Скульптуры апосталаў Пятра і Паўла знялі з Фарнага касцёла ў Гродна

13.02.2014 У краіне

Фасадныя скульптуры апосталаў Пятра і Паўла знялі з гродзенскага касцёла святога Францыска Ксаверыя (Фарнага касцёла) для рэстаўрацыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА настаяцель гэтага храма ксёндз Ян Кучынскі.

Больш чым двухметровыя скульптуры ўпершыню вырашылі абнавіць. Як растлумачыў ксёндз Ян, стан драўляных фігур, выкананых з дубу некалькі стагоддзяў таму, на сённяшні дзень крытычны. Беларускія і польскія рэстаўратары даследуюць фігуры. Іх трэба дасканала высушыць, ачысціць, замацаваць часткі, прамачыць спецыяльнымі сродкамі, нанава пафарбаваць. Колькі часу прадоўжацца рэстаўрацыйныя работы, сказаць цяжка: дрэва павінна добра прасохнуць спачатку пры вулічнай тэмпературы, потым – у памяшканні.

Дарэчы, цяпер магчыма дэталёва вывучыць мастацтвазнаўчыя дэталі скульптур і, магчыма, вызначыць, майстры якой школы іх выканалі. Паводле слоў настаяцеля, пакуль фігуры дакладна не датаваны, таксама няма дакладных звестак, хто іх вырабіў. Хутчэй за ўсё, яны з’явіліся на фасадзе храма ўжо пасля завяршэння яго будаўніцтва. Польскі гісторык Ежы Пашэнда, аўтар кнігі аб гісторыі гродзенскага езуіцкага касцёла, лічыць, што фігуры выканаў майстар Георгій Гіс, а ўстаноўлены ў нішах храма яны былі ў 1768 годзе. Дарэчы, скульптуры Пятра і Паўла павінны былі нагадваць гродзенцам аб драўляным езуіцкім касцёле Пятра і Паўла, які раней размяшчаўся на месцы каменнага храма.

Як паведаміў ксёндз Ян, пазней плануецца абнавіць устаноўленую ў верхнім ярусе фігуру святога Францыска Ксаверыя – трэцюю з фасадных скульптур храма.

Цяпер унутры касцёла працягваюцца паэтапныя маштабныя рэстаўрацыйныя работы. Спецыялісты пачалі абнаўленне бакавога алтара святой Троіцы. У верасні 2013 года быў асвячоны пасля рэстаўрацыі самы стары алтар храма – алтар святога архангела Міхаіла. У 2011 годзе пасля аднаўленчых работ адкрылі цэнтральны алтар, які пацярпеў у час пажару ў 2006 годзе.

Гродзенскі касцёл святога Францыска Ксаверыя ўваходзіць у комплекс будынкаў і збудаванняў манастыра езуітаў, з’яўляецца помнікам архітэктуры барока. Манастыр пачаў фарміравацца ў цэнтральнай частцы горада Гродна пасля 1622 года, будаўніцтва рэзідэнцыі езуітаў пачалося пасля 1664 года. Вядома, што краевугольны камень пад будаўніцтва цяперашняга каменнага харама быў асвячоны ў 1678 годзе, да 1700 года ўзвядзенне касцёла было завершана, у ім прайшла першая імша. Храм быў урачыста асвячоны ў гонар святога Францыска Ксаверыя 6 снежня 1705 года ў прысутнасці караля Аўгуста ІІ і рускага цара Пятра І.

Таццяна Вішнеўская, БЕЛТА

Тэгі: