Творчая спадчына прафесара Міхаіла Кацара аказала велізарны ўплыў на ўяўленні шырокага кола грамадства пра народны арнамент. Адначасова папулярнасць набылі і тыя міфалагічныя сюжэты, праз якія тлумачыліся сэнсы арнаментальных выяў. Уважлівае знаёмства з працамі Міхаіла Кацара прыводзіць да думкі, што яго розныя міфалагічныя выклады можна скласці разам у адзіную сістэму. Спрабуем разабрацца, што прафесар прапанаваў сучаснікам і нашчадкам.
Прафесар Кацар і канструяванне новага язычніцтва
Міхаіл Кацар
На асобныя пытанні міфалагічнай спадчыны Міхаіла Кацара я ўжо спрабаваў даць адказ у даўнім артыкуле «Загадкі Мінскага капішча. Ці быў дуб «Волатам»? . Сярод іншага тады агучыў меркаванне, што «М. Кацар разам з П. Шпілеўскім з’яўляюцца галоўнымі міфатворцамі ў галіне беларускай традыцыйнай культуры». Вядомая даследчыца народнай культуры Вольга Лабачэўская ў сваім артыкуле «Патрыятычная міфалогія беларускага арнаменту прафесара М. С. Кацара» (2021) пагадзілася з агучаным вышэй меркаваннем і дадала, што абодва аўтары «збудавалі ўласную канструкцыю беларускай культуры». То-бок яны не проста даследавалі народную традыцыю, а фактычна самі яе канструявалі ў адпаведнасці з уласнымі разуменнем і ведамі. Сённяшнім даследчыкам відавочна недакладнасць і недасканаласць абодвух канструктаў, аднак іх элементы дагэтуль папулярныя ў грамадстве. Пры гэтым міфалагічны ўнёсак Міхаіла Кацара ў параўнанні з Паўлам Шпілеўскім на першы погляд не такі заўважны, але не менш цікавы. І тут нельга не адзначыць яшчэ падабенства прафесара з Вацлавам Ластоўскім, яшчэ адным стваральнікам традыцыі ў пачатку ХХ ст. Іх аб’ядноўвае і тое, што Ластоўскі, як і Кацар, у адрозненне ад Шпілеўскага, увасаблялі тэорыю ў жыццё. Міфалагічная дахрысціянская спадчына ў абодвух аўтараў мела значную ролю ў справе нацыянальнага будаўніцтва. Між тым на гэты аспект дзейнасці прафесара Кацара раней не звярталі ўвагі, таму варта паглядзець на тыя складнікі традыцыі, якую выкладаў Міхаіл Кацар у сваіх творах.
Язычніцтва
Ва ўводзінах найбольш вядомай кнігі прафесара «Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка» прысутнічае раздзел «Подых язычніцтва», у якім аўтар адзначае важнасць старажытнай рэлігіі для сучаснага беларускага грамадства. Аўтар сцвярджае, што «нашы далёкія продкі стварылі багатую міфалогію, якая адлюстроўвае іх светапогляд і па сваім узроўні можа быць супастаўлена з міфалогіяй старажытнейшых зямных цывілізацый». Аднак за даволі тыповымі характарыстыкамі беларускай міфалогіі хаваюцца важныя ўласныя ацэнкі і меркаванні прафесара. На іх трэба звярнуць увагу:
«Язычніцтва нясе ў сабе ідэю цеснай сувязі з прыродай, пакланення яе сілам, Бацьку Сонцу і Маці Зямлі. Гэта ідэя, сэнс якой мы закладваем сёння ў паняцце экалогія, ідэя, якая процістаіць жорсткасці, насіллю, знішчэнню».
«Такім чынам, праз тысячагоддзі да нас дайшлі вобразы і сімвалы любові да прыроды, працы, чалавека. Што і казаць пра іх надзённасць!».
«Мы часам і не ўсведамляем, што свядома ці несвядома абапіраемся на духоўныя каштоўнасці, створаныя яшчэ ў язычніцкія часы».
«Давайце ж актыўней абапірацца ў нашым жыцці на добрыя ідэі, звычаі і абрады — тое, што выпрацавалі нашы далёкія продкі-язычнікі».
«Мы адвярнуліся ад прыроды, высеклі лясы, запаскудзілі рэкі, зямлю, паветра. Рана ці позна знішчым самі сябе. Дык, можа, зноў паклонімся прыродзе?».
Гэтыя ідэі маюць выразны праграмны характар. Апошнія два з працытаваных тэзісаў з’яўляюцца прамым заклікам звярнуцца да язычніцкіх каштоўнасцей і светапогляду. У раздзеле кнігі «Вобразы веры» Міхаіл Кацар вызначае ў беларусаў тры этапы ў адносінах да веры: язычніцкі, хрысціянскі, савецкі. Апошні выразна крытыкуецца. У разважаннях пра тое, у што верыць цяпер, аўтар піша: «Трэба верыць у сябе, у свае здольнасці, у сваю працу». І ў выніку разважанняў падкрэслівае, што «гэта прыдумана не цяпер і не мною. Такімі прынцыпамі, вераю ў працу, жыло не адно пакаленне нашых продкаў, у чым мы ўжо не раз пераконваліся на прыкладзе ўзораў, у якіх гэтыя прынцыпы ўвасоблены». Па сутнасці, зноў мы бачым выразную сувязь з старажытнай традыцыяй.
10 запаведзяў
У рукапісе кнігі пра арнамент Міхаіл Кацар сфармуляваў нават правілы жыцця беларускага селяніна, якія па форме адпавядаюць дзесяці хрысціянскім запаведзям. Нешта падобнае калісьці стварыў і Вацлаў Ластоўскі («Дзесяць загадаў народных»). Вось што пісаў прафесар Кацар:
1. Праца — грунт дабрабыту беларускага селяніна.
2. Сям’я — падмурак усяго жыцця селяніна.
3. Выхаванне дзяцей — галоўная задача беларускага селяніна.
4. Захоўвай прыроду. Любі маці-зямлю. Маці-зямля нас корміць, поіць, апранае.
5. Будзь ласкавы, справядлівы. Рабі дабро. Будзь літасцівы.
6. Дапамагаем Дзяржаве. Мацуем яе асновы. Чакаем ад яе справядлівасці і абароны.
7. Любі і шануй бацькоў: маці, бацьку, бабулю, дзядулю.
8. Дабро і праўда — родныя сёстры. Будзь добры і праўдзівы. Ты будзеш шчаслівы.
9. Святая справа — бараніць радзіму. Радзіма — наша маці. Любі яе.
10. Умей добра працаваць. Умей весела і дружна святкаваць. У гэтым наша шчасце.
У прапанаваных запаветах выразна акрэслены ідэі прыроды, працы, сям’і, радзімы, дзяржавы. Адметна, што кніга прафесара пра арнаменты падзяляецца на раздзелы пра сімволіку, якая нібыта ўвасабляе гэтыя вобразы. То-бок бачна, што Кацар свядома выбудоўвае ўласнае бачанне традыцыі на міфалагічным грунце, а праз вобразы арнаментаў прапануе гэтыя ідэі беларускаму грамадству.
Камень-Волас каля Крыжоўкі
Сімволіка
Праз арнаменты Міхаіл Кацар тлумачыць народны светапогляд. Ёсць уражанне, што кніга стваралася не столькі для таго, каб распавесці пра арнаменты, колькі каб праз іх выкласці міфалогію і светапогляд, як гэта разумеў аўтар. Калі звярнуць увагу на працытаваныя вышэй запаветы, то можна заўважыць, што на гэтых жа ідэях грунтуецца і даследаванне пра арнаменты: ураджай і ўрадлівасць, маці, Беларусь, святы, язычніцкая міфалогія, чалавек, сям’я, дзяржава, вера. Гэта паказвае, што Міхаіл Кацар меў дакладнае ўсведамленне пэўнай сістэмы, якую паслядоўна выкладаў. Адметна, што нават у раздзеле «Вобразы веры» не сустракаецца хрысціянскіх матываў, як і ў цэлым у кнізе. У ёй праз арнаментальныя знакі апісваюцца язычніцкія багі, духі, святы, абрады, разнастайныя міфалагічныя вобразы, напрыклад, святое дрэва і нават «адлюстраванні на ручніках язычніцкіх капішчаў».
І тут яшчэ нельга не адзначыць, што Міхаіл Кацар дзіўным чынам аб’ядноўвае многіх беларусаў незалежна ад палітычных і культурных прыхільнасцей.
Хтосьці шануе арнамент на дзяржаўным сцягу, які калісьці абраў прафесар ды стварыў сямейную легенду, што аўтаркай «дзяржаўнага» арнамента была яго сястра Матрона Маркевіч (Кацар). А хтосьці распаўсюджвае і ўзяў на ўзбраенне «азбуку арнамента» і адпаведную міфалогію, што паўстала на грунце кнігі прафесара.
Камень Дзед у музеі валуноў
Культавыя месцы
Можа быць, хтосьці не ведае, але звесткі пра знакамітае Мінскае капішча і яго галоўную святыню, камень Дзед, мы таксама ведаем ад Міхаіла Кацара. Зараз няма мэты разглядаць дакладнасць апісанняў, якія пакінуў прафесар, але важна тое, што да святога каменя Дзед, які стаіць цяпер у сталічным Музеі валуноў, дагэтуль ходзяць маліцца людзі і прыносяць ахвяраванні, а былая тэрыторыя капішча ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. І ўсё гэта стала магчымым толькі дзякуючы пашырэнню інфармацыі ад Міхаіла Кацара. І, як у 1990-я гады, сёння час ад часу гучаць ідэі пра аднаўленне свяцілішча на беразе Свіслачы. Акрамя таго, зноў жа ад Міхаіла Кацара стала вядома пра шанаваны камень Волас каля Крыжоўкі ў Мінскім раёне. І гэтае месца ў нашы дні стала культавым у асяроддзі сучасных язычнікаў розных кірункаў. Яно фактычна ператварылася ў дзейснае свяцілішча.
Высновы
Якія ж усяго гэтага можна зрабіць высновы?
З усяго пералічанага складваецца ўражанне, што Міхаіл Кацар свядома канструяваў і выкладаў уласную ідэю сучаснага язычніцтва, галоўнымі каштоўнасцямі якога з’яўляюцца прырода, сям’я, свая дзяржава, праца, дабро і справядлівасць.
Памятны знак на месцы Менскага капішча
Прафесар прама не называе ўсё гэта вяртаннем да язычніцтва, аднак выразна гаворыць і часам фактычна заклікае да гэтага. Тэарэтычны падмурак, выкладзены ў новых дзесяці запаведзях, таксама раскрываецца праз сімвалы беларускага арнаменту. На практыцы ідэі прафесара адлюстраваліся ў з’яўленні сучаснага звычая шанавання камянёў Дзед і Волас, што выяўляецца ў паданнях, ахвяраваннях, зваротах, абрадавых дзеяннях.
Разнастайныя элементы творчай спадчыны Міхаіла Кацара складваюцца ў даволі цэласную карціну: запаведзі, сістэма каштоўнасцей, сімволіка, міфалогія (выкладзеная праз арнаменты), культавыя месцы. І нельга не заўважыць, што амаль усе гэтыя элементы знайшлі сваё ўвасабленне ў жыцці, а не проста засталіся на паперы, што сведчыць пра трапнасць вобразаў і ідэй прафесара, якія знайшлі водгук у пэўнай часткі грамадства.
budzma.org