Калі вельмі коратка, то намафобія (ад ангельскага no mobile phone) — гэта моцны страх аказацца без мабільнага тэлефона. Яна прадстаўляе сабой не проста залежнасць, але менавіта трывожнае пачуццё і дыскамфорт. Як перамагчы намафобію, піша на budzma.org Алесь Тодараў.
shutterstock.com
Яшчэ ў жніўні 2020 года ў часопісе «Computers in Human Behavior Reports» было апублікава даследаванне маладых навукоўцаў з Партугаліі, згодна з якім пачуццё панікі, калі чалавек знаходзіцца ў далечыні ад свайго смартфона, можа быць звязана з агульным пачуццём неадэкватнасці і непаўнавартасці.
Для гэтага даследавання навукоўцы стварылі адмысловы апытальнік, у якім перавага была нададзена такім псіхапаталагічным сімптомам, як трывога, дакучлівыя ідэі і пачуццё непаўнавартасці. У апытанцы прынялі ўдзел 495 дарослых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў з Партугаліі, якія карыстаюцца сваімі смартфонамі ад чатырох да сямі гадзін у дзень.
Дзякуючы гэтаму даследаванню было выяўлена, што чым больш удзельнікі выкарыстоўвалі свае смартфоны кожны дзень, тым больш стрэсу яны адчувалі без тэлефона. Крыху больш за палову ўдзельнікаў гэтага даследавання былі жанчынамі, але разам з тым навукоўцамі не была выяўлена сувязь паміж полам і пачуццём намафобіі. Вынікі гэтага даследавання яскрава дэманструюць, што людзі, падвержаныя намафобіі, хутчэй за ўсё несвядома разглядаюць свае тэлефоны як прыладу кіравання стрэсам.
Стала гэта магчымым праз тое, што ў свеце пачалася пандэмія каронавіруса, а разам з ёй з’явіліся такія меры сацыяльнага дыстанцыянавання, як самаізаляцыя і абмежаванні на сходы і масавыя мерапрыемствы, што прывяло да незваротных зменаў у функцыянаванні сучаснага грамадства. Дзякуючы менавіта такім пераўтварэнням людзі па ўсім свеце пачалі болей карыстацца смартфонамі.
Паводле даных, якія можна адшукаць у адкрытых крыніцах, ад моманту пачатку пандэміі выкарыстанне смартфонаў павялічылася на 70% цягам некалькіх першых месяцаў. А залежнасць ад лічбавых тэхналогій, у тым ліку і смартфонаў, вельмі істотна ўзрасла з-за неабходнасці ўсё рабіць з дому: працаваць, вучыцца, чытаць навіны і ўзаемадзейнічаць з такімі паслугамі, як дастаўка ежы.
Паводле навукоўцаў, найбольш падвержаныя намафобіі людзі, якія вельмі часта карыстаюцца сваім тэлефонам — у першую чаргу гаворка пра падлеткаў і маладых людзей.
barjuice.wordpress.com
Некаторыя з навукоўцаў у сваіх меркаваннях заходзяць так далёка, што лічаць — модная з’ява мае быць уключана ў спіс па дыягностыцы псіхічных захворванняў і лячыцца паводле фармацэўтычных метадаў лячэння. Праўда, такіх адмыслоўцаў пакуль не так і шмат. Але разам з тым гэта не адмяняе таго факту, што праблема сапраўды існуе.
Бо смартфоны, асабліва ў апошні час, сталі неад’емнай часткай нашага жыцця. Без іх цяпер проста немагчыма ўявіць сабе сучаснага паспяховага чалавека, які не толькі добра зарабляе, але і напоўніцу рэалізаваны. Смартфоны відавочна павялічваюць колькасць выгодаў, якія мы можам атрымаць, і дазваляюць нам мець менавіта той узровень зносін, які мы самі хочам мець. Прасцей кажучы, цяпер не толькі грамадства можна навязваць нам сябе, але таксама і мы яму. Бо кожны ўладальнік больш-менш нармальнага смартфона можна пры вялікай ахвоце і наяўнасці адпаведнага жадання стаць, напрыклад, паспяховым блогерам і рабіць ролікі для таго ж «Цік-тока» або «Ютуба» і атрымліваць добрую зваротную сувязь.
Разам з тым трэба крытычна ставіцца да ўсіх дабротаў сённяшняй цывілізацыі і разумець, як і калі гэтыя прылады дапамагаюць, а калі шкодзяць нам і змяняюць нас. Калі сёння намафобію многія яшчэ ўспрымаюць з усмешкай, то гэта зусім не азначае, што заўтра яна не ператворыцца ў такую масавую з’яву, якой сёння ёсць дэпрэсія.
Ужо зараз ва ўсім свеце з’яўляецца вялікая колькасць даследаванняў, якія паказваюць, што смартфоны могуць перашкаджаць нашаму сну, прадуктыўнасці, псіхічнаму здароўю і кантролю эмоцый. Па некаторых меркаваннях, ужо адна толькі наяўнасць смартфона ў межах дасягальнасці можа зменшыць даступную кагнітыўную здольнасць.
Паводле навукоўцаў, нам ужо зараз варта турбавацца аб тым, што смартфоны могуць скараціць наша жыццё, хранічна падвышаючы ўзровень картызолу, аднаго з асноўных гармонаў стрэсу ў арганізме чалавека.
fotostrana.ru
Так, даследаванне 2018 года паказала, што больш частае выкарыстанне смартфона наўпрост звязана з павышэннем узроўню картызолу ў адказ на абуджэнне — натуральны усплёск картызола, які адбываецца прыкладна праз 30 хвілін пасля абуджэння, каб падрыхтаваць чалавека да выклікаў новага дня.
Праверка працоўнай пошты звечара або адразу пасля абуджэння можа прывесці да стрэсу, які патэнцыйна можа паўплываць на натуральныя рытмы картызолу. Сёрфінг у сацыяльных сетках таксама можа выклікаць стрэс праз страх прапусціць нешта важнае ў свеце. Выглядае досыць праўдзіва, асабліва з улікам таго, што ў суседняй краіне каторы месяц ідзе вайна, якая мае ўсе шанцы перарасці ў поўнамаштабны рэгіянальны канфлікт.
Праз такія сумныя акалічнасці ў нас з’яўляецца дадатковы стымул для таго, каб заходзіць у сацыяльныя сеткі і правяраць апавяшчэнні кожны раз, калі мы маем вольны час. Паводле заходніх адмыслоўцаў, больш за палову людзей, маладзейшых за 35 гадоў, рэгулярна правяраюць свой смартфон у прыбіральні.
Як пераадолець намафобію?
Калі вы разумееце, што не можаце абысціся без свайго мабільнага сябра нават кароткі прамежак часу, вам трэба звярнуць на гэта ўвагу. Цалкам магчыма, што ў вас пачынаецца намафобія. І перамагчы яе лепей у зародышы, пакуль з’ява гэтая не набыла разбуральны для вашай псіхікі характар. Каб справіцца з намафобіяй, трэба выканаць у першую чаргу наступныя парады:
1. Усталюйце на сваім смартфоне спецыяльныя дадаткі, якія будуць дапамагаць вам менш карыстацца тэлефонам.
2. Падчас «ціхай» гадзіны выключыце ці адкладзіце тэлефон і займайцеся нечым іншым. Гэта можа быць што заўгодна — галоўнае засяродзіцца на справе, якая не патрабуе наяўнасці ў вашых руках тэлефона. Прывучайце сябе да таго, што перасоўвацца як мінімум па сваёй кватэры можна і без яго.
3. Калі выходзіце за прадуктамі ў бліжэйшую краму, па нейкіх дробных неабавязковых справах, або да сяброў — можаце смела пакідаць тэлефон дома. Гэта дапаможа вам хаця б крыху адвыкнуць ад яго.
Таксама чытайце па тэме:
Як не «заліпаць» у гаджэтах: стратэгія для прасунутых
Алесь Тодараў, budzma.org