Сёння сімволіка БНР нам падаецца ці не адзіным цалкам зразумелым і безальтэрнатыўным сведчаннем пра тую дзяржаву. Ты можаш не ведаць міністраў і дакладных межаў БНР, але пра Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг ведаеш дакладна. Але ці так усё проста? Што кажуць пра погляды бацькаў БНР гэтыя сімвалы і што яны мелі значыць для сучаснікаў?
Насамрэч пытанне з сімваламі рэспублікі-стартапа не менш спрэчнае, чым клубок інтрыг і фінансавых дачыненняў яе айцоў-заснавальнікаў. Намінальна нібыта ўсё проста: архітэктар і дызайнер Клаўдыюш Дуж-Душэўскі прыдумаў бел-чырвона-белы сцяг, а пасля яго зацвердзілі ўрадоўцы БНР. З гербам “Пагоня” яшчэ прасцей – гэта гістарычная сімволіка з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Што ж яшчэ?..
Чырвоны сцяг “Грамады” і загадкавы бел-чырвона-блакітны
Давайце разбірацца. Бел-чырвона-белы сцяг сапраўды з’яўляецца на мяжы 1917 і 1918 гг., пасля чаго пачынае выкарыстоўвацца паўсюдна ў нацыянальных колах. Але ці сапраўды Дуж-Душэўскі прыдумаў сцяг за адну ноч “на пустым месцы”? Ёсць сведчанні, што бел-чырвона-белая камбінацыя выкарыстоўвалася беларускімі арганізацыямі і раней, яшчэ да вайны і рэвалюцыі. Хутчэй за ўсё, Душэўскі усё ж узяў папулярныя колеры і аформіў іх у прыгожы і элегантны сцяг, які б не паўтараў сцягі суседзяў.
Паводле сведчанняў самога Душэўскага, занатаваных у 1934 годзе, ён меў і іншыя праекты, сярод якіх урадоўцы БНР абралі бел-чырвона-белы. Калі згадваць той жа Першы Усебеларускі з’езд, то там фігуруюць адразу некалькі сцягоў: чырвоны сцяг сацыялістаў з “Грамады”, загадкавы бел-чырвона-блакітны сцяг і белае палотнішча з лозунгам “Няхай жыве вольная Беларусь”.
Чорная стужка на сцягу – азнака жалобы ці…
Бел-чырвона-белы ў выніку ўсё ж перамог і 19 лютага 1918 года ўжо лунаў над губернатарскім палацам у Менску як сімвал перамогі нацыянальнай дзяржавы і выгнання бальшавікоў са сталіцы. Важна, што менавіта гэты сцяг у далейшым “каціраваўся” і вайсковымі структурамі БНР. Спачатку, яшчэ ў 1917-м, бел-чырвона-белая стужка была прынятая ў якасці азнакі беларускіх вайскоўцаў, дзе б яны ні знаходзіліся: хоць сабе нават у Кіеве ці Адэсе. Пасля менавіта гэты сцяг лунаў над камендатурай 1-га беларускага палка ў Гродне, а таксама выкарыстоўваўся балахоўцамі.
Цікава, што на здымку Беларускай Рады ў 1919-м, зробленым у Вільні, мы бачым бел-чырвона-белы сцяг з дадаткам – дзвюма тонкімі чорнымі палоскамі, якія аддзяляюць чырвонае поле ад белага. Ёсць версія, што гэта азнака жалобы, бо урад быў змушаны пакінуць Менск. Ці так было насамрэч? Невядома. Хаця б таму, што суіснаванне белага, чырвонага і чорнага ў геральдыцы заўжды было папулярным – гэтыя ж колеры меў тагачасны сцяг Нямеччыны. Цалкам можа аказацца, што бел-чырвона-чорны сцяг быў проста чарговай эксперыментальнай камбінацыяй, якая не перажыла свайго часу.
Таямнічы пярсцёнак Езавітава
А што з гербам? Ці была Пагоня безальтэрнатыўным сімвалам? Захаваліся сведчанні, што Народны сакратарыят БНР замаўляў у мінскага гравёра Ізакава сваю афіцыйную круглую пячатку з надпісам “РАДА БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ” лацінкай і кірыліцай па коле ды выявай… касы, грабляў і снапоў. Адбітак гэтай пячаткі мы бачым і пад тэкстам 1-й Устаўной граматы БНР. Што ж гэта было?
Ёсць версія, што такі нацюрморт – даніна сацыялістычнай эстэтыцы, дзе ніяк не магло абысціся без сярпоў, молатаў і іншага інвентару. Магчыма, гэта была сімволіка “Грамады”, якая мела надзвычай моцныя пазіцыі ў БНР. У выніку сноп з граблямі знікае з ужытку гэтак жа імкліва, як і з’явіўся. Цікава, што яго апісанне мы сустракаем яшчэ раз, у 1924-м годзе, калі Езавітаў у лісце Ластоўскаму апісвае свой узнагародны залаты пярсцёнак-пячатку: Пагоня, а пад ёй сноп з граблямі і касой, побач надпіс – “1 Н.С.Б.Н.Р.” (Першы народны сакратарыят БНР). Гэта, бадай, адзінае сведчанне пераходнага этапу паміж двума варыянтамі гербаў рэспублікі.
Перамога традыцыі ВКЛ і… таленту Багдановіча
Дык чаму ўсё ж такі Пагоня? Калі над расшыфроўкай бел-чырвона-белага сцяга трэба было падумаць (адно з тлумачэнняў – “пот, кроў і слёзы беларускага народа”), то з белым вершнікам на кані ўсё прасцей – гэта гістарычная сімволіка ВКЛ. Яе выкарыстоўвалі беларускія колы ў Вільні яшчэ да вайны, а Багдановіч напісаў на тэму адзін з самых удалых сваіх вершаў. Нягледзячы на ўплывы сацыялістаў, гістарычны грунт і момант пераемнасці з ВКЛ перамаглі.
Тэма з ВКЛ, зрэшты, – не толькі даніна традыцыям сівой даўніны. Як мы памятаем, гісторыя з адраджэннем ВКЛ была яшчэ жывая і на слыху, яе выкарыстоўвалі і палякі, і немцы. Лагічна, што гербам адзінай “вялікалітоўскай федэрацыі” мела стаць акурат Пагоня. Наконт абрысаў самой выявы вершніка, зноў жа, трэба разбірацца гісторыкам: на размаітых тагачасных выявах яны розныя. Адзінага стандарту, відаць, не было, але было агульнае апісанне, паводле якога на месцах маглі маляваць, вышываць і адліваць сваіх “лакальных” вершнікаў. Захаваліся нават звесткі пра спрэчку Душэўскага і Ластоўскага: першы бэсціў другога за змены, якія той унёс у выяву Пагоні ў 1920-м, калі быў старшынёй урада БНР.
Гісторыкі таксама звязваюць зацвярджэнне Пагоні ў якасці герба БНР з прозвішчам Скірмунта, які “тапіў” за капіталізм, традыцыйныя каштоўнасці і гістарычную пераемнасць насуперак сацыялістам. Яго варыянт бачання рэспублікі не перамог, а вось сімвал застаўся і цяпер цвёрда асацыюецца з БНР. Ваяўнічая Пагоня як сімвал, што важна, прыжылася і ў мілітарных фармаваннях: цэшкі на фуражкі з Пагоняй, зробленыя на замову Беларускай вайсковай камісіі, мы ведаем, а вось аналагаў са снапом і граблямі – не.
Пагоня ці “Віціс” – як разабраць?
І тут праблемка… Аналагічны герб лічылі сваім і літоўцы. І калі ў гісторыі гербаў 1990-х былі дакладныя стандарты, кшталту ўзнятага і апушчанага хваста (беларускі варыянт – апушчаны, літоўскі – наадварот), то як разабрацца пры іх адсутнасці? Так, у 1919-м годзе літоўцы арыштавалі беларускіх кур’ераў з паперамі дзяржаўнай важнасці. Фармальнай прычынай арышту было… неправамоцнае выкарыстанне пячатак з “Віцісам”, выяўленых на дакументах!
І тут можна паспачуваць Язэпу Варонку, які быў адначасна і міністрам БНР, і кіраўніком Міністэрства па беларускіх справах у Літве: яму даводзілася тлумачыць абураным літоўцам, што беларусы маюць усе правы на выкарыстанне шчыта з выявай белага вершніка на чырвоным фоне.
Падводзячы вынікі, можна сказаць, што пытанне з сімволікай адлюстроўвае агульны стан БНР, рэспублікі-стартапа. Беларускія дзеячы падышлі да стварэння ўласнай дзяржавы без палітычнага багажу і нават без падрыхтаванай сімволікі, пытанне з якой давялося аператыўна вырашаць на месцы. Тым не менш удалае спалучэнне сцяга і герба не толькі было знойдзенае, але і перажыло БНР, увасобіўшыся ў сімволіцы незалежнай Беларусі ў 1991 годзе.
Алесь Кіркевіч