Пасля таго, як прапагандысты «ўрэгулявалі» пытанне з продажамі рамана Сашы Філіпенкі «Слон» ў Беларусі, пісьменнік па ўзгадненню з выдавецтвам выклаў кнігу ў сеціва.
«Сябры, разам з выдавецтвам Гутэнберг, мы вырашылі выкласці Слана і на беларускай мове, бо кнігі не праходзяць праз мытню і не трапляюць у краіну. Калі вы знаходзіцеся ў Еўропе — калі ласка, купляйце кнігі і падтрымлівайце выдаўца, калі вы ў Беларусі — можаце спампаваць кнігу на сайце бясплатна», — піша Саша Філіпенка.«Падаецца, у Беларусі ёсць праблемы з чытаннем «Слана», таму я выклаў вёрстку ў сеціва бясплатна. Шаноўныя чытачы, раздрукоўвайце і чытайце», — напісаў аўтар у сваім тэлеграм-канале.
Нагадаем, беларускі пісьменнік Саша Філіпенка паведаміў у Фэйсбуку 3 жніўня, што яго новы раман «Слон» на тэму вайны ва Украіне можна купіць на маркетплэйсе ў Беларусі. Ён дадаў спасылку на Wildberries.
На гэта звярнулі ўвагу прапагандысты. Супрацоўнік СТБ Рыгор Азаронак заявіў, што Філіпенка «вельмі рана ўзрадаваўся». А ў іншым праўладным канале паабяцалі на працягу сутак «урэгуляваць» пытанне з продажам кнігі ў Беларусі.
Ужо праз некалькі гадзін стала немагчыма набыць раман, паведамляецца, што кнігі няма ў наяўнасці. А прапагандысты падзякавалі ўсім датычным.
Спампаваць раман «Слон» можна па спасылцы.