Ці прыходзілі да вас калі-небудзь думкі, што жыццё праходзіць міма? Што яно зусім не такое, якое вы ўяўлялі сабе ў дзяцінстве? Пра якое марыце зараз?
А ці задумваліся вы, чаму так адбываецца? У гэтым артыкуле разгледаем 5 асноўных перашкод, якія замінаюць нам жыць на ўсе 100, і прапануем варыянты іх пераадолення.
Як часта ў дзяцінстве вы чулі штосьці накшталт: «усе так жывуць і нармальна»; «а вунь суседзі ўвогуле без машыны (уласнага жытла, ні разу не былі на курорце і г.д.) , і нічога, жывуць»; «твае продкі жылі значна горш»... і да т.п?
Такія сцвярджэнні (асабліва ад бацькоў ці старэйшых сваякоў) фарміруюць у нас устаноўку, што не варта імкнуцца да лепшага, да чагосьці звыш... Усе так жывуць, і ты мусіш. Жыць на такім узроўні дабрабыту, фінансавай незалежнасці, кар’еры і г.д. — гэта норма.
Калі вас сапраўды задавальняе ваш узровень жыцця ва ўсіх сферах, то цудоўна. Але ж тады наўрад ці вы б чыталі падобныя артыкулы, праўда? Калі ж вы хочаце чагосьці большага, лепшага, то прыйдзецца развітацца з падобнымі ўстаноўкамі.
Зараз існуе шмат разнастайных практык па пазбаўленню ці замене псіхічных праграм дзяцінства — абірайце тое, што вам даспадобы. Але найперш адсачыце ў сябе гэтыя праграмы і ўстаноўкі, вылучыце іх у сваіх думках і паводзінах.
Сутнасць сіндрома ў тым, што часам мы баімся рабіць крокі наперад таму, што ацэньваем сябе са свайго мінулага вопыту. Калісьці ў нас нешта не атрымалася. І вельмі часта мы памятаем пра гэтую паразу і не ўлічваем, што з тых часоў мы сталі зусім іншымі: у нас з’явіліся новыя веды, новы вопыт, новыя сілы. Нават нашае цела цалкам абнаўляецца цягам 5-7 год.
Прычым сіндром гэты характэрны ў асноўным для дарослых, дзеці са сваёй прагай пазнання навакольнага свету і прыгодаў ідуць наперад больш адважна. Паназірайце за немаўлём, якое вучыцца хадзіць — колькі соцен спроб яно робіць?
Каб пазбавіцца ад гэтага сіндрома, варта ўсвядоміць, што мы не нешта статычнае, мы можам мяняцца. Прычым мяняцца ў той бок, у які захочам. І кожны новы дзень — гэта новая магчымасць стаць «лепшай версіяй сябе». Дзеля такога ўсведамлення можна весці дзённік сваіх дасягненняў, куды штодзень заносіць 5-10 рэчаў, за якія вы можаце сябе пахваліць, якімі вы ганарыцеся.
Як бы гэта дзіўна ні гучала, але большасць людзей не змогуць дакладна апісаць жыццё сваёй мары. Зараз заплюшчыце на хвілінку вочы і падумайце: а вы можаце дэтальна і дакладна сказаць, чаго хочаце па ўсіх сферах свайго жыцця? Адсутнасць «канчатковага пункта» робіць любы шлях непераадольным.
Калі вы не можаце сказаць, чаго хочаце па жыцці, самы час узяць паперу і аловак. Выдыхніце і ўявіце сабе жыццё вашай мары. Што вы бачыце: які вы, дзе жывяце, дзе працуеце, як адпачываеце, чаго дасягнулі, хто побач? А зараз на паперы запішыце ў лічбах, дакладных якасцях і часавых тэрмінах, што вам патрэбна, каб вашае жыццё мары ўвасобілася. Напрыклад: хачу раз на паўгады выязджаць адпачываць у цёплыя краіны. Які для гэтага мусіць быць ваш заробак? За які тэрмін вы жадаеце дасягнуць такога ўзроўню?
Гэта і будуць вашыя мэты. Глабальныя мэты лепш падзяліць на меншыя: чаго мушу дасягнуць да канца бягучага года? Да канца месяца? За гэты тыдзень?
З дзяцінства мы прывыкаем да таго, што за ўсё «карыснае» мы справаздачымся. Бацькам, настаўнікам, старэйшым... І не проста канстатуем факты, а яшчэ і адзнаку за гэта атрымліваем, нас ацэньваюць. І гэта нас матывуе.
У дарослым жыцці неабходнасць справаздачыцца ўзнікае досыць рэдка — хіба што па працы. Як думаеце, чаму займацца з трэнерам у разы больш эфектыўна, чым самому? Збольшага патрэбныя практыкаванні зараз можна знайсці ў сеціве і вельмі дакладную інструкцыю па іх выкананні. Але ж трэнер фіксуе вашыя дасягненні і натхняе вас ісці далей. А, ведаючы, што вас чакаюць у залі, вы з большай верагоднасцю пойдзеце займацца, нават, калі не вельмі гэтага хочаце.
Гэтыя перашкоды на шляху да жыцця сваёй мары прыбраць нескладана: знайдзіце паплечніка, якому будзеце справаздачыцца аб сваім руху наперад. Цудоўна, калі гэты чалавек будзе на адной з вамі хвалі — вы зможаце падбадзёрваць і дапамагаць адно аднаму ў «цяжкія» дні.
Ці казалі вы сабе: «усё, з панядзелка (з першага чысла наступнага месяца, з новага года) я пачынаю бегаць, правільна харчавацца, шукаць іншую працу, маляваць карціну, пісаць кнігу (працягніце самі)? Альбо — як толькі ў мяне вызваліцца крыху часу, адразу ж пачну вучыць замежныя мовы, запішуся на ёгу, чытаць і г.д.?
Гэта і ёсць сіндром панядзелка — мы адкладаем сваё жыццё на «калі-небудзь». І такім чынам дні, калі мы нічога не робім, каб наблізіцца да жыцця сваёй мары, складаюцца ў тыдні, месяцы, гады...
Лекі ад гэтага сіндрома толькі адны — ваша рашучасць і настойлівасць. Калі з гэтым пакуль праблемы, прапішыце для сябе, што вы хочаце пачаць рабіць (рэгулярна займацца спортам, напісаць кнігу, вывучыць замежную мову). Вылучыце невялікія (пасільныя вам на сёння) этапы. Напрыклад, хачу займацца спортам 3 разы на тыдзень па 2 гадзіны. Малаверагодна, што з перашага тыдня ў вас так і пойдзе. Асабліва, калі да гэтага вы не займаліся і 30 хвілін на тыдзень. Пачніце з таго, што будзеце хадзіць у спартыўную залю па серадах, напрыклад, і займацца гадзіну. 2-3 тыдні не здраджвайце свайму жаданню (нават, калі вельмі не хочацца туды ісці). Калі ў вас атрымалася месяц пахадзіць без пропускаў, пахваліце сябе і пераходзьце на наступны этап: хадзіць па серадах і пятніцах. І так — пакуль не дасягнеце таго ўзроўню, на які прэтэндавалі ад пачатку. Галоўнае — паставіць на сваім першым этапе сённяшнюю дату, а не — з наступнага панядзелка.
Вашае жыццё можа быць такім, пра якое вы марыце. Паверце ў гэта — і рушце наперад!
Вікторыя Лебедзева, budzma.org