Яшчэ гадоў 10-15 таму знаходзіць мультфільмы на нашай мове было сапраўдным квэстам. Іх глядзелі праз спадарожнікавую талерку, захоўвалі на дысках, сцягвалі з торэнтаў. Але цяпер існуе шмат каналаў, дзе можна знайсці мульты па-беларуску: Gavarun.by, Anibel.net, Kinakongby, Bielamult, Baybusby, Cinevoka, Kinakipa i, вядома, Belarusfilm. Сойка палятала па розных рэсурсах і адшукала анімацыйныя фільмы і мультсерыялы, створаныя беларусамі для беларусаў. Яны каштоўныя найперш тым, што расказваюць пра нас, пра нашу гісторыю і міфалогію, пра сюжэты, натхнёныя нашымі казкамі і паданнямі, нашымі героямі і дзеячамі — адным словам, экранізуюць карціну свету беларусаў.
Калаж Дар’і Давыдзенкі
БУДЗЬМА БЕЛАРУСАМІ
Прафесійна зроблены анімацыйны фільм 2011 года, прысвечаны гісторыі Беларусі ад яе пачатку да нашых дзён. Стварыла гэты мультфільм-кліп зорная каманда: ідэя кампаніі «Будзьма беларусамі» i Юлі Ляшкевіч, анімацыя Юлі Рудзіцкай, словы і музыка Лявона Вольскага, выкананне Аляксандра Памідорава. Задача мультфільма — не ўціснуць усю гісторыю Беларусі ў 5 хвілін, а зацікавіць беларускай гісторыяй і культурай шырокае кола людзей.
Рэкамендаваны ўзрост: 6+
АПОВЕСЦЬ МІНУЛЫХ ГАДОЎ
Яшчэ адзін анімацыйны серыял пра гісторыю Беларусі, створаны «Беларусьфільмам» у 2006-2014 гадах. Гэта адукацыйны, пазнавальны мульт, які расказвае пра паходжанне і гісторыю беларускіх гарадскіх гербаў.
Рэкамендаваны ўзрост: 6+
МАРЫЛЯ Ў ПОШУКАХ ДЗІЎНІКАЎ
Глядзець цалкам
Мультфільм «Марыля ў пошуках дзіўнікаў» (2023) — гэта свежая анімацыя ад @oblakostudio і @vokatv з саўндтрэкам Івы Сацівы. Гэта чатыры серыі пра прыгоды Марылі і яе сябра, які перасоўваецца на вазочку, у Менску і ў свеце магічных істотаў — цмокаў, вядзьмарак, дзіўнікаў, лесуноў і русалак.
Рэкамендаваны ўзрост: 6+
ПРЫГОДЫ НЕСЦЕРКІ
Мультсерыял пра фальклорнага персанажа Несцерку створаны на студыі «Беларусьфільм» у 2004-2012 гадах. Гэта 8 серый пра прыгоды, заснаваныя на народных казках і сплеценыя ў цэльную гісторыю. Народны гумар, песні, прыказкі — адметнасць гэтага мультфільма.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
БЛІЗНЯТЫ-ВАЖАНЯТЫ
Беларускі адукацыйна-забаўляльны мультсерыял паўстаў у 2020 годзе. Акурат тады былі прыпыненыя ўсе шляхі фінансавання ініцыятывы праз краўдфандынг. Але выйшлі тры цудоўныя серыі — «Хованкі», «Вясёлка» і «Навагодні вальс», якія можна паказваць ужо дзеткам ад года і гэтак разам з імі пачынаць вучыць беларускую мову.
Рэкамендаваны ўзрост: 1+
ЯК СЛУЖЫЎ ЖА Я Ў ПАНА
Мультфільм-кліп створаны паводле народнай песні «Як служыў жа я ў пана» на студыі «Беларусьфільм» у 2004 годзе. А сюжэт яго пра тое, як не было ў мужыка ні кала, ні двара, і вырашыў ён наладзіць гаспадарку, наняўся на службу да багатага пана, абзавёўся жыўнасцю і нават ажаніўся з панскай дачкой. Што з гэтага выйшла, можна пачуць і пабачыць у 10-хвілінным мультфільме.
Рэкамендаваны ўзрост: 1+
ПАДАННЕ ПРА ГУСЛІ
Кранальная гісторыя пра маленькага хлопчыка, які адправіўся на пошукі бацькі, што сышоў на вайну. Хлопчык знайшоў войска, якое рыхтуецца да бою, і спрабуе нагадаць ваярам пра іх сем’і і родны дом з дапамогай самаробных гусляў. Анімацыя створаная на «Беларусьфільме» ў 2019 годзе рэжысёркай Таццянай Кубліцкай.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
ПІЛІПКА
Мульт зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» у 2012 годзе рэжысёркай Таццянай Кубліцкай. У аснову сюжэту пакладзена беларуская народная казка пра маленькага хлопчыка, які сваёй дабрынёй здолеў змякчыць сэрца злой Бабы Ягі і тым самым выратаваць сваё жыццё.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
БЕЛАРУСКІЯ ПРЫКАЗКІ
У 2008 і ў 2011 годзе на «Беларусьфільме» выйшлі два мульты пад назвай «Беларускія прымаўкі». Гэта кароткія інтэрмедыі, што, як вынікае з назвы, дасціпна ілюструюць нашыя прымаўкі. Сама анімацыя створаная ў стылістыцы выцінанкі, што арганічна спалучаецца са зместам мультфільма.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
ДЗЕД
У мультфільме расказваецца пра звычай, як старых людзей раней садзілі ў човен і пускалі па рацэ. Але нешта пайшло не так, і людзі неўзабаве пачалі шанаваць старых і мудрых людзей. Сцэнарыст і рэжысёр — Аляксандар Ленкін, і гэта зноў «Беларусьфільм», 2011 год.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
ЛАГОДНЫ ВОЎК
Мультфільм «Лагодны воўк» (2018) створаны на «Беларусьфільме» на аснове казкі пісьменніцы-казачніцы Алены Маслы пра ваўка, які хоць быў і галодны, але ўсё адно заставаўся лагодным. Музыку да анімацыі напісаў Леанід Паўлёнак, а выконвае гурт «Нагуаль».
Рэкамендаваны ўзрост: 1+
ЯКІЯ СНЫ СНІЦЬ МЯДЗВЕДЗЬ
У аснову сюжэту мультфільма, створанага на «Беларусьфільме» ў 2015 годзе, пакладзеныя народныя абрады. Гэта смешная, кранальная гісторыя, агучаная каларытнай беларускай мовай. У ёй расказваецца пра тое, як людзі будзілі ўсёй вёскай мядзведзя, які скраў з неба сонца і тым самым затрымаў прыход вясны.
Рэкамендаваны ўзрост: 1+
ПРЫГАЖУН І ПАЧВАРА
Казка 2019 года вытворчасці «Беларусьфільма» пра маленькае жабяня з вялікім сэрцам і яго незвычайную сяброўку-пачвару Лахнэску. На сваім балоце Апалон лічыўся вялікім і прыгожым, а Лахнэску, наадварот, не любілі і баяліся на радзіме. Такія непадобныя героі дапамагаюць адно аднаму ўсвядоміць каштоўнасць сваёй асобы і паверыць у сябе. На фоне гучыць музыка гурта «Нагуаль».
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
ЯК СIНЯЧОК ДА СОНЦА ЛЁТАЎ
Анімацыя паводле казкі беларускага пісьменніка Уладзіміра Дубоўкі, створаная на студыі «Беларусьфільм» у 2018 годзе. Некалі ў людзей не было агню, і яны вырашылі папрасіць прынесці яго ад сонейка. Адважны сінячок прынёс яго людзям, але пазбавіўся ўсіх сваіх пёрак. І тады іншыя птушкі вырашылі даць яму па пёрку, каб выратаваць.
Рэкамендаваны ўзрост: 1+
ПЕСНЯ ЖАЎРУКА
Мультфільм Таццяны Кубліцкай, створаны на студыі «Беларусьфільм» у 2014 годзе, расказвае маленькім гледачам, чаму жаўрукі першымі сустракаюць прыход вясны і адкуль у іх такія звонкія, жыццярадасныя песні.
Рэкамендаваны ўзрост: 1+
ПРА ВАЛА
Мультфільм Аляксандра Ленкіна, створаны на «Беларусьфільме» ў 2014 годзе. У ім яскрава паказана, што няважна, якая ў цябе прафесія, абы ты добрасумленна зарабляў сабе на жыццё. У анімацыі адметныя вобразы людзей і сляды ў гразі — моцны вобразны сродак мультфільма.
Рэкамендаваны ўзрост: 6+
ЧАГО НА СВЕЦЕ НЕ ЗДАРАЕЦЦА
Мультфільм 1997 года пра мужыка, які заснуў, калі вудзіў акунёў, і прысніў папулярны сюжэт з народнай казкі пра небыліцы. Пазнавальная стылістыка «Беларусьфільма», народныя матывы і свет неверагодных прыгодаў — у гэтым адметнасць гэтага мульта.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
ЛІСА, МЯДЗВЕДЗЬ І МУЖЫК
Мультфільм 1982 года створаны на студыі «Беларусьфільм» паводле народнай казкі. Гэта лялечная анімацыя, у якой ёсць сцэна-макет і лялькі-акцёры: вол, мужык, ліса, мядзведзь і варона. І народная песня ў якасці саўндтрэка.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
ПРА РЫЦАРА, ШТО НІКОГА НЕ БАЯЎСЯ
Мульт ад «Беларусьфільма», сюжэт якога нечым нагадвае Дон Кіхота. Дзеці могуць трохі спалохацца, бо ў мультфільме шмат зубастых пашчаў, чырвоных вачэй і насоў, чарцей і чарапоў, фантасмагарычных пераўтварэнняў і карчомных боек, страшных помнікаў і крыжоў на могілках — зрэшты, нічога з гэтага Рыцар не баяўся, апроч сваёй жонкі. А яшчэ там гучыць сакраментальны выраз «хавайся ў бульбу» і песня ў выкананні «Песняроў».
Рэкамендаваны ўзрост: 6+
КАМУ ЧОРТ ДЗЕТАК КАЛЫША
У 1992 годзе на «Беларусьфільме» была экранізаваная казка Уладзіміра Караткевіча «Чортаў скарб». Яна распавядае пра тое, як у Янкавай хаце пасяліўся чорт і пачаў сваволіць, а ўсе думаюць на бедную кошку. Але дапамог даць рады мужык з мядзведзем.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
МЕСЯЦ
Гэтая светлаценевая казка, створаная на студыі «Беларусьфільм» у 1993 годзе, больш падобная да фестывальнай, арт-хаўснай анімацыі. Якасць старой стужкі не дазваляе разгледзець прыгажосць карцінкі, у якой асноўным мастацкім сродкам ёсць агонь і святло месяца. Але нават не верыцца, што на «Беларусьфільме» некалі стваралі такія глыбокія рэчы, заснаваныя на нашым фальклоры.
Рэкамендаваны ўзрост: 16+
ПАСТАРАЛЬ
«Пастараль» — гэта замалёўка пра мары рыбака злавіць самую вялізную рыбіну ў свеце, але чаканні і рэальнасць не супадаюць. Мультфільм амаль без словаў, на працягу стужкі скрозь крумкаюць жабы, і чуваць з трактара песню «Бедна басота».
Рэкамендаваны ўзрост: 6+
МЫШАНЯТЫ І МЕСЯЦ
Паўнакупальная анімацыя беларускага планетарыя, створаная ў 2017 годзе. Гэта гісторыя пра тое, як аднойчы двое мышанятаў Піп і Скрып задаліся пытаннем: хто з’ядае зіхатлівы Месяцовы Сыр на небе? Кажаны не ведалі адказу, і Сава таксама не ведала. Але разумныя робаты-астраномы дапамаглі мышанятам даведацца, што такое Месяц насамрэч. Гэта мультфільм-казка для цікаўных дзяцей, які дапаможа адказаць на самыя распаўсюджаныя пытанні лёгка і займальна. Глядзець пажадана на купале Планетарыя.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
МАГІСТАР ВОЛЬНЫХ МАСТАЦТВАЎ. ФРАНЦЫСК СКАРЫНА
Мультфільм, створаны студыяй «Беларусьфільм» у 2018 годзе, прысвечаны нашаму першадрукару і асветніку Францыску Скарыну і 500-годдзю з моманту з’яўлення першай Бібліі па-беларуску. У загадкавай і чароўнай атмасферы сну Францыск Скарына сустракае дапытлівага льва, які ўмее гаварыць. Скарына адказвае на пытанні разумнай жывёліны і такім чынам распавядае пра сваё жыццё і творчасць.
Рэкамендаваны ўзрост: 10+
КЛАСІКІ І ШАХМАТЫ
Анімацыйны фільм прысвечаны юбілейнай даце, 140-годдзю з дня нараджэння найбуйнейшых класікаў літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Створаны на студыі «Беларусьфільм» у 2022 годзе.
Рэкамендаваны ўзрост: 10+
ДА ЗОР
Мультфільм-эсэ паводле твораў Максіма Багдановіча да 130-гадовага юбілею класіка. Анімацыйны фільм быў створаны выбітнай камандай: тут былі задзейнічаныя Андрусь Такінданг (малюнкі, музыка, сцэнар), Дзяніс Міжуй (анімацыя), Раман Падаляка (голас), Алесь Ясінскі (музыка), каманда Wir.by (сцэнар).
Рэкамендаваны ўзрост: 10+
Я ТАЙНУ Ў ГЛЫБІНІ ДУШЫ ХАВАЮ
Фільм прысвечаны класіку беларускай літаратуры, аднаму са стваральнікаў літаратурнай мовы новага часу, паэту, празаіку, перакладчыку Максіму Багдановічу. Гэта экспрэсiўная анімацыя, створаная мастакамi «Беларусьфільма» з любоўю i творчым натхненнем вобразамi паэзii Багдановіча ў 2021 годзе.
Рэкамендаваны ўзрост: 10+
БЕЛАРУСКАЯ АЗБУКА
Вывучаць літары беларускай азбукі можна з дапамогай мульта ад студыі «Беларусьфільм», створанага ў 2016 годзе. Тут вершаваныя сюжэты прысвечаныя той ці іншай літары: напрыклад, «Дзед і дрозд» пра Д.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+
БЭЙБУС ДЛЯ МАЛЯНЯТ
Гэта маленькія анімаваныя відэа накшталт Tiny Love, якія дапамагаюць немаўляці вывучыць колеры, формы, лічбы, поры года. Караценькія ролікі з простай анімацыяй і галасавым суправаджэннем можна паказваць дзеткам з 6 месяцаў.
Рэкамендаваны ўзрост: 0+
МУЛЬТВЕРШЫ «ПРА СЛАНОЎ І БАРСУЧКОЎ ДЛЯ ДЗЯЎЧАТ І ХЛАПЧУКОЎ»
Праект «Мультвершы» — гэта 67 анімаваных вершаў пра жывёлаў, якія напісаў у зняволенні Андрэй Скурко для свайго маленькага сына Тамашыка. Праект «Бэйбус» у 2022 годзе стварыў яркую анімацыю паводле ягоных вершаў — гэта нешта накшталт караоке, толькі з вершамі.
Рэкамендаваны ўзрост: 1+
БЕЛАРУСКІ АЛФАВІТ
Анімацыя паводле кнігі «Свет літар пані Понюшкі» Ганны Шчуко, створаная студыяй «Гаварун» у 2023 годзе. Гэты праект падобны да мультвершаў, але тут вывучаць літары беларускага алфавіта дапамагаюць дарэчна падабраныя празаічныя ўстаўкі.
Рэкамендаваны ўзрост: 3+