Музыка суправаджэння набажэнстваў можа быць названая музыкай толькі ўмоўна. Пра музыку як з’яву свецкую ўяўленне пачало складацца ў грамадстве толькі за часамі позняга Адраджэння, займела шырокі распаўсюд толькі ў часы Барока. Budzma.org распавядае пра гісторыю царкоўнай музыкі, яе карані і развіццё на пачатковых этапах.
Што такое псалма і адкуль яна ўзялася?
Найстаражытнейшым жанрам царкоўнай музыкі з’яўляецца псалма. Гэты жанр запазычаны першымі хрысціянамі ў іўдзеяў — спевы ў іх былі часткай храмавага рытуалу. Псалмы перакладалі на лаціну і грэцкую мову, выконвалі іх ва ўнісон, але, у адрозненне ад іўдзеяў, хрысціяне не выкарыстоўвалі музычныя ці калямузычныя інструменты і выконвалі песнапенні без выражэння эмоцыяў, нібы хорам чыталі псалму.
Разам з тэкстамі псалмоў гэтую манеру выканання атрымала ў спадчыну і літургія. У Заходняй Еўропе ў VIII–IX стагоддзях склаўся стыль спеваў, названы «грыгарыянскім» у гонар папы Грыгорыя I. Гісторыкі лічаць, што яго аўтарству належыць значная частка рымскай літургіі.
Аднагалосае грыгарыянскае песнапенне строга прадугледжвала пэўныя ступені распеву для розных частак літургіі: рэчытатыў, распевы, напеўнасць. Манера ж выканання павінна была быць строгай і стрыманай, з плаўнымі пераходамі, якія паступова ўзвышаліся і сцішваліся.
Распевы строга падпарадкоўваліся пэўным правілам
Распеў мусіў строга падпарадкоўвацца таму ці іншаму тэксту і ён вызначаў рытміку. У харавым песнапенні прысутнічалі выключна мужчынскія галасы і падзяляліся на два тыпы выканання: «Антыфон» — чаргаванне двух хораў і рэспансорнае выкананне — спевы саліста з чаргаваннямі харавых рэплікаў. Аснову для заходняга і ўсходняга хрысціянскага набажэнства заўсёды складалі біблейскія тэксты. Паступова да іх дадаваліся адмыслова напісаныя новыя часткі тэксту. Дадатковыя тэксты былі ананімнымі, хутчэй за ўсё, імёны аўтараў не захаваліся.
Музычнае афармленне доўгі час таксама было ананімным, можна сказаць, калектыўным, бо яно пастаянна абнаўлялася, перапрацоўвалася і ў выніку ўніфікавалася.
Грыгарыянскі спеў, дзякуючы развіццю і ўдасканаленню, ужо ў ІХ стагоддзі стаў асноваю ранняй формы царкоўнага шматгалосся, так званага «арганума», які ў далейшым выціснуў грыгарыянскі спеў.
Калі з’явіўся арган пры набажэнстве і чаму яго не прыняла праваслаўе?
Да XII стагоддзя «арганум» развіваўся ў трох- і чатырохгалоснай формах, потым перайшоў у больш складаныя формы. На іх аснове ў XIII–XIV стагоддзях пачалі развівацца буйныя формы харавой царкоўнай музыкі, такія як імша.
У Заходняй і Цэнтральнай Еўропе з ХІ стагоддзя павольна, пачынаючы з галоўных храмаў буйных гарадоў, пачаў распаўсюджвацца продак аргана, разам з ім у царкоўную музыку прыходзяць і іншыя музычныя інструменты, якія былі строга рэгламентаваныя царквой. Гукі аргана надавалі ўрачыстасці пэўным часткам набажэнства.
Усходняе хрысціянства не прыняла гук аргану, лічыла яго «гудзеннем» і надалей было скіраванае на выкарыстанне выключна чалавечых галасоў. У заходнім варыянце хрысціянства ў выніку ўсё ж з інструментаў застаўся толькі арган, і толькі ў XVII стагоддзі, у эпоху Барока, пачалі ўводзіцца інструментальныя творы.
АМ, Budzma.org