У выдавецтве «Тэхналогія» выйшла новае выданне слоўніка Янкі Саламевіча, які змяшчае 20 250 расшыфраваных псеўданімаў і крыптанімаў беларускіх літаратараў, грамадска-палітычных і культурніцкіх дзеячаў ад XVI да канца XX стагоддзя, піша «Наша ніва».
«А ў нас новае грандыёзнае выданне! Гэтая кніга можа стаць не толькі шыкоўным падарункам на памяць, але і дасканалай крыніцай ведаў. Слоўнік Янкі Саламевіча змяшчае 20 250 расшыфраваных псеўданімаў і крыптанімаў беларускіх літаратараў, грамадска-палітычных і культурніцкіх дзеячаў ад XVI да канца XX стагоддзя. Ён ахоплівае ўсе публікацыі на беларускай мове, у тым ліку выданні нашай дыяспары, а таксама публікацыі на польскай і рускай мовах, якія выходзілі ў Беларусі», — паведаміла выдавецтва ў фэйсбуку.
Слоўнік прапануецца літаратуразнаўцам, гісторыкам, краязнаўцам, выкладчыкам ВНУ, студэнтам, настаўнікам, а таксама шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца багатай паэтычнай спадчынай беларускага народа.
Над выданнем Янка Саламевіч, што памёр у 2012 годзе, працаваў усё сваё жыццё. Першае выданне «Слоўніка беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў XVI-XX стст.» выйшла ў 1983 годзе.
Потым ён засеў за дапрацоўку, пашырыўшы ў некалькі разоў.
Аб’ём новай кнігі — 703 старонкі, кошт — 55 рублёў.
Замовіць кнігу можна па спасылцы.