• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
19.03.2023 | Гісторыя

Што паглядзець у Межава: каменныя крыжы і забытыя храмы

Далучэнне да мясцовай гісторыі пачалося з чырвонага каменя з прымацаванай да яго чорнай гранітнай шыльдай, на якой выгравіраваны схематычны план вёскі і надпіс: «Межава заснавана ў 1501 годзе. Любі сваю зямлю, свае вытокі і спадчыну мінулую дзядоў». Пра вандроўку ў Межава распавядае Людміла Рублёўская на старонцы «Звязды».


Старажытная вёска... Кажуць, назва паходзіць ад слова «мяжа» — менавіта тут суседнічалі Полацкае і Смаленскае ваяводствы. Тады шляхціц Пётр Фурса і атрымаў прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Аляксандра на Межава…

Праўда, знайшла сведчанні, што калісь вёска называлася Канстанцінава — ці не ў гонар аднаго з уладальнікаў, Канстанціна Любамірскага?

А ўладальнікі цягам стагоддзяў, зразумела, мяняліся... У свой час гэтай зямлёй валодаў князь Заслаўскі, які пашыраў свае аршанскія маёнткі, часам падразаючы чужыя межы. Потым Межава было ва ўладзе ягонага зяця, Яна Глябовіча герба Ляліва, і перайшло да сына Яна Глябовіча і Ганны Заслаўскай Яна Янавіча Глябовіча, які быў, дарэчы, мінскім ваяводам і ўдзельнічаў у абароне Полацка ад войскаў Івана Грознага. Валодалі Межавым Сапегі, атрымаў яго ў падарунак ад расійскай імператрыцы яе фаварыт Грыгорый Пацёмкін... Ад яго маёнтак перайшоў Францішку Ксаверыю Любамірскаму, які паступіў на рускую службу. Калі ўнучка Францішка Любамірскага Ганна выйшла замуж за камер-юнкера расійскага двара графа Францішка Лубенскага, маёнтак быў яе пасагам. Менавіта сын Ганны і Францішка Леў, які ажаніўся з дачкой графа Ежы Чапскага, і давёў да ладу сядзібу ў стылі мадэрн, на схілах лагчыны, утворанай ручаём Варанец і ракой Аршыцай.

Уласна, да захаванага сядзібнага дома і кіруемся.

Шматаблічны дом

А дом проста сюррэалістычны... У якім сэнсе? Ну вось вы бачылі будынак, які з аднаго боку быў бы домам культуры, з другога — крамай і кавярняй, а з трэцяга — царквой? Калі не бачылі — завітайце ў Межава. Мураваны двухпавярховы палац перабудаваны ў 1950-х — яго ўсходняя частка была пашкоджана падчас Вялікай Айчыннай вайны. Беленыя сцены, сінія рамы... З таго боку, дзе Дом культуры — шэсць прамавугольных у разрэзе калон, лічба «1953» на фрызе... Цагляны карніз «паабкусваны» часам, на вокнах — жалезныя рашоткі ў форме сонца з промнямі, памятаеце, за савецкім часам такія паўсюль ставілі... Дарэчы, калі побач у 1990-х праводзілі земляныя работы, напароліся на стары водаправод: трубы былі зробленыя з дубу, і фрагменты ўстаўляліся адзін у адзін, як у тэлескапічнай вудачцы.

Абгінаеш доўгі будынак злева — некалькі крамак... Пераходзіш на другі бок, да супрацьлеглага тарца — і на табе, праваслаўны прыход Серафіма Сароўскага. Дзверы фарбаваныя ў жоўты, расклад богаслужэнняў і шыльда, якая сведчыць, што будынак — гісторыка-культурная каштоўнасць. На другім паверсе ў цэнтральным ваконным праёме — абраз з выявай святога Серафіма, на балконе — званы…

Таямніца крыжа

А перад уваходам — яшчэ цікавостка. Вялікі каменны крыж, усталяваны ў каменнай грудзе…

Крыж перавезлі сюды ў 2005 годзе, раней ён знаходзіўся каля вытоку рэчкі Адроў, дзе вёска Пількавічы. Знайшлі яго ў 1980-х, падчас правядзення меліярацыі. Трактарыст, які яго выпадкова выцягнуў, палічыў, што знаходка нічога не вартая, і скінуў у раку. Але ў 1986-м частка святыні паказалася з-пад вады. І старшыня Межаўскага сельсавета з некалькімі памочнікамі выцягнуў крыж з вады і ўсталяваў ва ўрочышчы Прахабы, каля святой крыніцы. Дарэчы, знайшла звесткі, што калі крыж пераносілі сюды, да Межаўскай царквы, вернікі Пількавіч не былі задаволеныя — маўляў, нашто трывожыць святыню, звозіць…

А вось пра паходжанне крыжа ёсць розныя версіі. Адны гавораць, што стаяў ён калісь на магіле генерала, які загінуў у часы Паўночнай вайны. Другія — што гэта межавы крыж, якім пазначылі мяжу Друцкага і Віцебскага княстваў. Напачатку, кажуць, на крыжы бачыўся нейкі надпіс, сёння яго не відаць.

Дзве жанчыны, якія паважліва ходзяць вакол крыжа, пачынаюць нас распытваць пра яго... Жанчыны мясцовыя, ездзяць у Межава на працу з суседняй вёскі, але ўбачанае ім у навінку... Што ж, гугл нам у дапамогу, нешта распавядаем... Да таго ж побач — інфармацыйныя шчыты, на якіх можна прачытаць і пра паходжанне вёскі, і пра гістарычныя помнікі…

А сярод іх, дарэчы, і дзівосны парк, закладзены яшчэ Ксаверыем Любамірскім, які дужа любіў дрэвы і кветкі, меў тут, у сядзібе, зіммовы сад, і сваіх сялян змушаў вырошчваць пладовыя дрэвы, ладзіць аранжарэі... Аранжарэя была і ў сядзібе, цяпер у ёй — крама. Сённяшні парк мае абрысы, абазначаныя ў 1901 годзе. Ён раскінуўся на васьмі гектарах, сажалка мусіла падзяляць тэрыторыю на дзве часткі. Адна — панская, з сядзібай... На другой жылі сяляне і стаяла царква. Увогуле, тут шмат вады — запрудаў рэчкі Скуп’я і ручая Варанец. Пасярод парка быў насыпаны курган з пляцоўкай для музыкаў, ладзіліся танцы... Дасюль растуць тут грэцкі арэх, лістоўніцы, сібірская піхта, сасна Мурэя, сасна Веймутава, сасна Банкса, дугласія шэрая…

З паравоза — у самалёт

Дарэчы, я прачытала, што гаспадар сядзібы Леў Лубенскі быў супраць падзелу Беларусі і інкарпарацыі Польшай беларускіх земляў на ўсход ад Брэста і Гродна... Сцвярджаў насуперак іншым польскім палітыкам, што там жывуць не палякі, а беларусы, што з беларусамі трэба мірна суседнічаць, а не ўключаць гвалтам іх землі ў склад Польшчы... На жаль, яго голас не пачулі.

А ў парку Межава ёсць сведчанні трагічнай гісторыі Беларусі: мемарыяльны комплекс у памяць жыхароў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сярод пахаваных — камандзір атрада «Знішчальнік» 1-й партызанскай брыгады імя К. С. Заслонава Касачоў. Менавіта па заданні Заслонава ў 1942 годзе атрад узяў пад кантроль частку аўтамагістралі Масква — Мінск. Дзяніса Касачова акупанты лавілі апантана, аб’явілі за яго галаву вялікую ўзнагароду... 20 лістапада 1942 года партызанскі камандзір загінуў у баі.

А вось і яшчэ адно сведчанне, што ў Межаве памятаюць пра сваю гісторыю. На сцяне школы, якая побач з сядзібай — тры чорныя каменныя шыльды ў памяць герояў — мясцовых ураджэнцаў. Цікава, што двое з іх — героі-лётчыкі! Адна шыльда прысвечаная Герою Савецкага Саюза Мікалаю Альхоўскаму, лётчыку-падпалкоўніку, які нарадзіўся ў Межаве. Ён — удзельнік баёў на Бранскім, Варонежскім, 2-м Украінскім франтах, бітвы на Курскай дузе. Быў камандзірам эскадрыллі знішчальнага авіяпалка, здзейсніў 128 баявых вылетаў і збіў 19 варожых самалётаў. Пасля вайны працаваў у Маскве кранаўшчыком — усё-ткі вабіла вышыня! Другая шыльда прысвечана памяці Героя Савецкага Саюза, лётчыка Уладзіміра Завадскага. Ён нарадзіўся ў Чаркасаве, якое непадалёку і ўваходзіць у Межаўскі сельсавет. Дарэчы, у Чаркасаве — вялікі старажытны крывіцкі могільнік з 136 курганоў і гарадзішча ХІІ стагоддзя! Бацькі Уладзіміра Завадскага былі чыгуначнікамі, і ён пасля школы працаваў у Оршы ў чыгуначнай майстэрні. А калі ў 1939-м трапіў у Чырвоную армію, вырашыў стаць лётчыкам. Ці не прыклад земляка, Мікалая Альхоўскага, паўплываў, які быў ужо камандзірам эскадрыллі? Падчас вайны Завадскі стаў паветраным франтавым разведчыкам, здзейсніў 115 паспяховых вылетаў, зазняў 10 738 квадратных кіламетраў тэрыторыі... Цэлыя наступальныя аперацыі планаваліся на падставе яго разведданых! Не ўхіляўся і боек, збіваў варожыя самалёты... А ў 1944-м прызначаны камандзірам баявой эскадрыллі. Пасля вайны скончыў інстытут, працаваў эканамістам.…

Трэцяя шыльда прысвечана герою працы, даярцы Вользе Дзерваед, якая працавала на эксперыментальнай базе Межава, была ў 1960-х дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

Яшчэ адзін крыж

А мы накіроўваемся да наступнага аб’екта Межава — Свята-Васкрасенскай царквы... Ну як царквы — цяпер там руіны... Дах абвалены, на паўзруйнаванай вежы — буслінае гняздо, на версе муроў — а яны ў паўтара метра таўшчынёй — растуць таненькія дрэўцы... Аконныя і дзвярныя праёмы забітыя шэрымі дошкамі, але ўнутр прайсці можна. Праўда, там небяспечна: дах з пазелянелай цэглы — як рэшата, цагліны абвальваюцца. Калісьці тут былі багатыя роспісы, ляпніна... Сёння — кімсьці прынесеныя папяровыя абразы... Так, тут моляцца. І, нечакана — яшчэ адзін каменны крыж, пакладзены над круглай ямінай, магчыма, месцы былога алтара.

Царкву будаваў Канстанцін Любамірскі, здаецца, у 1886 годзе. Ад пачатку храм будаваўся як уніяцкі, потым быў перададзены праваслаўным. Межаўская царква была зачынена ў 1930-х, але абразы ды іншыя «прадметы культу» захоўваліся тут да 1940-х. У царкве зладзілі школу, збіраліся рабіць рэканструкцыю... Але так і не сабраліся.

Замак і востраў-сэрца

А мы адпраўляемся за чатыры кіламетры ад Межава, у суседнюю вёску Юрцава, таксама колішняе ўладанне Любамірскіх.

І раптам... Няўжо наперадзе паказаўся Мірскі замак?

Пры набліжэнні бачыш, што — не... У зман уводзяць чырвоныя сцены, белыя аздабленні... І той самы гатычны выгляд, магутныя муры, вежы, вастраверхія вокны... Тут, на беразі ракі Скуння, прытоку Аршыцы, граф Канстанцін Любамірскі, якому належала Межава, збудаваў сядзібу, якая яго воляю мусіла нагадваць сярэднявечную крэпасць. Гісторыя збудавання такая... У час вайны 1812-га года граф падтрымліваў Напалеона... А пасля яго паразы выкупляў правіны перад Расійскай імперыяй тым, што ўзвёў такі вось шыкоўны шпіталь для ветэранаў і інвалідаў вайны. І сёння будынак не памяняў прызначэння: тут Віцебскі абласны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны «Юрцава».

Мы праходзім на тэрыторыю... Цудоўная прырода. Возера з астраўком у форме сэрца, на які вядзе масток, у трыснягу — лебедзі... Дрэвы старога парку... У часы каранавіруса тут рэабілітуюць і тых, хто цяжка перахварэў на гэтую заразу…

На малюнку Напалеона Орды, які маляваў Юрцава, замак-шпіталь выяўлены на гары, над возерам, і масток ёсць, праўда, вядзе не на востраў, а да нейкага маленькага будынка, магчыма, купальні.

Цікава, ці бываў ва ўсіх гэтых мясцінах Уладзімір Караткевіч? Думаю, бываў... Ён жа з Оршы і любіў сваю зямлю, стараўся аб’ехаць усе яе цікавосткі. Межава — усяго за 25 кіламетраў ад Оршы, Юрцава — яшчэ бліжэй... І пра раку Аршыцу, якая тут цячэ, Караткевіч згадвае ў вершы пра Оршу, які вельмі спалучаецца з убачаным у Межава:

Яна не блішчыць красою,

А ў сэрца навек запала

З паркам сваім змарнелым,

З сваёй Кабыляцкай гарой,

З лянівай сястрой Аршыцай,

Што летам бруіцца памалу

Ў шырокі, як песня наша,

Магутны, сівы Дняпро.

Прыгажосць Аршаншчыны западае ў сэрца... Нездарма тут прайшоў адзін з мастацкіх пленэраў «У пошыках Атлантыды»... Ведаць сваё, любіць сваё, берагчы ўласную гісторыю... Падымаць гістарычную беларускую Атлантыду. Тое, дзеля чаго мы і адпраўляемся ў вандроўкі.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Што паглядзець у Межава: каменныя крыжы і забытыя храмы

Далучэнне да мясцовай гісторыі пачалося з чырвонага каменя з прымацаванай да яго чорнай гранітнай шыльдай, на якой выгравіраваны...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

105 гадоў таму было заснаванае таварыства «Заранка»

Кааператыўнае выдавецкае таварыства «Заранка» з’явілася ў Мінску ў 1918 года, паведамляе «Суполка беларускіх...

valiancina_shauchenka
Мастацтва

Віталь Цвірка: экспрэсіянізм па-беларуску

Да 110-годдзя з дня нараджэння творцы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава яго работ. Пра гэта...

valiancina_shauchenka
Гісторыя

«Дзядзька Язэп, рыхтуйцеся, на вас будуць выліваць памыі». Раскол у шэрагах Рады БНР

У сакавіку 1918 года ў Радзе БНР вызначыліся прыхільнікі трох галоўных саюзаў. Гэта былі саюз з Расіяй, саюз з Германіяй...

Апошнія навіны

    Гісторыя
    Што паглядзець у Межава: каменныя крыжы і забытыя храмы
    Гісторыя
    105 гадоў таму было заснаванае таварыства «Заранка»
    Мастацтва
    Віталь Цвірка: экспрэсіянізм па-беларуску
    Гісторыя
    «Дзядзька Язэп, рыхтуйцеся, на вас будуць выліваць памыі». Раскол у шэрагах Рады БНР
    Мастацтва
    У Гродне адкрыюць выставу графікі і малюнка двух мастакоў
    Музыка Беларусы свету
    «Ад безнадзейнага адчаю да адчайнай надзеі». Света Бень і Галя Чыкіс адыгралі першы канцэрт вялікага гастрольнага тура. Паглядзіце, як гэта было
    Мастацтва
    Новая выстава «Погляд у далягляд» у галерэі «Арт-Беларусь» — прысвячэнне жанру пейзажа
    Гісторыя
    5 фактаў пра Рыжскі мір. Калі нас бяз нас дзялілі
    Грамадства
    Гітарыста «Крамбамбулі» і Pomidor/off Уладзіслава Плюшчава этапавалі ў калонію
    Грамадства Беларусы свету
    «Свае людзі» ў Любліне: гісторык Глеб Гарадзецкі
    Грамадства Музыка
    У Полацку пройдзе Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі
    Гісторыя
    Восем месцаў Мінска, якія звязаны з гісторыяй БНР (+фота)
    Грамадства Літаратура
    Кнігу пра Алеся Бяляцкага можна набыць на Allegro (з дастаўкай у цэлы шэраг краінаў Еўропы!)
    Грамадства
    Пад Дрыбінам адрадзілі традыцыю пляцення лапцяў з «вочкамі»
    Грамадства
    Журналістак Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну асудзілі да 12 гадоў калоніі

Афіша

  • 20.03 — 18.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Iva Sativa ў Тбілісі

  • 20.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 20.03 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 20.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 20.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 20.03 — 26.03«Штучны інтэлект: мастак ці машына?»: выстава ў Мінску
  • 20.03 — 26.03Выстава «Джаз! Каты! Вясна!» у Мінску
  • 20.03 — 26.03Выстава «Веснавыя святы, абрады і звычаі беларусаў» у Гродне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «У Беларусі і так страшна жыць, а калі ты яшчэ ўжываеш беларускую мову, то адчуваеш дадатковую рызыку»
    • Абламейка: «У беларусаў па вялікім рахунку няма сяброў на гістарычным полі»
    • Мора Герадота: радзіма дзеда Талаша
    • Падземнае мора Анемпадыстава
    • «Гісторыя беларусаў поўная схаванага ўпартага гераізму, які зразумее любы падлетак». Лонгрыд Ганны Севярынец пра падлеткаў і не толькі
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип