Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» ў Вільні завяршаўся творчай сустрэчай з чытачамі пісьменніка Сашы Філіпенкі. Пераклады на беларускую — «Былы сын» і «Крэмулятар» — паспяхова прадаюцца, чарга па аўтографы, пэўна, была рэкорднай на фэсце. Але думкі і прагнозы ад пісьменніка не надта аптымістычныя для беларусаў.
Прыводзім адказы Сашы Філіпенкі на некаторыя пытанні вядоўцы сустрэчы, паэткі Сабіны Брыло і гледачоў з залі.
Сабіна Брыло і Саша Філіпенка
Ці адрозніваюцца жыхары розных краін
Мне падаецца, што няма адрозненняў. Я ў гэтым сэнсе інтэрнацыяналіст. Канечне, мы можам казаць пра тое, што калі прыязджаеш у Італію, то бачыш, што людзі там больш жэстыкулююць, больш эмацыйныя, напрыклад, чым у Швецыі ці яшчэ дзе-небудзь. Але для мяне самае галоўнае — гэта ўчынкі людзей, тое, што яны робяць. У гэтым сэнсе мне ўсё роўна, з якой краіны чалавек. Зараз я жыву ў Швейцарыі, краіне, якая вельмі розная, насамрэч, няма ніякай Швейцарыі, ёсць 26 кантонаў, 26 маленькіх краін, кожная з іх жыве сваім жыццём, я жыву ў Базэлі, ён такія левы, мы пра культуру, а суседні Цюрых увесь такі правы, ён пра грошы. Але ў мяне там шмат сяброў, шмат беларусаў у Цюрыху. І ў мяне няма раздражнення.
Ці ёсць разуменне таго, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі, у Еўропе
Гэта такая Сізіфава праца — тлумачыць пра Беларусь, увесь час трэба яе рабіць, у маім разуменні гэта ўспрыняцце Беларусі адрозніваецца ад краіны да краіны. Канечне, у Літве, у Латвіі, у Эстоніі ці ў Польшчы, дзе адчувальны подых вайны, людзі лепш разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, чым у Швейцарыі, Нямеччыне ці Іспаніі. У гэтым сэнсе, безумоўна, адрозніваецца — што табе трэба тлумачыць і што не трэба.
У Еўропе, у якой я зараз жыву, людзі часта не вельмі разумеюць, што адбываецца ў нас, але часам яны не вельмі разумеюць і таго, што адбываецца ў Цюрыху, калі самі жывуць у Лугана — для іх гэта амаль іншая краіна. Ім цікава, што адбываецца ў іх горадзе і не вельмі цікава, што адбываецца недзе там далей. Але гэта не значыць, што ў Швейцарыі ці Нямеччыне зусім няма людзей, якія падтрымліваюць Беларусь, якім насамрэч важна, што адбываецца ў нашай краіне.
Тлумачыць трэба журналістам. Адзін з нямецкіх журналістаў сказаў мне нядаўна: «Як добра, што ў вас у Беларусі нармалізавалася сітуацыя». «О, як цікава, нармалізавалася?» — адказаў я. І ў гэтым сэнсе, мне падаецца, твая праца ў тым, каб працягваць распавядаць, таму што ў людзей, на жаль, інтарэс да краіны, да канфліктаў у ёй такі, вельмі падобны да інтарэсу да прадукцыі Netflix. Было ўсё ўсім вельмі цікава ў 2020 годзе, усе з цікавасцю і задавальненнем сачылі за Беларуссю, казалі: «Вось, які народ, як ён змагаецца за свабоду». А потым, зразумела, адбываецца вайна ва Украіне, і ўжо нікому не цікава, што адбываецца ў Беларусі. З’явіліся і з’яўляюцца новыя і новыя «стужкі» — і людзі не могуць, зразумела, быць увесь час зацікаўленыя нейкай адной, якая выйшла ў 2020-м. Таму, канечне, трэба казаць і казаць пра Беларусь.
Я не так шмат магу казаць, у тым сэнсе, што мой голас не вельмі моцны. Але я магу выказвацца ў еўрапейскай прэсе, магу пісаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі — і гэта тое, што я намагаюся рабіць увесь час.
Пра пагрозы тыраніі ці правага ўхілу ў Еўропе
Мы бачым, што гэта не тое, што будзе, можа быць, адбывацца, мы бачым, што гэта ўжо адбываецца ў Еўропе. Мы бачым, што ёсць Орбан у Венгрыі, бачым, што зараз адбываецца ў Славакіі. Калі ў мяне там выступы і калі я размаўляю са сваімі сябрамі, са славацкімі пісьменнікамі, то яны ўжо кажуць: «А мы ўжо прайгралі Славакію». Мы бачым, што зараз адбываецца ў Аўстрыі, бачым, што «Альтэрнатыва для Германіі» набірае шмат працэнтаў галасоў. Так што, у пэўным сэнсе гэта ўжо здарылася.
Я не ведаю, што нам трэба рабіць, як гэта ўсё спыняць.
Мне падаецца, мы бачым выразна такі правы правал Еўропы. Гэта адбываецца. Так, гэта не такія дыктатуры, як у Беларусі і як у Расіі, але бачым, што ўсе гэтыя міфы пра моцную руку і парадак працуюць, папулізм — працуе, у Еўропе таксама працуе. Сумна ад гэтага.
Адкуль чакаць дапамогі Беларусі, адкуль паратунак для нас
Я не зусім аптыміст. Мне падаецца, мы вельмі ў цяжкім становішчы.
Зараз цяжка чакаць ратавання, таму што, калі можам уявіць перамогу Украіны, то, як мне падаецца, Беларусь можа застацца такім вось падарункам для Расіі. Маўляў, вы прайгралі вайну ва Украіне, то хаця б ужо Беларусь забірайце. Калі ж Расія перамагае ў гэтай вайне, то Беларусь тым больш таксама застаецца Маскве.
Таму мне і падаецца, што мы зараз вельмі ў цяжкім становішчы. Як бы ні скончылася вайна ва Украіне, беларусам будзе дрэнна.
Адкуль да нас можа прыйсці дапамога — таксама не ведаю і не разумею, бо бачу і чую, як у Еўропе кажуць пра падтрымку Беларусі, але яна шмат у чым толькі на словах. Але, канечне, калі вось перад еўрапейцамі ёсць выбар дапамагаць Беларусі ці сварыцца з Расіяй, то наўрад ці яны выберуць опцыю сварыцца з Расіяй з-за Беларусі. Таму, думаю, мы можам дапамагчы сабе толькі самі, але гэта таксама складанае пытанне, якім чынам мы можам самі сабе дапамагчы.
Наступная кніга выйдзе першай па-беларуску
Зараз на беларускую перакладзеныя «Былы сын» і «Крэмулятар» (яны выйшлі ў выдавецтве Gutenberg у Кракаве — Budzma). Праз месяц павінен выйсці па-беларуску «Чырвоны крыж». І ўсе мае кніжкі будуць выдадзеныя па-беларуску. Каб дапамагчы выдаўцам, вырашылі, што наступная, новая кніжка выйдзе спачатку на беларускай мове і толькі потым па-руску.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org