У гісторыі нашай краіны столькі выбітных асоб, чые імёны мы павінны ведаць і шанаваць. Сярод іх пачэснае месца займае класік беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі Якуб Колас. Яго ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры, навукі, культуры складана пераацаніць. Творчай спадчыне паэта прысвечана вялікая колькасць артыкулаў, даследаванняў, дысертацый. Здаецца, што чакаць новых адкрыццяў у галіне коласазнаўства не выпадае. Але часам знаходкі радуюць даследчыкаў жыцця і творчасці беларускага песняра, піша «Звязда».
Якуб Колас — непераўзыдзены мастак слова, адзін з найлепшых прыродаапісальнікаў у беларускай літаратуры. Ён вядомы нам як аўтар паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», трылогіі «На ростанях», аповесцей «На прасторах жыцця» і «Дрыгва», мудрых і філасофскіх «Казак жыцця». Але ў творчай скарбонцы аўтара былі і цудоўныя творы для маленькіх чытачоў. З-пад яго пяра выйшлі вершаваныя апавяданні «Савось-распуснік» і «Рак-вусач», паэма для дзяцей «Міхасёвы прыгоды». У 1934 годзе апошняя была адзначана на конкурсе найлепшых мастацкіх твораў для дзяцей. Гэтая кніга спрыяла наладжванню сяброўскіх кантактаў Якуба Коласа з адным з самых вядомых рускіх дзіцячых пісьменнікаў — Самуілам Якаўлевічам Маршаком.
Хто не чытаў твораў Самуіла Маршака ў дзяцінстве? Яго «Дванаццаць месяцаў», «Багаж», «Кошчын дом» вядомы амаль кожнаму. Але не ўсе ведаюць, што Якуб Колас і Самуіл Якаўлевіч Маршак нарадзіліся ў адзін дзень і маглі б быць ледзь не землякамі.
Самуіл Маршак нарадзіўся 3 лістапада 1887 года ў Варонежы ў яўрэйскай сям’і. Яго бацька, Якаў Міронавіч Маршак (1855–1924), быў ураджэнцам Койданава, што недалёка ад Стоўбцаў, працаваў майстрам-тэхнікам на заводах, маці, Яўгенія Барысаўна Гітэльсон (1867–1917), ураджэнка Віцебска, была хатняй гаспадыняй. Стаўбцоўскі край — малая радзіма Якуба Коласа, беларускі паэт нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў Акінчыцах.
У 1893 годзе сям’я Маршака пераязджае ў Віцебск, у 1894-м — у Пакроў, у 1895-м — у Бахмут, у 1900 годзе — у Астрагожск. У 1899–1906 гадах будучы пісьменнік вучыўся ў Астрагожскай, 3-й Пецярбургскай і Ялцінскай гімназіях. У Астрагожскай гімназіі настаўнік славеснасці прывіў Маршаку любоў да класічнай паэзіі, заахвочваў яго першыя літаратурныя спробы. Адзін з паэтычных сшыткаў Маршака трапіў у рукі Уладзіміра Васільевіча Стасава, вядомага рускага крытыка і мастацтвазнаўцы, які прыняў гарачы ўдзел у лёсе юнака. З дапамогай Стасава Самуіл пераязджае ў Пецярбург і вучыцца ў адной з найлепшых гімназій. У 1904 годзе ў доме Стасава Маршак знаёміцца з Максімам Горкім, які паставіўся да яго з вялікай цікавасцю і запрасіў на сваю дачу ў Ялце, дзе малады пісьменнік жыў у 1904–1906 гадах. У канцы верасня 1912 года Самуіл Маршак адправіўся ў Вялікабрытанію, дзе вучыўся спачатку ў палітэхнікуме, затым — у Лонданскім універсітэце (1912–1914). Падчас канікул шмат падарожнічаў пешшу па Англіі, слухаў англійскія народныя песні. Ужо тады пачаў працаваць над перакладамі англійскіх балад.
У 1934 годзе Маршак удзельнічае ў І Усесаюзным з’ездзе савецкіх пісьменнікаў, выступае з дакладам аб дзіцячай літаратуры, абіраецца членам праўлення СП СССР. На гэтым жа з’ездзе прысутнічае і Якуб Колас, выступае з прамовай «Пути белорусской литературы». Верагодна, што менавіта там адбылася першая сустрэча пісьменнікаў. А ў хуткім часе беларускі паэт дасылае Маршаку сваю кнігу «Міхасёвы прыгоды». У лісце да сябра і перакладчыка Сяргея Гарадзецкага ад 16 лістапада 1935 года Якуб Колас пісаў: «За письмо большое спасибо. Твоей оценкой моей детской книги я горжусь. Писал мне о ней и Маршак. Дал очень хорошую оценку. Он сказал: «Книга написана большим мастером и подлинным поэтом. Поздравляю ребят, для которых написана книга». Самуіл Маршак і сапраўды даслаў Коласу ліст, 5 кастрычніка 1935 года ён пісаў: «Дорогой тов. Колас! От всей души благодарю Вас за присылку мне Вашей прекрасной книги для детей «Міхасёвы прыгоды». Поздравляю тех ребят, которым попадет в руки книга, написанная большим мастером и подлинным поэтом«.Якуб Колас і Самуіл Маршак сустракаліся не раз на з’ездах пісьменнікаў у Маскве, а таксама падчас адпачынкаў у падмаскоўным санаторыі «Барвіха».
У лісце да П. У. Броўкі ад 16 сакавіка 1949 года Якуб Колас пісаў:
«З 11-га ІІІ я гібею ў «Барвісе». Не таму, што Барвіха — гнілая мясціна, а таму, што я старая псіна. Не магу пахваліцца сваім здароўем. У бальніцы я лепей адчуваўся, чым тут. У «Барвісе» я нажыў сабе кашаль, якога не было ў Маскве... Будынак санаторыя і сам санаторый найлепшыя ў свеце, але ўсё ж у Балачанцы мне было б лепей: там няма такіх скразнякоў, як тут. Вось яны і залажылі мне грудзі... З маскоўскіх паэтаў тут адпачывае Маршак».
Якуб Колас цяжка захварэў, праходзіў лячэнне ў крамлёўскай бальніцы, пазней быў накіраваны на рэабілітацыю ў Барвіху. Аб сустрэчах з Маршаком пясняр пісаў свайму сябру і перакладчыку Яўгену Мазалькову: «Здесь отдыхает С.Я. Маршак. Я подарил ему «Хату рыбака». Он мне говорил, что Ваши переводы самые лучшие, что, не заглядывая в оглавление, он безошибочно узнает главы, переведенные Вами».
Дзякуючы праекту Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Ад усяго сэрца, ад усёй душы: інскрыпты Якуба Коласа на кнігах», скан гэтага інскрыпта быў атрыманы і друкуецца ўпершыню: «Дорогому, любимому поэту, Самуилу Яковлевичу Маршаку, прекрасной души человеку, на память от Якуба Коласа. Борвиха. 20 ІІІ 1949 г.» Кніга «Хата рыбака» захоўваецца ў прыватным архіве нашчадкаў рускага пісьменніка.
Развітальным падарункам Якубу Коласу сталі «Сонеты Шекспира в переводах С. Маршака» з цёплым дарчым надпісам: «Чудесному человеку и замечательному поэту Якубу Коласу с дружеским приветом С. Маршак. Борвиха. 6 апреля 1949 г.». У дзень ад’езда Коласа з санаторыя, 8 красавіка, пастановай Савета Міністраў беларускаму паэту была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР другой ступені за паэму «Рыбакова хата». Некалькі дзён Якуб Колас праводзіць у гасцініцы «Масква», а 10–11 красавіка выязджае ў Мінск, з якім так доўга быў разлучаны з-за цяжкай хваробы.
«Хата рыбака» не адзіная кніга, падараваная Коласам Маршаку. У асабістай бібліятэцы рускага пісьменніка захоўваецца выданне «Новай зямлі» на рускай мове, кніга выйшла ў Мінску ў 1949 годзе. На асобніку аўтар пакінуў наступны дарчы надпіс: «Дорогому Самуилу Яковлевичу Маршаку. Якуб Колас. 13. ІІ 1951 г.». Аўтограф таксама друкуецца ўпершыню. У канцы 1950 — пачатку 1951 года Якуб Колас зноў цяжка хварэе, лечыцца ў Крамлёўскай бальніцы, затым адпачывае ў санаторыі пад Масквою. І гэтая кніга была падаравана ў «Барвісе», дзе адпачывалі абодва пісьменнікі.
2 сакавіка 1951 года Самуіл Маршак пісаў Якубу Коласу: «Дорогой Константин Михайлович. Вернулся я из Борвихи и вскоре опять прихворнул. Поэтому еще не успел поблагодарить Вас за милый подарок — поэму «Новая земля». Большое Вам спасибо за память и за отличную книгу». Разам з лістом Самуіл Маршак даслаў Коласу кнігу «Роберт Бёрнс в переводах Самуила Маршака» з наступным дарчым надпісам: «Дорогому Якубу Коласу — С. Маршак. Москва, 2 марта 1951 г.».
Кожная выяўленая кніга з аўтографам Якуба Коласа адкрывае невядомыя старонкі жыцця паэта, дазваляе даведацца аб асобах з яго акружэння, раскрывае гісторыю кантактаў, стасункаў і сяброўскіх зносін пісьменніка з рознымі людзьмі. Спадзяюся, што яшчэ многа такіх адкрыццяў чакае нас наперадзе.
Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа