Святы народнага календара альбо свецкія, старажытныя ці тыя, што з’явіліся пару гадоў таму — цудоўная нагода перазагрузіцца, выйсці за межы паўсядзённых клопатаў, сустрэцца з блізкімі людзьмі ды ўрэшце спыніцца на момант і адчуць само жыццё.
Зрабілі падборку цікавых святаў, якія адзначаюць у розных краінах у чэрвені. Расказваем пра паходжанне некаторых святочных традыцый і прапануем розныя варыянты, як, скарыстаўшыяся нагодай, разнастаіць вашыя будні ды падняць настрой сабе і блізкім.
8 (9) чэрвеня: дзень лепшага сябра
Дата свята спрэчная — як альтэрнатыву называюць 30 ліпеня (зацверджаны ААН Міжнародны дзень сяброўства). Таксама ёсць версія, што павіншаваць сваіх сяброў варта 17 жніўня. Але ж ніхто не замінае адзначыць усе 3 даты.
Тут галоўнае — сэнс, а не дакладная дата. Са старажытных часоў сяброўства лічылася сапраўднай каштоўнасцю, прычым дасяжнай не ўсім. Вось некалькі фактаў пра сяброўства.
Артур Шапенгаўэр казаў: «Сапраўднае сяброўства — адна з тых рэчаў, пра якія, як і пра велічэзных марскіх змеяў, невядома, ці прыдуманыя яны, ці дзесьці існуюць».
Дзіўна, але да XVIII стагоддзя грамадствам не прызнавалася сяброўства паміж жанчынамі, лічылася, што ўменнем сябраваць валодаюць выключна мужчыны.
Псіхолагі сцвярджаюць, што максімальная патрэба ў сяброўстве ўзнікае ў юнацтве, менавіта тады фарміруюцца найбольш трывалыя сяброўскія сувязі.
Але адзначыць дзень лепшага сябра прапануем у любым узросце! Традыцыйна прынята дасылаць паштоўкі і запрашаць сяброў на каву. Не абмяжоўвайцеся такімі простымі рашэннямі.
Прыемныя сюрпрызы і невялікія падарункі будуць заўжды дарэчы. Каштоўным падарункам будзе ліст з падзякамі — напішыце на прыгожым аркушы самыя значныя для вас моманты сяброўства, тое, за што вы ўдзячныя свайму сябру/сяброўцы, і ўрачыста ўручыце яго альбо дашліце поштай, пакладзіце ў скрыначку з любімымі цукеркамі.
18 чэрвеня: Міжнародны дзень панікі
Як бы не зусім і свята і ўвогуле — гучыць дзіўна: адзначаць дзень у гонар негатыўнай з’явы. Але адзначыць яго варта — раяць псіхолагі.
Паніка — блізкі да афекту стан, выкліканы надзвычайнымі абставінамі альбо глыбокім страхам (фобіяй). Чалавек амаль не ўсведамляе, што робіць, разгублены, вельмі нервуецца, сваімі дзеяннямі стварае яшчэ больш праблем і небяспекі, чым тыя, што выклікалі гэтую самую паніку.
Дык як і навошта адзначаць дзень панікі?
Галоўны «рытуал» гэтага дня — вылучыць час і папанікаваць: стварыць вэрхал і мітусню, пакрычаць бессэнсоўныя словы, парабіць бессэнсоўныя рэчы. Паспрабаваць уцягнуць у сваю паніку і атачэнне (канешне, папярэдзіўшы пра гэта загадзя).
Такія «гульні» ў паніку, як сцвярджаюць псіхолагі, маюць адразу некалькі станоўчых бакоў.
Першае — пастаянна трымаючы сябе ў руках, падаўляючы любыя праявы панікі, страху (што мы звычайна робім штодня), мы заганяем сябе ў дэпрэсіўны стан, спрыяем развіццю нервовых захворванняў, псіхічных разладаў. Таму проста неабходна перыядычна «пражываць» стан панікі, каб скінуць нервовае напружанне.
Другое — як бы там ні было, на свята спантанна папанікаваць наўрад ці атрымаецца. Так ці інакш вы будзеце падрыхтаваны, і паніка (і яе праявы) будуць больш-менш пад кантролем. Вы падсвядома запомніце гэта і ў надзвычайных умовах, будзеце паводзіць сябе больш свядома, «узровень» вашай панікі будзе ніжэйшым.
Трэцяе — гумар. Штучна панікаваць без гумару не атрымаецца. Асабліва, калі вы падрыхтуецеся і падыдзеце творча да святкавання Міжнароднага дня панікі. Гэта зноў-такі моцна «знізіць» узровень сапраўднай панікі, калі яна ўзнікне пасля, ужо ў незапланаваных абставінах.
21 чэрвеня: дзень Серыдвен і яе Катла
Традыцыйна святкуюць у Англіі. Згодна з паданнем, усе творчыя асобы натхненне бяруць менавіта з Катла гэтай багіні. Яна звязана з метамарфозамі, Месяцам і зернем. Апякуецца песнярамі. Свяшчэнай жывёлай Серыдвен з’яўляецца дзікі кабан — сімвал гасціннасці, багацця і радасці.
Адсвяткаваць гэты дзень можна па-рознаму. Галоўны прынцып — радасць, удзячнасць за жыццё і гармонія з прыродай. Можна выехаць на пікнік у добрай кампаніі альбо зладзіць літаратурны (музычны) вечар.
А ў Старажытнай Грэцыі гэты дзень прысвячаўся Мудрым Жанчынам (увасабленню багіні Геры). То ўшануйце матуль, бабуль — завітайце да іх на вячэру, прывязіце кветкі і падарункі. Альбо пазваніце/напішыце і скажыце, як вы ім удзячныя, як любіце іх.
24 чэрвеня: Міжнародны дзень фей
Маленькія стварэнні — духі пэўных лакацый альбо асобных прыродных аб’ектаў ці чалавечых пачуццяў — існуюць амаль у кожнай культуры пад рознымі назвамі. У еўрапейскай традыцыі іх часта называюць абагулена — феі.
Гэта свята росквіту прыроды, пазітыўнага настрою, магіі і казак. У некаторых краінах Еўропы ладзяцца касцюміраваныя шэсці і выступленні.
У Беларусі дзень фей масава не адзначаецца. Але нам ніхто не замінае ўшанаваць гэтых істот ды павесяліцца з гэтай нагоды. Упрыгожце дом жывымі кветкамі ці букетамі з лісця, расстаўце свежыя ягады, садавіну ды іншыя прысмакі для фей і сябе. Апраніце яркую вопратку, можна і капронавыя крылцы прымацаваць. Асабліва такое свята спадабаецца дзеткам.
Галоўнае ў гэты дзень — радавацца жыццю, верыць у цуды. Не варта сварыцца ды тлуміць сабе галаву складанымі задачамі. Няхай пра іх 24 чэрвеня падумаюць феі. А вы падумаеце пра іх... заўтра.
27 чэрвеня: дзень німф
У Старажытнай Грэцыі святкавалі дзень німф і ўшаноўвалі Артэміду — апякунку дзявочага лёсу (адзін з яе аспектаў).
Ведаеце, адкуль пайшла традыцыя пячы торцік на дзень народзінаў? Адна з версій — менавіта так ушаноўвалі Артэміду. Круглы торцік сімвалізаваў Поўню — адзін з атрыбутаў багіні. І, каб выказаць ёй сваю ўдзячнасць і павагу, на перакрыжаванні выносілі круглыя торцікі.
Наколькі гэта праўда, зараз складана сказаць, ды і торцік лепш аднесці імянінніку. А вось зладзіць уласную Арэтафорыю (свята ў гонар Артэміды) можна. Спячы торт, апрануць прыгожую вопратку, патанчыць альбо пагуляць па парку/лесе, насалоджваючыся водарамі, спевамі птушак, летам і самім жыццём — заўжды дарэчы: хоць у Старажытнай Грэцыі, хоць у сучаснай Беларусі.
Знайдзіце ў сваім жыцці месца для свята!
Фота з сайта pixabay.com
Аля Красноўская, budzma.org
Чытайце яшчэ: Ульяны, Куста, Рызыгры, Купалле. Што і як беларусы святкавалі ў чэрвені