Пасля доўгага перапынку з 2014 года, калі была адноўлена гістарычная ўязная брама, у Бярозе зноў узяліся за выратаванне руін знакамітага кляштара картэзіянцаў. Гэтым разам спецыялісты сканцэнтруюць намаганні на рэстаўрацыі паўднёвай агароджы, паўднёва-заходняй кутняй вежы і адметнай дэкаратыўнай калоны, убудаванай у гістарычныя муры, піша «Наша Ніва» са спасылкай на тэлеграм-канал «Спадчына».
Паўднёва-заходняя вежа кляштара. Фота: Wikimedia Commons
Як можна зразумець па матэрыялах дзяржаўных закупак, работы праводзяць спецыялісты з «Брэстрэстаўрацыі». На рэалізацыю праекта з раённага бюджэту выдзелена каля 1 мільёна рублёў.
Нягледзячы на тое, што афіцыйна працы аформленыя як сціплы бягучы рамонт, дакументацыя, распрацаваная яшчэ ў 2021 годзе навукова-праектным цэнтрам «Рэстабіліс», прадугледжвае паўнавартасную рэстаўрацыю. Завяршыць абнаўленне муроў і вежы плануюць да канца лістапада 2026 года.
У працэсе рэстаўрацыі з гістарычных муроў нарэшце прыбяруць савецкі калючы дрот, які застаўся ў спадчыну ад былой вайсковай часці.

Аднаўленне сцяны кляштара картэзіянцаў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Аднаўленне сцяны кляштара картэзіянцаў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Аднаўленне сцяны кляштара картэзіянцаў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Таксама давядзецца адкапаць частку агароджы да гістарычнага бутавага цокаля, бо за мінулае стагоддзе ў час дарожных работ узровень зямлі быў штучна падняты, праз што значная частка цаглянай кладкі апынулася пад зямлёй. Адсутнасць водаадводу і празмернае ўвільгатненне прывялі да значнага разбурэння гэтых канструкцый.
З фасадаў таксама акуратна здымуць стары тынк і пазнейшыя недарэчныя цэментныя латкі. Усе страты ў муроўцы запоўняць керамічнай паўнацелай цэглай на вапнава-пясчаных растворах, блізкіх да арыгінальных, строга без выкарыстання сучаснага цэменту, які небяспечны для захавання гістарычных муроў.

Калона ў паўднёвай сцяне кляштара картэзіянцаў у XX стагоддзі. Фота: з тэндарнай дакументацыі

Калона ў паўднёвай сцяне кляштара картэзіянцаў у XX стагоддзі. Фота: з тэндарнай дакументацыі

Калона ў паўднёвай сцяне кляштара картэзіянцаў у XX стагоддзі. Фота: з тэндарнай дакументацыі
Усё, што засталося ад калоны ў паўднёвай сцяне кляштара — выступ пастамента. Фота: з тэндарнай дакументацыі
Праект прадугледжвае аднаўленне страчаных прафіляваных карнізаў. Патынкаваныя наноў сцены пафарбуюць у гістарычныя колеры. На падставе фізіка-хімічных даследаванняў спецыялісты вызначылі, што першапачаткова муры мелі цёплае вохрыста-жоўтае адценне.
Асобная ўвага падчас прац будзе нададзена рэстаўрацыі арыгінальнай калоны паўднёвай сцяны, якая вонкава нагадвала мініяцюрную вежачку, завершаную чымсьці накшталт каплічкі. Ад яе сёння застаўся толькі пастамент.
Адначасова рэстаўратары зоймуцца шматграннай паўднёва-заходняй кутняй вежай, сцены якой патрабуюць тэрміновага ўмацавання.

Стан сцяны каля паўднёва-заходняй вежы. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Сцяна і паўднёва-заходняя вежа кляштара ў XX стагоддзі. Фота: з тэндарнай дакументацыі

Паўднёва-заходняя вежа кляштара ў XX стагоддзі. Фота: з тэндарнай дакументацыі
Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў з’яўляецца адным з самых маштабных і адметных помнікаў спелага барока ў Беларусі. Ён быў узведзены ў 1648–1689 гадах паводле праекта італьянскага архітэктара Джавані Батыста Джыслені на сродкі канцлера вялікага літоўскага Казіміра Льва Сапегі. Гэта быў адзіны кляштар строгага ордэна картэзіянцаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, які меў выгляд сапраўднай фартэцыі з вежамі, манументальным касцёлам, шпіталем, аптэкай і батанічным садам.
Комплекс кляштара картэзіянцаў у Бярозе на малюнку 1750 года. Сцяна, якую ўзяліся аднаўляць, намаляваная справа, а гранёная вежа — у ніжнім правым куце. Фота: Wikimedia Commons
Пасля ўдзелу манахаў у вызваленчым паўстанні расійскія ўлады ў 1831 годзе зачынілі святыню, а пасля паўстання 1863 года пачалі мэтанакіравана разбіраць муры і храм на цэглу для будаўніцтва вайсковых казармаў. Да нашага часу ад велічнага ансамбля дайшлі толькі рэшткі паўднёвай і заходняй частак муроў са шпіталем, руіны магутнай званіцы і адноўленая ў 2014 годзе галоўная брама.