19 красавіка ў галерэі «Атрыум» (3-ці паверх Нацыянальнай бібліятэкі) адбылося адкрыццё казачнай выстаўкі «Магія графікі», прымеркаванай да 75-годдзя беларускага мастака Валерыя Слаука, паведамляе сайт бібліятэкі.
У экспазіцыі — традыцыйныя казачныя вобразы сусветнай і беларускай міфалогіі — улюбёная тэма мастака. Сярод работ — харызматычныя каты, казуркі, чараўнікі, дамавікі, волаты, русалкі, вадзянікі і шмат іншых фантастычных стварэнняў. Ювелірная дакладнасць, мноства дэталяў, мяккая карыкатурнасць персанажаў, насычаны падрабязнасцямі фон падзей незвычайная тэматыка падштурхоўваюць разглядаць чароўныя творы мастака зноў і зноў, знаходзіць новыя цікавыя гісторыі.
Валерый Слаук, прафесар кафедры графікі БДАМ, дацэнт, член Беларускага саюза мастакоў, мастак, ілюстратар і аўтар работ, выразіў шчырую ўдзячнасць прысутным за пажаданне натхнення ў творчасці і падзякаваў Нацыянальнай бібліятэцы за магчымасць выставіць свае работы.
Цудоўную атмасферу вечара стварыла выступленне арт-дуэта сяброў мастака — Інесы Вінцкевіч і Сяргея Антонава.
На выстаўцы экспануюцца работы, выкананыя ў розных тэхніках — туш, пяро, рознакаляровыя алоўкі, афорт. Чорна-белая графіка, традыцыйная для Валерыя Слаука, прадстаўлена побач з больш актуальнай ў апошнія гады ў творчасці мастака — каляровай. Пазнавальная своеасаблівая манера класіка беларускага мастацтва, шырокавядомы непаўторны почырк майстра, чароўныя прыёмы акадэмічнага малюнка дазваляюць зазірнуць у няўлоўны, пачуццёвы свет міфалогіі.
Магія графікі Валерыя Слаука — у яе загадкавасці, шматзначнасці, тонкай іроніі. Яна чаруе гледачоў і заклікае ўслед за аўтарам паглыбіцца ў магічны казачны свет.
Усе работы ў экспазіцыі — з калекцыі сябра і творчага паплечніка Валерыя Пятровіча — Рыгора Сцяпанава.
Валерый Слаук — знакаміты ілюстратар, удзельнік шматлікіх выставачных праектаў у Беларусі і за мяжой, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2010), дыпламант 1-й ступені міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» (Масква, 2009), пераможца ў намінацыі «Лепшы майстар» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» (2008), лаўрэат прэміі «Лепшы ілюстратар года» (2008).
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі. Уваход — па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра. Выстаўка будзе працаваць да 15 чэрвеня 2022 г.