Васіль Сяргеевіч Сёмуха (1936-2019) нарадзіўся 18 студзеня 1936 года на хутары Ясінец (Ясенец), цяпер Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць, у сям’і лесніка. Бацькі ў 1942 расстраляныя нацыстамі за сувязь з партызанамі. Скончыў рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта імя Ламаносава (1959).
Працаваў рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве (1959—1964), інжынерам у сектары тэхінфармацыі СКБ-3 на Мінскім трактарным заводзе (1964—1965), выкладчыкам нямецкай мовы ў школе (1966—1967), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1967—1972). Па сумяшчальніцтве выкладаў нямецкую мову ў БДУ (1966—1970). З 1972 — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Сябра СП СССР (з 1977). Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Дэбютаваў перакладам у 1959 г. Пераклаў з нямецкай паасобныя творы Гётэ, Шылера, Гейнэ, Шаміса, Мюлера, Рукерта, Гофмана, Грымэльсхаўзэна, Ніцшэ, Брэхта, Дзюрэнмата, Гесэ, дэ Бройна, Томаса Мана, Рыльке, Зюскінда і інш. З польскай перакладаў Міцкевіча, Славацкага, Норвіда, Тувіма, Сыракомлю, Ежы Анжыеўскага і інш. З латышскай — Яніс Райніса, Чакса, Белшавіцу, Скуіньша, Белса, Вацыеціса і інш.
Рабіў пераклады тэкстаў для драматычных тэатраў і да музычных твораў. Супрацоўнічае з заслужаным артыстам Беларусі, кіраўніком «Беларускай капэлы» Віктарам Скарабагатавым. Пераклаў лібрэта да опер Радзівіла «Фауст», «Маргер» Горскага, «Страшны двор» Манюшкі.
Пераклаў на беларускую мову «Найвышэйшую песню Саламонаву» (1994), «Новы Запавет. Псалтыр» (1995), «Біблію» (2002).
Бібліяграфія (кніжныя выданні)
«Ад Эбра да Волгі». В. Брэдэль. Пераклад, 1959.
«Вайна без бітвы». Л. Рэн. Пераклад, 1962.
«Фаўст». Ё. В. Гётэ. Пераклад, 1976, 2-е выд. 1991, 3-е выд. 1996, 4-е выд. 1999.
«Прысуджэнне прэміі». Г. дэ Бройн. Пераклад, 1977.
«Фінальны акорд». Г. Гофэ. Пераклад (з М. Навіцкім), 1979.
«Даўным-даўно ў нас дома…». Г.Фалада. Пераклад, 1981.
«Санеты Арфею». Р. М. Рыльке. Пераклад, 1982.
«Польскія кветкі». Ю. Тувім. Пераклад, 1984.
«Белы алень». В. Бэлшавіца. Пераклад, 1985.
«Прыйдзі, стваральны дух». Зборнік выбраных перакладаў, 1986.
«Агонь і ноч». Я. Райніс. Пераклад, 1988.
«Сны». К. Шэрман. Пераклад (з Р. Барадуліным), 1989.
«Лірыка». К. Маркс. Пераклад, 1989.
«Доктар Фаўстус». Т. Ман. Пераклад, 1989.
«Гульня шкляных перлаў». Г. Гесэ. Пераклад, 1992.
«Так сказаў Заратустра». Ф.Ніцшэ. Пераклад, 1994, 2-е выд. 2016.
«Авантурнік Сімпліцысімус». Г. Я. К. Грымэльсгаўзэн. Пераклад, 1997.
«Фаўст». Ё. В. Гётэ: Лібрэта оперы кн. А. Г. Радзівіла. Пераклад, 1999.
«Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запавету». Пераклад, 2002.
«Кніга гадзін». Р. М. Рыльке. Пераклад, 2005.
«Голэм». Г. Майрынк. Пераклад, 2006.
«Мэфіста». К. Ман. Пераклад, 2006.
«Курдупель Цахес… et cetera, et cetera, et cetera». Э. Т. А. Гофман. Пераклад, 2008.
«Юстыцыя». Ф.Дзюрэнмат. Пераклад, 2009.
«Ferdydurke». В. Гамбровіч. Пераклад, 2009.
«Вуліца Ціхая, шэсць». М. Марон. Пераклад, 2010.
«Стэпавы воўк». Г. Гесэ. Пераклад, 2011.
«Званы старое казкі: Вершы да вакальных цыклаў кампазітараў ХІХ ст.». Пераклад, 2011.
«Ноч Вальпургіі. Белы Дамініканец». Г. Майрынк. Пераклад, 2014.
«Выбраная паэзія». Ё. В. Гётэ. Пераклад. (З Л. Баршчэўскім), 2016.
«Выбраная лірыка». Р. М. Рыльке. Пераклад, 2016.
«Басэтля. Парфума». П. Зюскінд. Пераклад, 2017.
«Выбраная лірыка». Г. Тракль. Пераклад. (З Л. Баршчэўскім), 2018.
«Выбраная лірыка». А. Чакс. З латышскай. 2018.
Прызнанне
Ордэн «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія» (2001).
Узнагарода Латвіі «Ордэн трох зорак».
Лаўрэат дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1992).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі ПЭН-Цэнтру.
Рада і Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” глыбока смуткуе з прычыны адыходу Васіля Сяргеевіча і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім спачылага, а таксама ўсім шматлікім прыхільнікам непаўторнага таленту Васіля Сёмухі. Вечная памяць выдатнаму беларускаму літаратару!
Пра месца і час развітання з Васілём Сёмухам будзе паведамлена пазней.