Падчас калядных святаў вырашылі ўзгадаць беларускія калядныя песні разнастайных выканаўцаў апошніх дзесяцігоддзяў. Песень апынулася вялізная колькасць, хопіць на ўсе святы. Прапануем вашай увазе толькі некаторыя з іх, тыя, што нам падаліся найбольш цікавымі.
Фота: antyradio.pl
Цудоўная беларуская складанка «Сьвяты вечар» выйшла ў далёкім 2000 годзе. Вераніка Круглова, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў ды іншыя вядомыя музыкі запісалі шэраг аўтарскіх твораў, а таксама пераасэнсавалі ва ўласнай інтэрпрэтацыі некалькі народных калядных песень.
Сёлета Таццяна Ячная і Алесь Чумакоў прэзентавалі калядны альбом «Засьпявайма ўсе як адзін — дзень настаў Хрыстовых Радзін». Гэтым разам музыкі пашырылі геаграфію і заспявалі пад гуслі калядныя хіты Францыі, Латвіі, Італіі, Гішпаніі, Румыніі, Даніі і нават Венесуэлы. Агулам атрымалася 15 песень.
Святочная праграма рыхтавалася 3 гады і стала лагічным працягам альбома «Вясёлых калядных святаў ад Дубліна да Дрысвятаў», якую таксама актуальна паслухаць гэтымі днямі.
Зміцер Вайцюшкевіч амаль штогод радуе ў святочны час сваіх прыхільнікаў каляднымі песнямі самага рознага кшталту ад сучасных да народных ва ўласнай інтэрпрэтацыі і пры дапамозе шэрагу выдатных музыкаў: «Ямін-Яміна», «Добрым людзям», «Сьвяты вечар», «Калядка», «Пад Ялінкай», «Валёначак Святога Мікалая» з гуртом РСП, «На Каляды» з цудоўным маляваным відэа — і гэта не поўны спіс атмасферных калядных песень ад Змітра Вайцюшкевіча.
Узгадаем тут і калядку «Святы вечар», вядома, не адзіную ў рэпертуары стваральнікаў фолк-мадэрн стылю гурта «Палац». Усім аматарам сумежных музычных жанраў будзе даспадобы апрацоўка народнай песні Алегам Хаменкам і камандай.
Нечаканы калядны дуэт далёкага 2015 года лідара панк-гурта «DZIECIUKI» і фолк-гурта «Палац» з прыгожай святочнай кампазіцыяй «Каляды» на верш Анатоля Брусевіча таксама варта ўзгадаць у нашай складанцы. «Падаем уверх» гучыць аптымістычным чынам, заспакойвае, ураўнаважвае, так, як хацелася б пачувацца ў наш неспакойны час.
Яскравая, разнастайна афарбаваная з дапамогай процьмы музычных інструментаў калядка ад гурта «Vuraj» не пакіне абыякавымі ўсіх, каго цікавіць беларускі фолк у яго нетрывіяльных варыяцыях.
Нагадаем і пра «Калядную калыханку» Кацярыны Ваданосавай з цудоўным відэа, створаным з дапамогай мастачкі Аляксандры Канафальскай напрыканцы 2020 года. «...Нашыя дзеці дораць нам радасць, надзею і моц. Яны — нашыя анёлы-абаронцы, нашае сумленне ды шчасце. Дык няхай у новым годзе перамогуць праўда і дабро, няхай кожнае дзіця расце ў любові і бяспецы, няхай зоры асвятляюць наш шлях, а праўда пераможа...».
Узгадаем калядку і ад гурта Piarevaracień з фолк-эмбіент-рок альбома 2016 года «Spadčyna». Тут гурт паэксперыментаваў з вядомай народнай каляднай песняй, наклаўшы яе на звычайны для рок-музыкі акордавы акампанемент.
Каму цікавае спалучэнне розных музычных жанраў, абавязкова варта паслухаць даўнішні трэк Vinsentа, які ён запісаў сумесна з вакальнай часткаю гурта Shuma. Тут спалучыліся рэп-музыка і фолк-спевы. Вінсэнт напісаў тэкст для куплетаў, а Šuma Voices у складзе Русі, Надзеі Чугуновай і Юліі Гібкоўскай уплялі ў твор традыцыйны калядны напеў.
Калядка ад гурта «Песняры» вядомая ўсім, хто вучыўся ў беларускай савецкай і постсавецкай школе. Песня створана на тэкст народнага рэлігійнага спеву, адаптаванага Янкам Купалам да антырэлігійных савецкіх часоў. Просьба да вясёлых калядоўшчыкаў Саўкі ды Грышкі не будзіць маленькага Езуса тут заменена на просьбу не будзіць «малага хлапца».
Вядома, усіх беларускіх калядных спеваў не пералічыць. Таму дзяліцеся сваімі ўлюбёнымі ў каментарах, слухайце і адзначайце Каляды па-беларуску!