Сваімі прамовамі яна за 15 хвілін збірала ўзброеныя атрады з соцен байцоў, пра яе подзвігі гаварыла ўся Еўропа, а ўлады прылічылі да другога разраду дзяржаўных злачынцаў. «Салідарнасць» расказвае пра «беларускую Жанну д’Арк».
Наша гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі жанчыны вяршылі лёсы краіны. Як яны прыходзілі ў палітыку, наколькі паспяховым быў іх унёсак у жыццё нашай дзяржавы на працягу стагоддзяў, і якія паралелі можна правесці з днём сённяшнім. Узгадваем Эмілію Плятэр.
Гэтая жанчына стала сімвалам барацьбы за незалежнасць і прыкладам гераізму. Яе называлі «беларускай Жаннай д’Арк». І недарма. Плятэр была пасвечана ў Рыцары-Дзевы па ўсіх старадаўніх правілах і набыла сваю баявую славу не толькі адной адвагай, але і ваеннымі навыкамі. А яшчэ марыла аб вызваленні сваёй радзімы.
Рыцар-Дзева
Яшчэ ў дзявоцтве маладая графіня Эмілія Плятэр натхнялася ідэямі Тадэвуша Касцюшкі. Яе ідэаламі былі жанчыны-ваяўніцы: Жанна д’Арк і Бубуліна — гераіня грэчаскага паўстання супраць Асманскай імперыі. Эмілія і сама была выдатнай наезніцай, добрым стралком і фехтавальшчыцай.
Цікавы факт: у 1823 годзе аднаго са стрыечных братоў Плятэр гвалтоўна забралі ў царскую армію ў пакаранне за святкаванне гадавіны канстытуцыі Рэчы Паспалітай ад 3 траўня 1791 года. Гэтага яна дараваць не магла, як і змірыцца з тым фактам, што яе краіна была падзелена і прыбрана да рук чужой дзяржавай — Расійскай імперыяй.
Як толькі Эмілія даведалася пра пачатак паўстання ў Варшаве ў 1830 г., яна стала заклікаць бліжэйшых сваякоў і знаёмых пачаць падрыхтоўку паўстання ў Літве і Беларусі. Разам з стрыечным братам Плятэр нават распрацавала падрабязны план па захопе Дынабургскай крэпасці. І хоць гэтым грандыёзным планам было не наканавана здзейсніцца, у энергічнай 24-гадовай дзяўчыне ўсе ўбачылі сапраўднага лідара. А мясцовыя дваране нават пасвяцілі Эмілію ў Рыцары-Дзевы.
29 сакавіка 1831 года Плятэр выступіла на плошчы мястэчка Дусяты з заклікам узняцца на барацьбу супраць ворагаў веры і Айчыны. Як пішуць сведкі, дзякуючы яе палымяным прамовам, усяго за чвэрць гадзіны ўдалося сабраць атрад колькасцю ў 280 стралкоў, 60 вершнікаў і некалькі соцен касінераў (сялян, узброеных косамі). Былі сярод паўстанцаў і жанчыны.
Гэты атрад Эмілія Плятэр павяла на Дзвінск, павяртаючы па шляху ва ўцёкі царскія войскі.
Эмілія Плятэр на чале касінераў. Мастак Ян Багуміл Разэ. ХІХ ст.
Пазней за смеласць і рашучасць у баявых дзеяннях камандаванне паўстанцкімі сіламі прызначыць Плятэр ганаровым камандзірам роты ў пяхотным палку і прысвоіць ёй званне капітана — самага высокага, які на той момант займала жанчына.
Дзяржаўная злачынца
Прама скажам, не ўсе былі задаволены тым фактам, што жанчыны нароўні ваююць плячом да пляча з мужчынамі. Дарэчы, апроч Эміліі Плятэр, у вырашальнай бітве за Вільню ў чэрвені 1831 года ўдзельнічалі як мінімум 11 жанчын.
Некаторыя сучаснікі з раздражненнем пісалі аб такім суседстве, заяўляючы, што жанчыны на поле бою былі цяжарам, а ў лагеры ад іх адно распуста. «А як апранутыя, паглядзіце», — абураўся сітуацыяй аўтар мемуараў аб паўстанні Ігнат Клюкоўскі.
Аднак наўрад ці яго словы маглі датычыцца Эміліі. Знакаміты геолаг, удзельнік паўстання Ігнат Дамейка, які таксама сустракаўся з Эміліяй на паўстанцкіх сцежках, адгукаўся пра яе наступным чынам:
«Невысокая, бледная, не прыгажуня, але акруглага, прыемнага, сімпатычнага твару, з блакітнымі вачыма, добра складзеная, але не моцнай формы; была сур’ёзная, больш строгая, чым абаяльная ў паводзінах, мала размаўляла і адным поглядам быццам выклікала да сябе належныя адносіны».
Гэта ўжо потым мастакі і літаратары створаць партрэт прыгажуні-амазонкі, не закахацца ў якую проста немагчыма.
Дарэчы, аб сардэчных справах. Вядомая толькі адзіная гісторыя кахання, якая адбылася яшчэ да паўстання. Яна была звязаная са сватаўством нейкага расійскага генерала Міхаіла Каблукава. Сур’ёзны і забяспечаны чалавек, камендант Дынабургскай крэпасці, ведаў сям’ю Эміліі і разлічваў на прыязнасць дзяўчыны. Але атрымаў адмову. Ёсць дзве версіі, чаму.
Першая — патрыятычная. Эмілія, сэрца якой балела за родную краіну, не магла выйсці замуж за прадстаўніка акупацыйнай адміністрацыі.
Другая версія банальнейшая: яе сэрца ўжо было занятае. Маюцца непацверджаныя звесткі аб закаханасці Плятэр у маладога капітана інжынерных войскаў па прозвішчы ці то Дальвінг, ці то Даль-Івінг. Але да вяселля справа не дайшла.
За нядоўгія 25 гадоў, якія адвёў ёй лёс, Эмілія замуж не выйшла. Аднак знайшла сябе на іншай ніве.
Слава аб подзвігах Эміліі Плятэр разышлася па ўсёй Еўропе, а царскімі ўладамі яна была прылічана да другога разраду дзяржаўных злачынцаў.
На жаль, жыццё гэтай баявой жанчыны перапынілася вельмі рана. Хвароба не дазволіла ёй працягнуць барацьбу за незалежнасць. Пры адыходзе паўстанцаў у Прусію Эмілія, якая не жадала ганебна адыходзіць, накіравалася ў абложаную Варшаву, але з-за стомленасці, адсутнасці сну і голаду па дарозе захварэла на пнеўманію. Апошняй кропляй стала вестка аб узяцці царскімі войскамі Варшавы і разгроме паўстання. 23 кастрычніка 1831 года на парозе свайго 25-годдзя Эмілія Плятэр сышла з жыцця.
Аднак назаўжды засталася ў народнай памяці. Імя яе было ўвекавечана ў вядомым вершы Адама Міцкевіча «Смерць палкоўніка», а таксама шматлікіх творах мастацтва і стала сімвалам служэння свабодзе і незалежнасці.