у сучасным свеце хуткай ежы, хуткіх навін і хуткага пахудзення папулярнасць азначае выпустошванне асобы да адзінай рысы. І ўзвядзенне гэтай рысы ў абсалют. Чым больш людзей ведае пра цябе, тым канкрэтней сціскаецца іх уяўленне. Увесь лёс, творчасць, кожны зацішны куток душы робяцца адной ізаляванай асацыяцыяй.

 Фота: pinterest.com

А яшчэ, каб быць цікавым (па-іхнаму – актуальным), трэба адпавядаць эстэтыцы эпохі. Калі ты не належыш нейкаму часу, трэба або застацца ў мінулым, або мімікраваць пад эталоны гэтага часу. Яны згладжваюць мае рысы, робяць вочы большымі, дадаюць дэкальтэ або апранаюць у моладзевыя «лукі»… А я ж зусім не пра гэта.

Маю знешнасць нельга назваць звычайнай: правая нага танчэйшая за левую ад перанесенага ў дзяцінстве поліяміэліту, і ўсё цела – сабранае па частках. У васямнаццаць гадоў я трапіла ў трамвайную аварыю, атрымала множныя пераломы і пашкоджанне ўнутраных органаў. Менавіта тады, прыкаваная да ложка, і пачала маляваць.

Галоўным жанрам маіх карцін быў аўтапартрэт. Больш чым палова тых, хто носіць цішоткі ды байкі з адсылкамі да Фрыды – каралевы сэлфі, не ўнікае нават у гэта.

Я ніколі не спрабавала «палепшыць» свой вобраз на карцінах. Уборы ў валасах і карункі неслі пасланне: тут Фрыда – дачка Мексікі, а тут – нешчаслівая госця Новага свету. Мой твар быў не маскай, а знакам і выказваннем. Я нават адлюстравала на ім пячатку смерці – літаральна. Твар быў толькі сродкам перадачы сэнсаў.

 Фота: wikiart.org

Уласнае цела здрадзіла мне. Амаль усё жыццё я не магла нармальна рухацца, шалёна хацела дзіця, але так і не змагла яго вынасіць. Таму непакрытае цела пэндзля Фрыды Кало не эстэтычны і не эратычны аб’ект – гэта прыстанак і помнік пакуты.

«Няправільнае» цела, якое не адпавядае канонам, асацыюецца з непаўнавартаснасцю жанчыны. А пазіцыя аб’екта разглядання прымушае жанчыну падганяць сябе пад чаканні гледачоў, а значыць – аказацца ў падпарадкаваным да іх становішчы.

Адсутнасцю эстэтыкі, правільнасці, гладкасці, цэльнасці я разбурала адносіны ўлады паміж гледачом і аб’ектам. А цяпер мяне рэтушуюць.

У маім жыцці было дзве бясконцыя вайны. Барацьба з уласным целам – недасканалым, слабым, здрадзіўшым, але жывым. І яшчэ каханне. Невытлумачальны, гарачы і балючы танец двух мастакоў. А творчасць – можа, яна стала суцяшальным прызам?

Мае палотны ствараліся не дзеля гледача. Гэта была тэрапія. Так я жыла, пакутуючы, і пакутавала, застаючыся жывою. Я выварочвала сябе навыварат, пры гэтым не робячыся марыянеткай «за шклом». Мае працы – гэта выклік здольнасці бачыць, праніклівасці і адчувальнасці.

Я сама была мастаком і натуршчыцай – тым, хто разглядае і каго разглядаюць. Напэўна, таму ніколі не рабілася аб’ектам на сваіх карцінах. Я толькі накіроўвала пасланне. Я была пасланнем.

  Фота: pinterest.com

Ці ведае пра гэта Сальма Хаек, сыграўшы маю спакуслівую версію? Дзякуючы ў тым ліку ёй, мой вобраз стаў не толькі пазнавальным, але і жаданым.

Але вобраз і творчасць сёння бясконца далёкія. Маім жывапісам цікавяцца знаўцы і даследчыкі, некаторыя студэнты. Даведацца крыху больш пасля таго, як убачылі стылізаваны прынт, хочуць адзінкі.

Але ўсё ж такі, што лепшае? Быць каштоўнасцю групы інтэлектуалаў у сваёй краіне, максімум – круга паслядоўнікаў і навукоўцаў? Ці атрымаць шанец абудзіць у душы хлопчыка, аднаго з безлічы, які жыве за дзясяткі тысяч кіламетраў, жывую і палкую эмоцыю, якая зменіць усё яго жыццё…

Суразмоўца быў разгублены:

– Насамрэч толькі тыя, хто цяпер нас бачыць і слухае, могуць укласці маю руку ў тваю, квінтэсенцыяваць мяне да пазнавальнай дробязі, і ctrl+C – ctrl+V – ctrl+C – ctrl+V…

 

Кожны край мае тых, што апяваюць,

Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,

А беларусы нікога ж не маюць,

Няхай жа хоць будзе Янка Купала…

 

* Падслуханая размова з’яўляецца адлюстраваннем у несвядомым тых ведаў і высноў свядомасці, якія былі даступныя аўтару на момант занатавання, і не прэтэндуе на паўнату і аб’ектыўнасць.

 

Запісала Марыя Караткевіч